RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Беларусы на заходніх франтох ІІ-е Ўсясьветнае вайны

(эфір 20 Красавіка 2000 г.)

Удзельнік: Юры Грыбоўскі.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Упершыню пра італійскую мясьціну Монтэ-Касіна я даведаўся гадоў 12 таму, калі, а гэта яшчэ былі часы СССР, я наведаў Вялікую Брытанію і меў кантакты зь беларускай і польскай эміграцыяй. Расповяды маіх землякоў, у тым ліку й сваякоў, заходніх беларусаў, колішніх грамадзянаў Рэчы Паспалітае, пра іх удзел у вайсковых паходах арміі Андэрса, глыбока працялі маю душу драматызмам і трагізмам лёсаў. Людзей гераічных, людзей пакутных, а затым незаслужана пакрыўджаных і зьняважаных на Радзіме бальшавіцкімі ўладамі ды іхнай прапагандаю. Калі не фізычна, дык маральна, бо іхнае змаганьне супраць фашызму было аб’ектыўным фактам усясьветнае вайны і аніяк ня ўпісвалася ў ідэю вайны “Вялікай Айчыннай”, у ідэю адзінае пераможцы – Чырвонае Арміі. І нават сяньня ўдзел беларусаў-вайскоўцаў у змаганьні хаўрусьніцкіх арміяў на заходніх франтох па-ранейшаму застаецца “белай” плямаю ў айчыннай гісторыі, непажаданай тэмаю ў гістарычнай навуцы.

Глыбока й праўдзіва дасьледаваць гэтую тэму наканавана новай, маладой гэнэрацыі беларускіх гісторыкаў. Першыя, але ўжо важкія, крокі ў гэтым напрамку зрабіў Юры Грыбоўскі. Ён – сяньня нашым госьцем.

…Юры, давайце спачатку заакцэнтуем увагу на асобе гэнэрала Ўладыслава Андэрса й ягоным 2-м Польскім корпусе. Як быў утвораны гэты корпус і якія ён меў задачы?”

(Грыбоўскі: ) “Польскі гэнэрал зброі Ўладыслаў Андэрс браў удзел яшчэ ў “верасьнёўскай кампаніі” 1939 году. Як і шэраг іншых польскіх афіцэраў, апынуўся ўрэшце-рэшт у савэцкіх лягерох для ваенапалонных. Як вядома, 23 жніўня 1941 году згодна Дэкрэту Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР паміж польскім эмігранцкім урадам, які да гэтага часу, як вядома, існаваў спачатку ў Францыі, а пасьля мусіў пераехаць у Вялікую Брытанію, і паміж Савецкім урадам.

Умова была такая – сфармаваць на тэрыторыі Савецкага Саюзу польскае войска колькасьцю да 33.000 чалавек пераважна з ваенапалонных, якія знаходзіліся ў лягерох, а таксама зь ліку грамадзянаў ІІ-е Рэчы Паспалітае, якія паводле розных прычынаў, менавіта да пачатку нападу фашыстоўскае Нямеччыны на СССР, апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюзу.

Пазьней лічба Польскага войску была павялічаная да 96.000 чалавек. Нягледзячы на захады палякаў, у тым ліку й апэляцыі самога гэнэрала Ўладыслава Сікорскага, які ачольваў эмігранцкі ўрад у Лёндане, саветы не пагадзіліся на колькасьць войска больш, чым 96.000 чалавек. А на вярбунак у Польскае войска рынуліся, бадай што, усе, хто меў грамадзянства Рэчы Паспалітае”.

(Ракіцкі: ) “Чаму людзі так імкнуліся пайсьці ў армію гэнэрала Андэрса, у Польскі корпус?”

(Грыбоўскі: ) “Гэта аўтаматычна давала магчымасьць вырвацца зь кіпцюроў савецкіх карных ворганаў. І тут ужо былі ня толькі былыя польскія ваенапалонныя, а і людзі, якія зь верасьня 1939 году да чэрвеня году 1941-га былі рэпрэсаваныя савецкімі ўладамі, вывезеныя з тэрыторыі Заходняе Беларусі й апынуліся таксама ў савецкіх лягэрох ці вязьніцах. Таму, па-сутнасьці, мабілізацыя ў армію Андэрса сталася для іх магчымасьцю пазбавіцца гэтага перасьледу, а потым і ўвогуле пакінуць Савецкі Саюз”.

(Ракіцкі: ) “Зразумелае памкненьне многіх грамадзянаў Рэчы Паспалітае і людзей рэпрэсаваных уцячы ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў, зразумела й тое, што гэта была вайна ўсясьветная, што ўся Эўропа жадала змагацца зь нямецкім фашызмам, а нашыя людзі дзеля гэтага змаганьня йшлі ня толькі ў Чырвоную Армію, але ўступалі і ў войскі іншых хаўрусьніцкіх краінаў. Гэтыя мэты гэтых людзей зразумелыя, а якія мэты былі ў Сталіна?”

(Грыбоўскі: ) “Ад самога пачатку фармаваньня Польскага войска на тэрыторыі СССР Сталін і людзі зь ягонага атачэньня націскалі на гэнэрала Андэрса, каб ён, як толькі сфармуе баяздольныя, вартыя баявыя адзінкі, то адразу б кінуў іх на фронт, некуды пад Маскву. Але зразумела, што палітыка польскага-эмігранцкага ўраду была скіраваная зусім не на тое, і, па-сутнасьці, стваралася Польскае войска на тэрыторыі СССР ня дзеля таго, каб яно ваявала потым у складзе Чырвонай Арміі”.

(Ракіцкі: ) “Працытуем зараз пастанову Дзяржаўнага камітэту абароны СССР № 1064 ад 25 сьнежня 1941 году:

“Параграф 4. У сувязі з павелічэньнем колькаснага складу польскай арміі да 96 тысячаў чалавек, дазволіць прызыў у польскую армію грамадзянаў польскае нацыянальнасьці, якія насялялі да 1939 году тэрыторыі Заходняй Украіны й Заходняй Беларусі. Грамадзяне іншых нацыянальнасьцяў, што жылі на гэтых тэрыторыях, прызыву ў польскую армію не падлягаюць”.
(Ракіцкі: ) “Юры, у працытаванай пастанове сказана, што дазвалялася браць у Польскае войска толькі грамадзянаў польскае нацыянальнасьці. Паводле якіх фактаў можна сьцьвярджаць, што сапраўды ў арміі Андэрса ваявала шмат этнічных беларусаў?”

(Грыбоўскі: ) “Грамадзянамі ІІ-е Рэчы Паспалітае, як вядома ,былі ня толькі палякі, але й жыхары Заходняе Беларусі, Заходняе Ўкраіны. Хтосьці зь іх хаваў сваю нацыянальнасьць.

Але былі й іншыя. Сярод такіх людзей, якія не хавалі сваю беларускасьць, не хавалі таго, што яны ўраджэнцы Беларусі, можна назваць такія знакамітыя прозьвішчы, як: Вінцэсь Жук-Грышкевіч, Пётра Конюх (вядомы наш сьпявак), Пётра Сыч. Гэта людзі, якія не былі нават у савецкіх лягерох для ваенапалонных, бо не служылі ў польскім войску. Але яны былі рэпрэсаваныя з 1939-га па 1941 год, і менавіта залічэньне ў армію Андэрса сталася для іх адзіным магчымым уцёкам ад перасьледу НКУС.

А палітыка палянізацыі, асабліва – 30-х гадох, на тэрыторыі Заходняе Беларусі натуральным чынам адбілася на сьвядомасьці людзей. Чалавек ня меў упэўненасьці, што ён беларус, а не паляк. А па сутнасьці, каб быць залічанымі ў армію Андэрса, усе казалі, што яны палякі, нават праваслаўныя. Яны называлі сябе каталікамі, таму што тады здымаліся ўсе пытаньні, і яны аўтаматычна залічваліся ў гэтае войска. І толькі тады, калі яны ўжо пакінулі тэрыторыю Савецкага Саюзу, калі ім ня было чаго так моцна баяцца, асьцерагацца, яны зноў пачалі называць сябе праваслаўнымі”.

(Ракіцкі: ) “І колькі прыкладна было беларусаў у гэтым войску?”

(Грыбоўскі: ) “Калі браць асабовы склад арміі Андэрса, то да часу ўдзелу ў італьянскай кампаніі 1944-45 гадоў, яе колькасьць была да 100.000 чалавек. Зь іх траціну складалі беларусы”.

(Ракіцкі: ) “Якім шляхам прайшла армія Андэрса?”

(Грыбоўскі: ) “На працягу ўсяго 1942 году Андэрс, усё ж такі з дазволу савецкага боку, здолеў эвакуяваць свае часткі ў Пэрсію. У Тэгеране адразу адсеяліся цывільныя асобы. Ну, а вайсковыя часткі, якія патрапілі адразу ж пад апеку брытанскіх, мусілі рухацца далей, у Ірак.

Ірак на той час зьяўляўся нафтавай базаю Брытанскай імпэрыі. Там яны мусілі выконваць вартавыя службы. Але паколькі баяздольнасьць іх была даволі нізкая, яны ў баёх да гэтага часу нідзе ня бралі ўдзелу, дык у 1943 годзе яны былі перакінутыя ў Палестыну.

Сам Андэрс у сваіх успамінах узгадвае, што, калі ягоныя часткі былі перакінутыя ў Палестыну, то адразу пачалася масавая дызэрцыя жаўнераў гэбрайскае нацыянальнасьці. Яны адчувалі, што блізкая іхная бацькаўшчына. Гэта, між іншым, яшчэ раз пераконвае, што армія Андэрса была стракатая ў нацыянальным сэнсе”.

(Ракіцкі: ) “Юры, якую ролю адыграла армія Андэрса ў “італьянскай кампаніі”? І, натуральна, колькі слоў пра самую гераічную старонку ў біяграфіі 2-га Польскага корпусу – пра бітву за ўзвышша Монтэ-Касіна…”

(Грыбоўскі: ) “Корпус браў у ёй самы непасрэны ўдзел. Што тычыцца непасрэдна бітвы за ўзвышша Монтэ-Касіна… Яно знаходзілася на шляху войскаў заходніх хаўрусьнікаў, перакрывала шлях на сталіцу Італіі – Рым. Менавіта на гэтым шляху была праведзеная “лінія Густава”. Абаронаю гэтага ўзвышша займалася адная з элітных частак Вэрмахту – І-я парашутная дывізія.

Некалькі разоў войскі заходніх хаўруснікаў рабілі спробы авалодаць узвышшам, пачынаючы са студзеня 1944 году.

Спачатку няўдача спасьцігла 5-ю армію ЗША, якая панесла вельмі вялікія страты, так нічога й не дамогшыся. Пасьля былі кінутыя аддзелы гуркаў са складу брытанскага войска, 8-й Брытанскай арміі, чый паход таксама скончыўся няўдала й трагічна для заходніх хаўрусьнікаў.

І вось менавіта тады брытанскае камандваньне зьвярнулася да гэнэрала Андэрса, каб ён зь сіламі свайго корпусу здолеў авалодаць гэтай стратэгічнай кропкаю. Андэрс пагадзіўся, і нарэшце ў траўні 1944 году пачаліся наступальныя апэрацыі, штурм сіламі 2-га Польскага корпусу гэтага ўзвышша.

Скончылася яна даволі ўдала. 19 траўня 1944 году польскія ўланы ўзьнялі свой штандар над парэшткамі кляштару – гэта зьявілася значнай перамогаю заходніх хаўрусьнікаў.

Корпус агулам згубіў у гэтай бітве толькі забітымі звыш 900 жаўнераў. Зь іх, як сьцьвярджае беларускі эмігранцкі гісторык Віктар Сянкевіч, які пазьней таксама быў былым жаўнерам польскіх Узброеных сілаў на Захадзе. Менавіта беларусы з гэтае, амаль што тысячы польскіх вайскоўцаў, складалі 264 жаўнера. Гэта ягоныя звесткі, пабудаваныя на матэр’ялах польскага эмігранцкага архіву Ўладзіслава Сікорскага ў Лёндане”.

(Ракіцкі: ) “Юры, як адзначаныя былі беларусы за свой гераізм пад Монтэ-Касіна?”

(Грыбоўскі: ) “Шэраг жаўнераў асабовага складу дзьвюх дывізіяў 2-га Польскага корпусу – 5-й крэсовай дывізіі пяхоты, 3-й дывізіі стральцоў карпацкіх, якія былі ў авангардзе гэтае бітвы, – былі ганараваныя шэрагам вайсковых узнагародаў. У прыватнасьці, ужо пасьля вайны быў зацьверджаны Памятны Крыж Монтэ-Касіна. Існаваў яшчэ цэлы шэраг іншых памятных узнагародаў, кшталту Памятная Ўзнагарода 5-е крэсовае дывізіі пяхоты. Сярод уганараваных нямала было й беларусаў. Нашыя землякі паказалі найбліскучы чын”.

(Ракіцкі: ) “А на радзіме? Ці вярнуўся хто-небудзь зь беларусаў, з тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях, на Бацькаўшчыну? Як іх тут прынялі?”

(Грыбоўскі: ) “Гэта даволі трагічная старонка. Часткова беларускія вайскоўцы вярталіся ў Беларусь у спадзяваньні на тое, што іх там спаткаюць сапраўды як змагароў зь гітлярызмам. Але…

У 1951 годзе, у красавіку месяцы, звыш 5 тысячаў былых жаўнераў польскіх Узброеных Сілаў, якія змагаліся на заходніх франтох, гэтак званых “андэрсаўцаў” разам зь сем’ямі былі высланыя ў Казахстан, Сібір ды іншыя аддаленыя куткі Савецкага Саюзу.

Толькі на пачатку 90-х гадоў пра іх узгадалі, і перш за ўсё пра іх узгадалі, як гэта ня крыўдна, палякі, польскі ўрад. Пачалося іх ушанаваньне, і на іх пачалі зьвяртаць больш увагі. Але толькі не ў Беларусі…”

(Ракіцкі: ) “Мы гаварылі пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяньнях 2-га Польскага корпусу гэнэрала Ўладыслава Андэрса. У якіх яшчэ войсках служылі й ваявалі нашыя суайчыньнікі пад час ІІ-е Ўсясьветнае вайны? Я маю на ўвазе хаўрусьніцкія войскі. На якіх франтох?”

(Грыбоўскі: ) “Акрамя польскіх войскаў беларусы бралі ўдзел, напрыклад, у гэткай важнай апэрацыі ІІ-е Ўсясьветнае вайны, як высадка ў Нармандыі.

Вітаўт Кіпель, які зараз жыве й працуе ў Задзіночаных Штатах Амэрыкі, паводле расейскага эмігранцкага друку называе некалькі прозьвішчаў амэрыканскіх беларусаў першага эміграцыйнага пакаленьня, што выехалі зь Беларусі ў міжваенны час, якія служылі ў шэрагох амэрыканскага войску.

Акрамя таго, як вядома, у Вялікай Брытаніі існавалі часткі лятунства, якія зваліся польскімі, змагаліся пад польскім штандарам, але ў сьпісах асабовага складу ёсьць прозьвішчы, што паказваюць на іхнае беларускае паходжаньне. Гэтыя людзі бралі ўдзел у бамбаваньні Гамбургу, Бэрліну.

Беларусы ваявалі таксама ў Паўночнай Афрыцы супраць нямецкага афрыканскага корпусу гэнэрала Ромэля. Бясспрэчна, беларусы змагаліся практычна на ўсіх франтох ІІ-е Ўсясьветнае вайны”.

(Ракіцкі: ) “Дзякуй, Юрась.Напэўна дачакаемся, калі гісторыя ІІ-е Ўсясьветнае вайны для нас застанецца бяз “белых” плямаў. А тыя беларусы, што змагаліся з гвалтам зь верасьня 1939-га па травень 45-га будуць памянёныя і ўшанаваныя на Бацькаўшчыне”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org