RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Міталёгія беларусаў

(эфір 13 Красавіка 2000 г.)

Удзельнік: Уладзімер Васілевіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Натуральна, шмат хто з Вас, шаноўныя слухачы, чытаў захапляльныя, поўныя дзівосаў і загадак кнігі: «Мифы народов мира» і «Мифологический словарь». Менавіта паводле гэтых грунтоўных працаў, выдадзеных у Маскве ў 80-я гады, жыхары былога Савецкага Саюзу спасьцігалі ўсясьветную міталёгію.

У тых кнігах, найбольш поўных і даступных нам, не знайшлося месца для міталёгіі двух народаў – беларускага і ўкраінскага. Няўжо фантазія беларусаў, таксама прайшоўшых доўгім паганскім шляхам, не нараджала сваіх міталягічных істотаў, са сваімі, а не чужымі імёнамі, партрэтамі, родамі дзейнасьці?

Напэўна, такім жа пытаньнем задаваўся тады й наш сёньняшні госьць, слынны фальклярысты Ўладзімер Васілевіч. І, напэўна ж, успрыняў гэта як абразу старажытнай беларускай нацыі, а яна, абраза, і падштурхнула яго да вялікае працы па ўпарадкаваньню шматлікіх матэр’ялаў, сабраных і назапашаных нашымі фальклярыстымі.

У выніку ў 1994 годзе ўпершыню пабачыла сьвет кніга Ўладзімера Васілевіча «Міфы Бацькаўшчыны» з аўтэнтычнымі запісамі фальклярыстаў. Ва ўнівэрсытэтах стаўся чытацца курс лекцыяў па беларускай міталёгіі. Утварыўся моцны калектыў дасьледнікаў, якія вось ужо цяпер завяршаюць працу над «Энцыкляпэдыяй міталёгіі Беларусі»…

Наш госьць – Уладзімер Васілевіч.

…Спадар Васілевіч, навошта трэба вяртаць міты? Ці патрэбныя яны сучаснаму чалавеку, які наўрад ці паверыць у йснаваньне, прыкладам, нячыстае сілы?”

(Васілевіч: ) “Можна верыць у «нячыстую сілу», можна ня верыць, але які народ існуе без сваёй міталёгіі? Такога народу, напэўна, няма. Трэба ведаць сваю міталёгію хаця б таму, што гэта частка нашай глыбіннай гісторыі, ну, і для таго, каб мы ведалі, як народ, як нацыя, што пачаліся ня ў гэтым стагодзьдзі, нават не ў мінулым…”

(Ракіцкі: ) “Як нараджаліся міты? Зь якіх усьведамленьняў, адчуваньняў – ад страху ці ад любові?”

(Васілевіч: ) “Хутчэй за ўсё – ад страху, бо старажытны чалавек быў практычна бездапаможным перад сіламі прыроды. І вось гэты страх перад стыхіямі й прымушаў чалавека адушаўляць і абагаўляць акаляючую прыроду.

Увогуле, усё пачалося са старажытных вераваньняў у душу, як у нейкі рухавік, які знаходзіцца ў кожным чалавеку. Жыве чалавек, працуе, творыць, есьці, п’е, ходзіць – ім рухае тая нябачная рэальнасьць – душа. Засынае чалавек, і спыняюцца ўсе рухі. Значыць, душа напэўна некуды адляцела?.. Ну, а калі чалавек заціхае, то заціхае назаўсёды й той самы рухавік. Уяўны рухавік нібыта пакідае гэтага чалавека.

Але, як уяўлялася старажытным людзям, душа ня можа зьнікнуць бязьсьледна, яна недзе працягвае сваё існаваньне ў навакольлі, у акаляючае прыродзе. І вось такім чынам чалавек і прыйшоў да адушаўленьня прыроды. Душа, пакінуўшы цела чалавека, як бы рабілася духам розных навакольных аб’ектаў, стыхіяў: вады, агню, паветра, зямлі; расьлінаў, жывёлаў, нябесных сьвяцілаў…”

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра міталёгію на дэлітанцкім роўні, то міжволі ўзьнікаюць вобразы нейкіх пачвараў, а вы гаворыце пра душу. Ці ня ёсьць тут супярэчнасьць?”

(Васілевіч: ) “Паколькі душа ўсё ж такі сыходзіла з чалавека і як бы распаўсюджвалася па ўсім сьвеце, то й фантазіі пра яе ўвасабленьні зьвязаныя з характарамі й побытавымі адметнасьцямі людзей. Зірніце на сьвет людзей – людзі таксама розныя: яны добрыя, яны злосныя, яны магутныя, яны бездапаможныя”.

Кадук – найстарэйшы злы дух. Жыве ў самым цёмным лесе, да таго ж у самым багністым балоце. Тут на службе ў яго знаходзяцца ўсе меншыя і падначаленыя яму злыя духі, тут Кадук чыніць расправу над імі. Адсюль ён пасылае іх да людзей чыніць ім розныя шкоды. Бяда, калі чалавеку выпадзе няшчасьце трапіць у гэтае балота – пагібель непазьбежная. Нейкі дурман нападае на чалавека: “ходзіш па ўсіх напрамках балота, а між тым, бач – стаіш на адным і тым жа месцы”.

Купальскі дзядок – толькі ён без перашкодаў зьбірае купальскія кветкі. Ён ходзіць з кошыкам і напаўняе яго кветкамі, таму кошык гарыць, як жар. Купальскі дзядок – добры. Калі сустрэцца зь імі разаслаць перад ім белы абрус, то ён кіне на яе адну кветку. Хапай тады хутчэй яе і, разрэзаўшы далонь правае рукі, кладзі пад скуру: адтуль нячысьцік не дастане.

Бялун – сівы дзед, які нібыта жыве ў жыце ля дарогі. “Ён, кажуць, паказваецца бедняку, што йдзе па дарозе, і просіць яго ўцерці яму нос, з каторага цякуць возгры. Калі гэты згадзіцца ды ўтрэць, то Бялун высыпіць яму золата із сваёй торбы”.


(Ракіцкі: ) “Ці верылі людзі ў створаныя імі ж фантазіі як у рэальнасьць?”

(Васілевіч: ) “Несумненна. Калі б ня верылі, то не стваралі, бо ўсе іх фантазіі напачатку мелі падкрэсьлена рэлігійны характар”.

(Ракіцкі: ) “Гэтыя міталягічныя істоты таксама, напэўна, мелі пэўную сваю гіерархію, гэтаксама як упарадкаванае жыцьцё людзей у навакольным сьвеце. Ці можна, паводле нейкай гіерархіі, нейкіх прынцыпаў, клясыфікаваць беларускіх міталягічных істотаў?”

(Васілевіч: ) “Несумненна, бо беларуская міталёгія знаходзіццца ў агульным кантэксьце з сусьветнай міталёгіяй. І ў нечым паўтарае яе структуру. Ёсьць і багі – стваральнікі сусьвету, ёсьць нябесныя багі, ёсьць багі – апекуны зямнога жыцьця. Зрэшты, ёсьць ніжэйшая дэманалёгія («нячысьцікі»). Калі скажам антычная міталёгія поўніцца вярхоўнымі багамі, багамі нябёсаў, то беларуская міталёгія хутчэй абапіраецца на нашую прыроду – на нашыя лясы, палі, балоты, азёры, рэкі. Менавіта з гэтае прычыны нашая міталёгія больш зазямлёная”.

(Ракіцкі: ) “А калі клясыфікаваць іх паводле роду дзейнасьці… Чым займаліся гэтыя міталягічныя істоты?”

(Васілевіч: ) “У адпаведнасьці зь месцам свайго жыхарства яны займаліся самымі рознымі заняткамі. У жыхароў воднае прасторы былі свае заняткі, у жыхароў лясное прасторы – свае. Але ў любым выпадку яны як бы кантактавалі з чалавекам”.

У палях і гародах жыве яшчэ Жалезная баба. Гэта злая нізкарослая старая з жалезнымі вялікімі грудзямі хапае жалезным круком дзяцей, якія асьмельваюцца заходзіць адны ў палі й гароды, каб паласавацца бобам, гарохам, макам, гароднінаю, кідае іх у сваю жалезную ступку, таўчэ і есьць.

Ох – барадаты чалавек, які жыве пад зямлёю. Калі хто, бядуючы, уздыхне: “Ох!”, ён выйдзе з-пад зямлі й папытае: “Чаго патрабуеш?” А як хто ўжо гэта ведае, да не спалохаецца, да й скажа яму, чаго хоча, то ён яму тое дасьць.

Падвей – гэта дух, які круціцца ў віхры. Ён насылае на людзей асаблівую хваробу, якая таксама называецца Падвеям: наляціць віхор на чалавека – і скруціць яму галаву набок, адніме мову, а то – скурчыць руку ці нагу. Таму трэба ратавацца ад віхру. Калі ён круціцца, трэба паказваць яму кукіш: гэтага Падвей ня любіць і праімчыцца бокам, не закрануўшы чалавека.

(Ракіцкі: ) “А ці можна гаварыць пра нейкія асаблівасьці беларускіх міталягічных істотаў паводле іхнага партрэту?”

(Васілевіч: ) “Натуральна, кожная вёска магла па-свойму апісаць і таго ж лясуна, і таго ж вадзяніка, і тую ж русалку. Розны выгляд надаваўся гэтым ніколі й нікому нябачаным пэрсанажам. Яны маглі мець нейкае падабенства і з чалавекам, і з пэўнай жывёлінаю”.

Апівень – гэта невялічкая істота, парослая цёмнай, рэдкай поўсьцю. Галава ў яго па форме нагадвае чалавечую, ды толькі са свіным рылам. Там, дзе павінны быць бровы, у Апіўня маленькія, нібыта ў маладога бычка, рожкі. Ёсьць у Апіўня хвосьцік, закручаны, нібы ў парсючка. Ножкі з капытцамі. Ходзіць апівень прама або ракам.

Баламуцень – вадзяны чалавек. Баламуцень вельмі непрыгожы. Галава яго нагадвае збан. Твар азызлы, так што вачэй амаль не відаць. Скура гусіная. У яго кароценькія, тоненькія і крывенькія ножкі, вялізны жывот. Баламуцень – халасьцяк, але вельмі любіць жанчынаў.

Кумяльган – злы дух у абліччы чалавека й каня. Ён з чалавечым тулавам, пакрытым конскай поўсьцю, і такімі ж рукамі й нагамі, з конскай галавою і такімі ж капытамі на руках і нагах. Ён ходзіць часам, як конь, на карачках, а часам, нібы чалавек, на задніх нагах. Прызначэньне ягонае – мучыць, псаваць, раніць коней.

(Ракіцкі: ) “А ў чым розьніца, скажам, паводле партрэту, нашых міталягічных істотаў з аналягічнымі істотамі суседніх народаў з блізкімі нашай культурамі?”

(Васілевіч: ) “Блізкія і міталягічныя істоты. Тыя ж вобразы русалкі ці вадзяніка, ці лясуна пашыраныя ва ўсіх эўрапейскіх народаў, але кожны народ дадаваў нешта ад сябе і да партрэту, і да нораваў пэрсанажаў”.

(Ракіцкі: ) “А ці пакланяліся нашыя продкі гэтым міталягічным істотам?”

(Васілевіч: ) “А як жа, як жа ім было не пакланяцца?! Дзеля пакланеньня яны й ствараліся. Гэтак жа, як сярод людзей ёсьць людзі добрыя, злыя, гэтак сама і ў міталёгіі. Паводле аналёгіі людзкога грамадзтва ўтваралася й міталягічная сыстэма. Былі розныя духі. Духі, якія ўвасаблялі розныя стыхіі, розныя аб’екты прыроды. Тыя стыхіі, ад якіх чалавек залежыў, якіх ён баяўся і якіх ён у сваёй дзейнасьці, у сваім жыцьці намагаўся задобрыць. Людзі верылі, што тады духі будуць спрыяць ім”.

(Ракіцкі: ) “А ў нас сярод міталягічных істотаў, якіх больш: добрых ці злых?”

(Васілевіч: ) “Выкрышталізавана станоўчых у нас няшмат. Напэўна, найбольш тых міталягічных пэрсанажаў, якія зьмяшчаюць у сабе адначасова й добрыя рысы, і злосныя, але нямала, канешне, істот выключна адмоўных”.

(Ракіцкі: ) “А мы самі, беларусы, колішнія ўтваральнікі й захавальнікі міталёгіі, якімі бачымся скрозь яе прызму?”

(Васілевіч: ) “Мы й даверлівыя, мы й гарэзьлівыя, мы й…”

(Ракіцкі: ) “Хітрыя?!”

(Васілевіч: ) “…хітраватыя”.

(Ракіцкі: ) “Агрэсіўныя?”

(Васілевіч: ) “Не! Вось агрэсіўнасьці няма ў нашых мітах. Нават самыя адмоўныя пэрсанажы заўсёды падаюцца зь нейкай затоенай усьмешкаю апавядальніка. Я думаю, што наш народ ніколі асабліва ўсур’ёз ня верыў у тых нячысьцікаў, якіх ён ствараў. У багоў верыў. А вось тыя істоты, якія былі разсыпаныя па гаспадарчых пабудовах, па палёх, па лясох, мне здаецца, больш існавалі дзеля таго, каб настрашыць дзяцей. Яны гулялі пэўную пэдагагічную, калі хочаце, функцыю, бо йснаваньне ў лесе лясуна, у балоце – вадзяніка, стрымлівала маленькае дзіця йсьці без дазволу ці на рэчку, ці ў лес, бо – глядзі там! – русалка схопіць. Прычым, русалка жыла ня толькі ў лесе, ня толькі ў возеры, русалкі жылі і ў жыце…”

(Ракіцкі: ) “У жыце? А што яны там рабілі?”

(Васілевіч: ) “У дзятвы часам здаралася спакуса пайсьці ў жыта, каб, прыкладам, сарваць валошак, ці проста пагуляць. Дык, каб дзеці гэтага не рабілі, іх страшылі, маўляў, сядзіць русалка ў жыце з жалезнаю цыцаю, схопіць дзіця, прыцісьне жалезнаю цыцаю і – канец”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Васілевіч, чым абумоўліваецца працягласьць існаваньня міталёгіі ў сьвядомасьці людзей, вера ў яе?”

(Васілевіч: ) “Любы народ сьвету прайшоў пэрыяд політэізму, многабожжа, але з усталяваньнем адзінабожжа, якое на нашае зямлі набыло форму хрысьціянства, увесь гэты пантэон паганскіх багоў й дэманаў, нячысьцікаў паступова пачаў зьнікаць. Гэта сталася ў выніку барацьбы царквы з праявамі паганства. Але так лёгка адразу адмовіцца ад таго, што жыло ў народзе вякамі, немагчыма. І людзі вельмі доўга, можна сказаць, і па-сяньняшні дзень заховаюць веру ў рэшткі дахрысьціянскіх вераваньняў.

Гэтыя ўсе нячысьцікі, дэманы даўно ўжо не выклікаюць такога страху, такое пашаны, як гэта было некалі. Зь цягам часу яны, канешне, ператварыліся ў пэрсанажаў вясёлых аповядаў, страшылак. Сяньня ня варта глядзець на ўсіх гэтых паганскіх бажкоў і дэманаў, як на тое, што можа перашкодзіць хрысьціянству. Большую пагрозу сапраўднай веры чалавека нясуць тыя міты, якія мы ствараем сяньня. І верым у гэтыя міты, і церпім ад іх”.

(Ракіцкі: ) “А вам не здаецца, што гэта былі вельмі хітрыя людзі? Яны прыдумалі гэтыя вобразы, каб зь іх дапамогаю пазьбягаць нейкіх стыхіяў?”

(Васілевіч: ) “Я думаю, што міталягічнае ўяўленьне ўласьцівае чалавеку на працягу ўсяго ягонага йснаваньня, з глыбокай старажытнасьці й па сяньняшні дзень. Старажытныя людзі прыдумвалі міты, міталягічных постацяў з-за боязі прыроды. Цяперашнія людзі таксама не пазбаўленыя гэтае рысы, таксама прыдумляюць свае міты, да самага нашага часу й жывуць з гэтымі мітамі”.

(Ракіцкі: ) “Самападман?”

(Васілевіч: ) “Самападман. І вера. Вера ў створаны міт. Няма розьніцы, на якім флянгу грамадзтва ты знаходзішся. І найноўшая гісторыя, якая прайшла на нашым з Вамі вяку, таксама сьведчыць пра тое, што мы жылі й працягваем жыць мітамі”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org