RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Беларускі посуд: традыцыі вырабу і ўжываньня

(эфір 6 Красавіка 2000 г.)

Удзельнік: архэоляг Ніна Здановіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

* * *

“Гліна – “мгліна”: яна сьпіць у імглістай глыбіні й сьніць свае запаветныя “маглівасьці”.

Для каменя гліна – адліга, для вады – “лыга”, але чаго нельга зрабіць з каменю ці з вады, льга з галіны…

Чалавек вырабляе з гліны ўсялякія рэчы: кафлю, цагліны, глякі – але й сам ён з гліны, і да канца сваіх дзён ён лепіць з сябе такі твор, які адпавядае яго ўяўленьням, задумам і ўчынкам: нягеглы й глёўкі – калі яны глёўкія і нягеглыя, “гімалайны” й “галілейны” – калі гэтакія яны.

З гліны ўсё паўстае, і ў гліну ўсё гіне.

Гліна – нігіль, нішто, але ў боскіх руках яна становіцца геніяльнай”.

* * *

(Ракіцкі: ) “Паэтычныя радкі, што зараз прагучалі, узятыя з узьнёслага й мудрага прысьвячэньня Алеся Разанава, прысьвячэньня гліне. Яна адвеку была першапачаткам посуду. Посуду, зь якога людзі сілкаваліся, чэрпалі сілы дзеля жыцьця, і посуду, які, створаны таленавітымі рукамі, станавіўся прадметам мастацтва. Спадарыня Ніна, калі ласка, працягніце думку. Як адмысловец…”

(Здановіч: ) “Гліна фактычна стала чацьвертым з тых пяці перша- элемэнтаў, якім чалавецтва карысталася з моманту свайго станаўленьня як сацыяльная супольнасьць. І таму гліна стала прадметам творчасьці. Ня гледзячы на тое, што зь яе рабілі рэчы, магчыма, чыста функцыянальныя, але ніколі не былі рэчамі толькі функцыянальнымі, яна заўсёды значыла нешта большае для чалавека”.

(Ракіцкі: ) “З гліны стваралася культура?”

(Здановіч: ) “Безумоўна, і менавіта гэты аспэкт даў падставу для архэолягаў зкласыфікаваць культуру менавіта паводле прыкметаў кэрамічных”.

(Ракіцкі: ) “Калі гліняныя вырабы і ў прыватнасьці посуд, для Беларусі сталі ўвасабленьнем культуры?”

(Здановіч: ) “Ад самога пачатку. Калі мы возьмем самы старажытны гаршчок, нэалітычны, то заўважым, што ў яго форма простая, але наколькі ён упрыгожаны ад самага верху й да самага нізу, нават там дзе ня бачна, дзе ніколі ніхто ня ўбачыць гэтага ўзору!”

(Ракіцкі: ) “Дзе вытокі нашых гліняных вырабаў?”

(Здановіч: ) “Вытокі вырабаў любога народу ляжаць у зямлі, таму што гліна сама па сабе – гэта матэрыял унівэрсальны. І зь верша, што мы толькі што пачулі, вынікае, што яна тут, яна на зямлі, мы па ёй ходзім, гэта – матэрыял творчасьці. А творчасьць нараджалася ўжо зыходзячы з мэнтальнасьці. Калі характар народа спакойны, калі час спакойны, тады й посуд нараджаўся ў адпаведным рэчышчы. Калі час быў суровы, тады й посуд быў аскэтычным, калі час быў больш-менш нармальны для йснаваньня чалавека, тады й посуд упрыгожваўся, станавіўся вытанчаным”.

(Ракіцкі: ) “Мне спадабалася думка, якая была перад гэтым Вамі выказаная, пра тое, што творы матэрыяльнае культуры нясуць у сабе адбітак часу, дынаміку, тэмпэрамэнт часу, тэмпэрамэнт нацыі… Давайце пагаворым больш падрабязна пра разьвіцьцё нашага посуду з таго часу, калі Беларусь пачала пераарыентоўвацца на Захад, а менавіта з таго часу, калі Беларусь здабывае сваю дзяржаўнасьць. Пачынаючы з ХІІІ стагодзьдзя”.

(Здановіч: ) “ХІІІ стагодзьдзе – на самой справе той час, які нават паводле кэрамікі, паводле посуду, можна назваць нейкім пераломным. Посуд ХІІІ стагодзьдзя пазбаўляецца сваёй вытанчанасьці, зьнікаюць прыгожыя формы, зьнікаюць паліваныя, дэкаратыўныя формы. І разам з тым зьяўляецца суровасьць, грубаватасьць, прастата. Узьнікаюць формы, якія на працягу далейшых стагодзьдзяў, XV-га, XVI-га, становяцца асноваю нашае традыцыйнае кэрамікі”.

(Ракіцкі: ) “Які матэрыял і якая тэхніка былі найбольш уласьцівымі?”

(Здановіч: ) “Розныя пласты насельніцтва выкарыстоўвалі розны посуд у пэўны час. Калі мы можам гаварыць пра шараговага спажыўца, чалавека звычайнага, то найбольш у выкарыстаньні быў звычайны, гэтак званы кэрамічны посуд. Калі мы гаворым пра магнатэрыю, якая заўсёды была своеасаблівым каталізатарам у разьвіцьці культуры, то й тут мы маем пэўныя доказы гэтага. Маёліка прыйшла зь Італіі ня без удзелу тае ж магнатэрыі. Безумоўна, яны не рабілі яе рукамі, але яны плацілі за яе. Гэтыя першыя ўзоры паслужылі штуршком дзеля таго, каб пачала разьвівацца маёліка тут, мясцовая”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, можна гаварыць пра тое, што першапачаткова нашая традыцыя ўзьнікала з запазычаньняў”.

(Здановіч: ) “Нават гэтыя запазычаньні прымяраліся да традыцыйнае формы, але экспэрымэнтавалі менавіта ў тэхналёгіі. Мы ўзбагачалі іх, выкарыстоўвачы такія добрыя рысы беларускага характару, як практычнасьць, рацыянальнасьць. Нават калі там, у Эўропе, напрыклад, у той жа Італіі, у той жа Чэхіі, ці ў Нямеччыне, ужо зьнікала нейкая зьява, у нас яна яшчэ йснавала. Існавала ўжо як свая традыцыйная, з выкарыстаньнем арнамэнту, уласьцівага нам, і той тэхналёгіі, якая была адпрацаваная”.

(Ракіцкі: ) “Ці йснавала ў нашых продкаў, у Вялікім Княстве Літоўскім, высокая, так бы мовіць, мода на посуд, калі тая ж талерка станавілася творам мастацтва, а ня проста ставілася на стол, каб зь яе есьці?”

(Здановіч: ) “Безумоўна. Такі прыклад нам дае ХVІ стагодзьдзе. Вы б ня сталі, я думаю, піць з куфля, у якім няма дна, або сёрбаць поліўку з талеркі, у якой прасьвідраваныя дзірачкі. Гэтыя прыёмы скарыстоўвалі нашыя рамесьнікі дзеля таго, каб нават і думкі не ўзьнікала пра тое, каб дэкаратыўную кэраміку ўжываць як ёмістасьць для ежы. Такая кэраміка ставілася на палічкі ўздоўж сьценаў. Яна падвешвалася за шнурочкі таксама ўздоўж сьценаў, бо інтэр’ер наш – інтэр’ер хаты ці нават магнацкага замку – быў вельмі простым, і я сказала б, з абмежаванай колькасьцю прадметаў”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Ніна, які прадмет мы можам лічыць першатворам нашага посуду? Які прадмет мы можам лічыць знакавым?”

(Здановіч: ) “Як і ва ўсіх народаў сьвету, гэта гаршчок. Абрэзаны гаршчок даў міску, выцягнуты гаршчок даў гладыш, збан. Гаршчок суправаджаў чалавека ад нараджэньня й да сьмерці: кашу прыносілі рожаніцы, гаршкі разьбіваліся пад час пахавальнае трызны, у гаршкі складалі косьці й попел пасьля крэмацыі нябожчыка. Для нас гаршчок – гэта тая форма, якая мае ўнівэрсальнае значэньне. Дарэчы, сучасныя кубачкі – гэта таксама мініятурныя гаршочкі”.

* * *

“Гаршчок – “харшчок”: у ім гатуецца харч, і ў кожнай харчэўні кожны госьць зь нецярпеньнем чакае ягонага зьяўленьня, і ў кожным хаўрусе ён свой.

Але гаршчок свой і ў самым пекле, у самым сквары, у самай гарачыні – у печы, дзе ён прымае вогненнае хрышчэньне й дзе здабывае непараўнаны гарт…

Адны кажуць, што ў гаршка добрая доля, бо самае спажыўнае, што ёсьць у хаце, аддаецца яму, у яго “горшчы”, другія – што горкая і гарапашная, але сам гаршчок уважае, што яна ня лепшая і ня горшая, чым доля ў астатніх рэчаў, адзінае: часам яна бывае спарожненай да самага дна, а часам напоўненай з самым верхам – з “гарышчам”.

* * *

(Ракіцкі: ) “Як ставіліся нашыя продкі да посуду? Увогуле, ці быў нейкі культ посуду?”

(Здановіч: ) “Нашыя продкі выкарыстоўвалі посуд, калі можна так сказаць, на поўніцу. Яго выкарыстоўвалі як ёмістасьць для ежы. Калі ж гэты посуд быў дарагі, а значыць, ня мог гэтую функцыю выкарыстоўваць, а зь бегам часу пабіўся, трэснуў…”

(Ракіцкі: ) “Ёсьць прыказка: “Да пары збан ваду носіць. Вушка адарвецца – і збан разаб’ецца”. І што тады?”

(Здановіч: ) “Яго маглі прыстасаваць для самых неверагодных мэтаў. Прыкладам, у Мазыры, у ХІІ стагодзьдзі мы знайшлі карчагу. Карчага – гэта вялікая пасудзіна, прыблізна 50 сантымэтраў у вышыню й 50 сантымэтраў у шырыню. Дык вось, пасьля таго, як яна трэснула, ці ў ёй адбілася ручка, яе закапалі ля будынку й выкарыстоўвалі як пограб. Туды складалі сушаную рыбу. Быў адмысловы посуд для памерлых. Так, у “зарубінцаў” рабілі глянцаваныя міскі, кубачкі, якія ставілі пры пахаваньні. Звычайны, шарачковы посуд быў грубым, а гэты – глянцаваным. Рабілі адмысловы посуд і для дзяцей. Цацачны посуд – маленечкія талерачкі, маленечкія збаночкі – выраблялі нават да ХІХ стагодзьдзя. Прыкладам, у Магілеве мы знайшлі такі вось дзіцячы посуд”.

(Ракіцкі: ) “Ці білі посуд, напрыклад, на шчасьце, нашыя продкі?”

(Здановіч: ) “Так, білі. Прыкладам, у абрадзе пахавальным, калі трызну спраўлялі пахавальную на курганах, нешта елі, а пасьля гэты посуд разьбівалі, і ашкалёпкі закапвалі ў кургане. Разьбіты посуд, асабліва дэкаратыўны, дарагі, часта выкарыстоўвалі ў якасьці скарбоначкі. Туды складалі грошы, хавалі ў падпечак”.

(Ракіцкі: ) “У самых шырокіх пластох насельніцтва, які посуд быў найбольш папулярным? Які посуд можна назваць знакава беларускім?”

(Здановіч: ) “Можна назваць пасудзіну, якая вядомая ў Беларусі з ІІ-І стагодзьдзя да нашай эры. Гэта – латка. Латка – традыцыйны посуд для смажаньня, для пражаньня. Латка вытрымала канкурэнцыю з эўрапейскімі аналягамі, якія ледзь ня выціснулі яе разам з рынкамі (патэльнямі на ножках). Калі патэльні на ножках зьніклі, таму што памянялася канструкцыя печы, гэтыя латкі зноў выплылі”.

(Ракіцкі: ) “А цяпер распавядзіце пра росьпісы. Мы можам гаварыць пра нейкую знакавасьць гэтых росьпісаў, пра ўплывы розных тыпаў культуры?”

(Здановіч: ) “Калі для Галяндыі характэрны росьпіс менавіта фарбамі, то для Беларусі характэрны росьпіс ангобамі – глінаю кантраснага колеру. Звычайна найбольш распаўсюджанай была гліна кантраснага колеру – белая па брунатным, далей – белая, падфарбаваная зеленаватым, медзяным колерам. У нашае дэкаратыўнае кэраміцы пануе спалучэньне вось такога брунатнага зь белым, крыху зеленаватым (перадусім, белы контур і зеленаватае запаўненьне), а пад празрыстым пластом палівы яно глядзіцца кантрасна, вельмі мякка”.

(Ракіцкі: ) “Што ў нас магло стаць сымбалем, увасабленьнем традыцыі ў посудзе? Што магло б быць менавіта нашай візытоўкаю?”

(Здановіч: ) “Беларусь у эўрапейскім сьвеце – дзяржава ўнікальная. Яна мае аўтэнтычны фальклёр, які захавала аж да нашага часу. Яна мае, асабліва на Палесьсі, такія прадмету побыту, якія паводле формы й паводле функцыянаваньня сягаюць ажно ў часы нэаліту. Але разам з тым Беларусь была для вялікіх абшараў Усходу краінаю, якая была візытоўкаю эўрапейскае культуры. І вось, менавіта, такой візытоўкаю эўрапейскасьці Беларусі, сымбалем таго, што Беларусь мусіць вярнуцца ў Эўропу, на мой погляд, павінны стаць эўрапейскі посуд, каторы ў нас быў распаўсюджаны, і каторы, калі беларусы прывозілі яго ў Маскоўскую дзяржаву, успрымаўся як экзот, – гэта рынка.

Гэта – патэльня на трох ножках, якая паліваная знутры, якая вельмі функцыянальная, вельмі эўрапейская і разам з тым традыцыйная для нас. Няхай яна стане сымбалем вяртаньня Беларусі ў Эўропу. Хоць бы у ганчарстве… Гэта будзе й сувэнірны варыянт, гэта будзе й функцыянальны варыянт, калі кэрамісты не адмовяцца ад гэтага”.

(Ракіцкі: ) “Але ж паводле стэрэатыпаў мы ўяўляем і традыцыйным, і сувэнірным такі посуд, як збан. Можа, ужо будзем адмаўляцца ад збаноў?”

(Здановіч: ) “Сучасныя кэрамічныя збаны, гаршкі усё ж ёсьць адгалоскам традыцыі няэлітарнай, сялянскай. Магнатэрыя з другой половы ХVІІ стагодзьдзя была скіраваная на фаянс і парцаляну. Тое, што ў сельскім ганчарстве засталося, ёсьць пластом якраз кэрамікі спажывецкае. Таму, калі мы хочам захаваць сваю побытавую культуру, то – так. Гэты посуд мае права на йснаваньне, ён таксама адпавядае нашаму мэнталітэту й гаворыць пра тое, чым і кім мы былі некалі”.

(Ракіцкі: ) “Дзякуй, спадарыня Ніна”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org