RFE/RL |
Прачытаць Міцкевіча па-беларуску!..(эфір 30 Сакавіка 2000 г.) Удзельнік: Валянцін Акудовіч. (Ракіцкі: ) “Беларусь Багушэвічава й Беларусь Міцкевічава. Беларусь двух геніяў прыгожага пісьменства й філязофскага мысьленьня XIX стагодзьдзя. Геніяў, бадай што, непераўзыйдзенных аж да сяньня. Беларусь Багушэвічаву – мужыцкую – падхапілі наступныя пакаленьні, зразумелі яе, адчулі й адчуваюць у ёй сябе ўтульна. Беларусь жа Міцкевічаву пакінулі па-за ўвагаю. Не прачыталі… Па-беларуску… Напэўна, не захацелі. Толькі дакраналіся да яе праз замежныя мовы – праз мову арыгіналу (польскую) і мову перакладу (расейскую). Цяпер – нарэшце – у стагодзьдзі ХХІ-м мы будзем мець магчымасьць чытаць Міцкевічавых “Дзядоў” па-беларуску: “Гэтак і сёньня, калі белай зданьню(Ракіцкі: ) “Толькі што – упершыню – яны, “Дзяды”, напісаныя пра Беларусь, пабачылі сьвет двухтомнікам на нашай мове ў перакладзе Сержа Мінскевіча. Што значыць – чытаць Міцкевіча па-беларуску? Наўпрост і як мэтафара?.. Чаму мэнтальную мадэль Багушэвіча Беларусь прыняла, а мадэль Міцкевіча адрынула? На гэтыя пытаньні спрабуе даць нам адказ філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч…” (Акудовіч: ) “Адбылося нешта нават не драматычнае, а трагічнае з таго, што мы не прачыталі Міцкевіча – дакладней будзе сказаць – што мы не прачыталі Беларусь па Міцкевічу. Міцкевіч усё жыцьцё перакладаў Беларусь на польскую мову, арыгінальнага Міцкевіча мы не заўважылі, бо чыталі яго празь пераклад. Іншае краіны, акрамя Беларусі, Міцкевіч у сваім жыцьці ня меў за краіну. Усё астаняе была эміграцыя. Уласна Польшчы ня бачыў”. (Ракіцкі: ) “Спадар Акудовіч, калі мы гаворым пра той ці іншы геніяльны літаратурны твор, здабытак культуры, найперш мы адзначаем сярод рысаў гэтае геніяльнасьці тое, што ў гэтым творы як бы ствараецца мэнтальная мадэль нацыі ці прачытваецца, скажам прасьцей, псыхалёгія нацыі. У гэтай сувязі ці можам мы гаварыць пра тое, што ў “Дзядах”, або ўвогуле – у творчасьці Міцкевіча – была створаная мэнтальная мадэль? Ці можам мы яе адшукаць зараз, калі чытаем па-беларуску?” (Акудовіч: ) “Безумоўна. Міцкевіч стварыў сваю мэнтальную мадэль на высокай Беларусі, на Беларусі прыгожых жанчынаў, высакародных шляхцічаў, на Беларусі інтэлектуалаў, філёзафаў, містыкаў, на змагарнай, самаахвярнай Беларусі, якая адпакутвала ў сібірах, у турмах… “Але мая любоў на сьвеце…“Дзяды” прысьвечаныя тым, хто загінуў за Бацькаўшчыну”. (Ракіцкі: ) “Чым жа тады мэнтальная мадэль Міцкевіча розьніцца ад іншых? Момант змагарны ў беларускай літаратуры ўвогуле вельмі йстотны. Якія яшчэ былі мэнтальныя мадэлі?” (Акудовіч: ) “Мэнтальнасьць – гэта спосаб і форма бачаньня кожным народам сябе ў Сусьвеце й Сусьвету ў сабе. У кожнага народа ёсьць свая мэнтальная мадэль, якая звычайна будуецца на практычным, рэальным досьведзе жыцьця й потым замацоўваецца на паперы – у літаратурных творах, філязофскіх, мастацкіх, гістарычных. Ужо потым транслюецца праз культурныя знакі ў іншыя пакаленьні. Спосабы й формы жыцьця ў народа могуць зьмяніцца. Але мэнтальная мадэль, замацаваная ў гэтым народзе, застаецца. Заўважце: мэнтальная мадэль Расеі, збудаваная на вялікім рускім народзе, на Вялікай Расеі, працуе й сяньня, у той час, як ужо даўно няма аніякай Вялікай Расеі. Ёсьць зьбяднелая, змарнелая, нямоглая, вялізная краіна. У той самы час кожны расеянін па-ранейшаму мэнтальна адчувае сябе “вялікім рускім чалавекам”. (Ракіцкі: ) “Якія мэнтальныя мадэлі ў нас былі і якая мэнтальная мадэль замацавалася? Якую мэнтальную мадэль мы прынялі?” (Акудовіч: ) “У нас атрымалася парадаксальная сытуацыя. Мы – папяровая нацыя, мы – нацыя, якая сфармавала сваю мэнтальную мадэль не з таго рэальнага жыцьця, якім яна пражывала, а з досьведу літаратуры. Роля Францішка Багушэвіча ў гэтым найвялікшая. Бог стварыў Сусьвет, Багушэвіч прыдумаў Беларусь. Уласна Багушэвіч больш геніяльны за Янку Купалу, таму што Янка Купала проста геніяльны паэт. Напісаць нацыю можа нехта вялікі. Нажаль, сама ідэя ў Багушэвіча была геніяльнаю, а тэкст атрымаўся негеніяльным. Багушэвіч прыдумаў Беларусь як літаратурнага героя. Заўважце, няма аніякай розьніцы паміж біяграфіямі Міцкевіча й Багушэвіча, абодва – шляхцічы, абодва – інтэлігэнты, абодва – інтэлектуалы, але як розьняцца два вобразы Беларусі: Беларусь Міцкевічава й Беларусь Багушэвічава. Якая ў Багушэвіча Беларусь? Занядбаныя хаткі, балоты, “каўтун”, “пяць лыжак заціркі”… (смяецца) (Ракіцкі: ) “…“Каўтун” – гэта, прабачце, ужо ад Някрасава…” (Акудовіч: ) “…І гэтак далей, і гэтак далей. У той самы час сам Багушэвіч нічым ня розьніўся ад Міцкевіча – гэта інтэлігэнт, а Беларусь прыдумаў, ну, такую выклятую Богам…” (Ракіцкі: ) “Мы можам сказаць, заўважыўшы, што абодва жылі ў ХІХ стагодзьдзі (Міцкевіч раней, Багушэвіч пазьней), але сфармавалі, паводле Вас, дзьве мэнтальныя мадэлі. Адну ўмоўна назавем “высокай” – Міцкевічаву, другую назавем “мужыцкай” – Багушэвічаву…” (Акудовіч: ) “Мэнтальная мадэль, сфармуляваная Багушэвічам, ня выйшла па-за межы літаратуры. Жыцьцё йшло само па сабе, а літаратура тым часам раскручвала Багушэвічаву мадэль, якая мала мела адпаведнасьці з жыцьцём. Безумоўна, адпавядала, было жыцьцё й беднае, і багатае, але ў Беларусі на гэты час было 24 ці 26 опэрных прыватных тэатраў. У Беларусі зь ХV стагодзьдзя былі дзясяткі гарадоў з Майдэборскім правам. Таму вылучаць яе ў нейкі рэгіён татальнага няшчасьця было несправядлівым. Заўважце, Міцкевіч зусім не адмаўляе таго, што Беларусь – драматычная, трагічная прастора, але ўсьведамляе яе з драматызмам высокім”. (Ракіцкі: ) “Але чаму тады Міцкевічава Баларусь не прыжылася, ня мела працягу ў літаратуры, ня мае працягу ў сяньняшняй сьвядомасьці беларусаў? Чаму Багушэвічава Беларусь аказалася больш жывучай, чаму яе падхапілі і Купала, і Колас? Па-сяньняшні дзень, увесь час, мы бачым як бы недаацэнку саміх сябе. Беларусы хутчэй прачытаюць Багушэвіча, чым Міцкевіча. Нават у даступным сяньня беларускім перакладзе. Парадокс? Растлумачце…” (Акудовіч: ) “Безумоўна, навідавоку адная з прычынаў – Багушэвіч, прыдумаўшы вось гэтую “халопаманскую” Беларусь, патрапіў у свой час. На ягоную карысьць сыграў прыход бальшавікоў, ідэялёгія няшчасных, змарнелых, якіх бальшавізм павінен быў выратаваць. Але пераводзіць прычыну толькі ў сацыяльную плашчыну не выпадае. Гэтую традыцыю занядбанае, выклятае Богам Беларусі працягвала й літаратура Заходняе Беларусі, калі яна не была пад бальшавікамі. Больш за тое, і ўсе эмігранцкія асяродкі зноў пісалі гэтак сама… Праўда, былі асобныя выключэньні…” (Ракіцкі: ) “Ці быў супраціў гэтай мадэлі?” (Акудовіч: ) “Першы небясьпеку заўважыў Вацлаў Ластоўскі, распачаўшы тую знакамітую дыскусію з артыкула “Трэба сплочваць даўгі”, дзе ён першы ня проста сказаў, а закрычаў: “Дый хопіць нам гэтых саламяных стрэхаў! Хопіць нам ужо гэтых няшчасных мужыкоў у лапцёх! Хопіць нам зьбяднеласці й выклятасьці! Паглядзіце, хараство навокал! Давайце апяваць прыгажосьць!” Ён вырашыў запрапанаваць свой праект мэнтальнае мадэлі, якую й пабудаваў на “крыўскай” ідэі: на нашай тэрыторыі ў свой час існавала магутная цывілізацыя, якая спарадзіла, уласна кажучы, антычную цывілізацыю грэкаў ы рымлянаў. Крывы былі тым грунтам, на якім паўстала ўся Эўропа. Ластоўскі пабудаваў нацыянальную ўтопію. Існавалі тры магчымыя варыянты, як мне бачыцца, мэнтальных мадэляў. Гэта – “высокая мэнтальная мадэль”, якую запрапанаваў Міцкевіч і якую выкарысталі палякі на ўсе сто дваццаць адсоткаў, а мы прайгнаравалі. Затым – “нізкая мадэль”, самы горшы варыянт “нізкае мадэлі” прапанаваў геніяльны Багушэвіч. Безумоўна геніяльны, таму што гэтую ж самую “нізкую мэнтальную мадэль” прапанавалі й расейскія славянафілы: Аксакаў, Хамякоў, браты Кірыеўскія. Нарэшце, трэці тып мэнтальнае мадэлі – на грунце ўтопіі”. (Ракіцкі: ) “Але ўтапічная мадэль таксама была неаднароднай…” (Акудовіч: ) “Магчымыя розныя варыянты: нацыянальная ўтопія, якую прапанаваў Ластоўскі, сацыяльная ўтопія, прапанаваная бальшавікамі. Між іншым, утапічная мэнтальная мадэль зусім не азначае, што яна ня можа быць зрэалізаваная. Напрыклад, бальшавікі на ўтапічнай “рабоче-крестьянской” ідэі стварылі “савецкі народ”. Яны стварылі мэнтальную мадэль, ад якой мы й сяньня яшчэ ня можам адлучыцца. У пэўных умовах утапічная мэнтальная мадэль Ластоўскага таксама магла б быць зрэалізаванаю”. (Ракіцкі: ) “Зьвернемся ўсё ж да “высокае” мэнтальнае мадэлі. Няўжо яна ніколі ня мела працягу? Мне падаецца, што ў нас усё ж такі ў літаратуры ёсьць прыклады, і ёсьць людзі, якія па-сяньняшні дзень цягнуцца да яе”. (Акудовіч: ) “Бясспрэчна. Прыкладаў тут шмат. Я ўзгадаў бы найбольш яркі, гэта – Караткевіч. Уласна кажучы, Уладзімер Караткевіч, гэта – Адам Міцкевіч, але ўжо напісаны па-беларуску. Угледзьцеся, якая прыгожая Беларусь адкрылася нам Караткевічам! Чаму мы яе па-сапраўднаму палюбілі? Чаму ён выдаецца фантастычнымі для Беларусі накладамі? Чаму ён стаў знакавай фігураю? А толькі таму, што калі, скажам так, Міцкевіч перакладаў Беларусь па-польску, то Караткевіч пераклаў Міцкевіча па-беларуску. І таму я скажу так: хопіць нам чытаць Беларусь па Багушэвічу-Купале. Трэба іх адсунуць на факультатыўнае чытаньне. Добра было б, каб у базавым, акадэмічным курсе прачытаньне Беларусі адбывалася паводле Міцкевіча-Караткевіча. “Профессор, снимите очки…” – казаў Маякоўскі. Ну, паглядзіце адкрытымі вачыма на гэтую Беларусь. Мы па ўсяму сьвету параскідалі сваіх геніяў, спартоўцаў, інтэлектуалаў, філёзафаў, актораў. Зрэшты, іх і тут пакуль што безьліч. Дый у нас увогуле ёсьць усё, што і ў астатніх людзей – трамваі, самалёты…” (Ракіцкі: ) “Дык ці прачытаем мы нарэшце, спадар Акудовіч, “высокую” мэнтальную мадэль Беларусі, “высокую” Беларусь, Беларусь Міцкевіча-Караткевіча, ці адчуем сябе калі-небудзь у ёй утульна?” (Акудовіч: ) “Перад Вамі адзін з такіх людзей, які іншае Беларусі сабе і не ўяўляе, акрамя як “высокую” Беларусь. Калі б мы сабралі ўсё, што параскідалі па сьвеце, усе гэтыя прозьвішчы, справы, падзеі, якія рабілі беларусы – а калі-небудзь мы гэта зробім – дык мы ўбачым, што, напэўна, беларусы самая інтэлектуальная нацыя, якая зрабіла для Сусьвету можа больш, чым хто-небудзь яшчэ”. (Ракіцкі: ) “Дзякуй, спадар Акудовіч, за Вашую першую спробу прачытаць драматычную паэму Адама Міцкевіча “Дзяды” па-беларуску”. Вячаслаў Ракіцкі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |