RFE/RL |
Беларускі пальтаргайст(эфір 23 Сакавіка 2000 г.) Удзельнік: Пятро Васючэнка. (Ракіцкі: ) “Пальтаргайст… Гэтым імпартовым словам мы сяньня называем анамальныя зьявы. Вынайшлася гэтае слова ў ХХ стагодзьдзі. Анамальныя зьявы ж людзі назіралі адвеку. Адвеку й спрабавалі іх вытлумачыць. Часьцей – марна. Таму пальтаргайст нараджаў страх і містычныя ўсьведамленьні. Містыка была заўсёды прывабнай для літаратуры дый мастацтва. Ян Баршчэўскі, аўтар фантастычных апавяданьняў «Шляхціц Завальня», ня ведаў у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя кручанага слова “пальтаргайст”, але анамальныя зьявы апісваў з выключнай дакладнасьцю й займальнасьцю: “Ля печы стаялі гаршкі. Адзін зь іх падлятае ўгору, падае на падлогу і разсыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю й разьлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начыньне пачало лятаць з кута ў кут”.…Спадар Васючэнка, ці даўно й ці часта ў беларускай літаратуры, беларускім мастацтве знаходзілі адлюстраваньне анамальныя зьявы? І зь якой мэтаю зьвярталіся да іх творцы?” (Васючэнка: ) “Здаўна зьвярталіся. Яшчэ з часоў «Слова пра паход Ігаравы», дзе апісаныя анамальныя зьявы, зьвязаныя з чарадзействам Усяслава Полацкага. Апісваў пальтаргайст у ХІХ стагодзьдзі Ян Баршчэўскі, а таксама аўтары новае беларускае літаратуры. Прыкладам, Максім Гарэцкі, які замест пытаньня “што рабіць?”, ставіў пытаньне “што яно?” і “адкуль яно?”, і апісваў зьявы, якія не падлягаюць лёгіцы”. (Ракіцкі: ) “А якія анамальныя зьявы мы сустракаем на старонках літаратуры найперш?” (Васючэнка: ) “Ужо памянёны Вамі пальтаргайст, дзівосныя пераўтварэньні, прыкладам чалавека ў ваўкалака, і наадварот, зьяўленьні фантастычных істотаў кшталту цмокаў, дамавікоў, русалак дый іншыя розныя прывіды, чарадзейныя сны…” (Ракіцкі: ) “Тут, напэўна, прасочваецца ўсё ж такі сувязь з жыцьцём. З аднаго боку можна гаварыць, што гэта йдзе ад старадаўняе міталёгіі, а з другога… Я сам асабіста ніколі не назіраў пальтаргайст, але ведама, што вельмі многія людзі сустракаюць, назіраюць, анамальныя зьявы. Ці так яно?” (Васючэнка: ) “Безумоўна, гэтае зьвязанае з жытлом. Беларусы здаўна клапаціліся пра спакой у сваім жытле, а калі ў ім пачынае начыньне пераскокваць зь цьвіка на цьвік, а кот сябе паводзіць ня так як трэба, гэта, вядома, людзей трывожыць. Прынамсі, мяне трывожыла ў свой час, калі раптам з працоўнага стала сталі зьнікаць тэчкі з рукапісамі…” (Ракіцкі: ) “Праўда?” (Васючэнка: ) “Праўда. Выразкі, якія я зьберагаў, яны некуды прападалі. Потым, калі добра папрасіць гэтую істоту, дамавік (ці, як кажуць цяпер, “барабашка”) вяртаў гэтыя рэчы, але вось адзін нумар газэты «Культура» ён так і не вярнуў. Магчыма, гэта пісьменьніцкая ўласьцівасьць – надаваць рэчам нязначным рысы значнасьці, містычнасьці. Але часам здаецца, што мы аточаныя анамальнымі зьявамі, яны вакол нас, яны прымушаюць задаць пытаньне “чаму?” Чаму, да прыкладу, калі я чытаю ліцэістам лекцыю пра аўтарства «Ціхага Дону», і згадваю пра казацкага пісьменьніка Крукава, які, верагодна, быў сааўтарам Шолахава ці напісаў нешта падобнае, у гэты момант дзьверы ў аўдыторыі пачынаюць рыпець гучней і гучней? І пасьля таго, як я запэўніваю: “Гэта Вы, спадар Шолахаў, напісалі «Ціхі Дон», я ў гэтым перакананы”, – рыпеньне спыняецца”. (Ракіцкі: ) “Пачынаючы са «Слова пра паход Ігаравы» і аж да сучаснага пастмадэрнісцкага «Дамавікамэрону» Адама Глёбуса, нашая літаратура выпісвае розных незямных істотаў – як злосных пачвараў, так і дасьціпных, абаяльных розных дамавічкоў. Можа, Вы назавеце знакавыя фігуры?” (Васючэнка: ) “Вядома, ёсьць істоты міталягічныя – іх некалькі дзясяткаў. Разам з тым, ёсьць істоты, чыя прырода, так бы мовіць, блізкая да міталёгіі й да біялёгіі. Інакш кажучы, яны напаўрэальныя, легендарныя або нават рэальныя. Я мяркую, што такія істоты, як цмокі, існавалі. Магчыма, і існуюць. Дый беларускае пісьменства Яна Баршчэўскага, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Арлова, Адама Глёбуса таксама апісвала іх розныя віды. Прыкладам, мяркую, у Лепельскім возеры, калісьці жылі цмокі-людажэры, якія перакульвалі чаўны з грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага й харчаваліся гэнымі. У возеры Нешчарда, паводле апісанньняў Баршчэўскага, жылі драбнейшыя пароды цмокаў у выглядзе лятучых гадзюкаў, жабаў. У рацэ Сьвіслачы таксама некалі жылі цмокі, дзе апошні зь іх быў вылаўлены ў пачатку ХХ стагодзьдзя й названы навукоўцамі “балотным яшчарам”. Але Баршчэўскі апісвае тых цмокаў, якія жывуць, паразытуюць у нутры чалавечага арганізму, у галовах людзей. І гэтыя цмокі могуць набываць аблічча восаў, матылёў”. (Ракіцкі: ) “Вы загаварылі пра цмокаў і як бы між волі перакінуліся на вытлумачэньне іх знакавасьці. Тут яшчэ дададзім, напэўна, і чорнага ката, і белую сароку, і розных воранаў, чарцей… Ці можам мы вытлумачыць іх знакавую сутнасьць?” (Васючэнка: ) “Што належыць да цмокаў, то яны ўвасаблялі сабою пэрсаніфікаванае зло, якое трэба перамагчы. І вось веткаўскія майстры абразоў малявалі цмокаў, мяркую, з натуры, паказваючы іх дужа агіднымі й мізэрнымі ў параўнаньні з аграмадным Юр’ям і аграмадным канём, на якім сядзіць гэты сьвяты-пераможца. Белая сарока, кот Варгін дый іншыя істоты, апісаныя Янам Баршчэўскім, –мяркую, аўтарскія істоты, хаця пэўныя натуры таксама былі ў жыцьці. Усе яны зьяўляюцца разнавіднасьцямі зла”. (Ракіцкі: ) “Дарэчы, у нас свой, уласна беларускі пантэон фантастычных істотаў? Ці ёсьць агульнаславянскія, а мо’ нават запазычаныя з больш далёкіх краінаў?” (Васючэнка: ) “Што належыць да цмокаў, дык гэтыя істоты інтэрнацыянальныя. Да такіх я аднёс бы й ваўкалакаў. Традыцыйна лічыцца, што ваўкалакі жылі ў Трансыльваніі, ва Ўгорах, адкуль родам славуты Граф Дракула. Але апісаньне нашых ваўкалакаў таксама вядомае із старажытнасьці, прыкладам, падазраюць, што такім быў Усяслаў Чарадзей…” (Ракіцкі: ) “Ваўкалак быў небясьпечным для чалавека? І ці можна было нейкім чынам ад яго адмежавацца?” (Васючэнка: ) “У ваўкалака мог пераўтварыцца чарадзей, які быў небясьпечным для чалавека, але былі й няшчасныя ахвяры, якія абарочваліся ў ваўкалака з-за чарадзейства іншага. Яны не чапалі людзей. Такіх было мноства ў ХІХ стагодзьдзі, што апісана, дарэчы, дакумэнтальна”. (Ракіцкі: ) “Скажам нашым слухачам, што йснавалі нават рацэпты адчараваньня ваўкалака, і вось адзін з такіх рацэптаў апісаны знакамітым дасьледнікам Нікіфароўскім: “Трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста”.…Спадар Васючэнка, ці можам мы сказаць, што містычныя ўсьведамленьні беларусаў папоўнілі нашае слоўніцтва?” (Васючэнка: ) “Дзякуючы гэтым усьведамленьням зьявіліся, прыкладам, такія наватворы, як “навец” у Вацлава Ластоўскага. Зрэшты, слова ня столькі вынайдзенае Ластоўскім, колькі прыгаданае”. (Ракіцкі: ) “У мяне ў руках «Расійска-крыўскі (беларускі слоўнік)». Я прачытаю: “Наўцом называюць сьвежа памершага нябошчыка, а такжа нябошчыка які ходзіць па сьмерці і высысае ў жывых кроў (рас. вурдалак, польскае – upior.) Навец процістаўляецца мярсьню, памершаму, які разсыпаўся й нямае ўжо цела, а паказуецца толькі як дух…” Ці тыповыя вобразы, зьвязаныя са сьмерцю, для беларускага фальклёру й беларускага мастацтва? Нэкрафілія – яна ўласьцівая нам?” (Васючэнка: ) “Давайце прыгадаем цыкаль вершаў Максіма Багдановіча «Каханьне – сьмерць»… Зрэшты, паэт згодна з канонамі дэкадансу зьбліжаў гэтыя дзьве рэчы. Калі гэта мастацкая нэкрафілія як нейкая патаемная цяга да сьмерці, то магчымае спалучэньне комплексаў Эрасу й Данатусу. Але гэта паэтычная нэкрафілія, тое ж самае ў Янкі Купалы, дзе у шэрагу вершаў нэкрафілія мае знакавы характар. Прыкладам, верш «У ночным царстве»: “Скрыпяць трухляцінай асіны,(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, вось у расейцаў сьмерць паўстае як нейкая худая жанчына ў белай вопратцы з касой, а ў нас як яна звычайна выглядала?” (Васючэнка: ) “Клясычны прыклад – навэля Ўладзімера Караткевіча «Ладзьдзя роспачы», дзе сьмерць выглядае прыкладна гэтак: “Апошняя жанчына Гервасія Выліваха прыйшла да яго зь бліскучай касою за плячыма”, – кажа аўтар. Зрэшты, ня толькі ў беларусаў і ня толькі ў расейцаў такі вобраз сьмерці. А вось Адам Глёбус перакананы, што сьмерць – гэта мужчына”. (Ракіцкі: ) “Я хацеў бы зараз зьвярнуцца да такога вельмі цікавага твору, як «Лябірынты» Ластоўскага, пра які мы ўжо неаднаразова ўзгадвалі ў праграме «Неабжытая Спадчына». Фантасмагарычная паэтыка гэтага твору абапіраецца на каштоўнасьці крыўскай цывілізацыі. Ці ня там, у Крыўі, нашая міталягічная аўтэнтыка? Ці ня там карані містычных усьведамленьняў беларусаў?” (Васючэнка: ) “Ластоўскі прыгадвае, спрабуе рэканструяваць ня проста крыўскую цывілізацыю, а крыўскую магічную цывілізацыю, якая потым зьмянілася цывілізацыяй тэхнагэннай, а тэхнагэнная цывілізацыя загнала першую ў сутарэньні, у лябірынты. І спроба Ластоўскага рэанімаваць вось гэтую магічную цывілізацыю – адная з апошніх у нашае літаратуры, а адная зь першых – гэта ўзгадка пра Ўсяслава Чарадзея. Мяркую, Усяслаў Чарадзей быў апошнім пакаленьнем магаў, чарадзеяў”. (Ракіцкі: ) “Усё ж такі, калі паглядзець на беларускую літаратуру й беларускае мастацтва, то, на мой погляд, анамальныя зьявы, розныя фантасмагарычныя істоты выпісваюцца ня дзеля таго, каб паўстала нейкая вельмі забаўная карцінка, а найперш яны выступаюць у ролі мэтафараў, і вельмі часта гэтыя мэтафары якраз зьвязаныя зь беларускім шляхам, зьвязаныя зь лёсам нацыі, з праблемаю адраджэньня… Чаму?” (Васючэнка: ) “Вы казалі пра нэкрафілію, эстэтычную нэкрафілію, уласьцівую нашаму пісьменству. Дык вось, калі Беларусь трэба адраджаць, гэта значыць – трэба адраджаць ня толькі дух, але й цела Беларусі. Прыкладам, творчасьць Купалы, які ня раз Беларусь хаваў. У яго вось гэты ланцуг бясконцых адраджэньняў нацыі якраз і зьвязаны з эфэктам ажываньня ці ажыўленьня”. (Ракіцкі: ) “Нашую рэальнасьць сяньня з чым толькі не параўноўваюць: гавораць пра беларускі Чарнобыль й таму падобнае. Я на’т чуў і такую фразу – “беларускі пальтаргайст”. Ці можам мы мэтафізічна тлумачыць тое, што сяньня адбываецца з нашымі людзьмі й з нашай краінаю?” (Васючэнка: ) “Перадусім, Адам Глёбус здолеў адлюстраваць гэты пальтаргайст у сваёй кнізе «Дамавікамэрон», насяліўшы гарадзкую прастору, урбаністычную прастору традыцыйнымі істотамі, якія зьмяніліся ў ліфтавікоў, мэтравікоў, друкальнікаў і гэтак далей. Інакш кажучы, яны асвоілі гарадзкі хранатоп. Пальтаргайст, як сымбаль разладу, бязладзьдзя, які пануе ў многіх сфэрах нашага соцыюму, безумоўна, зьява сучасная, зьява, у якой можна шукаць містычнае адценьне, момант чарнакніжніцтва або “чорнае магіі”. Але той жа Ян Баршчэўскі, які апісаў варожае чалавеку чарнакніжніцтва, ён апісаў і “белую магію”, станоўчае дзеяньне. У яго нароўні з чарнакніжнікам, ёсьць такі пэрсанаж, як Дамаш, які тое, што зачараванае, адчароўвае. Так і Багдановіч спрабаваў адчараваць зачараваную Беларусь у цыкле «Вянок». Патрэбна станоўчае дзеяньне, “белае дзеяньне”, якое адчаруе “беларускі пальтаргайст”, здыме ягоныя падкопы”. (Ракіцкі: ) “Такім чынам у містыцы мы можам адчуваць і адшукваць аптымізм, найперш шукаць нейкае новае, сьвежае, ці як Вы кажаце, чароўнае дзеяньне…” (Васючэнка: ) “Прасьветленьне на прыканцы тунэлю…” (Ракіцкі: ) “…і, напэўна, таго чараўніка, які адчаруе Беларусь”. Вячаслаў Ракіцкі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |