RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



ЗАХОДНЕ-БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА:
інтэлектуальны й палітычны кантэкст разьвіцьця

(эфір 9 Сакавіка 2000 г.)

Удзельнік: Арсень Ліс.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Паводле Рыскае дамовы 1921 году Беларусь была падзеленая на дзьве часткі – усходнюю і заходнюю. У дзьвюх плашчынах ледзь не два дзесяцігодзьдзі разьвівалася і айчынная культура. На Ўсходзе – ва ўмовах камуністычнае, але нібыта, уласнае беларускае дзяржавы. На Захадзе – быццам бы ў вольным, дэмакратычным сьвеце, але ў межах чужое дзяржавы – адроджанае Польшчы. Людзі культуры, якія разам гукалі беларускае Адраджэньне, у вадно імгненьне апынуліся па розныя бакі мяжы.

Зразумела, больш як тры мільёны заходніх беларусаў не маглі перанесьці свае хаты, свае зямельныя надзелы на Ўсход. Яны змушаныя былі жыць – хто горш, хто лепш, а хто й вельмі добра – у Польшчы.

А людзі культуры – ці быў у іх выбар?
З гэтага пытаньня я распачынаю гаворку з гісторыкам, літаратуразнаўцам, этнографам Арсенем Лісам…”

(Ліс: ) “Выбар быў. І прычыны былі сацыяльныя, можа, перадусім і палітычныя, і псыхалягічныя. Асобныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ў даваенным часе, яшчэ перад усясьветнай вайною, жылі ў Вільні: Антон Луцкевіч, Францішак Аляхновіч, а таксама пэўны час жыў там і выдатны наш празаік Антон Лявіцкі. Іншых жа, як Уладзімера Самойлу, Ігната Канчэўскага, Леапольда Родзевіча – у Вільню закінулі падзеі вайны й кастрычніцкага перавароту.

Свабодны выбар… Для таго часу гэтае паняцьце было складаным, бо Беларусь знаходзілася фактычна ў няспыннай акупацыі. Рэжымы зьмяняліся зь вялікаю хуткасьцю. Пасьля таго, як наступіла невялічкая стабілізацыя, пасьля заключэньня драматычнае Рыскае дамовы, трэба было, прымаючы status quo, брацца за працу”.

(Ракіцкі: ) “Яны выбіралі дэмакратыю, свабоду ў Польшчы?”

(Ліс: ) “Крытэрыям выбару для іх была ступень магчымасьці змаганьня за незалежную Беларусь”.

(Ракіцкі: ) “А чаму яны ў сваім выбары аддавалі перавагу Вільні, а ня Менску?”

(Ліс: ) “На пачатку 20-х гадоў Менск дзеля разьвіцьця беларускага руху быў вельмі складаным: тут гаспадарылі Мясьнікоў, Ландэр, і беларуская інтэлігэнцыя ня мела магчымасьцяў дзеля рэальнае працы на беларускую дзяржаўнасьць. Але часы зьмяняліся. І настаў момант, калі інтэлектуалы згуртаваліся вакол Ігнатоўскага й пачалі таксама весьці беларускую працу”.

(Ракіцкі: ) “Ужо на пачатку стагодзьдзя ў Вільні склаўся магутны інтэлектуальны асяродак, які з гадамі адчуваў страты: адныя асобы адыходзілі ў сьвет лепшы, ім на зьмену прыходзіла моладзь. Ці працягвала захоўвацца ўжо стаўшая традыцыяй непаўторная віленская беларуская духоўная прастора?”

(Ліс: ) “Так, яшчэ ў 1916 годзе адыходзіць няўрымсьлівая Элаіза Пашкевічанка, Цётка. У 1917 годзе адразу ж пасьля мітынгу літаральна на сцэне памірае выдатны актор Ігнат Буйніцкі. У 1918 годзе адыходзіць адзін з заснавальнікаў Беларускае сацыялістычнае грамады, празаік, паэт Казімер Сваяк. Прыходзяць маладыя, слушна. Канцэнтруюцца вакол агульнае справы. У Вільні разьвіваецца пэрыядычны друк”.

(Ракіцкі: ) “За апошнія 10 гадоў хрэстаматыйным прыкладам драматычнага выбару стаў абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішака Аляхновіча, які ажыцьцявілі польскія й савецкія ўлады. Абодвы завяршылі жыцьцё трагічна, хоць і па розныя бакі мяжы. Атрымліваецца, што людзям культуры, беларускім патрыётам, ня было месца на сваёй зямлі? І це не пачуваліся яны ў той жа Польшчы эмігрантамі? Ёсьць у іхнае творчасьці такія ноты, якія я назваў бы эмігранцкімі. У такога, прыкладам, цікавага паэты як Міхась Машара…”

(Ліс: ) “Так, і па адзін, і па другі бакі мяжы ім было цяжка. Палякі пры сваім дэмакратычным грамадзкім укладзе, на мой погляд, крыху захмялелі ад радасьці здабыцьця пасьля 120-ці гадоў акупацыі сваёй дзяржаўнасьці.

Дзяржаўныя ворганы ўзялі курс на дэнацыяналізацыю беларусаў. Яны глядзелі на Беларусь як на пераходную тэрыторыю. Але ў тых, далёка ня самых спрыяльных умовах, беларускія літаратары ўсё ж не пачувалі сябе эмігрантамі. Праца іхная была вельмі інтэнсыўнай, дзейснай, выніковай”.

(Ракіцкі: ) “Мы ўжо добра ведаем, што адраджэнцкі, нацыянальны момант у іхнае творчасьці быў вельмі йстотным. Ці маглі б Вы параўнаць эстэтычны ўзровень заходнебеларускай і польскай літаратураў тае пары, якія разьвіваліся ў межах аднае дзяржавы? Ці дасягалі беларускія літаратары таго даволі высокага роўню, які мела тагачасная польская літаратура? Ровень апошняе ведамы і сяньня не дыскусійны…”

(Ліс: ) “Пытаньне няпростае. У нас быў Максім Гарэцкі. Акурат у Вільні ён напісаў “Дзьве душы”, аповесьць, якая была тыпалягічна блізкай прозе польскіх пісьменьнікаў. Антон Луцкевіч трапна вызначыў сутнасьць герояў гэтае аповесьці як асобаў пераходнага часу. Такія героі былі характэрнымі й для польскае літаратуры.

Літаратурная польская грамадзкасьць вельмі моцна цаніла творчасьць Максіма Танка, прызнавала прыярытэтнай ягоную паэзію. Польскія крытыкі адзначалі яе эпічнасьць. Танк, засвоіўшы авангардысцкія плыні тагачаснай эўрапейскае паэзіі, дасягнуў высокае мастацкасьці. Гэта была высокая эстэтычная школа, зрэалізаваная на беларускім матэрыяле”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, можна сьцьвярджаць, што ва ўмовах, хоць і не найлепшага стаўленьня да нацыянальнае мяншыні, але ва ўмовах дэмакратыі, і філязофскае, і эстэтычнае мысьленьне нашых пісьменьнікаў адпавядала эўрапейскаму роўню.

(Ліс: ) “Так, але толькі да таго часу, пакуль у Вільні грона беларускай інтэлігенцыі было моцным. Пазьней яно рассыпалася – часткова трапіла ў турмы, часткова сыйшло на Ўсход. Уявіце сабе: Генадзь Багдановіч, рэдактар газэты “Незалежная думка”, ужо ў 1924 годзе перабраўся на Ўсход. Вельмі добры тэатразнавец, адзін з заснавальнікаў “Беларускае драматычнае майстроўні” Мікалай Красінскі таксама ў тым жа годзе пакінуў Вільню, зрабіў выбар на карысьць Менску.

У больш складаных акалічнасьцях пакінуў Вільню выдатны музыказнаўца Антон Грыневіч – ён быў блякаваны дыфэнзіваю, ня мог выходзіць за горад, каб запісваць фальклёр. За ім пачалі сачыць пасьля таго, як ён быў затрыманы на мяжы, ля Маладэчна, калі спрабаваў нелягальна перайсьці ўсходнюю мяжу.

У 20-я гады беларускую ідэю вельмі моцна падняла беларуская публіцыстыка. І асэнсавала яе на эўрапейскім узроўні. Перадусім гэта зрабіў у сваіх працах Уладзімер Самойла, які трапіў у Вільню напрыканцы 1918 году. Між іншым, ён быў добра вядомы ў Эўропе, бо супрацоўнічаў зь нямецкімі навуковымі й папулярнымі пэрыядычнымі выданьнямі, прысьвечанымі славянскай тэматыцы. Яго вялікая заслуга як філёзафа у тым, што ён высунуў і даказаў арыгінальную тэзу, што рэвалюцыя – гэта “антракт гісторыі”.

Падставаю стаўся ягоны досьвед, што ён вынес зь Менску 1918–1919 гадоў. У ягоных творах нацыянальная беларуская ідэя атрымлівае філязофскае абгрунтаваньне. Ён сьцьвердзіў этычныя падставы руху. Этнічная духоўнасьць, паводле Самойлы, ёсьць гарантам абуджэньня беларусаў. Абуджаны люд зможа зрэалізаваць ідэю, бо ідэя гэтая, як пазьней скажа Аляксандар Цьвікевіч, “сьвятая”: беларусы павінны мець свой дом, нацыянальную дзяржаўнасьць”.

(Ракіцкі: ) “Вельмі часта дзеячы беларускае культуры ў тагачаснай Польшчы атаесамляліся з камуністымі. Сапраўды, нельга адмаўляць, што шмат хто зь іх сымпатызаваў БССР, бальшавікам, камуністычнай ідэі. Мне нават даводзілася чуць ад старых людзей, былых гадаванцаў Віленскае беларускае гімназіі, што іхныя настаўнікі спрабавалі зрабіць зь іх камсамольцаў. Ці не зьліваліся ў творчасьці тамтэйшых інтэлектуалаў нацыянальныя ідэалы з сацыялістычнымі? Калі гэта сапраўды так, то ў чым, на ваш погляд, прычына?”

(Ліс: ) “Безумоўна. У нейкіх канкрэтных абставінах і ў нейкіх канкрэтных пэрсаналіяў. Мы можам праілюстраваць гэтую думку на прыкладзе Леапольда Родзевіча. Непахісны прыхільнік нацыянальнае незалежнасьці, ён – выдатны драматург, рэдактар газэты “Нашая будучыня”, заснавальнік сацыялістычных рухаў у Вільні – у 1923 годзе перабіраецца ў Менск, а затым едзе вучыцца ў Маскву.

Прычына ў тым, што ў 20-я гады на Ўсходзе ім бачыўся нейкі прасьвет. Тая беларусізацыя, што там разгарнулася, пасяляла надзею. Узьнікала нават ілюзія, што там ствараецца незалежная беларуская дзяржава. І падставы так думаць былі. Польшча ж такой пэрспэктывы не адчыняла”.

(Ракіцкі: ) “У 30-я гады на камуністычную ідэю перахварэла шмат інтэлектуалаў у Эўропе. Нават Маякоўскі там, у вольным сьвеце, быў ледзь не самым папулярным паэтам. І Польшча была вельмі блізкай да Эўропы…”

(Ліс: ) “Сацыяльныя ідэі мелі вялікую прывабнасьць у заходнім сьвеце, бо там меўся сур’ёзны эканамічны крызыс. Гэта ж кранула й Заходнюю Беларусь, дзе пражывала пераважна сялянства. Але ў 30-я гады заходне-беларускія літаратары ўжо мелі іншы досьвед. Пасьля нялюдзкага вынішчэньня ў БССР нацянальнай эліты, ўсьведамленьні на заходніх беларускіх абшарах зьмяніліся. Тыя, хто паехалі ў Менск будаваць беларускую дзяржаву й беларускую культуру, сталі закладнікамі сваёй мары. Алесь Салагуб у адным зь лістоў да кагосьці са сваіх калегаў пісаў: “Не сьпяшайцеся сюды ехаць. Нас тут саджаюць у свае пралетарскія турмы”.

(Ракіцкі: ) “Ці была неабходнай літаратура, створаная ў Заходняе Беларусі, больш як тром мільёнаў беларусам, што там жылі? Ці быў попыт на яе? Ці знаходзіла яна свайго чытача? Ці ўплывала на духоўнае жыцьцё?”

(Ліс: ) “Літаратура ў Заходняй Беларусі мела надзвычай удзячны грамадзкі рэзананс. Зерне сеялася на падрыхтаваную глебу. Там людзі былі добра знаёмыя з айчыннай клясыкаю. Двойчы выдаваўся лепшы, з майго гледзішча, Купалаў зборнік вершаў “Шляхам жыцьця”, і ўвесь наклад разыходзіўся.

Было створана некалькі выдавецтваў. Акрамя каапэратыўнага беларускага выдавецтва, якое прадукавала беларускую літаратуру, было яшчэ некалькі прыватных беларускіх выдавецтваў. Знаміроўскі, былы рэдактар “Нашае нівы”, меў сваё выдавецтва. Рыгор Шырма таксама займаўся выдавецкай справаю. Ігнат Мятла выдаваў кнігі. Усе наклады разыходзіліся”.

(Ракіцкі: ) “Не сакрэт, што сяньня заходнебеларуская літаратура 20–30-х гадоў успрымаецца пераважна як факт гісторыі. А што Вы, спадар Ліс, як адмысловец маглі б параіць сучаснаму беларусу прачытаць з таго, што было знойдзена зусім нядаўна, і што ўспрымалася б актуальна, й на сяньня захоўвала б эстэтычную каштоўнасьць?”

(Ліс: ) “Перадусім варта прачытаць публіцыстыку 20-х гадоў, якая часткова ўжо выдадзеная ў сучаснай Беларусі. Яна мае непераўзыходнае значэньне ня толькі ідэямі, што ўвасабляла, але й дзякуючы сапраўдным мастацкім вартасьцям. Што тычыцца мастацкае літаратуры, то гэта перадусім паэзія. Пакуль што яна, на жаль, ня ўся сабраная ў зборнікі. Нашая бяда яшчэ ў тым, што й сяньня далёка ня ўсе здабыткі заходне-беларускае літаратуры нам даступныя.

Варта пачытаць пранікнёную лірыку Машары 30-х гадоў…

І публіцыстыка, дарэчы, таксама ня ўся выдадзеная. Была велізарная пэрыёдыка, дзесьці каля 150 назоваў часапісаў і газэтаў, і яна поўная бліскучай публіцыстыкі. Яшчэ не асэнсаваная публіцыстыка віленскага пэрыяду Максіма Гарэцкага. У ёй адчуваецца пераемнасьць з публіцыстыкаю Кастуся Каліноўскага, напоўненай сялянскай праўдаю. Гэта канкрэтная размова зь беларусам, размова наўпрост…”

(Ракіцкі: ) “Дзякуй Вам, спадар Ліс! Мы разьвітваемся са слухачамі з спадзяваньнем, што творы заходне-беларускае літаратуры, створаныя ў вельмі цікавым кантэксьце 20–30-х гадоў, стануць нам даступнымі й будуць намі прачытаныя”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org