RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



“Выратавальная” прамова Аляксандра Вазілы

Удзельнік: Віталь Скалабан.  (эфір 10 Лютага 2000 г.)
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцк: ) “У сьнежні 1917 году ў Менску адбыўся І Ўсебеларускі зьезд, на які сабраліся прадстаўнікі ўсіх сацыяльна-палітычных сілаў Беларусі, каб сказаць грымотнае “НЕ!” – нявольніцтву, гвалту, халопству, каб абраць шлях да свабоды краю. Вострая палеміка, што адбылася на зьезьдзе, як і ягоныя рашэньні, афарбавалі ўсю палітычную гісторыю Беларусі. Тыя гістарычныя, поўныя драматызму падзеі маюць свой працяг аж да сяньня.

Зьезд раскалоўся на дзьве часткі: “незалежнікаў”, якая выступала за аддзяленьне Беларусі ад Расеі, г.зн. за поўную дзяржаўную самастойнасьць, і “абласьнікоў”, якая анічога ня мела супраць нацыянальнага самавызначэньня беларусаў, але ў складзе Расейскае Фэдэрацыі.

“Незалежнікаў” за апошняе дзесяцігодзьдзе мы ўжо добра зразумелі. Пазыцыя і псыхалёгія “абласьнікоў”, таксама інтэлігэнтаў, таксама беларусаў, па-свойму шчырая і патрыятычная, больш складаная для ўсьведамленьня. Але вартая аналізу, бо сталася доўгажывучай.

У момант поўнай крызы паразуменьня на зьезьдзе зь яскравай, палкай прамоваю выступіў прадстаўнік “абласьнікоў”, тады яшчэ студэнт Аляксандар Вазіла. Гэтая прамова, якая паўплывала на рашэньні зьезду, у гісторыю ўвайшла пад вызначэньнем “выратавальнай”. Вось яе фрагмэнт:

“Наш беларускі лёс занадта шчыльна пераплецены зь лёсам усяе Расіі. Цэлыя стагодзьдзі мы жылі разам з усім рускім народам. Нашыя багацьці, нашая праца і сіла блізка, вельмі блізка, спаяныя з усім рускім. І цяпер, калі непазьбежная неабходнасьць ставіць Беларусь у стан самавызначыцца, мы павінны ведаць – як і на якіх пачатках…

Выкарыстаўшы сапраўдную магчымасьць, якая здараецца рэдка, Беларускі край мусіць самавызначыцца на пачатках шырокай аўтаноміі ў палітыка-адміністратыўных, эканамічных і культурна-нацыянальных адносінах – г.зн. стаць цэльнай вобласьцю – з поўнымі правамі ў кіраваньні сабою, у гаспадарчым жыцьці і ў будаўніцтве сваёй беларускай культуры. І, будучы шырока аўтаномным народам, Беларусь павінна ўвайсьці ў Вялікі Рускі Саюз, такімі чынам утварыўшы Фэдэратыўную Расійскую Рэспубліку…”

Я далучаю да размовы дасьледніка нацыянальных рухаў ХХ стагодзьдзя, гісторыка Віталя Скалабана…

Спадар Віталь, давайце паспрабуем зразумець гэтых адукаваных людзей, якія пакінулі пасьля сябе багатую публіцыстычную, філязофскую, літаратурную спадчыну. Паспрабуем адшукаць ідэялягічныя, сацыяльныя, псыхалягічныя карані іхных поглядаў. Яны былі беларусамі, яны ўсьведамлялі сябе беларусамі. Адзін з ідэёлягаў гэтае плыні Яўсей Канчар у сваёй аўтабіяграфіі пісаў, што нарадзіўся ён “сярод балотаў і лясоў у глушы некранутае беларускае прыроды, якая не магла не пакінуць вядомы сьлед на ўсім характары”. Дык дзе пачаткі іхнае раздвоенасьці ў разуменьні гістарычнага шляху нацыі?”

(Скалабан: ) “Гэта людзі, якія, па-першае, паходзяць з Усходняй Беларусі. Яўсей Канчар нарадзіўся на Лоеўшчыне, Аляксандар Вазіла ў Прапойску – цяперашні Слаўгарад. Яны нарадзіліся ў 80-я гады ХІХ стагодзьдзя. Яны сяляне, па сабе людзі таленавітыя, здольныя. Атрымалі адукацыю і далучыліся да літаратурнае працы, ёсьць іхныя творы, напісаныя па-расейску: вершы, артыкулы.

Яны далучыліся да сацыялістычнага руху, бралі ўдзел у агульнарасейскаім рэвалюцыйным руху. Знаходзіліся пад уплывам “заходне-расейскай” ідэялёгіі ды Беларусь разглядалі як частку Расеі. Яны не верылі да канца ў самастойнае існаваньне беларускага народу, таму што ўсё выхаваньне было скіраваным на тое, каб далучыцца да агульнарасейскіх падзеяў.

Яны пабадзяліся па Расеі, яны сядзелі ў царскіх турмах, яны мроілі пра ўсясьветную рэвалюцыю, яны забываліся на Беларусь. Але Беларусь усё роўна іх клікала. У 1917 годзе яны вяртаюцца на Беларусь і бяруць удзел у тых лёсавызначальных падзеях”.

(Ракіцкі: ) “Чытаючы іхную спадчыну, літаратурную ці публіцыстычную, натуральна, заўважаеш усе прыкметы г.зв. “западно-руссизму”. Калі гэта так, то ён, “западно-руссизм” прадэманстраваў сваю гнуткасьць – гаворка на новым гістарычным этапе, у 10-20-я гады, зайшла аж да шляхоў утварэньня беларускае дзяржавы. І гэтыя людзі, пра якіх мы сяньня гаворым, таксама не адмаўлялі права беларусаў на самавызначэньне”.

(Скалабан: ) “Так, ужо ў сакавіку 1917 году роля Канчара ў гісторыі Беларусі была значнай. Калі беларускія дзеячы пачалі ўсталёўваць кантакты з Часовым урадам, то гэтыя кантакты йшлі праз Яўсея Канчара. Яўсей Канчар увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, сфармаваны ў сакавіку 1917 году. Пасьля кастрычніцкага паўстаньня Канчар стварае Беларускі абласны камітэт. Тое, што вабласны камітэт таксама выступіў з прапановаю скліканьня Ўсебеларускага зьезду, гэта адназначна, а адозва Беларускага вабласнога камітэту –гэта помнік беларускае палітычнае думкі. Ці была магчымасьць і далейшай эвалюцыі гэтых дзеячоў? Калі б была ўтворана нармальная Рэспубліка, то яны, канешне, знайшлі б сваё месца ў гэтае дзяржаве. Рэзкае палявеньне ейнага грамадзтва, калі ўсе захварэлі на сацыялізм, не дало магчымасьці далучыцца да беларускае справы шмат якім людзям”.

(Ракіцкі: ) “Мне, натуральна, падаецца, што гэтыя інтэлігэнты людзі памежжа ці, выкарыстоўваючы моднае сяньня слова, “маргіналы”. І, напэўна, тут іхная драма: з аднаго боку, яны ўсьведамляюць сябе этнічна; з другога – яны носьбіты чужое сьвядомасьці. У выніку яны не адчувалі сябе ў цэнтры нацыянальна вызначанае прасторы. Затое вельмі добра адчувалі настрой народу. У сваіх ідэях яны апэлявалі да народу. Зьвернем увагу яшчэ на адную вытрымку з прамовы Аляксандра Вазілы на І-м Усебеларускім зьезьдзе:

“Большая палова майго беларускага “я” была і ёсьць з тымі, з той паловай зьезду, якая прадстаўленая беларускай вёскаю, сапраўдным, непадробленым сярмяжным беларускім народам…

Я бачыў прорву. Я бачыў, як дзьве, амаль роўнавялікія, сьцяны беларускае сілы разыйшліся; як адная частка зьезду – салдацкая, на чале зь неразгаданай інтэлігенцыяй, дружна апладыравала, урачыста абвяшчаючы новую Рэспубліку, іншая – сялянская, у той жа час, насуперак першай, яшчэ больш шчыльна прыціскалася да сваіх месцаў, грабавым маўчаньнем выказваючы свой страх ад нечаканай, незразумелай радасьці…”

Аргумэнты падаюцца на першы погляд слушнымі. Дзе тут супярэчнасьць, спадар Скалабан?”

(Скалабан: ) “Беларускі абласны камітэт якраз запрасіў на зьезд вельмі шмат сялянаў. Савет Народных Камісараў дазволіў дзеля гэтага Беларускаму абласному камітэту карыстацца тэлеграфам. Дзякуючы Беларускаму абласному камітэту зьезд і быў такім прадстаўнічым, у амаль дзьве тысячы дэлегатаў. Канешне, для многіх дэлегатаў сам факт таго, што яны сабраліся тут, што яны абмяркоўваюць, што рабіць зь Беларусьсю, ці аб’яўляць беларускую дзяржаўнасьць – гэта было нечаканасьцю. Канешне, Вазіла перабольшваў той страх сялянаў перад беларускай дзяржаўнасьцю. Многія сяляне выступалі за дзяржаўнасьць. У пратаколе зафіксавана, што сяляне заступіліся за бел-чарвона-белы сьцяг”.

(Ракіцкі: ) “Самі лідэры “абласьнікоў”, як мне здаецца, можа ня менш за тых сялянаў адчувалі страх перад утварэньнем незалежнае дзяржавы. Чаму страх перад уласнай дзяржаваю? Чаму страх перад Захадам?”

(Скалабан: ) “Яны ўяўлялі тую адказнасьць, якую яны на сябе ўскладалі. У нас дагэтуль існуе непаразуменьне, адкуль ідэя гэтага зьезду ўзялася, калі яна была агучаная? І самае цікавае, што ў Менску гэтая ідэя была агучаная яшчэ ў ліпені 1917 году, у час прэм’еры “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, калі са сцэны прагучаў знакаміты Купалаў заклік: на сход, на ўсенародны сход, па Бацькаўшчыну! Геніяльнасьць Купалы якраз у тым, што ён напісаў п’есу, якая ў 17-м годзе стала надзвычай актуальнаю. І калі гавораць, што, маўляў, зьезд вырашылі склікаць толькі пасьля кастрычніцкага паўстаньня, то гэта няпраўда. Ідэя зьезду ўвогуле ўзьнікла яшчэ на пачатку стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “Як яны,“абласьнікі”, ўяўлялі рэалізацыю сваёй ідэі? Нейкая дзіўная мяшанка: з аднаго боку, яны праклямавалі незалежнасьць, самастойнасьць Беларусі, а з другога боку Беларусь мусіла быць у складзе Расейскае Фэдэрацыі…”

(Скалабан: ) “Яны праклямавалі не самастойнасьць, яны праклямавалі дзяржаўнасьць. Далей аўтаноміі яны ня йшлі, але справа ў тым, што і абвяшчэньне аўтаномнае Беларускае Рэспублікі выклікала тады спрэчкі”.

(Ракіцкі: ) “А чаму яны так баяліся Захаду?”

(Скалабан: ) “Бо ўсё ж такі гэта людзі ўсходняе культуры, усходняга выхаваньня, яны ня верылі ў таго самага Купалу, у Якуба Коласа. Ня верылі ў стваральныя магчымасьці беларускае літаратуры. Гэта людзі, адарваныя ад беларускае культуры, хоць той самы Канчар меў пэўныя кантакты зь беларускім нацыянальным рухам, нават у гэзэце “Наша ніва” надрукаваў артыкул пра каапэрацыю. І такога неўспрыньцьця беларускае літаратуры, як напрыклад, у Вазілы, у яго няма, хоць беларускай моваю ён не карыстаўся. Гэтыя людзі ўсё ж праваслаўныя і каталіцызм яны не ўспрымалі. Гэта людзі, якія цалкам былі выхаваныя на афіцыйнай ідэялёгіі”.

(Ракіцкі: ) “Нягледзячы на даволі вялую і мяккую рэзалюцыю, І Ўсебеларускі зьезд быў разагнаны бальшавікамі і ацэньваўся імі на працягу дзесяцігодзьдзяў як “антынародны”, як “контрарэвалюцыйны”. І тым ня менш, у далейшым мы бачым, што шмат хто з тых “абласьнікоў”, дэлегатаў зьезду, зьбліжаліся з бальшавікамі. Як склаліся іхныя лёсы? Якой была падзяка бальшавікоў за іхны інтэрнацыялізм, што выяўляўся ў асаблівай любові да Расеі?”

(Скалабан: ) “Лёс іх быў пераважна трагічным. Канчар пасьля зьезду паехаў у Петраград. Там ён браў удзел у стварэньні Беларускага нацыянальнага камісарыяту, аддзелу Наркамнаца Расейскае Фэдэрацыі. Працаваў ён там загадчыкам статыстычнага аддзелу, вывучаў Беларусь, рыхтаваў фактычна сваю кніжку “Белорусский вопрос”.

Калі Камісарыят пераехаў зь Петраграду ў Маскву, то ён не паехаў, застаўся ў Петраградзе, працаваў у Петраградзкай філіі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. У партыю камуністычную так і не ўступіў, імкнуўся нават удзельнічаць ва ўтварэньні Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі.

У 20-я гады ён жыве ў Петраградзе, удзельнічае ў працы беларускіх зямляцтваў, падтрымлівае кантакты зь беларускімі студэнтамі. Хацеў трапіць ён на працу ў Беларускі ўнівэрсытэт, нават аформіў дакумэнты, але сюды яго так і не запрасілі. У 1937 ці ў 1938 годзе нават зьбіраўся прапанаваць у Менск, у ЦК КПБ, сваю кніжку па гісторыі Беларусі 1917-1920-х гадоў. Пасьля таго, як ён напісаў гэты ліст, яго ў Ленінградзе зарыштавалі. Пратрымалі паўгады, зьнішчылі ўсе дакумэнты, якія былі ў яго, ліставаньне, а затым выпусьцілі. І дажываў Канчар свой век у Ленінградзе.

Аляксандар Вазіла – чалавек вельмі экспансіўны, вельмі амбітны. Яго партыйная прыналежнасьць – сацыял-дэмакрат, ён – інтэрнацыяліст, “левы меншавік”. У 1919 годзе ён вяртаецца на радзіму, у Прапойск. Там пра яго ходзяць легенды. Казалі, што ў Вазілы быў тэлефон і што ён мог званіць да Леніна, і калі яго мясцовыя бальшавікі хацелі арыштаваць, дык ён тэлефаніў ці дасылаў тэлеграму Леніну. А Ленін нібыта загадаў яго вызваліць…

З усяго гэтага можна меркаваць, што яго бальшавікі неаднаразова арыштоўвалі, але выпускалі. У 1932 годзе Вазіла быў арыштаваны ў Маскве, дзе ён працаваў, прывезены на Беларусь, абвінавачваны ў арганізацыі контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Прапойскім раёне.

Сасланы ён быў у Казахстан, дзе ў 1937 годзе зноў быў зарыштаваны, абвінавачваны ў антысавецкай дзейнасьці, прывезены ва Ўладзімірскі палітычны ізалятар, дзе абвінавачваны ў стварэньні падпольнай антысавецкай арганізацыі ўжо ў ізалятары. І растраляны ў сьнежні 37-га году”.

(Ракіцкі: ) “Прайшло 82 гады зь дня зьезду. Зноў на парадку дня амаль тыя ж пытаньні ды аналягічная палеміка з падобнымі аргумэнтамі. Дык можа тая пазыцыя “абласьнікоў” была гістарычнай прадбачлівасьцю? Ці гэта трагічная памылка?”

(Скалабан: ) “Справа ва ўсходняй арыентацыі кіраўнікоў дзяржавы дый пэўнае часткі грамадзтва. Гэта тая рэальнасьць, якая ёсьць у Беларусі, і яе, канешне, трэба ўлічваць. Але нягледзячы ні на што, Беларусь была й будзе!”

Вячаслаў Ракіцкі. Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org