RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



“Ножкі трона” на раздарожжы: паводзіны намэнклятуры ў часе прэзыдэнцкіх выбараў.

Удзельнічаюць: Міхаіл Чыгір, Аляксандар Фядута.

(эфір 15.15.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Для характарыстыкі выбараў, што адбываюцца на пастсавецкай прасторы, стала ўжо звыклаю фармулёўка: “Выйграе ня той, за каго галасуе большасьць, а той, хто падлічвае галасы”. Але пры ўсёй звыкласьці гэтая заканамернасьць не ўнівэрсальная. На прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, прыгадаем, сакрушальную паразу атрымаў гаспадар “партыі ўлады”, тагачасны прэм’ер Кебіч.

Аднак, існуе шмат пацьверджаньняў, што прыгаданая заканамернасьць усё ж спрацавала і тады, але не на карысьць уладальніка “адміністрацыйнага рэсурсу”, а супраць яго. Бо “адміністрацыйны рэсурс”, магчымасьць улады ўплываць на вынікі выбараў – гэта не мэханічная прылада: націснуў кнопку – і гатова, гэта людзі, шматлікае войска чыноўнікаў розных узроўняў. А войска можа страціць баявы дух, веру ў кіраўніка, у перамогу. У гэтым выпадку ня выключана, што распаўсюджаным у ім стане абыякавасьць да загадаў, а тое нават і жаданьне перайсьці на бок меркаванага пераможцы.

У 1996 годзе пасьля пераабраньня Ельцына прэзыдэнтам Расеі шмат хто з назіральнікаў адзначаў, што калі б беларуская намэнклятура ў 1994 годзе стаяла за Кебіча гэтак жа аддана, як расейская – за свайго патрона, ніякага прэзыдэнта Лукашэнкі не было б увогуле.

А чаму ж не стаяла? Існуе папулярная вэрсія, паводле якой усё, што адбываецца, тлумачыцца змовамі – Масквы, Вашынгтону, чыноўніцтва. Спэктакль на тэму выкрываньня чарговай змовы беларусы маглі бачыць некалькі тыдняў таму, калі Лукашэнка адправіў у адстаўку плойму “сілавікоў”. Магчымасьць змоваў і іх ролю адмаўляць ня варта, але досьвед паказвае, што яны ніколі не былі вырашальнымі. Так, і ў 1994 годзе былі намэнклятуршчыкі, якія сьвядома паставілі на Лукашэнку. Але ці гэтыя, так бы мовіць, “змоўшчыкі” вызначылі паводзіны чыноўніцкага саслоўя? Гаворыць адна з ключавых асобаў тагачаснай перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі, журналіст Аляксандар Фядута.

(Фядута): “Змовы не было. Важака ў зграі заўсёды паважаюць, пакуль ён не дапускае памылкі, пакуль не дэманструе асабістую слабасьць. Тады паўстае пытаньне – ён спудлаваў, што далей? Падтрымліваць слабога – бессэнсоўна, ён ўсё роўна ўпадзе, трэба рабіць стаўку на моцнага, на таго, хто і бяз гэтага стаіць. У гэтым сэнсе беларуская намэнклятура – гэта нават не шакалы, якія перабягаюць у стан пераможцы, гэта рыбы-прыліпалы, якія адліпнуць ад адной акулы, ад аднаго карабля і прыліпнуць да другой акулы, да другога карабля”.

(Дракахруст: ) “Можна выкрыць любыя змовы, але нічога ня зробіш з настроем “ратуйся, хто можа”, калі ён ахоплівае масу, у тым ліку і масу чыноўнікаў.

А зараз вернемся з нашага гістарычнага экскурсу ў цяперашні час. Зразумела, што і на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах паводзіны беларускай намэнклятуры будуць мець ці не вырашальнае значэньне. Тое, што Лукашэнка будзе спрабаваць ужыць “адміністрацыйны рэсурс”, не выклікае сумненьняў, дастаткова прыгадаць нядаўнія выбары ў палату прадстаўнікоў. Але ці прынясе гэта посьпех, ці пабягуць, фігуральна кажучы, “ножкі трону” у той бок, куды ім загадае асоба, што сядзіць на троне?

Справа ў тым, што ў беларускага чыноўніцтва набралося даволі шмат прэтэнзіяў да дзеючага кіраўніка дзяржавы. Вось меркаваньне былога прэм’ера краіны Міхаіла Чыгіра.

(Чыгір): “Вэртыкаль” незадаволеная кіраўніцтвам Лукашэнкі. З аднаго боку здавалася б, што яны маюць рычагі ўзьдзеяньня на тэрыторыю, але з другога боку – што такое “вэртыкаль”, што такое адміністратар? Ён хоча працаваць, ён павінен мець права на памылку, ён гатовы адказваць за рашэньні, якія прымае. Але ж такога ў нас няма. Права на памылку няма, права на самастойнае рашэньне ні ў кога ў “вэртыкалі” няма. Кожны пастаўлены для выкананьня загадаў “зьверху”. Пры найменшай памылцы “вэртыкальшчык” любога ўзроўню можа паўстаць перад судом. Гэта яго палохае, бо ці мала што можа здарыцца ў гаспадарцы – якая памылка ці якія абставіны, якія ад яго не залежаць. Нямала прыкладаў, калі “вэртыкальшчыкі” адказвалі за не свае памылкі”.

(Дракахруст: ) “Варта дадаць яшчэ адно. Беларуская ўладная эліта ў большасьці сваёй выхаваная ў савецкія часы, цьвёрда засвоіўшы тагачасныя нормы. Для інтэлігенцыі, напрыклад, ХХ зьезд КПСС быў выкрыцьцём злачынстваў Сталіна, для намэнклятуры ён стаў хартыяй вольнасьці. І таму лёс Лявонава, Старавойтава, Віньнікавай, таго ж Чыгіра – для намэнклятуры гэта шок, выклік усім тым правілам, паводле якіх прайшла іх шматгадовая служба.

“У гэтым, і ня толькі ў гэтым чыноўніцтва значна згубіла,” – лічыць Міхаіл Чыгір.

(Чыгір): “Пры Брэжневе і пры Кебічы бясьпека была вельмі высокай. Чыноўнік адказваў толькі ў крайнім выпадку. Я працаваў у ЦК кампартыі Беларусі і ведаю, што нават пры грубейшых памылках у чалавека забіралі партбілет, але нават у гэтым выпадку вельмі рэдка яго саджалі за краты. Саджалі толькі ў выпадку ўмыснага крадзяжу дзяржаўнай маёмасьці.

Гэты падыход брэжнеўскіх часоў – “няма адназнасьці калі ёсьць памылка” – застаўся і пры Кебічы. І гэта пры тым, што памылак пры Кебічы было вельмі шмат, бо зьявілася новая сыстэма. А пры Лукашэнку найменшая памылка, нават несьвядомая, можа стаць падставаю для арышту і пазбаўленьня волі.

Што тычыцца прэстыжу, то ў партыйныя часы, пры Брэжневе, калі чалавек дасягаў якойсьці вяршыні, як ён не дапускаў ніякіх парушэньняў, ён ужо ніжэй не апускаўся, ён ужо “наверсе” заставаўся на працягу ўсяго свайго жыцьця. Добра ставіліся тады таксама да высокіх чыноўнікаў, якія былі ўжо на пэнсіі, у прэзыдыюмы запрашалі, пашану аказвалі. А тое, што прыйшло апошнім часам – вы ж ведаеце, што здараецца”.

(Дракахруст: ) “Незадавальненьне намэнклятуры існуючым становішчам тлумачыцца ня толькі стратаю адчуваньня асабістай бясьпекі, але і яе карпарацыйнымі ўяўленьнямі пра важныя пытаньні грамадзкага жыцьця. Ізноў гаворыць Міхаіл Чыгір”.

(Чыгір): “Я працаваў на высокім узроўні і ў часы СССР, але хто якое рашэньне мог прыняць у Беларусі? Амаль усе рашэньні прымаліся ў Маскве. Усё ішло адтуль, а тут толькі заставалася выконваць. Калі мы былі ў СССР, то мала што ад нас залежала. Як бы мы ні працавалі, нашыя даходы выраўноўвалі на ўзроўні Саюзу.

І чыноўніцтва, якое працуе зараз, добра разумее, што мы ў Беларусі можам арганізаваць працу такім чынам, што будзем жыць значна лепш, і тое, што напрацаванае краінаю, ніхто ў нас не забярэ. Таму кожны чыноўнік хацеў бы быць больш незалежным, чыноўніцтва больш разумее сытуацыю, чыноўніцтва ў большай ступені мае на мэце захаваньне незалежнасьці нашай краіны. Ну, а тое, што стасункі з Расеяй павінны быць вельмі шчыльныя, найперш эканамічныя стасункі, у чыноўнікаў таксама ніякага сумневу ніколі не выклікала і ня выкліча”.

(Дракахруст: ) “Звычайна калі мы гаворым пра намэнклятуру, у першую чаргу прыгадваюцца дзядзькі партыйна-савецкага гатунку, якіх сапраўды дагэтуль багата ва ўладных калідорах. Але прыгадаем толькі некалькі прозьвішчаў: Кабякоў – першы віцэ-прэм’ер, Зімоўскі – намесьнік старшыні дзяржтэлерадыё, Цапкала – амбасадар у ЗША. Усім гэтым асобам – каля сарака гадоў, гэта новая, несавецкая, а ўжо лукашэнкаўская намэнклятура.

За 6 гадоў кіраўнічы апарат краіны аднавіўся амаль напалову, і ў значнай ступені гэтае аднаўленьне адбылося менавіта за кошт новай генэрацыі намэнклятуры, лукашэнкаўскіх “маладых ваўкоў”. Ніякага досьведу правілаў гульні брэжнеўскага ці кебічаўскага часоў у іх няма, няма і грэбаваньня “шклоўскім выскачкам”, уласьцівага старой партыйнай намэнклятуры. Яны – “птушаняты гнязда” гэтага самага выскачкі.

Як глядзяць на сытуацыю яны, з пэўнага пункту погляду абавязаныя Лукашэнку ўсім? Па-першае, існуюць агульныя ўяўленьні, уласьцівыя чыноўнаму саслоў’ю. А па-другое, сучасная гульня бяз правілаў зусім не абавязкова выхоўвае адданых выканаўцаў вярхоўнай волі. Гаворыць Аляксандар Фядута.

(Фядута): “Адзін буйны бізнэсовец сказаў мне неяк разумную думку: “Можна зарабіць вялікія грошы пры дэмакратыі. Але самыя вялікія грошы зарабляюцца пры дыктатуры”. Гэтую думку можна працягнуць: сапраўды, самыя вялікія грошы можна зарабіць пры дыктатуры. Але захаваць іх і сысьці жывым можна толькі пры дэмакратыі.

Гэтыя людзі пабывалі ва ўладзе. Але яны ўбачылі, што пры гэтай уладзе вельмі цяжка сысьці. Ёсьць людзі, якія пасьпелі на намэнклятурных пасадах зарабіць вялікія грошы. Як іх захаваць? Для гэтага ім патрэбная дэмакратыя, яны ў ёй зацікаўленыя. Тым больш, што гэтая новая намэнклятура, як ня дзіўна, мае больш шанцаў захавацца пры новай уладзе, чым старая намэнклятура. Старая – гэта ўжо проста людзі пэнсійнага ўзросту. Прыйдзецца ўсё роўна выбіраць паміж, умоўна кажучы, Цапкалам і Кабяковым. Ці такімі ж, бо іншых няма”.

(Дракахруст: ) “Незадаволенасьць чыноўніцтва існуючым становішчам фіксуецца нават у сацыялягічных дасьледваньнях. Шчыра адказваючы на пытаньні пра свае палітычныя погляды, людзі пры ўладзе ідуць на пэўную рызыку. Але паводле дадзеных экспэртных апытаньняў, на прэзыдэнцкіх выбарах пры астатніх роўных умовах беларускія ўпраўленцы аддалі б перавагу такім кандыдатам, як Чыгір і Лявонаў, а не Лукашэнку.

Але справа тут якраз у астатніх роўных, гэта значыць, свабодных умовах. А ўмовы гэтыя ў істотнай ступені залежаць якраз ад паводзінаў чыноўніцтва. Ці будзе беларуская намэнклятура на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах паводзіць сябе гэтак жа, як і ў 1994 годзе? Тады, нагадаем, іх перабег ад Кебіча да Лукашэнкі тлумачыўся ня столькі іхным незадавальненьнем тагачасным прэм’ерам, колькі жаданьнем быць разам зь меркаваным пераможцам. Ці спрацуе гэта зараз?”

(Чыгір): “У гэтай сытуацыі кожны чыноўнік, супрацоўнік “вэртыкалі”, ад якога на самой справе будзе залежаць шмат, будзе глядзець на сытуацыю, на чыім баку перавага. Калі ён будзе бачыць, што перамагае Лукашэнка, то ён, зразумела, будзе выконваць загад Лукашэнкі. Калі сытуацыя будзе няяснаю, то частка “вэртыкалі” будзе прыстасоўвацца да сытуацыі: ”Як склалася, хай так і будзе”, некаторыя, магчыма, выканаюць каманду “зьверху”. Але я думаю, што сытуацыя будзе складанаю, і лічу, што як бы ні было, а большасьць чыноўнікаў будуць запаўняць дакумэнты ў адпаведнасьці з тым, як будзе разьвівацца сытуацыя. Яны будуць разумець, што адказваць усё роўна прыйдзецца”.

(Дракахруст: ) “Так што пакуль беларускае чыноўніцтва стаіць на палітычным раздарожжы, мяркуючы, які ж шлях яму абраць”.

Юры Дракахруст, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org