RFE/RL |
Карупцыя ў Беларусі: чыньнікі і наступствы.Удзельнічаюць: Станіслаў Багданкевіч, Яраслаў Раманчук, Сяргей Грабоўскі. (эфір 10.11.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст Паводле апошняй справаздачы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, Беларусь на тле іншых усходнеэўрапейскіх і пастсавецкіх краінаў выглядае паводле ўзроўню карупцыі даволі прыстойна. Сярод дзяржаваў – рэспублік былога СССР Беларусь дэманструе даволі нізкі ўзровень карупцыі ня толькі ў параўнаньні з Украінаю – усясьветным чэмпіёнам карупцыі – ці Расеяй, але нават і ў параўнаньні з Літвой і Латвіяй, саступаючы толькі Эстоніі. Зразумела, вынік часам залежыць ад мэтодыкі дасьледваньня, але розныя дасьледчыкі на падставе розных мэтодыкаў прыходзяць да прыблізна аднолькавых высноваў: Беларусь – далёка ня самая карумпаваная дзяржава. Карупцыя , напрыклад, у Расеі ці ва Ўкраіне істотна вышэй. Чаму? Адказ на гэтае пытаньне прапануе ўкраінскі палітоляг, рэдактар часопісу “Гэнэза” Сяргей Грабоўскі. (Грабоўскі): “Украіна сапраўды знаходзіцца ня толькі ўва Ўсходняй Эўропе, але і ў сьвеце ў пяцёрцы найбольш карумпаваных краінаў. У Беларусі эліта паводле сваёй структуры і функцыяў засталася нават не пастсавецкай, а савецкай. Падаецца, што яна не настолькі зраслася з “ценевай” эканомікай. Часткова вынікам гэтага стала фармаваньне ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму аднаасобнай улады. Гэтая ўлада абапіраецца на пэўныя зацікаўленыя структуры, але гэта тыпова аўтарытарны рэжым. У Расеі цяперашняя эліта сфармавалася ў часы Гарбачова і аб’яднала найбольш дынамічную частку сярэдняй намэнклятуры і прадстаўнікоў “ценевай” і “паўценевай” эканомікі. Там гэтыя людзі ўсё ткі так ці йнакш дзяржаўнікі, незалежна ад нацыянальнасьці. Яны ставяць інтарэсы Расеі як вялікай дзяржавы калі не на першае мейсьца, то на другое ці на трэцяе, гэта ў іх ў мэнтальнасьці. На Украіне ж прадстаўнікі гэтай эліты інтарэсы Украіны як дзяржавы і як нацыі, калі ставяць на 10-е ці на 15-е мейсца, то гэта вельмі добра. У Расеі карупцыю стрымлівае дзяржаўніцтва. У Беларусі, як гэта ні парадаксальна, яе стрымліваюць, з аднаго боку, аўтарытарная улада, а з другога боку – савецкія стэрэатыпы дзейнасьці бюракратычнага апарату. На Украіне маштабы карупцыі ня стрымлівае нічога”. Лічыць украінскі палітоляг Сяргей Грабоўскі. Тэза пра велікую прыхільнасьць расейскай эліты, расейскіх “алігархаў” дзяржаўніцтву падаецца спрэчнаю. Магчыма, прычына меншай, у параўнаньні з Украінай, карумпаванасьці Расеі палягае ў тым, што расейская эканоміка – больш свабодная, гэта значыць, менш залежная ад волі чыноўнікаў, якіх, адпаведна, менш даводзіцца падкупаць. З думкаю, што аўтарытарная ўлада ў Беларусі стварае вобраз некарумпаванай краіны, згодны аналітык беларускага дасьледчага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук. (Раманчук): “У Беларусі, дзе няма рэформаў, дзе вельмі жорсткая цэнтралізацыя рэсурсаў, узровень і ўспрыняцьце карупцыі будзе меншы – гэта істотна і натуральна. Але калі ў нас пачнецца прыватызацыя, узровень карупцыі ў нас стане такім жа, як ва Украіне ці ў Расеі. Таму нельга лічыць, што Беларусь меньш скарумпаваная краіна. Размова ідзе пра часовае становішча, якое адлюстоўвае брак рэформаў і тое, што ўсе эканамічныя рашэньні прымаюцца на ўзроўні ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта”. Гэта быў беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.
(Раманчук): “У дадатак да гэтага варта сказаць, што ў Беларусі існуюць розныя схемы, якія падпадаюць пад вызначэньне карупцыі, але інфармацыя пра якія цалкам закрытая. Ніхто, напрыклад, ня ведае, як разьмяркоўваюцца грошы з прэзыдэнцкага фонду і з пазабюджэтных фондаў. Беларусь ўва ўспрыняцьці карупцыі падаецца больш “чыстай” краінаю ў параўнаньні зь іншымі. Гэта можна тлумачыць культуралягічнымі ці рэлігійнымі асаблівасьцямі беларусаў, але ў эканамічным сэнсе няма падставаў лічыць, што ў нас больш “чыстая” краіна, што людзі ў нас меньш крадуць грошаў з бюджэту. Калі спадзе заслона таямнічасьці, мы ўбачым, што на самой справе адбывалася ў Беларусі за апошнія 8-10 гадоў”. Гэта быў беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук. У чым жа карані каррупцыі, што буяе на пастсавецкай прасторы? Падаецца, што яны – у нашым савецкім мінулым. Невядома, колькі б яшчэ трывала савецкая імпэрыя, калі б намэнклятура ў хрушчоўскі і брэжнеўскі час не атрымала ня толькі гарантыі асабістай бясьпекі, але і не адчула смак багацьця, валоданьня і зарабляньня грошай. І справа ня толькі ў празаічным раскраданьні казны: колькі грошай, выдаткаваных на будоўлю БАМу і іншых “праэктаў стагодьдзя”, асела ў прыватных чыноўных кішэнях – ведае адзін Бог. Але ж і “ценевыя” імпэрыі “цэхавікоў”, што паўсталі ў СССР у 60-80х гадох, былі б немагчымыя без магутных "дахаў“ у партыйных камітэтах і праваахоўных ворганах. Гучная “дыямэнтавая справа” пачатку 80-х гадоў, да якой мела непасрэднае дачыненьне сямья Брэжнева, сьведчыла пра тое, што карупцыя ахапіла ўсю сыстэму, пранікла на самы верх улады. Роля яе тады была дваістаю. З аднаго боку, яна ў пэўнай ступені забясьпечвала жыцьцяздольнасьць сыстэмы: бяз усіх гэтых “таўкачоў”, бяз “чорнага рынку”, бяз прынцыпу “я – табе, ты - мне”, што прасякаў усё грамадства ад Палітбюро да самых сацыяльных нізоў, сыстэма развалілася б значна раней. З другога боку, карупцыя разбурала, раз’ядала сыстэму. І, нарэшце, з’ела. Наурад ці яе здолелі б разбурыць толькі самі па сабе шматтысячныя антыкамуністычныя мітынгі. На самой справе, камуністычнай намэнклятуры сыстэма абрыдла ня менш, чымся самым зацятым мітынгоўшчыкам-антыкамуністам. Яны ужо даўно падсьвядома хацелі канвэртаваць ўладу ўва ўласнасьць, стаць звычайнымі багацеямі, вучыць дзяцей за мяжою і адпачываць на Канарах, не зважаючы ні на якія партбюро. Так што ня варта зьдзіўляцца таму, як імгненьна развалілася сыстэма, моцы якой баяўся ўвесь сьвет. І няма дзіва ў тым, што ў краіне, дзе 70 гадоў прыватнай уласнасьці не было наогул, імгнена з’явіліся і багатыя людзі, і банкі, і прыватны бізнес. Усе перадумовы гэтага “дзіва” былі падрыхтаваныя ўжо ў брэжнеўскі час. Але ж і рынак, што паўстаў пасьля краху камунізма, нёс на сабе ўсе асаблівасьці як сканалай сыстэмы, гэтак і самога працэсу яе скананьня. З гісторыі добра вядома, што ніколі не крадуць так самаадана, як напярэдадні рэвалюцыяў, напярэдадні краху старога рэжыму. І пасьля краху. Былы кіраўнік нацыянальнага банку Беларусі прафесар Станіслаў Багданкевіч працаваў у дзяржаўным апараце 40 гадоў, займаў адказныя пасады і за савецкім часам, і ў першыя гады незалежнасьці, і пры Лукашэнку. Ён можа параўноўваць. (Багданкевіч): “Карупцыя была заўсёды. Што тычыцца апошніх 10 гадоў, то яна была відавочна вышэй, чымся ў папярэднія гады. Калі гаварыць пра апошні лукашэнкаўскі перыяд, я мяркую, што яна крыху вырасла, бо яна заўсёды ўзрастае пры ўзмацненьні дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. Яна заўжды ўзрастае, калі ўзрастае залежнасьць грамадзяніна, прадпрыемства, фірмы ад чыноўніка. А сёньня ж у нас створаная сыстэма архікантролю, якая ня можа не прыводзіць да карупцыі. У нас добрая Канстытуцыя – і лукашэнкаўская, і 1994 году. Там запісана, што дзяржава мусіць гарантаваць аднолькавыя ўмовы для ўсіх формаў уласнасьці і ўсіх суб’ектаў гаспадараньня. Але ці ж яны аднолькавыя? Хто пад “дахам” улады – той мае ільготы, таму даюць адтэрміноўку ў выплаце падаткаў і мытаў, дазваляюць падвышаць цэны. Калі чыноўнік уплішчваецца, карупцыя будзе заўсёды”. Гаварыў былы старшыня нацыянальнага банку Беларусі прафесар Багданкевіч. Ён наогул лічыць недарэчнымі сьцвярджэньні пра меньшую, у параўнаньні з Украінаю і Расеяю, карупцыю ў Беларусі. (Багданкевіч): “Я мяркую, што паводле масавасьці, паводле ўдзелу ўсяго дзяржаўнага апарату ў нас карупцыя істотна большая.Там больш накралі, дык і чаго красьці было больш. Я б сказаў, што ў нас ужо сёньня ёсьць алігархі пад “дахам” адміністрацыі прэзыдэнта. Вядомыя дэпутаты палаты прадстаўнікоў, што зараз пераабраліся, якія займаюцца буйным нафтавым бізнэсам. Але наш “алігарх” несупастаўны з украінскім ці, тым больш, з расейскім. У яго ёсьць мільён даляраў, можа 10 мільёнаў, але няма мільярдаў”. Гаварыў прафесар Багданкевіч. Усё ж падаецца, што бліжэй да ісьціны нашы іншыя суразмоўцы - сп-ры Грабоўскі і Раманчук, а таксама Эўрапэйскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, якія лічаць, што карупцыя ў Беларусі зараз адносна невысокая. Нават сп-р Багданкевіч прызнае, што “алігархі” ў нас дробненькія і паслухмяныя. Але што будзе зь нізкай беларускай карупцыяй далей? У будучым гэта можа адыграць і станоўчую ролю. Шмат эканамістаў і палітыкаў, у тым ліку і заходніх, лічаць, што менавіта карупцыя шмат у якіх пастсавецкіх краінах зараз з’яўляецца адной з галоўных перашкодаў на шляху пабудовы здаровай рынкавай эканомікі. Справа ў тым, што нават зусім свабодная рынкавая эканоміка мае патрэбу ў нярынкавых установах – у судах і паліцыі. Калі і суды, і паліцыю можна купіць – рынак атрымліваецца вельмі сваеасаблівы. Шматлікія забойствы бізнесмэнаў у той жа Расеі – вынік адсутнасьці непадкупнай, справядлівай судовай сыстэмы. Калі няма спадзеву на справядлівае вырашэньне гаспадарчай спрэчкі ў судзе, заменьнікам судовага рашэньня робіцца куля наёмнага забойцы. Так што калі ў Беларусі справа ўсё ж ткі дойдзе да сапраўдных рынкавых рэформаў, адносна нізкі ўзровень карупцыі можа дапамагчы краіне пазьбегнуць тых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца зараз, прыкладам, Расея і Украіна. Хаця як раз наконт нізкай карумпаванасьці ў Беларусі менавіта тых установаў, якія неабходныя пры любой эканоміцы, ёсьць пэўныя сумненьні. Паводле сацыялягічных апытаньняў, у Беларусі і суды, і міліцыя карыстаюцца вельмі нізкім узроўнем даверу, што наўрад ці сьведчыць пра іх некарумпаванасьць. Тым больш, што нізкую карумпаванасьць беларуская ўлада выкарыстаўвае не дзеля пабудовы рынкавай эканомікі, а ў мэтах зусім адваротных. Але ёсьць пытаньне больш агульнае: ці заўсёды карупцыя будзе ў Беларусі адносна нізкаю, пра што ужо казаў сп-р Раманчук? Гэта будзе сапраўды так, калі гэтая з’ява абумоўлена не існуючай палітыкай, а мае культурныя чыньнікі, сьведчыць пра большую маральнасьць альбо асьцярожнасьць беларусаў, што адлюстравалася ў гіранічнай народнай прымаўцы: “Красьці баюся, працаваць лянюся, папрасіць саромеюся”. Магчыма і так, усё ткі нават у савецкія часы ў Беларусі не было нічога падобнага ўзбецкай “баваўнянай” справе ці маскоўскай “рыбнай” справе, па выніках якой быў расстраляны намесьнік міністра рыбнай гаспадаркі СССР. Ды й потым, у першыя гады незалежнасьці крала беларускае чынавенства ўсё ж больш сьціпла, чымся шмат у якіх іншых пастсавецкіх краінах. Але цалкам верагодна, што сучаснаму адносна нізкаму ўзроўню карупцыі Беларусь сапраўды абавязаная цяперашняй аўтарытарнай палітычнай сыстэме. Іншая справа, ці толькі дабро з гэтага вынікае. Аўтарытарны рэжым замарожвае ўсе праявы самастойнага жыцьця грамадства, у тым ліку і дрэнныя. Вядома, што калі ў 1944 годзе амэрыканскія войскі высадзіліся ў Сыцыліі, каб выбіць адтуль фашыстаў, істотную дапамогу амэрыканцам аказала сыцылійская мафія. Мусаліні прыціснуў мафію так, што не было ёй чым дыхаць. І “хросныя бацькі” мафіі выдатна разумелі: “Прыйдзе дэмакратыя – мафія ўваскросне”. Так яно і атрымалася. Мафія, карупцыя – сапраўды цяжкія хваробы сучаснага італ’янскага грамадзства. Але ж чамусьці італ’янцы, цалкам абгрунтавана праклінаючы мафію, не сумуюць па фашызме і не крычаць “Эвіва дучэ!” Вяртаючыся з гэтага гістарычнага экскурсу ў цяперашнюю, а дакладней, у заўтрашнюю Беларусь, ня варта выключаць, што пасьля сыходу дыктатуры беларускае чынавенства ў хуткім часе пакажа, што здольнае красьці і гандляваць уладаю ня горш, чым іх расейскія ці ўкраінскія калегі. Цяперашні тупік аўтарытарызму, у які патрапіла беларускае грамдзства – не адзіны магчымы. Але можа і не наканавана беларусам трапляць ува ўсё пасткі, што сустракаюцца ім на доўгім шляху, і карупцыйнай пасткі яны ўсё ж ткі пазьбегнуць. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |