RFE/RL |
Самагубствы як люстра маральнага стану грамадзтва.Удзельнічаюць: сацыёляг Міхась Залескі і псыхоляг Данутэ Гайленэ. (эфір 22.10.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст (Дракахруст: ) “Кожнаму чалавеку даводзіцца рабіць у жыцьці адказныя выбары: дзе і як вучыцца і працаваць, з кім і калі ўступаць у шлюб, колькі і калі мець дзяцей, і, нарэшце – працягваць жыцьцё ці спыніць яго ўласнаю рукою. Кожны такі выбар – глыбока асабісты, праява ўнікальнасьці чалавечай натуры. Але калі ўзьняцца на ўзровень грамадзтва ў цэлым, высьвятляецца, што ў гэтых працэсах існуюць пэўныя заканамернасьці. Па-першае, паказчыкі шлюбаў і разводаў, нараджальнасьці і самагубстваў – даволі ўстойлівыя для пэўнага грамадзтва. Па-другое, калі яны істотна зьмяняюцца, то адбываецца гэта не выпадкова, а з прычыны глыбокіх зьменаў у грамадзкім жыцьці. І, нарэшце, узроўні гэтых паказчыкаў – пэўнае люстра маральнага стану дадзенага грамадзтва ў параўнаньні зь іншымі. Традыцыя дасьледваньняў зьменаў маральнага стану грамадзтва праз вывучэньне колькасьці самагубстваў бярэ пачатак ад славутага францускага сацыёляга мінулага стагодзьдзя Эміля Дзюркгэйма. Але чаму такія дасьледваньні магчымыя ў прынцыпе? Ды таму, што пры ўсёй сваёй унікальнасьці чалавек – сацыяльная істота, часта ён нават не ўсьведамляе, наколькі ягоныя паводзіны абумоўленыя стандартамі, прынятымі ў грамадзтве. Беларус выбірае працу, жонку, вырашае, працягваць яму жыць альбо сканчаць жыцьцё самагубствам – так, як гэта прынята ў Беларусі, па-беларуску. А як прынята, чым беларусы тут адрозніваюцца ад іншых народаў ці ад саміх сябе колькі год таму? Паводле статыстычных дадзеных, па колькасьці самазабойстваў на 100 тысячаў насельніцтва Беларусь трымае ў сьвеце сумнае лідэрства – яна знаходзіцца ў першай дзясятцы, у мінулым годзе была на сёмым месцы. Пра тое, як мяняўся паказчык самагубстваў на працягу 20-га стагодзьдзя, распавядае беларускі сацыяёляг Міхась Залескі”. (Залескі): “У тыя часы, калі навукоўцы па-сапраўднаму пачалі цікавіцца самагубствамі, у Беларусі гэты паказчык быў ня надта высокі – ён складаў 5 чалавек на 100 тысячаў насельніцтва. Але потым гэтая колькасьць пачала расьці. Расла яна ва ўсёй Эўропе (і ў Беларусі таксама) у залежнасьці ад росту гарадоў. У 1986 годзе гэты паказчык у Беларусі был паміж 16-цю і 17-цю. Прыкладам, у Эстоніі гэты паказчык быў амаль удвая большы, чым у Беларусі, а ў Арменіі гэты паказчык быў самы нізкі ў савецкі час дый наогул на працягу ўсёй гісторыі назіраньняў – прыкладна, паўтары чалавекі на 100 тысячаў жыхароў”. (Дракахруст: ) “Але напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў паказчык самагубстваў у Беларусі пачаў расьці з паскарэньнем. Калі за амаль 80 гадоў ад пачатку стагодзьдзя ён вырас з 5 да 16 самагубцаў на сто тысячаў насельніцтва, то у 1990 годзе іх ужо было 20, у 1991 годзе – 21, у 1993 годзе – 24. Пік гэтай жахлівай тэндэнцыі ў Беларусі прыпаў на 1998 год – 37 самагубцаў на 100 тысячаў насельніцтва. У мінулым годзе гэтыя змрочныя лічбы крыху зьменшыліся – тады сярод 10 мільёнаў насельніцтва каля 2800 беларусаў разьвіталіся з жыцьцем па ўласным жаданьні. Значэньні гэтай характарыстыкі крыху вагаюцца год ад году, але навідавоку дзьве тэндэнцыі – рост паказчыка самагубстваў у Беларусі на працягу стагодзьдзя і паскораны рост у апошняе дзесяцігодзьдзе. Для разуменьня гэтых працэсаў не пасуюць простыя тлумачэньні. Самае простае – дрэнна жывем, таму шмат хто не вытрымлівае такога жыцця. Але ж у гэтым сумным “спаборніцтве” нас істотна апярэджвае, напрыклад, Вугоршчына – краіна заможная, дзе эканамічныя рэформы прынесьлі посьпех і плён. З другога боку, жыцьцё, напрыклад, армянаў зараз больш чым несалодкае, але паказчыкі самагубстваў, пра што казаў сп.Залескі, у Арменіі як былі нізкімі, гэтак і застаюцца. Эстонцы забіваюць сябе часьцей, чым армяне, як ў савецкія часы, гэтак і зараз. Так што адзін і той жа паказчык самагубстваў для адной нацыі можа быць паказчыкам нормы, як гэта ні жахліва гучыць, а для другой – маральнай катастрофы. Таму больш важныя не паказчыкі ў пэўныя гады самі па сабе, але іх дынаміка. Якраз да беларускай дынамікі мы зараз і вяртаемся. Тлумачэньне першай тэндэнцыі росту беларускіх самагубстваў – гэта значыць, росту адпаведнага паказчыка на працягу стагодьдзя, мы ўжо чулі з вуснаў нашага суразмоўцы. Гэта – вынік урабанізацыі, імклівага росту гарадоў – у пэўным сэнсе гэта плата за прагрэс, за мадэрнізацыю. Паводле ўсясьветных дасьледваньняў, рост колькасьці самагубстваў наўпрост залежыць ад аслабленьня рэлігійных і сямейных сувязяў, сувязяў сацыяльных асяродкаў. А ў горадзе гэтыя сувязі паводле вызначэньня слабейшыя, чым у вёсцы. Да таго ж, менавіта рост гарадоў за кошт вёскі, адыход учорашніх вяскоўцаў ад звыклага асяродзьдзя робіць іх асабліва безабароннымі перад спакусай разарваць апошнія жыцьцёвыя сувязі. Але як патлумачыць другую тэндэнцыю – скачок паказчыка беларускіх самагубстваў амаль удвая на працягу апошніх прыблізна 10 гадоў? Тут зразумець што да чаго дапамагае параўнаньне зь іншымі краінамі. Якія краіны ў мінулым годзе апярэджвалі Беларусь па колькасьці самазабойстваў на 100 тысячаў насельніцтва? Літва, Эстонія, Расея, Латвія, Вугоршчына, Шры-Ланка і Казахстан. Большасьць – былыя савецкія рэспублікі. Ізноў гаворыць Міхась Залескі”. (Залескі): “Разбурэньне сыстэмы сацыялізму прывяло да таго, што ў гарадох людзі, якія страцілі сацыяльныя сувязі зь вёскай, якія ня маюць станоўчых прыкладаў, ня маюць ніякіх формаў падрыхтоўкі да новага жыцьця – яны наогул разгубіліся. Чым далей, тым больш губляецца тое, што пры сацыялізме зьніжала колькасьць самагубстваў. Бо калі ёсьць, як кажуць, “зь вялікімі галовамі конь і кайзэр”, ёсьць генэральны сакратар ЦК, які ўсё за цябе вырашае на 100 гадоў наперад, то стой сабе ў чарзе ды не хвалюйся. А зараз чалавек усё мусіць выбіраць сам”. (Дракахруст: ) “Шок ад краху ранейшай сацыяльнай сыстэмы адчуваюць усе народы, што былі ў адзіным сацыялістычным лягеры, паказчыкам чаго ёсьць рост колькасьці самагубстваў. Напрыклад, на працягу апошніх гадоў надзвычай высокі паказчык самазабойстваў захоўваўся ў суседняй Літве – летась яна заняла нават першае месца ва ўсім сьвеце. Вось як тлумачыць гэта загадчыца катэдры клінічнай псыхалёгіі Віленскага ўніверсітэту Данутэ Гайленэ. (Гайленэ): “Я мяркую, асноўная прычына таго, што ў нас зараз такі высокі паказчык самазабойстваў – гэта тыя рэформы, якія мы перажылі. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці зьмены былі настолькі бурныя , што ня ўсе гэта вытрымлівалі. Цікава, што да вайны Літва, як каталіцкая краіна (як, напрыклад, і Польшча), мела дастаткова нізкі паказчык самагубстваў у Эўропе. Паміж Эстоніяй і Літвой розніца была ў 6 разоў. Польшча так і засталася краінаю зь вельмі нізкім паказчыкам самагубстваў, а ў Літве ў савецкія часы гэты паказчык імкліва падвышаўся. У Польшчы не было такога перасьледу рэлігіі, як у Літве. Існуе залежнасьць гэтага паказчыка ад спажываньня алкаголю, але здаецца, што корань усіх гэтых паказчыкаў глыбей – гэта савецкі гэнацыд і шок ад пераўтварэньняў апошніх гадоў. У савецкія гады была фізычна вынішчана і дэпартавана траціна насельніцтва. Гэта не магло прайсьці бясьследна”. (Дракахруст: ) “Паводле дадзеных, што распавяла літоўскі псыхоляг Данутэ Гайлене, паказчык колькасьці самагубстваў на 100 тысячаў насельніцтва ў Літве вельмі добра стасуецца з вызначальнымі палітычнымі пэрыядамі ў гісторыі паўночнай суседкі – Беларусі. У пасьляваеныя, савецкія гады паказчык самазабойстваў у Літве раўнамерна падвышаўся да 1986 году, калі дасягнуў 37 чалавек на 100 тысячаў насельніцтва. Гады перабудовы – гады надзеі і адраджэньня незалежнасьці – спад да 25. 90-я гады – колькасьць самагубстваў ізноў істотна павялічваецца – шмат каму робіцца немагчымым несьці цяжар свабоды. Канец 90-х, пачынаючы з 97-га – ізноў спад паказчыка самагубстваў: шок ад імклівых пераўтварэньняў сыходзіць, грамадзства паступова прыходзіць у раўнавагу на новым узроўні. Здавалася б, у Беларусі ў апошнія гады рабілася ўсё магчымае, каб зьберагчы людзей ад пераўтварэньняў, вярнуць іх у тыя часы, калі за іх усё вырашаў правадыр. Але нават у маральным, псыхалягічным пляне, як бачым, ня надта атрымліваецца – тэндэнцыя росту паказчыка самагубстваў не спыняецца. Справа ня толькі ў тым, што, як адзначаюць сацыёлягі, у той часткі беларускага грамадзства, якая незадаволеная цяперашняй уладаю, нарастае расчараваньне, нават адчай, адчуваньне адсутнасьці жыцьцёвай пэрспэктывы. Спроба ўхіліцца ад непазьбежных, наканаваных пераўтварэньняў, зьбегчы ў мінулае таксама спараджае шок, канца якому ў Беларусі пакуль ня бачна. Зразумела, асобнаму чалавеку ад гэтых меркаваньняў лягчэй ня будзе – ён жа жыве зараз, у гэтых блуканьнях свайго грамадзства. Адзінае, што можа суцяшаць, гэта разуменьне, што ад наканаванага нельга адмаўляцца ані грамадзству, ані чалавеку. Шлях наш даўгі, пажывем яшчэ. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |