RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Гісторыя сыходзіць у мінулае: вынікі выбараў у Польшчы і Літве.

Удзельнічаюць: Ян Максімюк, Рамунас Вельпешаўскас.

(эфір 13.10.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Вынікі выбараў, што адбыліся ў мінулую нядзелю ў Польшчы і Літве, агульнавядомыя: прэзыдэнт Квасьнеўскі пераабраны на другі тэрмін, атрымаўшы 55% галасоў у першым жа туры прэзыдэнцкіх выбараў, у Літве на першым мейсьцы апынулася сацыял-дэмакратычная кааліцыя на чале з былым прэзыдэнтам Бразаўскасам, а былая кіруючая партыя кансэватараў “Айчына” атрымала адчувальную паразу. У посткамуністычых Польшчы і Літве левыя і правыя пераймаюць адзін у аднаго мейсца на вяршыні ўлады ўжо ня першы раз, ужо відавочна, што ніякіх кардынальных зьменаў ва ўнутранай, а тым больш у зьнешняй палітыцы нашых суседзяў гэтыя ваганьні палітычных “шаляў” не выклікаюць.

Памятаю, як на пачатку 90-х гадоў, калі ў Літве прыхільнікі Бразаўскаса ўпершыню пасьля аднаўленьня незалежнасьці вярнуліся да ўлады, камуністычныя дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі кінуліся віншаваць пераможцаў у Вільню: “Нашы вярнуліся”. Прыехалі віншавальнікі з Вільні як у ваду апушчаныя – там ім холадна патлумачылі, што яны памыліліся насылам, і што Бразаўскас ім – ніякі ня “наш”.

А зараз – тым болей. Цікава адзначыць, што менавіта пры левых, посткамуністычных прэзыдэнтах Бразаўскасе і Квасьнеўскім Літва заявіла пра намер уступіць у НАТА, а Польшча і ўступіла.
І тым ня менш, разам з гэтымі ўжо нават звыклымі момантамі, польскія і літоўскія выбары вызначылі новыя зьявы ў тамтэйшых грамадзствах.

Сярод 13 кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Польшчы быў і чалавек-легенда, ці не самы знакаміты пасьля Папы Рымскага паляк у сьвеце, асоба, якая больш за ўсіх спрыяла вызваленьню Польшчы ад камунізму і савецкага дыктату, стварэньню сучаснай Польшчы. Размова, зразумела, ідзе пра Лэха Валэнсу. Вынік – менш аднаго адсотка галасоў выбаршчыкаў. Пры гэтым, паводле сьведчаньня аналітыка нашага Радыё Яна Максімюка, палякі дагэтуль вельмі высока ацэньваюць гістарычную ролю стваральніка “Салідарнасьці”.

(Максімюк: ) “Некалькі месяцаў таму праводзіліся апытаньні, падчас якіх высьвятляліся меркаваньні рэспандэнтаў, каму належыць асноўная роля ў стварэньні “Салідарнасьці” і ў найноўшай гісторыі Польшчы наогул. Звыш 80% палякаў адказалі, што гэтая роля найважнейшага палітыка належыць Валэнсу. Але тое, што палякі высока ацэньваюць гістарычнае значэньне Валэнсы, ніяк не суадносіцца з ацэнкай яго як дзейнага палітыка цяпер”.

Гэта быў аналітык нашага радыё Ян Максімюк.

Сыход Валэнсы з палітыкі ў гісторыю адбыўся вельмі хутка. Нагадаем, што ўсяго 5 гадоў таму ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў ён саступіў Квасьнеўскаму толькі каля дзесяці тысячаў галасоў.
Сьведчаньнем таго, што палітычнае поле Польшчы зьмянілася, зьяўляецца і той факт, што другое мейсца на прэзыдэнцкіх выбарах заняў не сучасны кіраўнік “Салідарнасьці” Кшаклеўскі, а незалежны эканаміст, бізнэсмэн Анджэй Аляхоўскі. Пра фэномен Аляхоўскага распавядае Ян Максімюк.

(Максімюк): “У Польшчы ёсьць партыя Унія Свабоды, кіраўніком якой зьяўляецца Лешак Бальцаровіч – славуты эканаміст. У гэтай партыі ёсьць свой вельмі стабільны электарат – гэта так званая “сярэдняя кляса”. Гэта людзі, якім перамены ў Польшчы пайшлі на карысьць. Бальцаровіч не рашыўся выставіць сваю кандыдатуру на гэтых выбарах, магчыма, палічыўшы, што для эканаміста з усясьветным імем 10% галасоў, атрыманых на выбарах, ня будуць гонарам. На мой погляд, ён зрабіў вялікую памылку, бо ўвесь гэты электарат аддаў свае галасы Аляхоўскаму – бізнэсмэну, прадстаўніку гэтай самай сярэдняй клясы Польшчы, які агучваў эканамічныя погляды, вельмі набліжаныя да поглядаў Бальцаровіча. Сярэдняя кляса ня будзе галасаваць ані за посткамуністаў – цяперашніх сацыял-дэмакратаў, ані за папулістаў з правага крыла “Салідарнасьці”. Яны будуць галасаваць за таго, кто абяцае найлепшыя умовы для разьвіцьця польскага бізнэсу”.

Гэта быў аналітык нашага Радыё Ян Максімюк.

Вельмі важнае назіраньне – перабудова, зьмены палітычнага поля ёсьць адлюстраваньнем зьменаў ня толькі ў грамадзскай сьвядомасьці, але і ў сацыяльнай структуры грамадзства. Пераўтварэньні, што адбыліся ў Польшчы за апошнія 10 гадоў, спарадзілі новыя сацыяльныя групы, адпаведна – ўзьнік і попыт на новых палітыкаў. І яшчэ адна дэталь: на працягу апошніх гадоў вельмі моцным кампраматам у Польшчы лічыліся сувязі са спэцслужбамі былога камуністычнага рэжыму. У супрацоўніцтве з “бясьпекаю” абвінавачвалі і Квасьнеўскага, і нават Валэнсу. Паводле закону, асоба, якая ўтойвала падобныя сувязі, фактычна выключалася з палітычнага жыцьця. А Аляхоўскі шчыра прызнаўся, што калі працаваў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, пісаў справаздачы для польскай выведкі. Грэх, можа, і невялікі – так і былога КДБіста Пуціна ніхто не абвінавачвае ў тым, што ён катаваў людзей у сутарэньнях Лубянкі. А супрацоўніцтва са спэцслужбамі камуністычнага рэжыму ёсьць супрацоўніцтва. Аднак гэта прызнаньне ніяк не перашкодзілі Алехоўскаму заняць другую ступеньку п’едэсталу прэзыдэнцкай гонкі.

Ягоная перамога можа быць знакам таго, што ня толькі сам Валэнса, але і створаная ім “Салідарнасьць” поступова робіцца помнікам слаўнай мінуўшчыне. Зразумела, польская, як кажуць, “правіца” нікуды не падзелася, але посьпех Аляхоўскага можа вызначыць і накірунак, у якім польская правая павінна мяняцца, каб перамагчы.

Ну і нарэшце сама па сабе перадвыбарчая кампанія ў Польшчы, вузлавыя праблемы, вакол якіх вялі дэбаты кандыдаты, хутчэй нагадвалі амэрыканскі досьвед, чым звыклы нам постсавецкі. Ізноў гаворыць Ян Максімюк.

(Максімюк: ) “Польскія посткамуністы постараліся стацца сучаснай эўрапейскай сацыял-дэмакратычнай партыяй і адысьці ад сваіх каранёў так далёка, як было магчыма. Парадаксальна, што “Салідарнасьць”, якая выступала як праціўнік камуністаў, у сваёй цяперашняй праграме выкарысталі багата эгалітарных падыходаў, характэрных хутчэй для левых і левацкіх партыяў. Пад час выбараў сур’ёзных дыскусіяў паміж кандыдатамі не было ні наконт эканамічных пытаньняў, ні наконт прыярытэтаў замежнай палітыкі. Былі кандыдаты, якія выступалі супраць уступленьня Польшчы ў Эўразьвяз, але яны атрымалі ніжэй за 1% галасоў. Польская прэзыдэнцкая кампанія нагадвала хутчэй канкурс прыгажосьці, чым сур’ёзную палітычную дыскусію”.

Гаварыў Ян Максімюк.

Нагадаем, што на ўсіх беларускіх выбарах апошніх гадоў тэмы перадвыбарчых дэбатаў былі настолькі ж фундамэнтальнымі, наколькі і нязьменымі: ці ў Расею ісьці, ці на Захад, даць эканоміцы рынкавую свабоду ці працягваць будаваць сацыялізм. Адпаведна і расстаноўка палітычных сілаў ня надта мянялася. Дастаткова паглядзець, напарыклад, рэйтынгі магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты: першы – Лукашэнка, а за ім – Шушкевіч, Чыгір, Пазьняк. Асобы ўсе легендарныя, гістарычныя, з той самый гісторыі, якая ніяк ня сыйдзе на сваё законьнае мейсца – ў мінулае. Гэта не ў асуджэньне прыгаданых асобаў, як той казаў, ня мы такія – жыцьцё такое. Магчыма, пасьля сыходу Лукашэнкі з Беларусьсю будзе тое, што з казачным дваром заснулай царэўны. Пасьля прасынаньня ўсе вернуцца да таго, што рабілі ў той момант, калі заснулі сто гадоў таму. Ізноў парлямэнцкія прамоўцы пачнуць выкрываць козьні прэм’ера Кебіча, ізноў спікэр Шушкевіч будзе шукаць згоду з камуністычнымі дэпутатамі і гэтак далей. Перабольшаньне, зразумела, жарт, але…

А вось на апошніх парлямэнцкіх выбарах ў Літве, калі параза кансэрватараў Лансбэргіса – абсалютная, то перамога посткамуністаў Бразаўскаса – умоўная. Другое і трэцяе мейсцы занялі адпаведна “Лібэральны саюз” і “Новы саюз” сацыял-лібэралаў. “Лібэральны саюз” узначальвае былы прэм’ер Літвы Паксас, які ў мінулым годзе сышоў у “гучную” адстаўку з прычыны нязгоды з прыватызацыяй канцэрну “Мажэкяйнафта”. А “Новы саюз” – партыя былога кандыдата ў прэзыдэнты краіны Паўлаўскаса. З падачы літоўскіх кансэрватараў у некаторых беларускіх выданьнях усталяваўся погляд, што і “Новы саюз”, і “Лібэральны саюз” – прыхаваныя посткамуністы, так бы мовіць, “агентура” Бразаўскаса. Але вось прайшлі выбары, і Паксас з Паўлаўскасам аб’явілі, што маюць намер стварыць кааліцыйны ўрад, не запрашаючы туды партыю Бразаўскаса.

Здаецца, што спробы запісаць новыя сілы ў ранейшыя шыхты – ёсьць спроба спыніць няўмольную хаду часу. Пра вынікі літоўскіх парлямэнскіх выбараў гаворыць супрацоўнік Літоўскага інстытуту свабоднага рынку, палітоляг Рамунас Вельпешаўскас.

(Вельпешаўскас: ) “Адна з прычынаў паразы “Айчыны” – расчараваньне выбаршчыкаў у яе палітыцы. Але параўнальна няшмат людзей галасавала і за левых, якія таксама ужо былі пры ўладзе. Прынцып “маятніка”, кідкоў з адной крайнасьці ў іншаю на гэты раз не спрацаваў, і шмат людзей прагаласавала за тых, хто яшчэ пры ўладзе ня быў. Палярызацыя паміж партыяй працы – нашчадкам камуністаў, і кансэрватарамі – нашчадкамі Саюдзіса, сыходзіць ў мінулае. Мяняюцца чыньнікі, паводле якіх партыі ідэнтыфікуюць сябе. Галоўнае зараз – ня тое, ці гэта былы “Саюдзіс”, ці былыя камуністы, а ідэалёгія эканамічнай палітыкі. “Лібэральны саюз” – гэта новая правая сіла, якая, відаць, будзе адыгрываць вельмі важную ролю, ў прыватнасьці, – фармаваць урад разам з сацыял-лібэраламі. Ідэалёгіі і “Новага саюзу”, і “Лібэральнага саюзу” палягаюць у рэчышчы сучасных эўрапейскіх тэндэнцыяў. Саюз Паксаса вызнае клясычны лібэралізм, неўмяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку, а “Новы саюз” гаворыць пра “трэці шлях” у стылі Тоні Блэра і Гэрхарда Шродэра. Гэтыя партыі – спараджэньне Літвы і Эўропы канца ХХ стагодьдзя. Дарэчы, яны абедзьве ня маюць аналягаў і ў міжваенай гісторыі Літвы. Калі казаць пра асноўныя тагачасныя партыі Літвы, я не прыгадваю партыяў з падобнымі праграмамі”.

Гэта было меркаваньне літоўскага палітоляга Рамунаса Вельпешаўскаса.

Так што, як бачым, і ў Польшчы, і ў Літве пры ўсёй павазе да славутай мінуўшчыны грамадзствы перабудоўваюцца, каб адказаць на выклікі ўжо ХХІ стагодьдзя.

Здаецца, для беларусаў, асабліва з нагоды выбараў у “палату прадстаўнікоў”, усе гэтыя тонкасьці гучаць крыху заўчасна. Але на даўгім шляху, пра які мы гаворым ў кожнай нашай праграме, свабода – гэта не канчатковы прыпынак.

Юры Дракахруст, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org