RFE/RL |
Як і чаму беларусы ходзяць на выбары?Удзельнічаюць: Давід Ротман, Алег Манаеў. (эфір 1.09.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст Раней, у савецкія часы, беларусы галасавалі як увесь савецкі народ – паводле афіцыйных справаздачаў, да выбарчых скрыняў прыходзіла амаль 100% выбаршчыкаў. Але ўжо ў часы перабудовы, а тым больш пазьней, пасьля набыцьця краінай незалежнасьці, калі няяўка на выбары ўжо не пагражала непрыемнасьцямі, сам па сабе паказчык яўкі на выбары і рэфэрэндумы стаў пэўнай характарыстыкай стану грамадзства. Першае, на што варта зьвярнуць увагу – гэта няўхільнае зьніжэньне колькасьці тых, хто прыходзіў да выбарчых скрыняў. 1989 год, выбары народных дэпутатаў СССР – яўка 92%; 1990 год – выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня тады яшчэ БССР – бяруць удзел у галасаваньні 87%; сакавік 1991 году, рэфэрэндум пра захаваньне СССР – 83%; 1994 год, прэзыдэнцкія выбары – у першым туры яўка 79%, у другім – 70%; 1995 год, першы тур выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 13-скліканьня, спалучаны з рэфэрэндумам пра мову, сымбалі ды інтэграцыю – яўка 65%. З кожным годам, з кожным галасаваньнем – няўхільнае зьніжэньне. Адзінае выключэньне – рэфэрэндум паводле лукашэнкавай канстытуцыі ў лістападзе 1996 году. Яўка паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму склала тады 84 %. Але, калі прыгадаць умовы тагачаснага галасаваньня, то гэтая лічба сьведчыць, хутчэй, пра маштабы фальсыфікацыі, чым пра нейкі дзіўны рост жаданьня беларусаў менавіта ў лістападзе 1996 году бегчы да выбарчых скрыняў. У большасьці краінаў, дзе няма абавязковага галасаваньня, колькасьць грамадзянаў, што прыходзяць да выбарчых скрыняў, рэдка перавышае палову выбаршчыкаў. Але беларускія ўлады, што падкрэсьліваюць сваю вернасьць савецкім традыцыям, на ўзроўні заканадаўства ўпарта трымаюцца за магічны 50-адсоткавы ўзровень яўкі, неабходнай для таго, каб выбары былі сапраўднымі. У сувязі з кампаніяй байкоту восеньскіх выбараў, распачатай часткай апазыцыі, гэтая ўпартасьць можа стаць для беларускіх уладаў пасткаю. Ці ня можа? На гэтае пытаньне дае свой адказ дырэктар цэнтру сацыяльных і палітычных дасьледаваньняў Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту прафэсар Давід Ротман. (Ротман: ) “Праблемай яўкі на выбары сёньня займаецца шмат сацыялягічных службаў нашай краіны і, паводле дадзеных апытаньняў, што праводзіліся ў жніўні, гэтая лічба складае ад 60 да 80%. Але да гэтых лічбаў трэба ставіцца вельмі асьцярожна. Чаму? Тут варта прыгадаць вопыт мінулых гадоў: гэта выбары ў ВС 1990 году і выбары ў ВС 1995 году. Лічбы, што атрымліваюцца пры правядзеньні апытаньняў, істотна карэктуюцца падчас выбараў. Як правіла з тых, хто жорстка сьцьвярджае, што возьме ўдзел у выбарах, ад 15 да 20 % у выбарах урэшце ня ўдзельнічаюць. І наадварот – з тых апытаных, якія заяўляюць, што ня будуць удзельнічаць у выбарах, ад 7 да 10 % у рэшце рэшт усе ж такі бяруць у іх удзел. Акрамя гэтага, трэба ўлічваць, што хаця выбары – палітычная падзея, нашыя людзі не настолькі палітызаваныя, каб адназначна зьвязваць свой удзел альбо няўдзел у выбарах з чыста палітычнымі нюансамі, палітычнымі аспэктамі, палітычнымі праблемамі. Калі пералічыць дадзеныя, якія мы маем на сёньняшні дзень, з улікам тых паправак, пра якія я казаў, то мне падаецца, што недзе ад 50 да 55% яўкі мы можам чакаць на гэтых выбарах. Але гэта – у сярэднім па краіне, можа стацца, што ў некаторых акругах выбары не адбудуцца, а ў некаторых яўка будзе значна вышэй за 55%. Досьвед паказвае, што ў нашай краіне ў сэнсе яўкі большай папулярнасьцю карыстаюцца прэзыдэнцкія выбары, чым парлямэнцкія”. Гаварыў прафесар Ротман. Вельмі істотнай падаецца яго заўвага, што палітычны выбар значная колькасьць нашых суграмадзянаў робіць, зыходзячы з зусім непалітычных меркаваньняў. Ускоснае сьведчаньне таму – электаральныя паводзіны розных сацыяльных групаў. У краінах, што прынята называць цывілізаванымі, найбольшую актыўнасьць дэманструюць людзі забясьпечаныя, адукаваныя, жыхары сталіцы. Менавіта ў іх – найбольш высокі ўзровень грамадзянскага пачуцьця, яны ў найбольшай ступені адчуваюць сувязь свайго жыцьця з якасьцю абіранай улады. У Беларусі ж – з дакладнасьцю да наадварот: самыя актыўныя выбаршчыкі – вёска ды пэнсіянеры, а менш за ўсіх выбары цікавяць менчукоў і моладзь. І ня ў тым справа, што старэйшае пакаленьне і вяскоўцы – людзі з больш высокаю грамадзскаю сьвядомасьцю: ёсьць звычка, выгадаваная савецкай уладаю – трэба хадзіць галасаваць, таму што трэба. На вёсцы захаваўся яшчэ і паўпрыхаваны адміністрацыйны прымус, але, акрамя яго, дзейнічае і “сацыяльны прымус” асяродзьдзя. Усе там адзін аднаго ведаюць, адзін за адным сочаць: маўляў, усе галасуюць, а ты, Янка, чаму не галасаваў, ты што – разумнейшы за іншых? Традыцыя, звычка выступае заменьнікам грамадзянскага пачуцьця. Прычым, справа ня толькі ў савецкай традыцыі. Паводле дадзеных выбарчых кампаніяў, найвышэйшая электаральная актыўнасьць у Беларусі заўсёды назіралася на захадзе краіны, у рэгіёных, якія найменшы час уваходзілі ў склад СССР, але якія вызначаюцца найбольшай рэлігійнасьцю. Вось як ацэньвае шанцы кампаніі байкоту, ужо распачатай часткаю апазыцыі, прафэсар Ротман. (Ротман: ) “Зараз праводзіцца праца – у першаю чаргу раскідваюцца па паштовых скрынях улёткі – з заклікамі байкатаваць выбары. Але вяртаюся да таго, што я ўжо казаў: у нас насельніцтва непалітызаванае, байкот зьяўляецца палітычнай акцыяй. Я ня ўпэўнены, што такія спробы – праз зварот да насельніцтва ва улётках байкатаваць выбары – прывядуць да посьпеху. Мне здаецца, што наш электарат, нашыя выбаршчыкі (ва ўсялякім выпадку людзі сярэдняга і старэйшага пакаленьня) усе ж такі зробяць тое, што яны прызвычаіліся рабіць – гэта значыць пайсьці і прагаласаваць. Гэта будзе не палітычнае памкненьне, а памкненьне, зьвязанае з пэўнымі звычкамі”. Гаварыў сацыёляг Давід Ротман. Падаецца, што нават прыгаданая ім раней больш высокая актыўнасьць выбаршчыкаў на прэзыдэнцкіх выбарах таксама тлумачыцца чыньнікамі ці зусім ужо непалітычнымі, ці вельмі сваеасаблівымі масавымі ўяўленьнямі пра палітыку: функцыі прадстаўнічай улады значная частка выбаршчыкаў уяўляе даволі цьмяна – “балбатуны, але начальства”, а з прэзыдэнтам усё ясна – бацька. Гэтае вызначэньне, што прагучала з вуснаў Лукашэнкі неўзабаве пасьля яго абраньня і стала яго гіранічнай мянушкай у асяродку сталічных інтэлектуалаў, сапраўды выказвае стаўленьне да вышэйшай улады вялікай колькасьці нашых суграмадзянаў. Але на ўзровень электаральнай актыўнасьці ўплывае ня толькі характар абіранай улады. Масавай сьвядомасьці ўласьцівае пачуцьцё справядлівасьці. Часта яно праяўляецца ня ў тых формах, і не паводле тых падставаў, што абураюць эліту, але яно безумоўна існуе. У якасьці прыкладу варта прыгадаць другі раўнд выбараў у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня восеньню-зімой 1995 году. Гэта фактычна быў першы выпадак, хай і адноснай, электаральнай паразы Лукашэнкі. Як і ў першым веснавым раўндзе выбараў, ён амаль адкрыта заклікаў выбаршчыкаў ня йсьці на іх. Тады ж прагучалі яго дыфірамбы на адрас Гітлера, а таксама пагроза ўвесьці простае прэзыдэнцкае кіраваньне, калі парлямэнт ня будзе абраны да правамоцнага складу. І адбылося нечаканае: спалохаліся людзі і пайшлі на выбары, нават Менск пазбавіўся сваей пасыўнасьці. Так што беларусы, часам, як той казаў, даюць нечаканасьці. Дырэктар цэнтру сацыяльных і палітычных дасьледаваньняў БДУ Давід Ротман казаў, што ў жніўні ўсе сацыялягічныя службы паказвалі меркаваную ацэнку яўкі ад 60 да 80 %. Але гэта, як высьвятляецца, не зусім так. А галоўнае – гледзячы па ўсім, зьмянілася тэндэнцыя масавых намераў у адносінах да выбараў. Гаворыць дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў. (Манаеў: ) “Дадзеныя нашага апошняга жнівеньскага апытаньня сьведчаць пра пэўнае зьніжэньне ўзроўню гатоўнасьці ўдзельнічаць у выбарах. Да жніўня назіралася адваротная тэндэнцыя – колькасьць гатовых галасаваць кожны месяц падвышалася. Падзеньне назіраецца па ўсіх паказчыках: у ліпені пра намер галасаваць аб’яўлялі 66% апытаных, у жніўні – 54%, у ліпені кожны другі рэспандэнт казаў, што будзе галасаваць, нават калі ўлады ня выканаюць умовы АБСЭ, ў жніўні такіх было ўжо толькі 44 %, у ліпені ізноў жа прыкладна палова апытаных казала, што не падтрымаюць байкот, у жніўні гэтая лічба зьнізілася да 42 %. Нарэшце, колькасьць тых, хто аб’явіў пра гатоўнасьць галасаваць нават у выпадку папярэдняга непрызнаньня вынікаў выбараў міжнароднай супольнасьцю, зьнізілся за месяц амаль на 10 % – з 48% да 39%. Але варта адзначыць, што стаўленьне грамадзкай думкі да пытаньня ўдзелу ў выбарах вызначаецца значнай супярэчнасьцю: шмат людзей на адно пытаньне пра ўдзел у галасаваньні адказваюць станоўча, на іншае – адмоўна. Мы вылучаем сярод нашых рэспандэнтаў групы перакананых прыхільнікаў і праціўнікаў удзелу ў выбарах. Першая група – гэта тыя, хто на ўсе прыгаданыя 4 пытаньні адказваюць станоўча, другая група складаецца з тых, хто ў адказ на ўсе гэтыя пытаньні пасьлядоўна заяўляюць пра няўдзел у выбарах. Аналіз паказвае, што з ліпеня па жнівень зьменшылася колькасьць перакананых прыхільнікаў удзелу ў выбарах, але група перакананых праціўнікаў не павялічылася – ўзрасла толькі колькасьць тых, хто вагаецца”. Гаварыў сацыёляг Алег Манаеў. Ён таксама прапанаваў сваё тлумачэньне гэтай зьмены тэндэнцыі. (Манаеў: ) “На наш погляд, кампанія байкоту аказвае пэўны ўплыў на настрой людзей. У першаю чаргу яна спараджае сумненьні і ваганьні ў тых, хто незадаволены існуючай уладай, існуючым курсам. Але, падкрэсьліваю, сумненьні, а не цьвёрды намер не ісьці на выбары. Лёс гэтых сумненьняў будзе залежаць ад шэрагу фактараў: канчатковай пазыцыі міжнароднай супольнасьці, далейшых высілкаў арганізатараў кампаніі байкоту, контр-кампаніі ўладаў – пакуль, дарэчы, яны ня надта актыўна заклікаюць насельніцтва ўдзельнічаць у выбарах. Ну і, нарэшце, нямала залежыць ад перадвыбарчай кампаніі дэмакратычных кандыдатаў, якія ўсё ж пайшлі на выбары. Пакуль прыхільнікаў удзелу ў выбарах значна больш, чым праціўнікаў, але тыя , хто вагаецца, складаюць у залежнасьці ад пытаньня ад траціны да дзьвюх трацінаў апытаных. Таму зараз рабіць прагнозы надзвычай рызыкоўна”. Гаварыў сацыёляг прафэсар Алег Манаеў. У адрозьненьне ад свайго калегі Давіда Ротмана, ён лічыць, што рацыянальныя, палітычныя фактары кшталту кампаніі агітацыі за байкот усе ж аказваюць пэўнае ўзьдзеяньне на грамадзкую думку, але дакладныя прагнозы не рызыкуе рабіць і ён. Пакуль, як бачым, кампанія байкоту нават у праціўнікаў існуючай улады спараджае сумнеў, а ня ўпэўнены намер не ісьці на выбары. У 1995 годзе, падчас абраньня ВС 13-га скліканьня, Лукашэнка заклікаў выбаршчыкаў: “Не ідзіце на выбары, усе роўна падмануць”. Зараз прыхільнікі байкоту фактычна паўтараюць тагачасны заклік кіраўніка дзяржавы, з той толькі розьніцай, што, паводле іх меркаваньня, падмануць не кандыдаты, а якраз сам Лукашэнка. Але сутнасьць закліку, як і тады, супярэчыць шматгадовай звычцы. А звычкі няхутка зьмяняюцца на доўгім шляху. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |