RFE/RL |
Алімпійскі прынцып наадварот – перамога праз няўдзел. Досьвед байкоту выбараў у розных краінахУдзельнічаюць: Хікмэт Хаджызадэ, Тацяна Варажэйкіна. (эфір 18.08.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст На першы погляд байкот выбараў – бязглузьдзіца кшталту анэкдоту “падмануў кандуктара – набыў квіток, пайшоў пешкі”. Улада дае апазыцыі шанц, хай невялічкі і ўмоўны, атрымаць хаця б кавалачак улады, а апазыцыя горда кажа: “Не, ня трэба”. Ну ня трэба – дык ня трэба, значыць, улада застанецца ў тых руках, якіх і была. Пад уладаю мы ў дадзеным выпадку разумеем рэч надзвычай простую, не абцяжараную мудрагелістымі развагамі пра легітымнасьць: “адзін аддае загад – астатнія падпарадкоўваюцца”. Вось гэтая ўлада пры байкоце і застаецца у тых жа руках, у якіх і была. Пра пэрспэктывы і шанцы байкоту сучасных беларускіх выбараў, ужо сказана нямала, а будзе сказана яшчэ больш. Мы ж зьвернемся да досьведу байкотаў выбараў, якія практыкавала апазыцыя ў розных краінах у розныя часы. Тоеснымі ўмовы не бываюць ніколі, але праз параўнаньне, нават з непадобным да цябе, лепш спазнаеш сябе. Наш суразмоўца – віцэ-прэзыдэнт бакінскага цэнтру дасьледваньня праблемаў дэмакратыі ў пераходны пэрыяд Хікмет Хаджызадэ. (Хаджызадэ: ) “Парлямэнцкія выбары ў Азэрбайджане адбудуцца 5 лістапада. Амаль усе апазыцыйныя партыі, у тым ліку і 4 найбольш буйныя, будуць байкатаваць іх. Гэтае рашэньне ня будзе перагледжанае да таго часу, пакуль выбарчае заканадаўства ня будзе дэмакратызаванае. Канкрэтна размова ідзе пра тое, каб выбарчыя камісіі на ўсіх узроўнях былі незалежнымі ад выканаўчай улады, ці каб у гэтых камісіях улада і апазыцыя ўдзельнічалі на парытэтных пачатках. Спачатку ўрад згадзіўся прыняць гэтыя ўмовы пад пагрозай масавых акцыяў пратэсту, а таксама пад вялікім ціскам ЗША і Эўропы. Але прайшло няшмат часу, і ўрад адмовіўся ад сваіх абяцаньняў, якія даваліся апазыцыі і эўрапейскім структурам. У нас ужо такое было: былі парлямэнцкія выбары ў 1995 годзе, прэзыдэнцкія выбары ў 1998 годзе. Усе яны былі прызнаныя міжнароднымі наглядальнікамі несправядлівымі і несвабоднымі. Захад аказвае на Аліева ціск, каб ён выканаў свае абяцаньні, але “стары” пакуль трымаецца”. Гаварыў азэрбайджанскі палітоляг Хікмэт Хаджызадэ. Сытуацыя, як бычым, дастаткова падобная на беларускую. Падобныя і мэты, якія ставіць перад сабой апазыцыя. Для больш дакладнага разуменьня мэтаў байкоту наогул мы ўсе ж мусім зьвярнуцца якраз да рэчаў, якія падаюцца мудрагелістымі. “Адзін аддае загад – астатнія падпарадкоўваюцца” – гэта і ёсьць улада. Добра, але пытаньне: чаму падпарадкоўваюцца? Войска баяцца, баяцца, што страляць будуць? Але ўсіх не перастраляеш, да таго ж войска, калі гэта не замежныя акупанты, – гэта ж таксама частка грамадзтва, чаму жаўнеры пагодзяцца страляць у сваіх суграмадзянаў? За грошы вялікія? Але ж грошы гэтыя – народныя, гэта тыя грошы, якія той жа народ плоціць дзяржаве. А чаму пагаджаецца плаціць? Адказ палягае ў тым, што нарэшце ўлада грунтуецца не на штыках саміх па сабе, а ў мазгах людзей, у іх прызнаньні права ўлады на прымус, на загад, у праве ўлады на ўладу, прабачце за каламбур. Вось гэтая зьява і называецца легітымнасьцю. Да нашай размовы гэта мае непасрэднае дачыненьне, бо мэта байкоту па сутнасьці – падрыў гэтай самай легітымнасьці, стварэньне сытуацыі, калі народ адмаўляецца гуляць паводле жульніцкіх правілаў, прапанаваных уладаю. Гэтая агульная мэта ўвасабляецца ў мэтах больш практычных. Першае – сарваць выбары. Калі большасьць на выбары ня йдзе, то хаця ўлада і застаецца ў ранейшых руках, з яе выцякае “жывая кроў” легітымнасьці. Другая мэта – непрызнаньне ўлады з боку замежжа. Хаця легітымнасьць, як мы ўжо казалі, рэч унутраная, але ўплыў на яе звонку безумоўна існуе. Тут як у жыцьці: калі муж кожны дзень б’е жонку, у суседзяў ёсьць магчымасьць давесьці сямейнаму тырану, што так рабіць ня варта, а то нават і спыніць гэты штодзённы гвалт. Але тут ужо шмат што залежыць ад сямейных адносінаў: іншая жонка-ахвяра скажа выратавальнікам: “Гэта нашая справа – ня лезьце”. Тое ж у адносінах паміж нацыямі – часам нацыя ў адказ на вонкавыя спробы абмежаваць дэспатыю, яшчэ шчыльней гуртуецца вакол тырана. Ізноў гаворыць азэрбайджанскі палітоляг Хікмэт Хаджызадэ. (Хаджызадэ: ) “Ёсьць дзьве мэты байкоту. Першая – паказаць краіне, што антыдэмакратычны рэжым у трэці раз спрабуе ператварыць выбары ў фарс. А другое – гэта, зразумела, абаперціся на міжнародную дэмакратычную супольнасьць, паказаць ім, што за рэжым у Азэрбайджане. Что тычыцца зрыву выбараў, то у нас, паводле закону, кворум сапраўднасьці выбараў – 25%. І ў гэтым сэнсе байкот абцяжараны. Варта прызнаць, што ў прэзыдэнта ёсьць прыхільнікі, “прыхільнікі стабільнасьці і дзяржаўнасьці”, як яны сябе называюць. Але калі апазыцыя ня пойдзе на выбары, яны ня будуць прызнаня ні свабоднымі, ні справядлівымі”. Такім чынам сарваць выбары азэрбайджанская апазыцыя ня можа, і ці не галоўны “адрасат” байкоту – гэта Захад. Але ці не абаюдавострая гэтая зброя, наколькі ўлада ў Баку зацікаўленая ў прызнаньні з боку Захаду, наколькі народ успрымае апэляцыі апазыцыі да Захаду? (Хаджызадэ: ) “У нас вельмі моцныя празаходнія настроі. І гэта зьвязана ў першую чаргу са страхам перад Расеяй, перад расейскім імпэрыялізмам, які адраджаецца. Ёсьць у грамадзстве таксама і страх перад іранскім фундамэнталізмам. Паводле грамадзскае думкі, супрацьвагу гэтым сілам трэба шукаць на Захадзе. Апэляваць да Захаду ў Азэрбайджане ня лічыцца дрэнным”. Як мы ўжо чулі, сярод азэрбайджанскай апазыцыі ў пытаньні байкоту выбараў таксама няма адзінства. Наш азэрбайджанскі суразмоўца выкладае свой пункт гледжаньня. (Хаджызадэ: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. Прэзыдэнцкія выбары 1998 году ў Азэрбайджане былі байкатаваныя апазыцыяй. Выбары не былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі заходнімі краінамі, але Аліеў сеў у прэзыдэнцкае крэсла і дагэтуль у ім сядзіць. Я асабіста мяркую, што дэмакраты зараз павінныя пайсьці на выбары ў любым выпадку. Наш прэзыдэнт ня вечны. І калі ў выпадку яго сыходу з пасады ў парлямэнце ня будзе дэмакратаў – хаця б 10-20% , гэта будзе вельмі дрэнна. А калі яны будуць, яны могуць стаць цэнтрам канцэнтрацыі антыклянавых сілаў. Мне падаецца, што зараз апазыцыі як ніколі патрэбны парлямэнт, бо ён будзе дзейнічаць у пэрыяд зьмены вышэйшай улады”. Гаварыў азэрбайджанскі палітоляг Хікмэт Хаджызадэ. Зьвернем увагу на два моманты ў яго расповядзе. У Азэрбайджане цалкам нармальна ўспрымаюцца апэляцыі апазыцыі да Захаду. І грамадзтвам, і уладаю – нагадаем, што пад час натаўскай апэрацыі ў Югаславіі Лукашэнка заяўляў ці не пра гатоўнасьці ваяваць на баку сэрбаў, а Аліеў, наадварот, казаў пра магчымасьць паслаць азэрбайджанскія войскі на дапамогу альянсу. Другі момант – меркаваньне сп-ра Хаджызадэ пра тое, што ў пэрыяд зьмены вышэйшай улады апазыцыі варта прысутнічаць у парлямэнце – з “вуліцы”, паводле яго меркаваньня , уплываць на гэты працэсс цяжка. І сапраўды, вельмі часта прэзыдэнцкія выбары выйграюцца не ля выбарчых скрыняў, а ва ўладных габінэтах, у тым ліку і ў габінэтах дэпутатаў парлямэнту. А зараз зьвернемся да досьведу другога кантынэнту і другога часу. Нікарагуа, 1984 год. Сандынісцкі рэжым, што пануе ў краіне, абвяшчае парлямэнцкія выбары. У краіне ідзе грамадзянская вайна, частка апазыцыі, падтрыманая ўрадам ЗША, вядзе ўзброеную барацьбу з сандыністамі. Распавядае расейскі адмысловец у справах Лацінскай Амэрыкі, супрацоўнік Інстытуту ўсясьветнай эканомікі і міжнародных адносінаў Тацяна Варажэйкіна. (Варажэйкіна: ) “Байкатавала выбары частка нікарагуанскай апазыцыі – 14 партыяў, якія аб’ядналіся ў перадвыбарчы саюз і заклікалі насельніцтва ня ўдзельнічаць у выбарах. Астатнія 7 апазыцыйных партыяў, невялікіх , але дастаткова ўплывовых, бралі ўдзел у выбарах. Непасрэднаю прычынаю было тое, што сандыністы час ад часу абмяжоўвалі свабоду друку, матывуючы гэта тым, што ў краіне ідзе вайна. У прыватнасьці, улады некалькі разоў зачынялі галоўную газэту апазыцыі “Прэнса”. З гэтага частка апазыцыі зрабіла выснову, што ў краіне няма ўмоваў для дэмакратычных выбараў, і заклікала да байкоту. Ідэя байкоту была падтрыманая амэрыканскай адміністрацыяй Рэйгана”. Падабенства існуе і тут: ціск на свабоду друку, раскол апазыцыі ў пытаньні байкоту, падтрымка апазыцыі звонку. Праўда, нашая маскоўская суразмоўніца падкрэсьлівае адрозьненьне сытуацыяў: (Варажэйкіна: ) “Прыход да ўлады Лукашэнкі быў, на мой погляд, рэакцыяй на дэмакратызацыю, якая распачалася, але пацярпела няўдачу. У той жа час як узброенае паўстаньне ў Нікарагуа стала пачаткам дэмакратызацыі пасьля доўгага пэрыяду дыктатуры Самосы”. На мой погляд, са сп-няй Варажэйкінай можна пагадзіцца толькі часткова: сапраўды, у адрозьненьне ад Нікарагуа, ад грамадзянскай вайны Бог Беларусь уратаваў, праўда і тое, што сандыністам папярэднічала адна з самых змрочных лацінаамэрыканскіх дыктатураў, Кебіча з Самосам пры ўсім жаданьні не параўнаеш. Але варта адзначыць, што і сам прасавецкі сандынісцкі рэжым быў ня надта дэмакратычным і зусім не вегэтарыянскім. Але якія вынікі меў байкот нікарагуанскай апазыцыяй выбараў 1984 году? Ізноў гаворыць Тацяна Варажэйкіна: (Варажэйкіна: ) “Мэты байкоту былі дасягнутыя толькі часткова. Прыкладна траціна выбаршчыкаў у розных формах – хто няўдзелам у выбарах, хто галасаваньнем за апазыцыю, выступілі супраць сандынісцкага фронту. На выбарах былі наглядальнікі ад лацінаамэрыканскіх краінаў, і вынікі гэтых выбараў былі прызнаныя легітымнымі большасьцю эўрапейскіх і лацінаамэрыканскіх урадаў. Урад ЗША палічыў гэтыя выбары нелегітымнымі, так што і зьнешні вынік байкоту быў частковым”. А якімі былі больш-менш аддаленыя наступствы бойкоту выбараў 1984 году нікарагуанскай апазыцыяй? (Варажэйкіна: ) “Тыя , хто атрымаў траціну галасоў у парлямэнце, атрымалі легальную трыбуну для крытыкі ўраду, а тыя, хто байкатаваў выбары – яны па-ранейшаму кантралявалі найбольш уплывовую апазыцыйную прэсу. Потым у 1990 годзе, падчас чарговых выбараў, садыністы іх прайгралі, а апазыцыя выйграла. Прычым сярод пераможцаў была і тая частка, якая брала ўдзел у выбарах 1984 года, і тыя, хто байкатаваў іх. Але наўрад ці гэта можна лічыць аддаленымі наступствамі байкоту выбараў 1984 году. Фактарам паразы сандыністаў стала іх унутраная палітыка, а з другога боку – сытуацыя пераманентнай грамадзянскай вайны, стома насельніцтва ад яе, і разуменьне таго, што гэты рэжым ніколі ня будзе прызнаны ўрадам Злучаных Штатаў – спалучэньне гэтых фактараў і прывяло да таго, што сандыністы прайгралі выбары ў 1990 годзе”. Гаварыла расейская дасьледчыца Лацінскай Амэрыкі Тацяна Варажэйкіна. Як бачым, жыцьцё не сканчаецца ні выбарамі, ні байкотамі. Пасьля выбараў у Нікарагуа ў 1984 годзе частка апазыцыі працягвала сваё змаганьне ў парлямэнце, частка – іншымі сродкамі. І толькі праз 6 год прыйшла перамога. Перамога, дарэчы, усе роўна на выбарах, але аплочаная вялікай крывёю грамадзянскай вайны. Паводле словаў сп-ні Варажэйкінай, у рэшце рэшт адным з чыньнікаў перамогі апазыцыі ў 1990 годзе, хаця, хутчэй за ўсё, не галоўным, стала і непрызнаньне сандынісцкага рэжыму з боку ЗША. Нават замежны досьвед не дае адназначнага адказу на складанае пытаньне пра байкот выбараў. У самым агульным пляне можна сказаць толькі, што байкот – гэта не “залаты ключык”, які адчыняе браму, за якой хаваецца каштоўны скарб свабоды. Свабода – гэта наогул не скарб, гэта шлях. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |