RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Лес ці слуп: рэйтынгі палітыкаў у Беларусі ды іншых краінах

Удзельнічаюць: Валдас Гайдзіс і Ліліяна Бачавіч

(эфір 04.08.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Як сказаў адзін дасьціпны чалавек: “Палітыкі ўспрымаюць рэйтынгі папулярнасьці не як ліхтар, які асьвятляе шлях, а як ліхтаровы слуп, за які яны могуць трымацца”. Шмат сказана й напісана пра ўмоўнасьць рэйтынгаў, распавядана пра выпадкі, калі народнае галасаваньне зьняпраўджвала падлікі сацыёлягаў. Да таго ж паказчыкі стаўленьня людзей у значнай ступені залежаць ад пытаньняў: напрыклад, можна пазытыўна ацэньваць дзейнасьць таго ці іншага палітыка, але зусім не жадаць бачыць яго на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

Тым ня менш, пры ўсёй сваёй умоўнасьці рэйтынгі ўсё ж адлюстроўваюць масавыя меркаваньні.

Паводле зьвестак беларускіх дасьледчых цэнтраў, карціна рэйтынгаў айчынных палітыкаў на працягу некалькіх гадоў амаль не зьмяняецца: за Аляксандра Лукашэнку як за прэзыдэнта краіны гатовыя галасаваць ад 35% да 55% выбаршчыкаў, кожнаму зь іншых палітыкаў гатовыя аддаць свае галасы менш чым 5%. Ёсьць, так так бы мовіць, “вышэйшая ліга”, што складаецца з аднаго чалавека, і “першая”, ці нават “другая ліга”, у якую ўваходзяць усе астатнія акторы палітычнае сцэны. Месцы ў гэтай другой лізе мяняюцца: пэўны час яе ўзначальвалі Шушкевіч і Карпенка, пасьля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году месца лідэра заняў экс-прэм’ер Чыгір. Але да “вышэйшае лігі” “другая” ніяк не набліжаецца.

Так, дарэчы, у Беларусі было не заўсёды. У пачатку 1990-х гадоў лідэрамі народнае папулярнасьці былі сьпікер парлямэнту Шушкевіч, прэм’ер Кебіч і лідэр БНФ Пазьняк: месцы, якія яны займалі, мяняліся, але рэйтынгі ўсіх трох былі сувымяральнымі.

Аднак пасьля 1994 году гэтая канфігурацыя “тры сасны” зьмянілася на “слупападобную”.

Ці ёсьць гэтая сёньняшняя “слупападобная” беларуская карціна нечым унікальным, ці не тлумачыцца яна вельмі спэцыфічнымі палітычнымі ўмовамі ? Дыктатары кшталту Лукашэнкі звычайна сапраўды карыстаюцца шырокаю народнаю падтрымкаю, да таго ж гэткія кіраўнікі вельмі моцна “вытоптваюць” палітычнае поле, не даючы вырасьці канкурэнтам ці вынішчаючы іх інфармацыйнымі, палітычнымі й іншымі сродкамі.

Зусім іншыя суадносіны паміж рэйтынгамі палітыкаў існуюць у суседняй Літве. Распавядае кіраўнік літоўскага сацыялягічнага агенцтва “Вілморус” Валдас Гайдзіс.

(Гайдзіс): “Прэзыдэнт Літвы Адамкус быў абраны ў пачатку 1998 году. Ён застаецца адным з самых папулярных палітыкаў Літвы. Станоўча яго дзейнасьць ацэньваюць 65% жыхароў Літвы, а адмоўна – толькі 13% насельніцтва. Варта адзначыць, што Адамкус папулярны сярод усіх жыхароў Літвы: багатых і бедных, моладзі й людзей сталага ўзросту, літоўцаў, расейцаў і палякаў. Гэта напраўду народны прэзыдэнт.

Ён перамог на выбарах зь перавагаю з паўадсотка галасоў. Але адразу ж пасьля выбараў Адамкус дасягнуў 60-працэнтавай папулярнасьці. Потым яго папулярнасьць дасягнула фантастычнага роўню – 90%, давер да прэзыдэнта быў вышэйшы, чым давер да касьцёлу, наўрад ці хто яшчэ калі паўторыць гэты рэкорд”.

Тым ня менш, паводле словаў Валдаса Гайдзіса, нягледзячы на надзвычай высокую папулярнасьць, прэзыдэнт Літвы мае сур’ёзных канкурэнтаў.

(Гайдзіс) “Рэйтынг прэзыдэнта быў 90%, цяпер 65%. Калі адбылося гэтае падзеньне? Гэта адбылося ўвосень 1999 году, падчас прыватызацыі заводу “Мажэкяйнафта”. Завод купіла амэрыканская кампанія “Вільямс”. Грамадзкая думка ўспрыняла гэты працэс прыватызацыі як несправядлівы. Прэзыдэнт ня здолеў дакладна вызначыць сваёй пазыцыі. А тагачасны прэм’ер Раландас Паксас адмовіўся падпісаць дамову зь “Вільямсам” і пайшоў у адстаўку. Ягоная папулярнасьць вырасла імгнена.

Хто яшчэ можа прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта? Гэта былы прэзыдэнт Альгірдас Бразаўскас і былы канкурэнт Адамкуса падчас прэзыдэнцкіх выбараў Артурас Паўлаускас. Гэтая чацьвёрка – Адамкус, Паксас , Бразаўскас, Паўлаўскас, складае “Алімп” палітычнае сцэны ў Літве”.

Гаварыў літоўскі сацыёляг Валдас Гайдзіс.

Такім чынам, літоўская сытуацыя падобная да беларускай надта высокаю папулярнасьцю кіраўніка дзяржавы, адзначым, што ў Беларусі давер да Лукашэнкі ніколі не пераўзыходзіў даверу да царквы. Але адрозьненьне палягае ў тым, што кіраўніку літоўскае дзяржавы на палітычным Алімпе не пагражае адзінота: як мінімум яшчэ тры палітыкі на роўных спаборнічаюць зь ім за народную любоў. Дарэчы, варта адзначыць выбухападобны рост рэйтынгу былога прэм’ера Паксаса. Важнае назіраньне: каб імгненна стаць знакамітым і прыдбаць народную любоў, трэба рабіць “гучныя” ўчынкі, якія народу падабаюцца. У 1993 годзе для Лукашэнкі такім учынкам стаў антыкарупцыйны даклад, летась на вяршыню масавых сымпатыяў літоўца Паксаса вынесла справа “Мажэкяйнафта”, расейца Пуціна – другая вайна ў Чачні.

Дык, можа, наяўнасьць у літоўскага прэзыдэнта сур’ёзных канкурэнтаў – заканамернае наступства тамтэйшае дэмакратыі? Зьвернемся да досьведу нашага заходняга суседа – Польшчы. У 1995 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах для вызначэньня пераможцы спатрэбіўся другі тур. Сацыялягічныя апытаньні падчас перадвыбарчае кампаніі ўвесь час дэманстравалі перавагу Квасьнеўскага, але яна не была аглушальнаю: напрыклад, восеньню 1995 году за яго былі гатовыя прагаласаваць каля траціны выбаршчыкаў, а за Леха Валэнсу – прыкладна кожны пяты паляк. У лістападзе сёлета палякі зноў будуць абіраць кіраўніка дзяржавы. Але цяпер сытуацыя нават больш адназначная, чым беларуская . Паводле зьвестак польскага Цэнтру вывучэньня грамадзкае думкі, у ліпені за Квасьнеўскага хацелі галасаваць дзьве траціны апытаных, яго галоўны канкурэнт – лідэр правых Кшаклеўскі меў усяго толькі 10-адсоткавы рэйтынг. Прычым польская карціна таксама ня надта мяняецца зь цягам часу: рэйтынг дзейнага прэзыдэнта з пачатку году вагаецца ў інтэрвале 60-70%, а галоўныя ягоныя канкурэнты – Кшаклеўскі і Аляхоўскі – ледзьве дацягваюць да 10%.

Дэмакратызм польскае палітычнае сыстэмы не выклікае сумненьняў: апазыцыя сядзіць у Сэйме й мае там, дарэчы, большасьць, свабодныя мэдыі цалкам бесьперашкодна й беспакарана бэсьцяць кіраўніка дзяржавы, які, тым ня менш, мае такую народную падтрымку, што ня сьнілася й яго беларускаму цёзку-дыктатару. А канкурэнты Квасьнеўскага, маючы доступ да мэдыяў і наагул усе палітычныя даброты, пра якія можа толькі марыць беларуская апазыцыя, дасягаюць рэйтынгаў ня надта вышэйшых, чым беларускія апазыцыянеры.

Так што, як бачым, “слупападобная” карціна рэйтынгаў ня ёсьць нечым, што ўласьцівае выключна дыктатурам.

І нарэшце прыклад краіны, роднаснай беларусам ня толькі славянскімі каранямі, але й падобнай палітычнаю сыстэмаю, словам – Югаславіі. 24 верасьня ў Югаславіі адбудуцца адначасна парлямэнцкія й прэзыдэнцкія выбары. Апазыцыя вядзе гарачыя спрэчкі, ці браць у іх удзел : перасьлед іншадумцаў, ціск на незалежныя мэдыі – рэаліі ня толькі беларускага, але й югаслаўскага жыцьця. Відаць, і там паводле рэйтынгу дыктатар – “волат”, а ягоныя апанэнты – “карузьлікі”? А вось і не . Паводле зьвестак бялградзкага цэнтру вывучэньня грамадзскае думкі, давер да Мілошавіча зь лістапада 1992 году па ліпень гэтага году зьнізіўся з лукашэнкаўскага роўню 42% да няпэўных 17%. У той жа час рэйтынгі даверу яго галоўных канкурэнтаў – Аўрамавіча й Каштуніцы – дасягнулі адпаведна 10% і 6%. Менш, чым у Мілошавіча, але сувымяральна. А паводле балянсу станоўчых і адмоўных ацэнак дзейны прэзыдэнт краіны саступае і Аўрамовічу, і Каштуніцы. Дарэчы, у пачатку 1990-х гадоў, калі Мілошавіч быў чэмпіёнам народных сымпатыяў, рэйтынгі ягоных апанэнтаў былі такімі ж нязначнымі, як і рэйтынгі беларускіх апазыцыянераў цяпер.

Падчас свайго ліпеньскага даследаваньня югаслаўскія сацыёлягі атрымалі яшчэ адзін, ужо зусім дзіўны вынік: пры пытаньні “За каго б Вы галасавалі, калі б за пасаду прэзыдэнта спаборнічалі толькі Мілошавіч і Каштуніца”, за дзейнага кіраўніка дзяржавы выказаліся толькі 28%, а 43% аддалі перавагу апазыцыянеру. Гэтыя зьвесткі тлумачыць дырэктар бялградзкага цэнтру вывучэньня грамадзкае думкі Ліліяна Багавіч.

(Багавіч): “Я не лічу вынікаў апытаньня парадаксальнымі. Калі мы разглядаем выбар толькі паміж Каштуніцам і Мілошавічам, дык кожны зь іх часткова атрымлівае галасы выбаршчыкаў, якія гатовыя галасаваць за іншых кандыдытаў. Каштуніцу аддадуць свае галасы прыхільнікі іншых апазыцыйных кандыдатаў: Аўрамавіча, Драшкавіча ды іншых. Калі ім прыйдзецца выбіраць паміж Каштуніцам і Мілошавічам, яны аддадуць перавагу Каштуніцу. А Мілошавіч, акрамя сваіх прыхільнікаў, можа разьлічваць толькі на галасы грамадзянаў, якія падтрымліваюць сэрбскую радыкальную партыю Воіслава Шэшаля”.

Гаварыла югаслаўскі сацыёляг Ліліяна Багавіч.

Так што дыктатар – зусім не заўсёды й не паўсюль адзіны аб’ект народных сымпатыяў. Шмат югаслаўскіх апазыцыйных партыяў ужо вырашылі ўдзельнічаць у выбарах, нягледзячы на тое, што яны, відавочна, будуць і несвабоднымі, і несправядлівымі. Паводле зьвестак сацыялягічных даследаваньняў, яны маюць шанец на посьпех. Праўда, падзеньне папулярнасьці бялградзкага дыктатара стала, хутчэй за ўсё, вынікам народнае стомы ад крывавых войнаў, канфрантацыі з усім сьветам, жорсткае міжнароднай блякады. Але й цяпер гэта – толькі перадумова перамогі, а не самая перамога.

Шлях да свабоды, як паказвае югаслаўскі досьвед, аказваецца часам цяжкім і доўгім.

Юры Дракахруст
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org