RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Заходняя брама: Польшча ў беларускай масавай сьвядомасьці

(эфір 21.07.2000)

Удзельнічаюць: Анатоль Лысюк, Анатоль Касьяненка, Алена Баркоўская.

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст.

Тэма, якая “чырвонаю ніткаю” праходзіць скрозь купалаўскіх “Тутэйшых”, – спрэчка ўсходняга і заходняга навукоўцаў наконт таго, каму ж належыць беларуская зямля.

Купалаўскі сарказм быў гістарычна цалкам абгрунтаваны – Беларусь нарэшце стала незалежнаю дзяржаваю, але два цэнтры палітычнага, культурнага ды іншага прыцягненьня дагэтуль моцна ўплываюць на беларускае жыцьцё. Праўда, зьмест гэтых уплываў крыху зьмяніўся: Польшча для Беларусі – брама ў заходні сьвет і, ў пэўнай ступені, – ці не адзіная частка гэтага Захаду, якую можна “памацаць”, пабачыць на свае вочы. Амэрыка ці Англія для звычайнага беларуса – іншыя плянэты, карцінка на экране тэлевізара, а Польшча – побач. Таму адносіны да Польшчы ў большай ступені заснаваныя на вопыце практычнага спазнаньня, і больш складаныя, яны вызначаюцца і гісторыяй няпростых узаемаадносінаў двух народаў і наяўнасьцю вялікай польскай абшчыны ў Беларусі.

Існуе расхожы міт, які падтрымліваецца і насаджаецца прапагандаю, што беларусы сэрцам прыкіпелі да Расеі і свайго савецкага мінулага. Але высьвятляецца, што паводле грамадзскай думкі, менавіта Польшча, а не Расея ці Беларусь, здолела найбольш годна пераадолець цяжкасьці пераходнага пэрыяду.

У красавіку сёлета падчас апытаньня, што праводзіла сацыялягічная лябараторыя НОВАК, больш за палову апытаных адказалі, што эканамічнае становішча ў Польшчы за апошнія 10 год палепшылася. Тых, хто палічыў, што за гэты ж час жыцьцё палепшылася ў Расеі, знайшлося толькі 13%, а тых, хто адзначыў паляпшэньне жыцьця ў Беларусі – яшчэ менш, 8%. Нагадаем, што 6 з гэтых 10 гадоў беларусы пражылі пад мудрым кіраўніцтвам вядома каго.

Расея істотна прайграе Польшчы і пры параўнаньні з беларускім жыцьцём. Паводле апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, лепшым за беларускае польскае жыцьцё лічаць больш за 80% апытаных, а тых, хто адзначыў, што жыцьцё ў Расеі лепш за беларускае, набралося толькі каля 30%.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ў сувязі з пашырэньнем НАТА над Беларусьсю навісла небясьпека, бо зараз краіна ужо непасрэдна мяжуе са “злавесным” альянсам. Тады, відаць, жыхары рэгіёну, які знаходзіцца на самай гэтай мяжы, павінныя асабліва востра адчуваць гэтую пагрозу. На самой справе атрымліваецца дакладна наадварот. Пра вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, што было праведзенае на Берасьцейшчыне, распавядае дырэктар Берасьцейскага навукова-адукацыйнага цэнтру “Логас” Анатоль Лысюк.

(Лысюк: ) “У Берасьцейскім рэгіёне існуе даволі высокі ўзровень пазытыўных адносінаў да Польшчы як дзяржавы. Калі мы праводзілі нашае дасьледаваньне, высьветлілася, што большасьць жыхароў нашага рэгіёну вельмі высока ацэньвае вопыт польскіх рэформаў. Але калі мы возьмем больш вузкі аспэкт: як жыхары нашага рэгіену ставяцца да пагрозы з боку НАТА (а Польшча ужо сябра НАТА) , дык высьвятляецца, што гэтую пагрозу адчуваюць толькі 20% жыхароў нашага рэгіёну. Жыхары Берасьцейшыны адмоўна ставяцца да разьмяшчэньня войскаў НАТА каля нашых межаў. 47% берасьцейцаў ставяцца да гэтай пэрспэктывы нэгатыўна. Але я б зазначыў, што яшчэ больш нэгатыўна яны ставяцца да пэрспэктывы разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі войскаў саюзнае дзяржавы – дзяржавы расейскае. Большасьць апытаных, 65% , паставіліся да падобнай пэрспэктывы адмоўна, а станоўча – толькі 10%. Прапагандысцкія размовы пра тое, што жыхары нашага рэгіёну адчуваюць вялікі страх перад Захадам, НАТА – гэта ня так”.

Гаварыў сацыёляг з Берасьця Анатоль Лысюк.

Варта адзначыць, што гэтую прыхільнасьць берасьцейцаў да Польшчы нельга растлумачыць наяўнасьцю велізарнай польскай абшчыны ў вобласьці. У адрозьненьне ад Гарадзеншчыны, палякаў у Берасьцейскай вобласьці жыве параўнальна няшмат, а доля этнічных беларусаў сярод жыхароў вобласьці – адна з самых высокіх па краіне, толькі ў Менскай вобласьці гэтая доля вышэй. Так што галоўную ролю тут адыгрываюць шчыльныя стасункі вобласьці з заходнім суседам.
У адной з нашых ранейшых перадачаў мы казалі пра тое, што зараз адносіны беларусаў да Расеі і Польшчы – несімэтрычныя, палітычных сілаў, што выступаюць за далучэньне да Расеі больш чым занадта, нават на чале дзяржавы стаіць адданы інтэгратар, у той час як нейкіх палітыкаў, што выступалі б за далучэньне да Польшчы, няма ўвогулле.
Няма такіх палітыкаў і на Берасьцейшчыне, але ў грамадзскай сьвядомасьці менавіта берасьцейцаў, як высьвятляецца, Польшча і Расея – “магніты” з прыблізна роўнай моцаю прыцягненьня.

Ізноў гаворыць Анатоль Лысюк.

(Лысюк: ) “Слабасьць беларускай дзяржаўнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці спрыяюць, на жаль, узьнікненьню шмат у якіх жыхароў нашага рэгіёну “інтэграцыйнага сьвербу”, жаданьня абявязкова ўступіць у інтэграцыю з якой-небудзь дзяржавай. Таму невыпадкова, што пры адказах на пытаньне “Як Вы ставіцеся да стварэньня саюзнай дзяржавы з Польшчай”, 30% да гэтай пэрспэктывы паставіліся станоўча. Але такія ж лічбы мы атрымалі пры адказах на пытаньне пра стварэньне саюзнай дзяржавы з Расеяй. У цэлым лічбы супадаюць: 35% падтрымліваюць стварэньне саюзнае дзяржавы з Расеяй, а 43% ставяцца адмоўна. Гэтыя лічбы канстатуюць вялікую слабасьць ідэі беларускае дзяржаўнасьці, але з другога боку – гэта цалкам зьнішчае міт пра аднадушную падтрымку беларусамі працэсу стварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Калі мы гаворым пра інтэграцыю і пра небясьпекі, дык галоўнае, што хвалюе жыхараў нашага рэгіёну, галоўная небясьпека – гэта закрыцьцё мяжы з Польшчай. І зразумела чаму: гэтая мяжа і Польшча кормяць вельмі шмат жыхароў нашага рэгіёну. 40% жыхараў нашага рэгіену станоўча ставяцца да ўвядзеньня візавага рэжыму з Расеяй пры ўмове, каб гэты рэжым ня ўводзіўся на мяжы з Польшчай”.

Гаварыў кіраўнік берасьцейскага навукова-адукацыйнага цэнтру “Логас” Анатоль Лысюк.

Варта заўважыць, што сымпатыі берасьцейцаў да Польшчы, ажно да гатоўнасьці аб’яднацца зь ёю, тлумачацца ня толькі эканамічнымі чыньнікамі, роляй Польшчы як крыніцы даходу. Паводле апытаньня, што праводзіў цэнтар Анатоля Лысюка, больш за палову берасьцейцаў добра разумеюць польскую мову, яшчэ траціна – разумее часткова, палова рэспандэнтаў рэгулярна слухае польскае радыё і глядзіць польскую тэлевізію.

“Інтэграцыйны сьверб”, пра які казаў мой суразмоўца, на Берасьцейшчыне сапраўды прымае вельмі экзатычныя формы: прыкладна траціна апытаных хоча далучэньня Беларусі да Польшчы, траціна – да Расеі. Прычым, што асабліва цікава, колькасьці праціўнікаў аб’яднаньня па кожнай краіне перавышаюць колькасьці прыхільнікаў аб’яднаньня. Парадаксальным чынам гэтыя рознанакіраваныя інтэграцыйныя памкненьні выконваюць ролю замяняльніка нацыянальнай сьвядомасьці. Рэалізацыя памкненьня кожнай з дзьвюх “інтэграцыйных трацінаў” прывядзе да яе жорсткай канфрантацыі з астатнімі, так што працяг існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы есьць адзіны сродак захаваць грамадзянскі спакой.

Ва ўсходніх абласьцях краіны сымпатыі да Польшчы берасьцейскага ўзроўню не дасягаюць: культурныя асаблівасьці крыху іншыя, непасрэдных стасункаў з заходнім суседам на ўсходзе значна менш, а з усходнім, з Расеяй – значна больш. Тым ня менш высокая ацэнка польскіх дасягненьняў прысутнічае і тут. Пра тое, што прываблівае ў Польшчы гамельчукоў, гаворыць дырэктар гомельскага цэнтру разьвіцьця сацыяльных рэсурсаў “Аракул” Анатоль Касьяненка.

(Касьяненка: ) “Гэта добры стан жыцьця нашых суседзяў і здольнасьць польскага грамадзства да гэтага. На думку маіх землякоў, для гэтага існуюць добрыя падставы. У Польшчы дзейнічаюць эканамічныя законы, што дазваляе ўпэўнена рухацца наперад да эканамічнай незалежнасьці сваёй краіны. З гэтым згодныя каля 70% нашых рэспандэнтаў”.

Існуе цікавы фэномен: адносіны да Польшчы як да дзяржавы ня тоесныя адносінам да палякаў, як прадстаўнікоў пэўнае нацыі. Менскі Цэнтар “Сацыяльныя і экалягічныя дасьледаваньні” пэўны час таму правёў апытаньне на Бересьцейшчыне і Гарадзеншчыне, падчас якога вывучаліся як міжэтнічныя адносіны, гэтак і стаўленьне жыхароў гэтых рэгіёнаў да суседняй Польшчы. Пра вынікі дасьледаваньня распавядае прэзыдэнт Цэнтру Алена Баркоўская.

(Баркоўская: ) “Большасьць людзей ставяцца да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў прыхільна, станоўча. Да беларусаў добра ставяцца больш за 90% апытаных, да палякаў – больш за 80%. Іншымі словамі, мы бачым, што нейкіх міжнацыянальных канфліктаў чакаць ня варта. Цікава, як прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў ацэньваюць самі сябе. Беларусы, як кажа наша апытаньне, у большай ступені лічаць сябе працавітымі і талерантнымі да недахопаў і звычаяў іншых нацый. Палякі ў большай ступені, чым іншыя нацыянальнасьці, прыпісваюць сабе клопат пра сям’ю і шанаваньне нацыянальных традыцыяў.
Большасьць насельніцтва лічыць, што палякі, якія жывуць ў Беларусі, могуць садзейнічаць паляпшэньню эканамічных адносінаў з Польшчай. Амаль ніхто не адзначае нейкай тэндэнцыі палякаў да адасабленьня, ня бачыць ў іх канкурэнтаў у эканамічным і палітычным жыцьці краіны.
Але чым лепш жывуць нашыя суседзі-палякі, тым больш насьцярожаных адносінаў можна чакаць да палякаў, што жывуць у Беларусі. Калі мы будзем, як зараз і ёсьць, знаходзіцца ў становішчы эканамічнага каляпсу, мы можам убачыць глебу для таго, каб адносіны паміж беларусамі і палякамі маглі стаць горшымі”.

Гаварыла сацыёляг Алена Баркоўская.

Пагаршэньне міжэтнічных адносінаў у выпадку далейшага эканамічнага заняпаду – рэч сапраўды вельмі небясьпечная. Ужо і зараз з высокіх трыбунаў часам можна пачуць заявы пра неляяльнасьць беларускіх палякаў да беларускай дзяржавы, дзяржаўная палітыка, зарыентаваная выключна на падтрымку Праваслаўнай царквы, таксама выпрабоўвае міжэтнічны мір у краіне. Пры гэтым эксплюатуюцца некаторыя забабоны, што дагэтуль існуюць у грамадзскай сьвядомасьці.

Ізноў гаворыць берасьцейскі сацыёляг Анатоль Лысюк:

(Лысюк: ) “Што тычыцца вобразу паляка – да яго ў Беларусі адносіны больш складаныя. Высьветлілася ў нашым апытаньні, што дамінуе стэрэатып паляка, як камэрсанта, як бізнэсмэна – гэта 47% апытаных. У сучаснай беларускай культуры вобраз камэрсанта, бізнэсмэна ўспрымаецца нэгатыўна. Крыху менш за палову нашых рэспандэнтаў да палякаў як да асобаў, да прадстаўнікоў пэўнае нацыі ставяцца пазытыўна, і асабліва гэта тычыцца малодшага пакаленьня. У цэлым можна зазначыць, што ў асноўнай масы нашых рэспандэнтаў адносіны да Польшчы, да польскасьці мяняюцца, і гэтыя зьмены носяць цалкам пазытыўны характар”.

Гаварыў Анатоль Лысюк.

Разрыў паміж стаўленьнем беларусаў да Польшчы і да палякаў часткова тлумачыць парадокс, чаму беларусы ўхваляюць досьвед польскіх рэформаў, але самі ня надта імкнуцца пайсьці польскім шляхам. Ёсьць усьведамленьне культурнай адрознасьці, адрознасьці сыстэмаў каштоўнасьцяў: напрыклад, у польскай масавай сьвядомасьці бізнэсмэн – паважаны чалавек, у беларускай – падазроная асоба.

Аднак, як адзначае Анатоль Лысюк, гэтае становішча пакрысе мяняецца: у моладзі ужо менш савецкіх забабонаў. Але нават і грамадзства ў цэлым ужо зараз ня хоча зачыненьня заходняй брамы краіны. Гэта значыць, што беларускі шлях – гэта не шаша “Берасьце – Масква”.

Юры Дракахруст
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org