RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Палітычныя “вандроўкі”: кадравая мабільнасьць паміж уладай і апазыцыяй

(эфір 14.07.2000)

Удзельнічаюць: Аляксандар Фядута, Людміла Масьлюкова.

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст.

Палітычнае жыцьце Беларусі выглядае, як змаганьне сілаў абсалютнага дабра і абсалютнага зла. Сапраўды, каштоўнасьці, якія вызнаюць супернікі, – цалкам супрацьлеглыя: адны імкнуцца на Захад, да палітычнай і эканамічнай свабоды, іншыя цягнуць краіну ў Расею, а дакладней, у Савецкі Саюз, да дыктатуры і несвабоды. Адпаведна і барацьба вядзецца “на зьнішчэньне”: улада выкідае апазыцыю з публічнае палітыкі, саджае ў турмы; апазыцыя апэлюе да Захаду, чаго не рабіла б, маючы хаця б мінімальныя дэмакратычныя гарантыі. Словам, барацьба ідзе не паводле вызначаных правілаў, а за іх усталяваньне.

У суседзяў, нават усходніх і паўднёвых, палітычнае жыцьцё пры ўсёй вастрыні вызначаецца наяўнасьцю пэўных правілаў, якіх прытрымліваюцца ўсе. Да таго ж там няма сутыкненьня такіх нясумяшчальных сыстэмаў каштоўнасьцяў, як у Беларусі.

Усё гэта так, але вось што цікава: пераходы паміж царствамі свету і цемры, як высьвятляецца, адчыненыя цалкам і забітыя народам, што сягае туды-сюды, як, напрыклад, на беларуска-польскай мяжы. Яшчэ ўчора чалавек займаў немалую ўладную пасаду, прыкладаў талент і веды дзеля ўмацаваньня рэжыму, а літаральна сёньня ужо як лідэр апазыцыі зацята змагаецца з гэтай ўладаю, якую аб’яўляе праклёнам беларускага народу, ці наадварот, палітык ці публіцыст тлумачыць беларусам і замежнікам, якая “пачвара” ўзначальвае беларускую дзяржаву, а назаўтра аддана служыць аб’екту сваіх учорашніх інвэктываў. Ёсьць майстры, што робяць гэтыя пераходы туды-сюды нават па некалькі разоў.

Пры Лукашэнку першы пераход такога кшталту адбыўся літаральна адразу пасьля інаўгурацыі, калі кіраўнік перадвыбарчага штабу Кебіча Мясьніковіч захаваў сваю віцэ-прем’ерскую пасаду і пасьля перамогі галоўнага канкурэнта былога шэфа. З таго і пайшло.

У прынцыпе, падобныя “вандроўкі” ў палітыцы – ня рэдкасьць . Калі паглядзець на тых жа суседзяў, можна прыгадаць, як Яўген Марчук быў ці ня самым зацятым крытыкам прэзыдэнта Кучмы, што не перашкодзіла яму ўзначаліць Савет Бясьпекі таго ж прэзыдэнта Кучмы, паўтарыўшы пералёт Аляксандра Лебедзя ўзору 1996 году. З апошніх расейскіх “ракіровачак” прыпамінаецца , як Сяргей Сьцяпашын на кароткі час “схадзіў” з “партыі улады” ў апазыцыйны “Яблык”, каб потым ізноў вярнуцца ў “першабытнае” ўладнае становішча.

Але ў Беларусі гэты фэномэн вызначаецца шэрагам асаблівасьцяў. Па-першае, масавасьцю: кожны, хто цікавіцца беларускай палітыкай, з ходу назаве дзясятак імёнаў такіх палітычных “вандроўнікаў”. Па-другое, хуткасьцю і “амплітудаю” пераходу: людзі мяняюць погляды на супрацьлеглыя ў працягу некалькіх дзён, прычым часта радыкальныя перакананьні мяняюцца на такія ж гранічна радыкальныя, але з іншым знакам. Ніякага пэрыяду пераходу, не гаворачы ужо пра пакаяньне, звычайна не назіраецца. Ну і нарэшце, узровень пераходу: высокія пасады ў адным лягеры абменьваюцца на адпаведныя ў супрацьлеглым.

Ня ў тым пытаньне, чаму ўчорашнія чыноўнікі імгненна трапляюць у шэрагі апазыцыі і наадварот, а ў тым, чаму адпаведныя палітычныя лягеры іх з задавальненьнем прымаюць, нават прадастаўляючы неблагія мейсцы.

А як тлумачаць гэтую зьяву самі аб’екты нашага дасьледаваньня? Слова журналісту і палітыку Аляксандру Фядуту. Сваё тлумачэньне ён пачаў з успамінаў пра першыя месяцы праўленьня Лукашэнкі.
(Фядута: ) “Тады таксама адбываліся пераходы, але адносіны да іх былі вельмі стрыманыя. Прыгадайце першы значны пераход – пераход Віктара Ганчара. Усе, у тым ліку і мы з Вамі, неяк пашкадавалі, што сыходзіць з улады такі таленавіты чалавек, а мог бы працаваць. Гэта быў пэрыяд рамантычнае веры, што тое, што робіць наш манарх – гэта слушныя рэчы. Ну бываюць памылкі, але з ім магчыма і трэба працаваць.

Тое, што адбываецца зараз – гэта ужо не адзінкавыя выпадкі, гэта ужо сыстэма. Яна заснаваная на тым, што людзі, якія працуюць разам з Аляксандрам Рыгоравічам, разумеюць, што яго палітыка – гэта ня тое, што патрэбна дзяржаве. Гэта добра разумее і апазыцыя, і апазыцыя прымае іх, ведаючы, што яны разумеюць усё тое ж самае, што разумела апазыцыя. Калі б тыя заявы, што зараз зрабіў сп-р Пласкавіцкі, зрабіў сп-р Замяталін, я лічу, што ў яго таксама былі б неблагія шанцы ўстаць у шэрагі апазыцыі. Паколькі ўсе сапраўды разумеюць, што шлях, якім зараз ідзе Лукашэнка – тупіковы, ніякіх наогул пачуцьцяў, ніякіх маральных адзнакаў гэта не выклікае”.

Так лічыць Аляксандар Фядута.

Атрымліваецца так, што напачатку праўленьня Лукашэнкі пераходы ня выклікалі маральнае адзнакі , бо былі спадзяваньні, што кіраўнік вядзе дзяржаву ў правільным накірунку, зараз жа яны ня выклікаюць маральнае ацэнкі з тае прычыны, што няправільнасьць курсу, узятага кіраўніком дзяржавы, відавочная для ўсіх. Для маральных адзнакаў, атрымліваецца, часу наогул не застаецца: раней было рана, зараз – ужо позна.

Такой шырынёю паглядаў валодаюць ня ўсе. Апазыцыянэрам – учарашнім лукашэнкаўцам, часам дастаецца і ад былога шэфа, і ад цяперашніх паплечнікаў. Лукашэнка называе іх “здраднікамі”, калегі па апазыцыі папікаюць былой службай ў дыктатара, а часам, нават, падазраюць у патаемным супрацоўніцтве з уладаю. І часьцей за ўсё – дарма: змагаюцца з Лукашэнкам ягоныя былыя супрацоўнікі зусім шчыра і дастаткова эфэктыўна, церпячы перасьлед і рэпрэсіі. Лёс Ганчара і Захаранкі – сьведчаньне таго, што цана за пераход аказваецца часам надзвычай высокаю.

Апэляцыі палітыкаў да маральных каштоўнасьцяў заўседы выклікаюць пэўная падазрэньні: Лукашэнка пляжыць былых паплечнікаў гэтак жа, як і іншых, “невандроўных” апазыцыянэраў, “старая гвардыя” апазыцыі часам проста зайздросьціць посьпеху сваіх новых калегаў, што прыйшлі з супрацьлеглага лягеру. Але як усё ж такі ацаніць палітычных вандроўнікаў з маральнага пункту гледжаньня і ці варта гэта рабіць наогул?

У нашай найноўшай гісторыі мы ўжо сутыкаліся з падобным працэсам. Жыла-была 20-мільённая магутная КПСС, калі хто забыўся ці ня ведае, “розум, гонар і сумленьне нашай эпохі”, і літаральна імгненна рассыпалася, разьбяжалася, скукожылася больш чым у дзесяць разоў. Крыважэрную прыроду камунізму раптам зразумелі мільёны сябраў гэтай партыі, і ня толькі і ня столькі шарагоўцы, рабацягі, якім, паводле Маркса, і дагэтуль няма чаго губляць, акрамя ланцугоў, а цёртыя дядзькі, што былі апірышчам гэтае сыстэмы – партыйныя сакратары, “капітаны індустрыіі” , “сілавікі” і гэтак далей. Ці можна паверыць, што гэтых людзей усіх разам і ў адзін час ахапіла маральнае адраджэньне? Гэта, па-першае, малаверагодна, а па-другое, тое, што гэтыя былыя камуністы робяць зараз, толькі ўзмацняе сумненьні ў іх маральным ператварэньні. Значыць, яны здрадзілі сваёй партыі, сваёй ідэі? Ну пасля Брэжнева ідэяў там ужо засталося небагата, а што да партыі, так яны і былі партыяй, камуністы пахавалі камунізм.

Дык як жа гэта ўсё разумець? Падаецца, што тлумачэньне палягае ў паняцьці “рэвалюцыя”. Так, у канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мы перажылі рэвалюцыю, якая не абавязкова суправаджаецца штурмам Зімняга, але абавязкова – хуткім распадам ранейшай палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сыстэмы. І заўсёды – пераскокамі велізарнай колькасьці людзей з адных палітычных, сацыяльных, эканамічных групаў у іншыя.

Рамантыкам і буравесьнікам рэвалюцыяў (“аксамітных” і з больш грубай тканіны) ня трэба забываць, што рэвалюцыя – гэта рэч заўседы амаральная.

У Расеі апошнія масавыя палітычныя “вандроўкі” назіраліся ў 1991-1992 гадох, калі ўчорашнія дэмакраты аказваліся побач з камуністамі, а ўчарошнія камуністы – адданымі супрацоўнікамі Ельцына. Апошнюю кропку ў гэтай рэвалюцыі паставілі ельцынскія танкі, што ў кастрычніку 1993 года стралялі па расейскім парлямэнце. Пасьля гэтага новая сыстэма стабілізавалася, адпаведна спыніліся палітычныя пераскокі як масавы працэс.

Як гэтыя развагі можна ўжыць дзяля нашага аналізу айчынных падзеяў? Калі масавыя пераскокі, што ў наяўнасьці ў Беларусі – сымптом рэвалюцыі, цалкам магчыма, што яе мы зараз і перажываем. Вывад дзіўны: больш звыклая ацэнка таго, што адбываецца зараз у Беларусі – гэта дыктатура, спроба якраз спыніць усялякае разьвіцьцё. Але у тым і справа, што – спроба. Шмат у якіх краінах рэвалюцыі ведалі і пэрыяды рэстаўрацыі, пэрыяды спробаў аднавіць разьбітую храміну старое сыстэмы. Аднак пры шырокім гістарычным поглядзе і рэстаўрацыі былі часткаю, этапам рэвалюцыі, працягам распаду.
І зараз падаецца, што сыстэма, створаная Лукашэнкам, ёсьць часовы, пераходны этап нейкага больш шырокага працэсу. Сыстэма, што вонкава выглядае магутнаю, на самой справе няўстойлівая, яна ёсьць спараджэньне і сымптом распаду.

Пра тое, якую жыцьцёваю філязофію спараджае гэты працэс, цалкам шчыра гаворыць палітычны аглядальнік “Советской Белоруссии” Людміла Масьлюкова.
(Масьлюкова: ) “Калі казаць пра самыя агульныя прычыны пераходу людзей з аднаго лягеру ў іншы, то яны падаюцца такімі: нязьменнымі застаюцца толькі мёртвыя. Палітычны працэс – зьява бязумоўна жывая. Адносна беларускай апазыцыі варта сказаць: з моманту паразы ў 1996 годзе яна каляпсуе, сфэра яе ўплыву ўнутры краіны пастаянна звужаецца, і далёка не для кожнага палітыка і журналіста прыймальная форма існаваньня ў гэтай замкнёнай прасторы адных і тых жа ідэяў, пастулятаў, я б сёньня ўжо сказала – догмаў. І я лічу натуральным, што людзі, якія ў пэўны пэрыяд зьвязалі зь ёю свой лёс, шукаюць іншыя магчымасьці рэалізацыі сваіх сілаў, свайго прафэсійнага і творчага патэнцыялу. І, як мне падаеца, адваротны працэс, калі людзі з улады пераходзяць у апазыцыю, мае тыя ж прычыны: у чымсьці расчараваўшыся і не знаходзячы задавальненьня сваёй дзейнасьцю ў дзяржапараце, чалавек спрабуе інакш будаваць сваю кар’еру, мяркуючы, што ў новай для сябе сфэры ён можа дасягнуць іншых вынікаў”.

Мяркуе Людміла Масьлюкова.

Вось сапраўдны плюралізм. Апазыцыя, паводле меркаваньня сп-ні Масьлюковай, знаходзіцца ў тупіку. Але шырыня поглядаў дазваляе ёй прызнаць, што мае права на існаваньне вэрсія, што і ўлада – таксама ў тупіку, таксама дэградуе і каляпсуе.

Далёка ня кожны з “вандроўнікаў” так шчыра і адкрыта вызнае адсутнасьць якіх бы там ні было прынцыпаў, але адчуваньне суцэльнае дэградацыі, пра што гаворыць сп-ня Масьлюкова, вельмі паказальнае – яно сьведчыць якраз пра тое, што існуючая сыстэма – ня новы, устойлівы стан, а працяг распаду.

Можна прапанаваць яшчэ адно, дадатковае тлумачэньне палітычных “вандровак”, якое ў прынцыпе сумяшчальнае з прапанаваным. Акрамя рэвалюцыі Беларусь будуе і сваю нацыянальную дзяржаўнасьць. І таму фэномен палітычных “вандровак” ёсьць пэўны стабілізатар: бойка эліты паміж сабою не на жыцьцё а на сьмерць можа пахаваць ня толькі яе, але і кволую пакуль беларускую дзяржаўнасьць.

А як жа наконт прынцыпаў, нясумяшчальных каштоўнасьцяў, накірункаў разьвіцьця краіны? Ізноў гаворыць Людміла Маслюкова:

(Маслюкова: ) “Кожны мае права сам вызначаць, дзе, з кім і калі яму быць. Што тычыцца прынцыпаў, то тут цяжка казаць, калі мы ня вызначаліся са зьместам гэтага прынцыпа. Прынцып – гэта паняцьце нейкай абстрактнай, гэта нейкі набор ідэалягемаў. І калі гэты набор, гэты стандарт уваходзіць у супярэчнасьць з пабытовымі, жыцьцёвымі, якімі заўгодна інтарэсамі асобы, то выбар застаецца за чалавекам.
Усё гэта вельмі ўмоўна і межы, якія мы праводзім паміж лягерамі, вынікаюць хутчэй з нашага сьветпогляду, чым з аб’ектыўнае сытуацыі”.

“Падпольны” чалавек Дастаеўскага фармуляваў гэтую жыцьцёвую філязофію больш ляканічна: “Калі спытаюць мяне: сьвету быць ці мне гарбаты напіцца, адкажу – мне гарбаты напіцца”.

Выглядае гэта ўсе ня надта прыгожа, але дазваляе прагназаваць, што пасьля сыходу дыктатуры вінаватых ня будзе. Высьветліцца, што з ёю змагаліся ўсе пагалоўна, зьявіцца фармулёўка кшталту “былы “вертыкальшчык” , што не запляміў сябе супрацоўніцтвам з рэжымам”. Такіх будзе параважная большасьць, акрамя тых, каму ня хопіць розуму своечасова выскачыць з вазку, што ляціць у бездань.

Юры Дракахруст
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org