Успамін пра будучыню:
урокі настаўніка Лукашэнкі
(эфір 7.07.2000)
Удзельнічаюць: Міхал Бялецкі, Дзьмітры Фурман.
Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст.
6 год таму беларусы абралі сабе першага прэзыдэнта. Шмат вады ўцякло
з тае пары: ужо й прэзыдэнт – “не зусім” прэзыдэнт, і Канстытуцыю, на якой
ён кляўся, ён сам жа й зьнішчыў, і краіна іншая…
Крыніцы таго, што адбылося за апошнія 6 гадоў, палягаюць у галасаваньні
10 ліпеня, у аглушальнай перамозе “чалавека ніадкуль”, пасьля якой гісторыя
Беларусі пайшла зусім іншым шляхам. Нешта падобнае, дарэчы, адбывалася
і ў нашых суседзяў: Станіслаў Тыміньскі на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы
і Аляксандар Лебедзь – у Расеі былі такімі ж “людзьмі ніадкуль”, што кінулі
выклік усёй нацыянальнай эліце. Але Польшча і Расея здолелі абыйсьці гэтыя
пасткі, а Беларусь трапіла ў яе “з галавою”. Чаму?
Пытаньне гэтае – не акадэмічнае. Трэба глядзець у нядаўнюю мінуўшчыну,
каб убачыць будучыню, каб зразумець, што ў мінулым было наканаваным, непазьбежным,
а што – вынікам памылак, сьлепаты й хваравітае ганарлівасьці.
У найноўшай гісторыі Беларусі ўжо ня раз бывала, што перамены прыносілі
прыхільнікам пераменаў ці не адно расчараваньне.
Якія былі чаканьні ў 1991 годзе! Незалежнасьць, бел-чырвона-белы сьцяг,
што лунаў над парлямэнтам, сьвядомы, прыстойны й разумны кіраўнік дзяржавы
(тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч)… Акрамя гэтых
сымбаляў і палітычных зьдзяйсьненьняў, былі і аб’ектыўныя чыньнікі, што
падсілкоўвалі надзею: адукаваныя і працавітыя жыхары, добрае геаграфічнае
становішча, адсутнасьць міжэтнічных канфліктаў.
Але ў хуткім часе гэтыя надзеі пачалі тануць у дрыгвяністай палітычнай
сыстэме, пабудаванай Вячаславам Кебічам. Суседзі – Краўчук ва Ўкраіне,
Ельцын у Расеі – мелі нейкія ідэялёгіі, пры ўсім іхным цынізьме бачылі
ў сваім праўленьні выкананьне нацыянальнае місіі. А тагачасны прэм’ер Беларусі
ня меў аніякае мэты. Гэта не было вяртаньнем да агрэсіўнага камунізму,
улада Кебіча была проста ніякаю. Запомнілася ягонае праўленьне толькі крадзяжом.
І не таму, што кебічаўскія чыноўнікі кралі неяк неверагодна шмат – куды
ім да цяперашніх звычак! – але больш і прыгадаць няма чаго…
Паводзіны беларускае тагачаснае апазыцыі істотна адрозьніваліся ад паводзінаў
яе украінскіх калегаў. Украінскі Рух, які напачатку 90-х гадоў быў куды
больш моцнаю сілаю, чым БНФ, прыйшоў да высновы, што змаганьне за ўладу,
жорсткая канфрантацыя з былой камуністычнаю намэнклятураю будзе згубнаю
і вельмі небясьпечнаю для Украіны.
Быў заключаны негалосны альянс: Рух “атрымаў” украінізацыю, часткова
сфэру ідэялёгіі і адукацыі, былыя ўкраінскія партапаратчыкі – фактычнае
захаваньне ўлады, а з улікам набыцьця Ўкраінаю незалежнасьці – і істотнае
яе пашырэньне. Ну і магчымасьць пераразьмеркаваньня ўласнасьці. Можа, гэта
не было актам сьвядомым. Магчыма, не сядзелі, напрыклад, Чарнавіл з Краўчуком
і не дзялілі: гэта – мне, гэта – табе. Але так нарэшце атрымалася.
Зараз палітычны расклад сілаў ва Ўкраіне іншы, адпаведна, і альянсы
іншыя. Але тое першае пагадненьне заклала падмурак усталяваньня даволі
моцнай эліты, якая кантралюе сытуацыю. Ва Ўкраіне магчыма рознае: народ
жыве ня надта добра, палітычная сыстэма набывае выразныя аўтарытарныя рысы.
Але падаецца, што ва Ўкраіне ўжо немагчымае зьяўленьне Лукашэнкі, які зьмятае
ўсю эліту і ў пэўным сэнсе ліквідуе палітыку.
На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне кандыдатку Натальлю Вітрэнку
называлі “Лукашэнкам у спадніцы”. Але посьпех яе быў даволі сьціплым…
Гаворыць украінскі палітоляг, супрацоўнік Кіеўскага інстытуту палітычных
дасьледваньняў і канфлікталёгіі Міхал Бялецкі:
(Бялецкі: ) “Такія палітыкі кшталту Вітрэнкі, якія выкарыстоўваюць чысты
папулізм і дэмагогію, ня маюць ва Ўкраіне аніякіх шанцаў, таму што досыць
моцная эліта, якая супраціўляецца гэтаму. Эліта мае досыць вялікі уплыў
на тое, што адбываецца, яна мае уплыў на электарат. У нас – калі казаць
пра выбары – досыць рознае грамадзтва, арыентацыі электарату досыць розныя
і гэта моцна дапамагае таму, каб не ўдалося ўсталяваць аўтарытарны рэжым”.
Гаварыў украінскі палітоляг Міхал Бялецкі.
У Беларусі ж апазыцыя і “партыя ўлады”, схапіўшыся на сьмерць, запалохваючы
адна адную, не заўважылі, што адчыняюць дзьверы трэцяму, хто “вынясе за
дужкі” і адных, і другіх.
Ад вэтэранаў БНФ часам можна пачуць, што пайсьці на альянс з Кебічам
было неверагодна цяжка: дастаткова прыгадаць, што Кебіч, у адрозьненьні
ад таго ж Краўчука, вёў рызыкоўную інтэграцыйную гульню з Масквою. Ну і
ўвогуле, брыдка было носьбітам нацыянальнай ідэі, што зьбіралі шматтысячныя
мітынгі, мець справу з тымі істотамі, што напаўнялі тагачасны Саўмін.
Усе гэта так, але зараз мы ведаем наступствы.
Камусьці падаецца, што шанец быў упушчаны яшчэ ў 1991 годзе, калі апазыцыя
не “дадушыла” камуністычную намэнклятуру, разгубленую паразаю ў путчы.
Але гэта – як мінімум спрэчна. “Не дадушыла” нідзе, нацыянальна-дэмакратычныя
сілы ў Грузіі ды Азэрбайджане, атрымаўшы ўладу, праз кароткі час саступілі
яе “старой гвардыі”. Пра прыроду гэтага працэсу гаворыць расейскі палітоляг
Дзьмітры Фурман:
(Фурман: ) “Вяртаньне да аўтарытарных мэтодаў кіраваньня было непазьбежным
і, акрамя краінаў Балтыі, адбылося паўсюль. Дэкляраваўшы ў 1991 годзе рынак
і дэмакратычныя свабоды, ані Беларусь, ані Расея, ані Ўкраіна, ані тым
больш Сярэдняя Азія былі да гэтага непадрыхтаваныя. Пэрыяд падрыхтоўкі,
выпрацоўкі адпаведных псыхалягічных і культурных чыньнікаў для дэмакратычнага
сучаснага грамадзтва абыйсьці ўсё роўна нельга. І калі гэты працэс не адбываўся
да “перавароту”, ён павінен ісьці пасьля, але ўжо ня ў форме змаганьня
з камуністычным таталітарным рэжымам, а ў форме змаганьня з посткамуністычнымі
аўтарытарнымі рэжымамі. У нейкай ступені адбываецца расплата за надта хуткі
надыход рынкавых і дэмакратычных формаў пасьля развалу СССР. І Беларусь
і Расея ў межах гэтых у рознай ступені аўтарытарных рэжымаў вучацца дэмакратыі,
засвойваюць яе каштоўнасьці і, гэта больш актуальна для Беларусі, засвойваюць
каштоўнасьць незалежнае нацыянальнае дзяржаўнасьці”.
Гаварыў расейскі палітоляг Дзьмітры Фурман.
Надыход аўтарытарызму, магчыма, сапраўды, непазьбежная фаза разьвіцьця
постсавецкіх краінаў. Але формы гэтага аўтарытарызму, ступень падаўленьня
свабоды залежаць ад кансалідаванасьці грамадзтва, і не ў апошнюю чаргу
ад кансалідаванасьці эліты.
У рэшце рэшт Лукашэнка сыйдзе ад улады, але тады неабходнасьць згоды
эліты будзе яшчэ больш пільнаю. Сыход дыктатуры звычайна суправаджаецца
велізарным выбухам народнае нянавісьці. Асабліва моцным можа быць гэты
выбух, калі зьмена адбываецца шляхам народнага ўзрушэньня. Сапраўдны народны
выбух – гэта ня мілыя і стрыманыя апазыцыйныя мітынгі.
Ёсьць спадзяваньне, што й тут спрацуе славутая беларуская памяркоўнасьць.
Але спадзявацца толькі на народны інстынкт самазахаваньня наўрад ці варта,
эліта на тое і эліта, каб хаця б часам дэманстраваць пачаткі розуму. І
падаецца, што ў нашых умовах эліта будзе вымушаная дамаўляцца: намэнклятура,
апазыцыя, лукашысты.
І лукашысты таксама. Пагрозы люстрацыяў, якія часам гучаць у Беларусі,
акрамя таго, што неразумныя, дык яшчэ й няшчырыя. Хто каго будзе судзіць:
учарашнія камуністы, чэкісты й лукашысты – сёньняшніх камуністаў, чэкістаў
і лукашыстаў?
Ізноў гаворыць Дзьмітры Фурман.
(Фурман: ) “Я ўпэўнены, што лукашэнкавы рэжым і лукашэнкавы досьвед,
пры ўсёй іх балючасьці й цяжкасьці для Беларусі – гэта ня страчаныя і безсэнсоўныя
гады. За гэты час у Беларусі адбываюцца павольныя працэссы, якія рыхтуюць
грамадзтва да разьвітае дэмакратычнае сыстэмы. Гэта ўзмацненьне прызнаньня
беларускім грамадзтвам каштоўнасьці нацыянальнае дзяржавы насуперак, а
можа, і дзякуючы інтэграцыйным памкненьням Лукашэнкі. Гэта і асэнсаваньне
базавых каштоўнасьцяў дэмакратыі ў вельмі шырокіх колах беларускага грамадзтва.
Той факт, што шмат прадстаўнікоў старое беларускае партыйнае эліты знаходзіцца
зараз у апазыцыі – гэта сьведчаньне засваеньня дэмакратыі. Варта зьвярнуць
увагу й на выпрацоўку нейкага агульнаапазыцыйнага кансэнсусу, агульных
рамак, якія ўсталёўваюцца ў змаганьні з лукашэнкаўскім рэжымам. Гэта бачна
па эвалюцыі і БНФ, і камуністычнага руху. Гэтыя агульныя рамкі, каштоўнасьці
незалежнасьці, дэмакратыі, беларускае мовы – гэта той падмурак, на якім
у далейшым будзе разьвівацца нармалёвы цывілізаваны палітычны працэс.
Я мяркую, што да гэтых падрыхтоўчых працэсаў можна аднесьці й больш
шырокі ўдзел народных масаў у палітычным жыцьці. Разумеючы, як апазыцыя
хваравіта ставіцца да досьведу абраньня пераважнаю бальшынёю народу такога
чалавека, як Лукашэнка, у пэўным сэнсе гэты досьвед каштоўны. У Расеі,
напрыклад, гэтага досьведу няма, у ёй не было адпрэчваньня народам элітарнага
кандыдата. У Беларусі гэта адбылося. Да якіх бы наступстваў гэта не прывяло,
якім бы антыдэмакратычным кандыдат ня быў, ёсьць досьвед сур’ёзнага народнага
ўдзелу і ў нейкай ступені ратацыі ўлады”.
Гаварыў расейскі палітоляг Дзьмітры Фурман.
Урок, на які ён зьвяртае ўвагу, дваісты. Галасаваньне 1994 году – напамін
пра тое, што народ “мае значэньне”, што гэта – не пустая дошка, на якой
эліта піша тое, што ёй заўгодна. З другога боку – гэта выклік інтэлекту,
волі й розуму эліты, сьведчаньне таго, што якраз пры дэмакратыі анічога
не гарантаванае і што захаваньне свабоды залежыць ад штодзённых высілкаў.
Перафразуючы Чэрчыля, можна сказаць, што “народаўладзьдзе – надта сур’ёзная
рэч, каб цалкам давяраць яе народу”. А калі фармуляваць менш цынічна, народ
мусіць вызначаць пераможцу паводле правілаў, якія вызначае эліта. Але гэта
магчымае толькі тады, калі сярод самой эліты існуе згода наконт гэтых правілаў.
У Беларусі гэта тым больш важна, што правілы гэтыя – ня толькі ўмовы
палітычнае гульні, гэта і самая дзяржава – “грамадзкая дамова”, паводле
Русо.
Здаецца, што нават пасьля сыходу Лукашэнкі ў Беларусі захаваецца сыстэма
моцнага прэзыдэнцтва. Не такога, зразумела, як зараз, але й не парлямэнцкая
рэспубліка. Апошняе – рэч цудоўная, але як бы беларусы, паглядзеўшы на
парлямэнцкае бязладзьдзе ды адсутнасьць волі, ня выйшлі праз паўгода на
вуліцы з партрэтамі Лукашэнкі.
1994 год ёсьць урокам ня толькі для апазыцыі, але й для намэнклятуры,
посткамуністаў, называй іх як хочаш. Урок у тым, што, па-першае, нельга
абмяжоўвацца адным захапленьнем уладаю і крадзяжом, патрэбныя пэўныя ідэйныя
мэты, а па-другое, нельга вызнаваць прынцып “усё ці нічога”, трэба дамаўляцца
з апазыцыяй хаця б дзеля захаваньня свайго становішча. Не прагнуў бы ў
свой час Кебіч “усяго”, ня выклікаў бы на дапамогу “джына”-Лукашэнку.
Тое, што пасьля сыходу Лукашэнкі ўладарыць будуць тыя ж, хто й раней,
вялікага сумневу не выклікае, але, калі яны будуць уладараць гэтак жа,
як і раней – прыйдзе новы Лукашэнка.
Палітычнае жыцьцё апошніх гадоў пляжыць, напаўняе нэгатыўным сэнсам
самыя добрыя паняцьці: “кансэнсус” асацыюецца са шматслоўем Гарбачова,
“згода” – зь ня надта ўдалым сьпікерствам Шушкевіча, “дыялёг” – з самай
апошняй лукашэнкавай гульнёю.
Але, так – патрэбныя і дыялёг, і згода. І размова, гледзячы па ўсім,
ужо пачалася. Сьведчаньне таму, напрыклад – распачатая гульня вакол альтэрнатыўнага
кандыдата ў прэзыдэнты. Ці ёсьць гэты кандыдат на самой справе – пакуль
хто ведае, але куды больш карысным вынікам гэтае кампаніі могуць стаць
“пабочныя эфэкты” – той самы альянс, які не адбыўся напачатку 90-х гадоў,
але можа скласьціся зараз. У рэшце рэшт у нашых краёх часам перамога на
выбарах і “палацавы пераварот” – гэта адное і тое ж: чыноўнікі, якім загадана
фальсыфікаваць выбары на карысьць аднаго, раптам фальсыфікуюць іх на карысьць
зусім іншай асобы…
Юры Дракахруст
|