RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Таварышч Сапега: гісторыя ў масавае сьвядомасьці беларусаў

Удзельнічаюць:Елена Башкірава, Міхаіл Пагрэбінскі, Ірэна Шуцінэ

(эфір 23.06.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Яшчэ ў 1994 годзе , калі Лукашэнка пачаў будаваць сваю “вэртыкаль”, нехта публічна спытаў, як кіраўнік дзяржавы ставіцца да прапановаў па мясцовым самакіраваньні , што распрацаваныя фондам імя Льва Сапегі. Новасьпечаны прэзыдэнт адрэагаваў імгненна, назваўшы прапановы “таварышча Сапегі” заўчаснымі. Адтуль і пайшло.

Зразумела, асоба, якая кіруе дзяржаваю і да таго ж называе сябе гісторыкам, магла б ведаць гісторыю сваей краіны крыху лепш. Але ў выніку атрымаўся трапны сымбаль часу, вобраз масавае сьвядомасьці, у якой старое перамешанае з новым у дзіўных і нават сьмешных суадносінах.

Некалькі год таму ў Беларусі было праведзенае апытаньне, пад час якога рэспандэнтам было прапанавана выбраць трох найбольш выбітных асобаў з вялікага сьпісу палітыкаў мінулага. Першае мейсца зь вялікім адрывам заняў Пётр Машэраў, за ім – расейскі цар Пётр I, потым незабыўны Леанід Ільліч Брэжнеў, за імі – Маргарэт Тэтчэр , Ленін і Андропаў, потым – расейскі прэмьер пачатку стагодьдзя Пётр Сталыпін.

Гэты стракаты сьпіс паказальны ў некалькіх адносінах. Ён відавочна дэманструе перарыў повязі часу – адлік часу ў грамадзскае сьвядомасьці фактычна пачынаецца з 1917 году, гісторыя, што налічвае некалькі стагодьдзяў, абмежоўваецца савецкім пэрыядам.

Гэтым тлумачыцца шмат што ў беларускае найноўшае гісторыі. Мадэлі палітычных паводзінаў, уяўленьні пра ролю і функцыі дзяржавы – усе гэта беларусы ў масавым парадку шукаюць выключна ў савецкай скарбонцы. Праўда, рэчы там знаходзяцца розныя.

Варта зьвярнуць увагу на першае мейсца, якое заняў у рэйтынгу выбітных дзеячаў мінуўшчыны Пётр Машэраў. Відавочна, што ня быў Машэраў ані палітыкам усясьветнага маштабу, ані нават самастойным кіраўніком сваей краіны, а быў правінцыйным чыноўнікам буйной дзяржавы.

Але грамацкая думка насуперак гэтым бясспрэчным меркаваньням выносіць яго на самы верх. Чаму ?

Відаць, сваю ролю тут адыгрывае і адносна высокі узровень жыцьця, які быў пры Машэраве, а таксама яго загадкавая гібель, якую шмат хто лічыць забойствам. Варта заўважыць, што афіцыйная прапаганда – і савецкая, і кебічаўская, і лукашэнкавая – упарта працавала і працуе над стварэньнем іконы Машэрава. Гэтым тлумачыцца, чаму Машэраў у вачох беларусаў вызначаецца сярод плоймы астатніх, зусім ужо шэрых кіраўнікоў былога беларускага адзьдзела КПСС. Але чаму масавая свядомасьць вылучае яго сярод усясьветна вядомых палітыкаў?

Падаецца, што гэта – праява хай сябе скалечанага, пазбаўленага гістарычнае памяці, але нацыянальнага пачуцьця.

Якасьці былога партыйнага кіраўніка Беларусі мы зараз адмыслова не абмяркоўваем. Па-першае, таму, што разглядаем ня столькі адносіны людзей да дзейнасьці рэальнае асобы, колькі да мітаў, да вобразаў, сфармаваных часткова прапагандаю, часткова – самой паўказачнае народнае сьвядомасьцю. А па-другое, асобы, што ўваходзяць у Пантэон нацыянальнае славы, далёка не заўжды з’яўляюцца прыкладам дабрыні, маралі і нават дзяржаўнае мудрасьці.

Напалеон, прыкладам, уцягнуў Францыю ў крывавую вайну з усім сьветам, якую да таго ж і прайграў. Пасьля Пятра I, якога так паважаюць і ў Беларусі, і ў Расеі, насельніцтва тагачаснае расейскае дзяржавы скарацілася на траціна. Гаворыцца гэта не дзеля таго, каб папікнуць французаў ці расейцаў, а дзеля канстатацыі – амаль у кожнага народу есьць свой “шкілет у шафе”, а часам гэтая “шафа” і Пантэон – адно і тое ж мейсца.

Атрыбут нацыі – гэта сама па сабе наяўнасьць Пантэону, а не якасьці тых асобаў, што там знаходзяцца. Зразумела, было б куды лепш, калі б беларусы сваімі першымі героямі называлі князя Вітаўта, Кастуся Каліноўскага і таго ж канцлера Льва Сапегу. Дарэчы, пад час узгаданага апытаньня гэтых волатаў беларускае гісторыі прыгадалі па 2-3 % апытаных – супроць 48% за Машэрава.

Але чалавеку, які мысьліць цьвяроза, зразумела, што рэальная альтэрнатыва таму, што есьць – гэта не наяўнасьць на чале сьпісу канцлера Сапегі, а адсутнасьць беларускіх палітыкаў увогулле, адсутнасьць Пантэону.

Вяртаючыся да ўзгаданага сацыялягічнага апытаньня, варта заўважыць, што амаль усе лідэры, якія падабаюцца беларусам – гэта лідэры жорсткія, аўтарытарныя. Зразумела, жорсткасьць Маргарэт Тэтчэр – гэта ня тое, што крывавая дыктатура Леніна, але спадарыню Тэтчэр таксама нездарма называлі “жалезнай лэдзі”. У той жа час, напрыклад, Гарбачоў і Хрушчоў, якія пры ўсіх іх грахах, усе ж такі далі людзям хаця б глыток свабоды - яны для сучасных беларусаў не куміры.

Гэтым часткова тлумачыцца і папулярнасьць Лукашэнкі.

Сымпатыі да жорсткіх лідэраў уласьцівыя ня толькі беларусам. Гаворыць прэзыдэнт расейскага сацыялягічнага цэнтру РОМІР Елена Башкірава. РОМІР – расейскі прадстаўнік усясветна вядомай сеткі сацыялягічных цэнтраў Gallup International.

(Башкірава: ) “ Паралельна існуе некалькі пластоў каштоўнасьцяў і адпаведна – некалькі асобаў, якія былі значнымі ў розныя гістарычныя эпохі. Есьць пэўныя механізмы чалавечае памяці – людзі часьцей узгадваюць тое, што бліжэй да іх. Пад час нядаўняга дасьледваньня мы задавалі пытаньне – хто ўвойдзе ў гісторыю Расеі XX стагодьдзя. І ў асноўным там былі названыя людзі недалёкага мінулага і сучаснасьці. Ленін – 53 %, Сталін і Гагарын – па 48%, далей Сахараў, і на такім жа ўзроўні – 23-24% - Гарбачоў. Напярэдадні выбараў мы вывучалі вобраз “ідэальнага прэзідэнта”. Мы задавалі пытаньне , за каго б апытаныя галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах, а ў якасьці кандыдатаў прапанавалі герояў кінафільмаў. На першае мейсца выйшаў маршал Жукаў, на другое – Штырліц, трэцім быў Глеб Жэглоў з фільма “Мейсца сустрэчы зьмяніць нельга”. Вельмі папулярным быў і цар Петр I, а на апошнім мейсцы апынуўся Гамлет. Прычым не мы прапаноўвалі кінагерояў, а людзі самі іх называлі. Што тут цікава – першае мейсца Жукава. Шмат кім з маладых людзей ён ўспрымаецца як асоба далекай мінуўшчыны. Галоўнае на мой погляд – гэта тое, што на чале дзяржавы людзі хочуць бачыць герояў, пераможцаў”.

Гаварыла расейскі сацыёляг Елена Башкірава.

Калі куміры - Жукаў, Штырліц і Жэглоў, абраньне Пуціна не павінна выклікаць зьдзіўленьня.

Зьвяртае на сябе ўвагу факт, што нават у расейскае масавае сьвядомасьці адбыўся правал усёй гісторыі, акрамя савецкага пэрыяду. І гэта пры тым, што як раз расейская гісторыя ў савецкія часы была хаця і сфальсыфікаваная, але ж не забароненая, у адрозненьні ад беларускай.

І на аўтакратаў расейская гісторыя надта багатая. Але і расейцы шукаюць сабе куміраў у недалекай савецкай мінуўшчыне.

Вельмі цікавым падаецца фэномен, які сп-ня Башкірава называе “накладаньнем каштоўнасьцяў”: паміж новым і старым не адбываецца сынтэзу, новае суіснуе разам са старым, накладаючыся на яго, ствараючы парадоксы кшталту “таварышча Сапегі”.

А вось вобраз Прынца Дацкага расейцаў не натхняе, перавагу яны аддаюць пераможцам: у лепшым выпадку – Фарцінбрасам. Паводле меркаваньня дырэктара Кіеўскага інстытуту палітычных дасьледваньняў і канфлікталёгіі Міхаіла Пагрэбінскага, гэта – агульная рыса посттаталітарнай сьвядомасьці.

(Пагрэбінскі: ) «У масавае сьвядомасьці посттаталітарнага грамадзства авторытарныя лідэры карыстаюцца большай прываблівасьцю. Гэта – агульная рыса амбівалентнай пасттаталітарнай сьвядомасьці, калі адначасна можна быць прыхільнікам пэўных каштоўнасьцяў дэмакратычнага грамадзства і захапляцца аўтарытарнымі лідэрамі”.

Але гістарычны досьвед у масавае сьвядомасьці украінцаў мае пэўныя асаблівасьці. Ізноў гаворыць Міхаіл Пагрэбінскі.

(Пагрэбінскі: ) “Гаварыць пра масавую сьвядомасьць украінацаў наогул вельмі цяжка. У розных рэгіёнах існуе рознае стаўленьне да гістарычнага Пантэону. На Захадзе Ўкраіны героямі лічаццца такія асобы, як Сымон Петлюра і іншыя прадстаўнікі нацыянальна-вызвольнага руху. А на Ўсходзе збольшага тыя ж героі, што і ў Расеі: цар Петр Першы, для пэўнай колькасьці людзей гэроямі застаюцца Ленін і Сталін. Як паказалі нашыя дасьледваньні, ёсьць немалая група людзей, якая з пашанаю ставіцца да Гарбачова, што для нас было дастаткова дзіўным.

Калі гаварыць пра Сцяпана Бандэру, Сімона Петлюру – гэта героі масавай сьвядомасьці ў Галычыні, а ня толькі прадстаўнікоў інтэлектуальнае эліты”.

Гаварыў украінскі сацыёляг Міхаіл Пагрэбінскі.

І ўжо зусім адрознае ад беларусаў стаўленьне да сваёй гісторыі дэманструюць літоўцы. Распавядае супрацоўнік літоўскага інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Ірэна Шуцінэнэ.

(Шуцінэнэ: ) “На працягу 1991-1995 гадоў праводзіліся сацыялягічныя дасьледваньні па вызначэньні самай папулярнай гістарычнай асобы Літвы. А напачатку 1999 году часопіс “Экстра” высьвятляў, каго чытачы лічаць “асобаю стагодьдзя”. Паводле вынікаў у 1991 годзе самымі папулярнымі былі кіраўнікі сярэднявечнае дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Другую групу складалі героі нацыянальнага адраджэньня канца XIX - пачатку XX стагодьдзя, а таксама прэзыдэнты міжваенае Літоўскае рэспублікі. З цягам часу зьменшылася папулярнасьць сярэднявечных князёў, павялічылася – асобаў міжваенага перыяду, да іх дадаліся палітыкі часоў аднаўленьня незалежнасьці Літвы 1989-1991 гадоў. Падаецца, што пасьля аднаўленьня незалежнасьці зьнікла неабходнасьць ідэалізаваць мінулае”.

Гаварыла літоўскі сацыёляг Ірэна Шуцінэнэ. Варта адзначыць, што савецкім часам і постацямі таго перыяду літоўцы не надта захапляюцца.

(Шуцінэнэ: ) “Апытаныя прыгадвалі толькі імя першага сакратара кампартыі Літвы Антанаса Сьнечкуса. В 1991-1995 гадоў Сьнечкус у сьпісе быў 10-м, яго назвалі 5% апытаных. Але пад час апытаньня 1999 года яго не было ужо нават у першай двадцадцы. Значэньне Сьнечкуса частка рэспандэнтаў зьвязвае з адстойваньнем нацыянальных інтарэсаў у савецкія часы, для іншых важна тое, што пры ім была стабільнасьць”.

Ірэна Шуцінэнэ паведаміла, што ў 1999 годзе “чалавекам стагодзьдзя” чытачы часопісу “Экстара” назвалі лідэра і ідэёляга нацыянальнага адраджэньня Ёнаса Басанавічуса – асобу зусім не аўтарытарную. А папулярнасьць кіраўніка міжваенага аўтарытарнага рэжыму Антанаса Сметоны паводле дасьледваньняў звязана не зь яго аўтарытарнасьцю. Яго папулярнасьць з 1991 па 1999 год павялічвалася разам з папулярнасьцю іншых кіраўнікоў міжваенае Літвы. Ірэна Шуцінэнэ лічыць, што крытэрый ацэнак літоўскае масавай сьвядомасьці – не аўтарытарнасьць, а роля гістарычных асобаў у станаўленьні дзяржаўнасьці і незалежнасьці .

Так што сьпісваць усё на савецкую прапаганду наўрад ці варта: у СССР усіх вучылі аднолькава, але вынікі, як бачым, атрымаліся надта розныя. Аднак сучасны стан справаў – ня ёсьць нешта наканаванае, ад веку і назаўсёды дадзенае. Зразумела, гістарычныя ўяўленьні людзей не зьмяняюцца хутка, але невыпадкова, што зараз беларуская ўлада вядзе са школьнымі падручнікамі па гісторыі барацьбу ня меньш зацятую, чым з палітычнай апазыцыяй. У свой час Зьбігнеў Бжэзінскі назваў СССР краінаю з непрадказальнаю мінуўшчынай. Гэта справядліва і для сучаснае Беларусі.

Але пабудова беларускага Пантэону ўсе ж такі распачатая. А у пэрспектыве і канцлер Сапега і таварышч Машэраў зоймуць у ім належнае мейсца.

Юры Дракахруст
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org