RFE/RL |
Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход: беларускі адказ.Удзельнічаюць: Андрэй Вардамацкі, Максім Сакалоў. (эфір 9.06.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст Куды павесьці краіну – праблема ня толькі для “таварышча Сапегі” – героя песьні Шалкевіча, і для яго прататыпа, але і для беларускага грамадзтва. Звычайна пытаньню “Зь кім мы?” папярэднічае пытаньне “Хто мы?”. “Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, і разам ім не бываць” – пісаў брытанскі клясык Рэд’ярд Кіплінг. Усе сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што значная частка беларускага
насельніцтва (каля паловы) ня проста прыхільна ставіцца да Расеі , але
і гатовая нават аб’яднацца зь ёю ў адзіную дзяржаву.
Зьвернемся да сацыялягічных дасьледаваньняў. Паводле вынікаў апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у апошнія гады больш за траціну апытаных адказвалі, што лічаць краінаю-узорам для Беларусі Нямеччыну, а кожны пяты бачыць такі ўзор у Злучаных Штатах Амэрыкі. Для параўнаньня: тую самую Расею, зь якой амаль кожны другі гатовы ня толькі сябраваць, але і аб’яднацца – гэтую Расею бачаць узорам для Беларусі каля 1% апытаных. Як той казаў, хачу таго – жадаю іншага. Але з другога боку нават у праваслаўных беларусаў няма непераадольных забабонаў супраць Захаду. Гаворыць кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі НОВАК Андрэй Вардамацкі. (Вардамацкі: ) “Паводле дадзеных нашых апытаньняў, адносіны беларусаў да Захаду, да заходніх краінаў у цэлым пазытыўныя. Напрыклад, дзьве траціны апытаных не пагаджаюцца з тэзаю пра тое, што заходняя цывілізацыя варожая праваслаўным народам, з гэтым згодны толькі кожны чацьверты. Так што тэорыя заходняй змовы ў Беларусі, як бачым, ня надта папулярная. Больш таго, заходні ўплыў на Беларусь нашыя суграмадзяне ацэньваюць хутчэй станоўча. Праўда, тут варта зьвярнуць ўвагу на істотныя адрозьненьні ў стаўленьні да Заходняй Эўропы і Злучаных Штатаў. Калі ўплыў Эўразьвязу пазытыўна ацэньваюць больш за траціну апытаных, то амерыканскі ўплыў лічаць станоўчым толькі 17%. Праўда, расейскі ўплыў на Беларусь станоўча ацэньваюць больш за тры чвэрці рэспандэнтаў, але параўнальна няшмат людзей лічаць, што Беларусі і Расеі варта аддзяліцца ад астатняга сьвету. Толькі чвэрць апытаных пагадзілася з тым, што Беларусь і Расея павінныя стварыць сумесную ізаляваную гаспадарку, каб не залежаць ад усясьветных цэнтраў эканамічнага ўплыву. Такім чынам, атрымліваецца, што большасьць зусім ня хоча ізаляцыі, нават разам з Расеяй: беларусам патрэбная ня толькі Расея, але ўвесь свет”. Гэта быў кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі НОВАК Андрэй Вардамацкі. Масавыя сымпатыі да Захаду часам прымаюць нават камічныя формы. Пад час красавіцкага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў больш за 40% адсоткаў апытаных выказалі меркаваньне, што блёк НАТА і яго пашырэньне на Ўсход нясуць пагрозу для Беларусі. Але ў Амэрыцы ўбачылі пагрозу ўдвая менш людзей, а ў іншых натаўскіх краінах – наогул зусім адзінкі: пагрозу з боку Польшчы адзначылі 4%, Нямеччыны – 2%, Англіі і Францыі – менш 1%. Кактэйль з прапагандысцкага ўзьдзеяньня і жыцьцёвага здаровага сэнсу
прыводзіць да дзіўнага выніку: беларусы баяцца НАТА, не баючыся краінаў,
якія гэты міждзяржаўны саюз складаюць.
Падаецца, што паваенны сындром Нямеччыны як ворага ў беларускай масавай сьвядомасьці ў значнай ступені ўжо пераадолены. Застаюцца, зразумела, “звышпатрыёты” савецкага гатунку, якія працягваюць вайну нават з мёртвымі і змагаюцца супраць таго, каб жаўнераў вермахту, што загінулі на беларускай зямлі, пахаваць па-людзку. Але падобныя зьявы ўсе ж-такі маргінальныя, нават лукашэнкаўскае кіраўніцтва дэманструе сымпатыі да Нямеччыны і жаданьне супрацоўнічаць зь ёю. Нават са сьвятам Перамогі – сьвятам сапраўды народным, адбылася няўлоўная зьмена: яно страціла сваю, так бы мовіць, накіраванасьць. Гэта ўжо –перамога, нібыта, не над немцамі, і ў любым выпадку – не над сучасным пакаленьнем немцаў, а проста Перамога. У гэтам, дарэчы, адрозьненьні беларусаў ад, напрыклад, ангельцаў, дзе і сярод эліты, і ў простым народзе насьцярожанасьць у дачыненьні да Нямеччыны захоўваецца і дагэтуль. Зараз, калі адчыніліся некаторыя архівы, стала вядома, што найбольш рашуча аб’яднаньню Нямеччыны ў 1990 годзе супрацьдзейнічаў не Міхаіл Гарбачоў, а брытанскі ўрад на чале з Маргарэт Тэтчар. Баявыя дзеяньні НАТА ў Югаславіі, а дакладней кажучы, тое, як падавалі гэтыя падзеі беларускія і расейскія мэдыі, сур’ёзна пахіснула сымпатыі беларусаў да заходніх краінаў. Але “адліў” быў хаця і значным, але кароткачасовым: ужо ўвосень 1999 года паказчыкі адносінаў насельніцтва да заходніх краінаў вярнуліся на сыходныя пазыцыі. Цікава, што ўсю адказнасьць за апэрацыю на Балканах беларуская масавая сьвядомасьць “усклала” на ЗША, эўрапейскіх ўдзельнікаў апэрацыі беларусы нібы не “заўважылі”. З гэтага вынікае, што стаўленьне беларусаў да Захаду, хаця і дружалюбнае, але ня вельмі ўстойлівае, гэта ў значнай ступені стаўленьне да таго вобразу, які ствараюць беларускія і расейскія сродкі масавай інфармацыі. Гэтая няўстойлівасьць праяўляецца і ў тым, што шмат хто з жадаючых жыць,
як на Захадзе – ў Нямеччыне ці ЗША, ня супраць, каб адначасна Беларусь
далучылася да Расеі. Зразумела, сярод амэрыкана- і германафілаў прыхільнікаў
зьліцьця з Расеяю менш, чым ў грамадзтве ў цэлым, але адрозьненьні на некалькі
адсоткаў, а не ў разы.
(Вардамацкі: ) “У адказах на пытаньне пра найлепшы зьнешнепалітычны курс краіны мы таксама ня бачым абсалютнай арыентацыі на Расею: за далейшае паглыбленьне адносінаў з Расеяю выступаюць 37 % апытаных, 15 % лічаць, што палітыка павінна быць павернутая ў бок Захаду і мець на мэце ўваходжаньне ў Эўразьвяз. Але найбольшая колькасьць апытаных аддае перавагу больш, так бы мовіць, “беларускаму” адказу: яны лічаць, што трэба арыентавацца адначасна і на Расею, і на Захад”. Гаварыў Андрэй Вардамацкі. Яшчэ адна асаблівасьць: істотныя адрозьненьні ў стаўленьні беларусаў да краінаў Эўразьвязу і ЗША , і да краінаў Усходняй Эўропы, якія на той Захад імкнуцца. Напрыклад, Польшчу ў якасьці краіны-ўзору для Беларусі абіраюць толькі
6 % апытаных. Яшчэ больш яскрава гэтае адрозьненьне праяўляецца пры вывучэньні
адказаў на пытаньне, каго з усясьветнавядомых сучасных палітыкаў беларусы
лічаць сваім ідэалам.
Магчыма, тлумачыцца гэта зусім проста: жыцьцё, напрыклад, у Нямеччыне лепш, багацей за польскае жыцьцё, таму беларусам “далекі” Захад разам зь ягонымі кіраўнікамі і падабаецца больш, чым “блізкі”. Але падаецца, што ў гэтага адрознага стаўленьня ёсьць і больш глыбокі зьмест. Неяк давялося мне ад аднаго расейскага палітоляга пачуць: “Калі Беларусь
адвернецца ад Расеі, адмовіцца ад інтэграцыі зь ёю, дык павернецца ў бок
Польшчы, будзе зь ёю інтэгравацца”. Вонкавы погляд, нават памылковы, часам
дапамагае лепш зразумець сябе.
Мае права на існаваньне гіпотэза, што ці лёс, ці расейцы зрабілі беларусаў глябалістамі. Беларусы згодныя быць часткаю вялікага гэапалітычнага саюзу – усходняга ці, нават, заходняга, але не хаўрусьнікамі народу, сувымяральнага па колькасьці зь імі. Так што паварот ад Масквы, калі і адбудзецца, то ня ў бок Варшавы, а ў бок Бэрліну, Вашынгтону і Парыжу. Вось як бачыць магчымыя зьмены зьнешняй палітыкі Беларусі пасьля сыходу Аляксандра Лукашэнкі вядомы расейскі публіцыст Максім Сакалоў. (Сакалоў: ) “Магчымыя нейкія вельмі рэзкія рухі ў розныя бакі. Магчыма, напрыклад, цяперашнія шашні з Расеяю зьменяцца ня менш бязглуздымі шашнямі з Захадам, што прынясе Беларусі не нашмат больш карысьці. А ў рэшце рэшт усе будзе прыкладна як ў Румыніі, дзе пасьля бурнае народнае рэвалюцыі ўсе выйшла “на кругі свае”, і Румынія як была адной з самых бязладных краінаў у Эўропе, так, на жаль, і засталася”. Гэта быў расейскі публіцыст Максім Сакалоў. З думкаю, што безаглядны ўхіл Беларусі на Ўсход можа зьмяніцца гэткім жа безаглядным ўхілам на Захад, ня згодны кіраўнік сацыялягічнае лабараторыі НОВАК Андрэй Вардамацкі. Ён пры гэтым спасылаецца на дадзеныя апытаньня, якія тычацца адносінаў беларусаў да праблемаў нацыянальнае бясьпекі. (Вардамацкі: ) “46 % апытаных выступаюць за стварэньне абароннага саюзу з Расеяй, 8 % – за ўступленьне ў НАТА, але 37 % – за нэўтральную Беларусь. Наконт безагляднасьці магу сказаць, што беларусы ня той народ, які характарызуецца гэтым словам. Тут хутчэй можна сказаць пра “77 разоў адмер”. Гэта быў сацыёляг Андрэй Вардамацкі. Што ёсьць – тое ёсьць, нават імкненьне часткі грамадзтва ў Расею па-сутнасьці – пачуцьцё супярэчлівае. Нездарма ж нават сярод тых, хто выступае за зьліцьцё з Расеяю, амаль палова – адначасна і за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Хаця б дзеля таго, каб захаваць магчымасьць выбару, каб кідаць вокам і на Ўсход, і на Захад, а пры нагодзе – скарыстаць і тых і іншых. Паводле дадзеных лябараторыі Андрэя Вардамацкага, на пытаньне “Да каго Беларусі варта зьвяртацца па фінансавую дапамогу?” кожны чацьверты адказаў – да Расеі, кожны пяты – да Захаду, а 40% лічаць, што па грошы трэба зьвяртацца да ўсіх, хто дасьць. Абачлівасьць і памяркоўнасьць беларусаў – якасьці наогул легендарныя, але ня ўсе іх дзеяньні, напрыклад, абраньне першага прэзыдэнта, гэтымі якасьцямі можна патлумачыць. І беларускі глябалізм, магчыма, вынікае з крыху казачнага погляду на сьвет, з чаканьня цуду ад геапалітычных камбінацыяў – што з Расеяю, што з Захадам. Зразумела ж, што калі лёзунг “Беларусь – у Эўропу” з мітынговага воклічу стане стрыжнем дзяржаўнае палітыкі, шлях гэты будзе ў самым лепшым выпадку такім жа, як Польшчы, Чэхіі ды Літвы. Але ня любяць беларусы стаяць у чарзе. Адсюль у Беларусі даволі нізкія рэйтынгі лідэраў, якія вядуць свае краіны ў Эўропу цяжкім, няпростым шляхам. Беларусаў жа прываблівае іншы шлях, казачны: прачнуўся, а вакол – Захад. Можа, зараз гэтыя праблемы падаюцца неактуальнымі: тут варта думаць пра тое, як бы ў Расеі не апынуцца. Усё так, але не адным днём жывем. У пэўнай ступені якраз на глябалізме, на спадзеве на цуд Лукашэнка і злавіў беларусаў. Трэба думаць, як не папасьціся другі раз, стаміўшыся на шляху, які ў любым выпадку будзе даўгім. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |