RFE/RL |
Новыя правілы старое гульні: беларуска-расейскія адносіны пры Пуціне.Удзельнічаюць: Янка Запруднік, Андрэй Піянткоўскі і Вячаслаў Оргіш. (эфір 26.05.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст Размова якраз пра “обшчаславянскае братства”, пра дзіўную, бясконцую і тым ня менш небясьпечную гульню, якую беларуская ўлада і беларускае грамадзтва, дарэчы, вядзе з суседнім народам. Палітычныя зьмены, якія ў Расеі пачаліся і працягваюцца з прыходам новага ўладара, паклалі канец ня толькі пэўнаму этапу гэтай гульні, але і прыводзяць да зьмены саміх яе правілаў. На падставе апошніх супярэчлівых дзеяньняў Менску і Масквы нейкую дакладную тэндэнцыю пакуль вызначыць цяжка. Расея ўзнаўляе мытную мяжу і разам з тым дае Беларусі буйныя ваенныя заказы. Паводле апошняй інфармацыі, Цэнтрабанк Расеі нарэшце згадзіўся даць Беларусі крэдыт ў памеры 200 мільёнаў даляраў. Пад час апошняй сустрэчы кіраўнікоў краінаў мытнага саюзу ў Менску Лукашэнка пры падтрымцы Назарбаева упарта спрабуе пераканаць Пуціна зьмяніць парадак спагнаньня падатку на дадатковую вартасьць. Спрабуе упарта, але безвынікова. Пуцін на Прохараўскім полі разам з Лукашэнкам бомкае ў звон, які сымбалізуе славянскае яднаньне, але падчас свайго візыту ў Менск холадна канстатуе, што колькі-небудзь сур’ёзную інтэграцыю немагчыма будаваць пры розных эканамічных сістэмах. Лукашэнка то палохае сьвет паўмільённай беларуска-расейскаю вайсковаю групоўкаю, якая нібыта хутка паўстане на мяжы з Польшчай, то абвяргае сам сябе і тлумачыць, што незьлічоныя беларуска-расейскія раці пад Берасьцем з’явяцца толькі ў выпадку вайны. На кожнае “так” ёсьць свае “не”. Але за гэтым мільганьнем палягаюць зьмены больш сутнасныя , якія ўжо
зараз вызначаюць контуры новых беларуска-расейскіх адносінаў.
Вельмі трапна мэханізм ранейшых беларуска-расейскіх адносінаў апісаў
расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі ў сваім нядаўнім артыкуле ў “Новой
газете”: “Раз на год Лукашэнка ўрачыста прыбываў ў Крэмль, прафэсійна песьцячы
эрагеныя зоны расейскае палітычнае клясы, заварожваючы яе салодкімі словамі
пра славянскае братэрства і адраджэньне саюзу… Расейскія вароны папрыносілі
яму велізарныя кавалкі смачнага сыру ў выглядзе субсыдаваных паставак энэрганосьбітаў,
“чорнай дзіркі” мытнага саюзу, якая прыносіла яго асабістаму фонду мільярды
даляраў…,” – піша Андрэй Піянткоўскі ў артыкуле “Разьвітаньне са славянінам”.
(Піянткоўскі: ) “Усе гэтыя геапалітычныя комплексы расейскай палітычнай эліты – яны нікуды не падзеліся. Маскве хацелася б для рэалізацыі гэтых комплексаў зь кім- небудзь рэальна аб'яднацца. Але ў тым і праблема, што Лукашэнка рэальна аб'ядноўвацца ня хоча, ён ніколі не памяняе свой камфортны стан дыктатара невялікай эўрапейскай дзяржавы на ролю сакратара менскага абкаму ці губэрнатара. А ў сьвятле навацыяў спадара Пуціна ў справе адміністрацыйнай пабудовы Расеі – наогул другаснага чыноўніка. Справа ня ў самім Лукашэнку. Вакол Лукашэнкі таксама вырасла каманда, беларуская эліта, якая прызвычаілася лётаць на ўрадавых самалётах і разьмяркоўваць сродкі, якія ідуць праз прэзыдэнцкія праграмы. Справа беларуска-расейскага аб’яднаньня ўсур’ёз загамуе з прычыны відавочнага несупадзеньня інтарэсаў Масквы і Менску”. Магчыма, сапраўды інтарэсы ўладных элітаў дзьвюх краінаў ўсе далей разыходзяцца і, як кажуць, “сыйсьціся ў цане” Беларусі ім ўсе цяжэй. Але Беларусь і Расея – не адзіныя ў сьвеце. Адносіны Расеі з Захадам балянсуюць на мяжы “халоднага міру” і “халоднай вайны”. Падаецца, што, калі адносіны Расеі з Захадам пагоршацца яшчэ больш, калі ізаляцыя Масквы паглыбіцца, супярэчнасьці паміж Менскам і Масквою адыйдуць на другі плян: сындром “асаджанага муру” пагоніць іх насустрач адно аднаму. У Андрэя Піянткоўскага на гэты конт іншае меркаваньне. (Піянткоўскі: ) “Вы маеце рацыю пры ўмове Вашага “калі” - калі адносіны будуць пагаршацца. Тады Лукашэнка сваю ролю шчыта, які абараняе нас ад заходніх “ордаў”, будзе прапаноўваць вельмі настойліва. Але справа ў тым, што Масква робіць стаўку на паляпшэньне адносінаў з Захадам. Пасланьне Пуціна Захаду вельмі простае: я буду рабіць ўсё, што я хачу ў сваёй уласнай краіне, гэта мае ўнутраныя справы, вы ў гэта ня лезьце, са свайго боку я гатовы быць канструктыўным ў міждзяржаўных адносінах, у прыватнасьці, ў пытаньнях кантролю за ўзбраеньнямі. Той адказ, які Масква атрымлівае ад Блэра, Клінтана і іншых лідэраў – вельмі станоўчы:”Yes, sir. Мы прымаем Вашыя правілы гульні”. Так што пакуль і ў гэтым падзеі разьвіваюцца не на карысьць Лукашэнкі”. Варта адзначыць, што менавіта з прыходам да ўлады ў Расеі Пуціна неяк сьцішыліся размовы пра палітычную інтэграцыю, нават стварэньне саюзнага парлямэнту па ініцыятыве Масквы адкладзенае на 2001 год, што амаль сынонім адкладаньня назаўжды. Магчыма, пазбавіўшыся ад самых вострых формаў настальгічных комплексаў, расейская палітычная эліта зразумела межы сваіх магчымасцяў. (Піянткоўскі: ) “Масква страціла рэальны шанц на інтэграцыю, калі дапамагла Лукашэнку расправіцца з больш паслухмянай старакамуністычнай элітай Беларусі: Шарэцкім, Грыбам, Кебічам. З гэтымі асобамі Масква магла дамовіцца пра аб’яднаньне на ўмовах, якія яе задавальнялі. У асобе Лукашэнкі Масква вырасьціла новую маладую агрэсыўную эліту, акая адчула смак незалежнасьці і ўлады ў сувэрэннай краіне. Паставіўшы на Лукашэнку, Масква прайграла бітву за аб’яднаньне. І я лічу, што зараз Масква будзе канцэнтраваць увагу не на мегаламанічных праектах аб’яднаньня, а на рэалізацыі сваіх канкрэтных інтарэсаў. Эканамічныя інтарэсы, транспартныя артэрыі – ўсе гэтыя інтарэсы аб’ектыўныя, але іх цалкам магчыма разьвіваць, задавальняць і рэалізоўваць ў межых супрацоўніцтва дзьвюх незалежных дзяржаваў”. Інтарэсы ўладнай эліты, яе нежаданьне губляць свой статус і прывілеі сапраўды зьяўляюцца даволі сур’ёзным падмуркам беларускай незалежнасьці. Прычым у Беларусі гэты матыў праявіўся, так бы мовіць, ў “чыстым” выглядзе, “неабцяжараным” нацыянальнымі пачуцьцямі. Лукашэнка, калі яго абіралі прэзыдэнтам, абсалютна шчыра казаў пра свой намер аднавіць дзяржаўнае адзінства, так бы мовіць, “дзьвюх частак аднаго народу” – беларусаў і расейцаў. З тае пары прайшло 6 гадоў – Беларусь, як была, так і застаецца незалежнаю дзяржаваю. І ня толькі з-за супраціву апазыцыі і немалой часткі грамадзтва. У самім Лукашэнку змагаюцца два імпульсы, два матывы – homo politicus і homo soveticus. Зьмена палітычнае сытуацыі ў Расеі разводзіць гэтыя імпульсы, робіць іх нават супрацьнакіраванымі. Вось меркаваньне на гэты конт амэрыканскага дасьледчыка, аднаго з найбольш дасьведчаных прадстаўнікоў беларускай эміграцыі прафэсара Янкі Запрудніка: (Запруднік: ) “Лукашэнка амбітны палітык, спрытны палітык, ён можа цаніць ўладу, якую ён мае, і не пайсьці задалёка насустрач крамлёўскім інтэгратарам. Але я баюся, што ў некаторай сытуацыі ён можа быць не гаспадаром свае волі. З другога боку, апазыцыя на Беларусі, як выглядае, мацуецца, і ёсьць, павінныя быць, пэўныя элемэнты ў адміністрацыі Лукашэнкі, ва ўрадзе беларускім, якія, пэўна ж, бачаць небясьпеку паглынаньня Беларусі Расеяй, ператварэньня рэспублікі ў нейкую правінцыю і, магчыма, яны могуць адыграць ролю, так бы мовіць, збаўцаў беларускага сувэрэнітэту. Я думаю, што прызначэньне Касьянава, экспэрта па замежных пазыках, прэм’ерам, паказвае, што Пуцін будзе лічыцца з думкаю Захаду. Паколькі Вашынгтон і Заходняя Эўропа займаюць штораз больш рэзкую пазыцыю ў дачыненьні да пагвалтаваньня сувэрэнітэту Беларусі, гэта можа пайсьці на карысьць захаваньню статус-кво”. Падаецца, што зараз, сапраўды, новым правілам інтэграцыйнае гульні робіцца падвышэньне ў ёй ролі Захаду. Прычым, падвышэньне заходняга фактару будзе адбывацца ў двух накірунках: Захад будзе вызначаць ступень дапушчальнага расейскага кантролю над Беларусьсю ў непасрэдным дыялёгу з Масквой паляпшэньне адносінаў з Захадам афіцыйнага Менску можа палепшыць пазыцыі Лукашэнкі ў яго размовах з кіраўніцтвам Расеі. Пра гэта гаворыць беларускі дасьледчык Вячаслаў Оргіш: (Оргіш: ) “Зараз мы назіраем быццам бы супярэчлівыя яго дзеяньні, звязаныя з гульнёю ў так званы “дыялёг”. Ён заігрывае, відавочна заігрывае з апазыцыяй. Ён разумее, што пэўныя станоўчыя адносіны з апазыцыяй дазволяць яму атрымаць нейкія палітычныя козыры, прынамсі, дазволяць больш рацыянальна пабудаваць адносіны з Захадам, які здольны, дарэчы, сбалянсоўваць ягоныя адносіны з Масквой. Гэтая карта, мажліва адзіная, з дапамогай якой ён мяркуе выратавацца ў небясьпечным для яго становішчы”. Пад час нашай завочнай дыскусіі мы амаль нічога не гаварылі пра тое, як да інтэграцыйных гульняў ставіцца грамадзтва - чыім імем клянуцца ўдзельнікі гэтых гульняў. Але дагэтуль стан грамадзкай думкі ў Беларусі ў адносінах да ўсходняга суседу такі, што ўлада можа выбіраць самыя розныя варыянты адносінаў з Расеяй. Паводле вынікаў сацыялягічных апытаньняў адносіны грамадзкай думкі да пэрспэктывы стварэньня адзінае з Расеяй дзяржавы даволі няўстойлівыя: расейскі крызіс 1998 году – рэзкае падзеньне інтэграцыйных настрояў, вайна ў Югаславіі – рэзкі ўздым, пачатак другой вайны ў Чачні – ізноў падзеньне, абраньне прэзыдэнтам Расеі Пуціна – колькасьць гатовых галасаваць на рэфэрэндуме за аб’яднаньне перавысіла 55%. У аўтарытарных дзяржавах кшталту сучаснай Беларусі ўладары наогул ня вельмі лічацца з грамадзкай думкай, ў Беларусі да таго ж грамадзтва ў пытаньні аб’яднаньня яшчэ і расколатае з невялікай перавагаю “інтэграцыяністаў”. У пэўнай ступені сучасны момант – паваротны, шмат якія чыньнікі вызначацца ў бліжэйшыя месяцы. Але папярэдні аналіз сьведчыць пра тое, што новы балянс выгод і стратаў ад аб’яднаньня для беларускай і расейскай элітаў, новыя правілы гульні ў трохкутніку Захад-Беларусь-Расея будуць больш чым раней спрыяць захаваньню палітычнага сувэрэнітэту Беларусі. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |