RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Ці будуць альтэрнатыўнымі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі?

Удзельнічаюць: Ірына Бугрова, Сяргей Маркаў.

(эфір 26.01.2001)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст.

Ці адбудуцца ў Беларусі сёлета прэзыдэнцкія выбары? Ну, кіданьне ў выбарчыя скрыні бюлетэняў з напісанымі на іх прозьвішчамі кандыдатаў, зразумела, адбудзецца, працяг паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі праз галасаваньне ў “кішэнным” нацыянальным сходзе ці праз чарговы рэфэрэндум уяўляецца ўсё ж варыянтам надзвычай экзатычным. Не выклікае сумненьняў, што ў параўнаньні з цяперашняй выбарчай кампаніяй умовы мінулых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году будуць выглядаць узорам дэмакратычнасьці і справядлівасьці: улада ўжо зараз, загадзя пазбаўляе апанэнтаў інфармацыйных і арганізацыйных магчымасьцяў: дастаткова прыгадаць пагром друкарні “Мэджык”, справу “8-га каналу” ці спробы разваліць Фэдэрацыю прафсаюзаў – апірышча Ўладзімера Ганчарыка. Хутчэй за ўсё падобныя трукі – не апошнія. Разам з тым, калі ўлада абмяжуецца толькі стварэньнем канкурэнтам разнастайных перашкодаў, магчымасьць барацьбы і, нават, магчымасьць перамогі ўсё ж захаваецца.

Але досьвед апошніх гадоў сьведчыць пра верагоднасьць і небясьпеку зусім іншага, простага, як аглобля, сцэнару – усе больш-менш сур’ёзныя канкурэнты могуць быць выключаныя з барацьбы яшчэ на этапе рэгістрацыі.

Гаворыць супрацоўнік менскага міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Ірына Бугрова.

(Бугрова: ) “Адна з апошніх заяваў Лідзіі Ярмошынай гучала так: прэзыдэнцкія выбары будуць такімі ж дэмакратычнымі і празрыстымі, як у “палату прадстаўнікоў”. Мы ведаем, якімі былі выбары ў палату прадстаўнікоў, так што пакуль ёсьць арыентацыя на выбары менавіта такога тыпу”.

Гэта было меркаваньне беларускага палітоляга Ірыны Бугровай.
І пад час мясцовых выбараў 1999 году, і пад час выбараў у “палату прадстаўнікоў” сябры розных плыняў беларускай апазыцыі горача спрачаліся, ці не паспрыяе іх удзел у гэтых выбарах міжнароднай легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі: за некалькі дзясяткаў мейсцаў для апазыцыі ў дэкаратыўных Саветах і палатах улада атрымае прызнаньне сьвету і выськлізьне з міжнароднай ізаляцыі.

Здавалася б, такі “абмен” быў бы для ўлады выгодны. У межах перамоўнага працэсу, а таксама па-за яго межамі, заходняя дыпляматыя падобную зьдзелку Лукашэнку прапаноўвала.

Але, як мы ведаем, Лукашэнка на яе не пагадзіўся ані ў 1999 годзе, ані ў 2000 годзе. У абодвух выпадках выбарчыя камісіі “выразалі” яшчэ на этапе рэгістрацыі амаль усіх колькі-небудзь апазыцыйных кандыдатаў. Надта фальсыфікаваць вынікі галасаваньня нават і не спатрэбілася, выбары атрымаліся фактычна бяз выбару.

Іншымі словамі, адсутнасьць апазыцыянэраў нават ў дэкаратыўных ворганах улады аказалася для Лукашэнкі больш важнай, чым нейкае міжнароднае прызнаньне.

Што ж тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, то тут цана зьдзелкі робіцца істотна больш высокай. Ці маглі б апазыцыйныя дэпутаты, патрапіўшы ў “палату прадстаўнікоў”, калі-небудзь стварыць рэальную процівагу ўладзе кіраўніка дзяржавы – пытаньне спрэчнае. Але зараз прапановы правесьці дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары для Аляксандра Лукашэнкі гучаць як патрабаваньні павялічыць пагрозу страты ім усёй улады. Ці пагодзіцца ён абмяняць гіпатэтычнае прызнаньне ў выпадку перамогі на відавочнае павелічэньне магчымасьці паразы? У 1999-2000 гадох кіраўнік Беларусі адмаўляўся ад значна больш выгадных і рызыкоўных зьдзелак.

Пра магчымасьць правядзеньня ў Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў бяз выбару гаворыць дырэктар расейскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргей Маркаў.

(Маркаў: ) “Гэта сапраўды можа адбыцца і гэта парадаксальна. Таму што, калі б выбары прайшлі цалкам дэмакратычна і справядліва, я мяркую, што ў Лукашэнкі былі б неблагія шанцы перамагчы. Але нягледзячы на гэта, узьнікае ўражаньне, што беларускія ўлады будуць ствараць перашкоды яркім кандыдатам, каб ня даць ім “раскруціца” на будучыню, не дазволіць, каб узышла іх палітычная “зорка”.
Беларускія ўлады вядуць сябе крыху па-савецку. Калі б Гарбачоў у свой час не спалохаўся і пайшоў на ўсеагульныя выбары, ён бы перамог на іх з трыюмфам і значна ўмацаваў бы сваю палітычную легітымнасьць. Але ён спужаўся і ў сьнежні 1991 году страціў сваю ўладу. Такое ж стаўленьне дэманструюць і беларускія ўлады”.

Гэта быў расейскі палітоляг Сяргей Маркаў.

Сапраўды, аб’ектыўна кажучы, Аляксандар Лукашэнка мае неблагія шанцы перамагчы нават на абсалютна свабодных выбарах. Але аб’ектыўны і суб’ектыўны погляды на сытуацыю часам істотна адрозьніваюцца. Ідучы па лясной сьцежцы шырынёю ў мэтар, мы нават і пад ногі сабе не глядзім. А ўявім сабе, што сьцежка – горная, дзе справа і зьлева – бездань. Розумам разумееш, што ніякай небясьпекі няма, але сэрца ж заходзіцца – а раптам. Так і чалавек, які рызыкуе страціць уладу, ацэньвае гэтую рызыку інакш, чым наглядальнік з боку.

І таму ў аўтарытарнага ўладара ўзьнікае моцная спакуса наагул выключыць гэтую рызыку. Чаму б Цэнтарвыбаркаму не знайсьці ў падпісных лістах адзіных і неадзіных альтэрнатыўных кандыдатаў неверагодныя “памылкі і парушэньні” і не пакінуць цяперашняму кіраўніку дзяржавы якога-небудзь невыразнага паслухмянага канкурэнта?

Есьць уласны досьвед, а калі ня хопіць – можна за мяжою пазычыць. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўзбэкістане за Іслама Карымава прагаласаваў нават яго адзіны канкурэнт. У Кыргызстане да такіх “вяршыняў” дэмакратыі не даходзілі, але найбольш небясьпечнага канкурэнта Аскара Акаева – Фелікса Кулава, Цэнтарвыбаркам “зьняў з дыстанцыі” якраз на этапе рэгістрацыі. А зараз яго яшчэ і пасадзілі ў вязьніцу. Ці ня вопытам дзяліўся кіраўнік Кыргызстану, праяжджаючы днямі праз Беларусь у Давос?

Ды і ў Расеі падобныя выбары бяз выбару пачалі практыкавацца калі не на вышэйшым, дык на губэрнскім узроўні – дастаткова прыгадаць скандальную адмову ў рэгістрацыі Аляксандру Руцкому на выбарах курскага губэрнатара.

Зразумела, Захад не прызнае прэзыдэнта Беларусі, абранага без рэальнай альтэрнатывы. Але легітымнасьць кіраўніка Беларусі не прызнаецца з 20 ліпеня 1999 году. Для яго гэта непрыемна, але не катастрафічна. Прынамсі не было катастрафічным дагэтуль.
Крыху складаней прадказаць, як адрэагуе на падобныя выбары бяз выбару Расея. Свае меркаваньні на гэты конт выкладае расейскі палітоляг Сяргей Маркаў.

(Маркаў: ) “Няма сумневу, што Масква надзвычай незадаволеная Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перашкаджае Маскве, звужае яе прастору палітычнага манэўру. Масква хацела б адначасна мець і шчыльныя адносіны з Беларусьсю ажно да аб’яднаньня, і будаваць адносіны са сваімі заходнімі партнэрамі. Лукашэнка сваім дрэнным іміджам відавочна перашкаджае Расеі наладжваць адносіны з Захадам. Ён зараз ня толькі галоўны інтэгратар з Расеяй, але і галоўная перашкода гэтай інтэграцыі. Таму расейскія палітыкі аддалі б перавагу іншаму лідэру. Але аналіз, які, наколькі я ведаю, быў зроблены, паказвае, што шанцы іншага лідэра перамагчы на гэтых выбарах дастаткова невялікія. І таму, я мяркую, Масква зьмірыцца з тым, што на іх пераможа Лукашэнка, нягледзячы на тое, што яна аддала б перавагу чалавеку з больш сьветлым іміджам у вачох усясьветнай супольнасьці. Тым ня менш ёй давядзецца мець справу менавіта зь ім”.

Гаварыў расейскі палітоляг Сяргей Маркаў.

Як тое ня дзіўна, найбольшыя праблемы выбары бяз выбару могуць спарадзіць у самой Беларусі.

Масавай сьвядомасьці ў пастсавецкіх краінах уласьцівае трапяткое, сакральнае стаўленьне да вышэйшай улады. Ад “цара” сьцерпяць амаль усё, але пры ўмове, што “цар” – сапраўдны, гэта значыць, “цар”, які атрымаў уладу справядлівым, правільным шляхам. Гэтая справядлівасьць у народным уяўленьні зусім не абавязкова сынонім свабодных і справядлівых выбараў. Але гэта і ня значыць, што ўладу можна атрымаць і захаваць любым чынам.

Гаворыць палітоляг Ірына Бугрова.

(Бугрова: ) “Калі будуць ажыцьцяўляцца сілавыя сцэнары, грамадзтва мусіць быць пра іх папярэджанае. На інфармацыю, якая ідзе з таго боку, трэба адказваць іншай інфармацыяй, разварочваць гэтыя сцэнары, і паказваць, чым яны скончацца для тых, хто іх рыхтуе. Мне часам шкада гэтых людзей, яны нагадваюць мне тых, хто скалочвае нешта з прыгожых дошчачак, а потым высьвятляецца, што яны скалочваюць труну для саміх сябе.

Па-другое, варта дазволіць уладзе самой давесьці гэта да абсурду. Гэты абсурд будзе відавочны для ўсіх, як калісьці гэта адбылося з Кебічам. Ён быў дастаткова памяркоўны ў сваіх дзеяньнях, тым ня менш празрыстасьць яго дзеяньняў была відавочная для грамадзтва”.

Гаварыла беларускі палітоляг Ірына Бугрова.

Наш маскоўскі суразмоўца Сяргей Маркаў прыгадваў, як Гарбачоў у 1989 годзе не пайшоў на ўсенародныя выбары прэзыдэнта СССР. Але варта адзначыць, што тады Гарбачоў меў дадатковую крыніцу легітымнасьці сваёй улады – ён быў генэральным сакратаром ЦК КПСС, абраным у адпаведнасьці з партыйным законам. Гэтак і цяперашнія прэзыдэнты цэнтральнаазіяцкіх краінаў таму і могуць праводзіць выбары бяз выбару, што зьяўляюцца “генэральнымі сакратарамі партыяў улады”. Яны – адзіныя кандыдаты ўладнай эліты, таму народ пра яго меркаваньні можна ў пэўным сэнсе і не пытаць.
Ніякіх падобных крыніцаў легітымнасьці ў Лукашэнкі няма. Нэгатаўнае стаўленьне да яго ўладнай эліты – не сакрэт для яго самога, пра што кіраўнік Беларусі гаворыць публічна. Страціў ён і дэмакратычную легітымнасьць. Ізноў гаворыць Ірына Бугрова.

(Бугрова: ) “Лукашэнка, правёўшы рэферэндум у 1996 годзе, перайшоў мяжу легальнай рацыянальнай легітымнасьці, паводле якой сёньня праводзяць выбары ўсе дэмакратычныя краіны, перайшоў у прастору харызматычнай легітымнасьці”.

Гэта была палітоляг Ірына Бугрова.

Сапраўды, пасьля рэфэрэндуму дэмакратычная легітымнасьць кіраўніка Беларусі ператварылася ў легітымнасьць харызматычнага правадыра. Нездарма ў кожнай яго прамове навязьлівым рэфрэнам гучыць: “Я – моцны, я – лідэр, я – не слабак, слабакі – усе астатнія”.

Рэйтынг прэзыдэнта, улада якога мае дэмакратычную легітымнасьць, можа без катастрафічных для яго наступстваў упасьці хоць да нуля, як гэта было, прыкладам, зь Ельцыным у канцы 90-х гадоў. Але непапулярны правадыр – гэта супярэчнасьць у вызначэньні, тут ад страты народнай падтрымкі, страты вобразу моцнага чалавека да страты ўлады і паўкрокі няма. Аднак расейскі палітоляг Маркаў лічыць, што менавіта гэтая харызматычная легітымнасьць кіраўніка Беларусі ад выбараў бяз выбару ня зьменшыцца.

(Маркаў: )”Калі казаць пра легітымнасьць унутры краіны, мне здаецца, што яна не панясе страты. Сучасная палітычная сыстэма Беларусі адпавядае настроям патрыярхальных і кансэрватыўных выбаршчыкаў. Нездарма Беларусь называюць сучаснай Вандэяй. Таму я лічу, што нягледзячы на парушэньні Лукашэнкам пунктаў выбарчага заканадаўства (парушэньні, бессэнсоўныя для яго мэтаў), яго легітымнасьць ня будзе падарваная, бо выбаршчыкі бачаць у ім ня столькі палітыка, абранага ў адпаведнасьці з пэўнай працэдураю, колькі харызматычнага лідэра, “бацьку”, які ня толькі атрымлівае падтрымку выбаршчыкаў, але і распраўляецца са сваімі палітычнымі праціўнікамі”.

Гаварыў расейскі палітоляг Сяргей Маркаў.

З расейскім калегам часткова можна пагадзіцца. Але з другога боку правядзеньне выбараў бяз выбару, перамога канкурэнтаў ня ўласнай моцаю, а жульніцкай адмоваю ў рэгістрацыі – гэта выпадзеньне з вобразу моцнага чалавека, дэманстрацыя слабасьці.

Важак зграі для пацьверджаньня свайго права на ўладу мусіць прымаць выклікі прэтэндэнтаў – гэта нават не сацыялягічны, а біялягічны закон.

Прычым, чым больш моцным будзе кандыдат, якога Цэнтарвыбаркам здыме з рэгістрацыі, тым больш яўным для ўсіх будзе страх і слабасьць важака. Таму, дарэчы, настолькі важным падаецца вылучэньне адзінага кандыдата – ня толькі для перамогі на выбарах, а для таго, каб на іх наогул існаваў рэальны выбар. Адмова ў рэгістрацыі плоймы альтэрнатыўных кандыдатаў ня выкліча і долі той грамадзкай рэакцыі, якую выкліча зьняцьцё з рэгістрацыі адзінага кандыдата, на якім сышліся чаканьні значнай часткі выбаршчыкаў. Чаму, дарэчы, у 1999 годзе грамадзтва даволі спакойна ўспрыняло працяг тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў? Ды таму, што ня бачыла реальнай альтэрнатывы і неабходнасьць выбараў, пацьвержаньня паўнамоцтваў успрымалася як фармальнае.

І што ж будзе, калі прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі стане выбарамі бяз выбару? Магчыма і нічога, калі людзі палічаць, што ніякіх рэальных канкурэнтаў у Лукашэнкі і не было, а таму няважна, якім чынам ён іх “перамог” – на выбарах ці праз адмову ў рэгістрацыі. А можа нешта і будзе, і рызыка выбараў бяз выбару можа стаць куды больш пагрозьлівай, чым рызыка прайграць выбары. Сьцежачка бо горная, справа і зьлева – бездань.

Юры Дракахруст, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org