RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

На доўгім шляху



Справа Гангадзэ – храналёгія і высновы.

Удзельнічаюць: Сяргей Грабоўскі, Міхаіл Пагрэбіньскі.

(эфір 12.01.2001)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст.

На гэтым тыдні ўкраінскія і расейскія экспэрты даказалі, што абезгалоўленае, аблітае кіслатою цела, што было знойдзенае пад Кіевам у лістападзе – гэта труп апазыцыйнага ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ, які зьнік 16 верасьня.

Напрыканцы летась ў простым этэры Ўкраінскай службы Радыё Свабода былы афіцэр службы аховы ўкраінскага прэзыдэнта Мікола Мельнічэнка пацьвердзіў свае ранейшыя паказаньні наконт дачыненьня кіраўніка краіны да зьнікненьня журналіста:

(Мэльнічэнка: ) “У мяне ёсьць доказы, што яго “замаўляў” прэзыдэнт Кучма, і ёсьць доказы, што прэзыдэнт вельмі хваляваўся за лёс Гангадзэ пасьля яго зьнікненьня.”.

Зараз адстаўны маёр Мельнічэнка хаваецца ў адной з эўрапейскіх краінаў, на Ўкраіне супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па абвінавачваньні ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы.

Тым ня менш скандал вакол справы Гангадзэ ператварыўся ў сур’ёзны палітычны крызыс, да вырашэньня якога яшчэ далёка. Яго разгортваньне пагражае ня толькі кар’ерам вышэйшых украінскіх чыноўнікаў, але можа прывесьці і да сыходу самога прэзыдэнта Кучмы.
Справа Гангадзэ выклікае шэраг пытаньняў, якія тычацца ня толькі Ўкраіны.

Якім чынам зьнікненьне ці сьмерць аднаго чалавека выклікае нацыянальны крызыс? Якую ролю адыгрываюць у ім палітычныя інстытуты грамадзства і яго праўная сыстэма? Нарэшце, што можа зрабіць грамадзкая думка?

З найноўшай гісторыі мы памятаем, як у Польшчы падчас ваенага становішча забойства айца Ежы Папялушкі спарадзіла выбух народнага гневу, які стаў у пэўным сэнсе пачаткам канца камуністычнага кіраваньня. Вядома таксама, якую кволую рэакцыю беларускага грамадзства выклікалі загадкавыя зьнікненьні палітыкаў і журналістаў.

Але вернемся да ўкраінскіх справаў. Выдавец апазыцыйнай інтэрнэт-газэты “Украінская праўда” Георгі Гангадзэ зьнік 16 верасьня мінулага году – пайшоў увечары ў краму і не вярнуўся. У пачатку лістападу пад Кіевам было знойдзенае абезгалоўленае цела, скура на якім была амаль зьнішчаная кіслатою. Але паводле пэўных прыкметаў узьнікла падазрэньне, што гэта – забіты Гангадзэ.

А ў сьнежні лідэр апазыцыйнай Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз з парлямэнцкай трыбуны абвінаваціў у зьнікненьні журналіста асабіста прэзыдэнта Кучму і яго атачэньне. У якасьці доказаў Мароз прывёў паказаньні былога супрацоўніка прэзыдэнцкай аховы Міколы Мельнічэнкі. Дэпутатам былі прадастаўленыя аўдыякасэты, на якіх нібыта былі запісаныя размовы прэзыдэнта Ўкраіны з “сілавікамі” ды іншымі чыноўнікамі.

Вось фрагмэнт запісанай на стужку размовы, якую, паводле сьцьверджаньняў Мэльнічэнкі, прэзыдэнт Кучма вёў з міністрам унутраных справаў Юрыем Краўчанкам.

(Кучма: ) “Я хачеў папрасіць Вас пра такую форму. Выкарыстаць, каб я не забыўся. Гангадзэ гэты”.

(Краўчанка: ) “А я, мы працуем па ім. Значыць…”

(Кучма: ) “Я ж кажу, вывезіце яго, выкіньце. Аддайце чачэнцам, а потым выкуп”.

(Краўчанка: ) “Мы памяркуем. Зробім так, каб…”

(Кучма: ) “Значыць вывезьці яго, распрануць, без штаноў пакінуць, хай сядзіць. Я б зрабіў проста”.

(Краўчанка: ) “Сеньня мне дакладалі. Мы там робім крыху, крыху трэба вывучыць, мы зробім. У мяне зараз каманда баявая, арлы такія, што зробяць усё, што хочаш”.

Такую размову, паводле сьцьверджаньняў былога супрацоўніка службы аховы прэзыдэнта Ўкраіны Мельнічэнкі, вялі Леанід Кучма і міністар унутраных справаў Краўчанка.

Зьяўленьне гэтых аўдыякасэтаў і стала пачаткам скандалу, ахрышчанага на Украіне “касэтным”. Пра яго матывы гаворыць украінскі палітоляг, рэдактар часопісу “Гэнэза” Сяргей Грабоўскі.

(Грабоўскі: ) “Тэма зьнікненьня Георгія Гангадзэ стала пастаяннаю для ўкраінскіх мэдыяў і ўкраінскай палітыкі. Чаму? Магчыма, таму, што гэта была апошняя кропля, якая перапоўніла келіх. Магчыма, таму, што ўлада недаацаніла ўплыў Інтэрнэту ў пэўным коле палітычна заангажаванай публікі. Магчыма, што гэтая справа паказала пэўным сілам апазыцыі, што гэта можа адбыцца з кожным апазыцыйным журналістам і апазыцыйным палітыкам, што гэта ёсьць пэўная мяжа, за якую нельга адступаць, бо наступным можа стаць кожны. Магчыма, усе гэтыя прычыны спалучыліся”.

Ужо ў сьнежні скандал выплюхнуўся за межы парлямэнту і ўладных калідораў. У Кіеве прайшлі шматтысячныя маніфэстацыі, удзельнікі якіх патрабавалі адстаўкі сілавых міністраў і сыходу прэзыдэнта.
Напярэдадні Новага году масавыя пратэсты сьцішыліся, але паводле меркаваньняў назіральнікаў неўзабаве яны адновяцца.

Як вырашыцца палітычны крызыс, які спарадзіла справа Гангадзэ, пакуль сказаць цяжка. Самі дэпутаты парлямэнту адзначаюць, што працэдура імпічмэнту прапісаная ва ўкраінскай Канстытуцыі надзвычай цьмяна і законна адхіліць ад улады кіраўніка дзяржавы амаль немагчыма. Але палітычныя перамены не заўсёды адбываюцца ў межах праўных нормаў.

Вярхоўная Рада – парлямэнт, валодае ня надта вялікімі паўнамоцтвамі, але яна стала пляцоўкаю “легітымнага шуму”. Менавіта пасьля таго, як абвінавачваньні прагучалі з парлямэнцкай трыбуны, пра справу Гангадзэ даведалася ўся краіна, яна стала агульнанацыянальнай справаю.

На пэўны час на задні плян адышлі супярэчнасьці паміж правымі і левымі, супраць прэзыдэнта аб’ядналіся дэпутаты з рознымі палітычнымі поглядамі. І гэтае аб’яднаньне стала пэўным узорам для грамадзтва: падчас кіеўскіх маніфэстацыяў нацыяналісты з УНА-УНСО мірна суседнічалі з камуністычнымі актывістамі.

Сваю ролю адыграла і пэўная свабода мэдыяў на Ўкраіне. Справу не ўдалося замаўчаць, зрабіць выгляд, што нічога не адбылося. Ролю крызыснага сродку масавай інфармацыі адыграло Радыё Свабода. Ва ўсіх пастсавецкіх краінах аўдыторыі замежнага радыё доволі абмежаваныя, але калі ў прамым этэры Свабоды выступаў Мікола Мельнічэнка, яго слухалі і тыя, хто звычайна не наладжвае прыймач на хвалю Свабоды.

Але і ў самой Украіне хор мэдыяў у абарону прэзыдэнта ня быў такім ужо стройным. Шмат украінскіх сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і тры тэлеканалы, належаць так званым алігархам. Усе яны знаходзілі і знаходзяць пэўныя шляхі паразуменьня з прэзыдэнцкай адміністрацыяй, але зусім не атаясамляюць свае інтарэсы з інтарэсамі Леаніда Кучмы і яго супрацоўнікаў.

Гаворыць украінскі палітоляг Міхаіл Пагрэбіньскі, дырэктар Кіеўскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі.

(Пагрэбіньскі: ) “Частка мэдыяў, якая падкантрольная алігархічным структурам, лічыла, што страціць той давер, якім карыстаецца, калі будзе замоўчваць скандал. Яны вырашылі скарыстацца магчымасьцю для пэўнай адкрытасьці. З другога боку, не было пераканаўчага загаду, што гэта трэба хаваць. Хаця шмат гаворыцца пра ўплыў на ўладу алігархічных груповак, на самой справе дзяржава і сілавыя структуры карыстаюцца значна большым уплывам. Сілавыя структуры есьць канкурэнтам бізнэс-палітычным групоўкам. А паколькі справа ў дадзеным выпадку тычыцца ня столькі ўлады наогул, колькі сілавых структураў, то чаму б алігархам ня выкарыстаць магчымасьць і не прадэманстраваць грамадзству, што іх канкурэнт на ўладным Алімпе ня здатны вырашаць праблемы, якія і мусіць вырашаць”.

Гаварыў украінскі палітоляг Міхаіл Пагрэбіньскі. Другі ўкраінскі дасьледчык Уладзімір Маленковіч наогул лічыць, што вулічныя пратэсты могуць мець посьпех толькі ў тым выпадку, калі атрымаюць падтрымку алігархаў. “Адзіны шанец, калі тэлеканалы падтрымаюць пратэст і паўплываюць на грамадзскую думку. – Мяркуе Ўладзімір Маленковіч. – Інакш акцыі так і застануцца пратэстам актывістаў”.
Пры адсутнасьці дакладнай юрыдычнай працэдуры да палітычных зьменаў можа прывесьці адназначнае меркаваньне грамадскай думкі. Але пакуль, нягледзячы на шырокі розгалас, украінская масавая сьвядомасьць ня вызначылася ў гэтым пытаньні. Ізноў гаворыць Міхаіл Пагрэбіньскі.

(Пагрэбіньскі: ) “Гэты скандал – першы ў найноўшай украінскай гісторыі, які стаў вядомы ўсім, хто хаця б крыху цікавіцца палітычным жыцьцём краіны. Вельмі багата было інфармацыі пра гэта ва ўсіх мэдыях, асабліва на тэлебачаньні, так што людзі былі добра паінфармаваныя пра сутнасьць гэтай справы. Паводле дадзеных, якія мне вядомыя, значная колькасьць людзей, магчыма, прыблізна кожны другі, ня бачаць у гэтай справе чагосьці нечаканага, нейкай нечаканай інфармацыі пра ўладу. У той жа час прыблізна столькі ж людзей лічаць, што вышэйшыя службовыя асобы Ўкраіны не маглі мець дачыненьне да зьнікненьня журналіста. Але ў мяне складаецца ўражаньне, што зараз гэты скандал успрымаецца грамадзкаю думкаю як сутычка паміж пэўнымі фігурамі палітычнага Алімпу, як нешта, што ня тычыцца людзей, і таму большасьць ставіцца да гэтага зусім спакойна. На жаль, большасьць людзей лічаць, што іх гэта ня тычыцца”.

Гэта быў палітоляг Міхаіл Пагрэбіньскі. Яшчэ адным чынікам, які ўплывае на разьвіцьцё канфлікту, зьяўляецца рэакцыя заходніх краінаў: для цяперашняй Украіны гэта значыць істотна больш, чым, скажам, для Беларусі. Пакуль ніводная заходняя дзяржава не далучылася да абвінавачваньняў на адрас украінскага лідэра, але ўсё часьцей гучаць патрабаваньні давесьці дасьледваньне справы Гангадзэ да канца і абгрунтавана адказаць на абвінавачваньні ў арганізацыіі злачынства высокімі службовымі асобамі. Але падаецца, што ў любым выпадку ўкраінскі крызыс на Ўкраіне і знойдзе сваё вырашэньне.

Учора ў Празе, адкуль мы вядзем нашыя перадачы, у другі раз прайшоў шматтысячны мітынг, якіх Чэхія ня бачыла з канца камуністычных часоў. Канфлікт вакол чэскай тэлевізіі непараўнальны па сваім характары з украінскім крызысам: абвінавачваньні ў забойстве журналіста – гэта зусім ня тое, што абвінавачваньні новага дырэктара тэлебачаньня ў выразных палітычных прыхільнасьцях. Учора ж, дарэчы, той самы дырэктар чэскай дзяржаўнай тэлевізіі ня вытрымаўшы ціску грамадзкай думкі, нарэшце падаў у адстаўку.

Але чэскі досьвед сьведчыць пра тое, што ў самых дэмакратычных дзяржавах, пры самай дасканалай праўнай сыстэме свабода не гарантаваная, гарантыя – гатоўнасьць людзей абараняць свабоду. Што ў Чэхіі, што на Ўкраіне, што ў Беларусі.

Юры Дракахруст, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org