RFE/RL |
|
Паштовая Скрынка 111
29 Красавіка 1999
Аўтар і вядучы Сяргей Навумчык Найперш хачу падзякаваць Аляксандру Кавалькіну зь Віцебску і ўсім тым, хто выказаў заўвагі з нагоды тэхнічных якасьцяў нашых перадачаў. Дзякуем Юрыю Гілю зь Вільні за запрашэньне прыняць ўдзел у імпрэзе ТБМ пад назваю «Каб памяталі, шанавалі Бога, сям’ю, Мову, Бацькаўшчыну», якая адбудзецца 22-23 траўня 1999 году ў сядзібе этнаграфічнага музэю «Засьцянковая хатка» ў Докшыцкім раёне. Дзякуй, спадар Гіль, наш карэспандэнт абавязкава будзе на гэтай імпрэзе. Спадару Віктару Карпукову з Гомлі, які шмат часу безвынікова вядзе барацьбу з пракуратурай і — цытую «у доказ таго, што ў Беларусі не перавяліся мужчыны, дазвольце мне падсмажыць маю левую руку на сьвятым месцы — на вечным вогнішчы на плошчы Перамогі» — я настойліва раю не рабіць гэтага. Гэта ня стане доказам ні Вашай мужчынскай годнасьці ні, тым больш, не дапаможа ў Вашым змаганьні. ••• Цяпер — цытата ананімнага аўтара ў перакладзе з расейскай: «Беларускі народ усімі сіламі павінен ісьці «ў нагу» з Лукашэнкам, а ня верыць амэрыканскаму паклёпу. У Амэрыцы ў большасьці — жыды, і ў Беларусі кіруюць жыды, яны шкодзяць рускаму народу. Яны ва ўсе кропкі кіраваньня лезуць, што дапусьціць нельга. Вон! Вон жыдоў зь Беларусі, у іх радзімы нідзе няма. Яны рускіх і беларусаў павінныя зьнішчаць, бо тыя не хавалі іх пад спадніцамі ад немцаў». Ну, скончу пакуль цытаваньне, бо ў такім лісьце трэба камэнтаваць ня тое што кожны абзац, але і кожны сказ. Наконт патрабаваньня ісьці ў нагу з Лукашэнкам — дык так яно і адбываецца: народ, пазбавіўшы яго магчымасьці чуць голас апазыцыі, прымушаюць падпарадкоўвацца ўсім дэкрэтам прэзыдэнта, якія супярэчаць законам эканамічнай ды і любой іншай лёгікі. Цяпер пра жыдоў. Наогул, само слова жыд — ужывалася ў Беларусі стагодзьдзямі, без усялякага адценьня грэблівасьці альбо зьнявагі. Пра гэта ішла гаворка і ў адной з нашых перадачаў цыклу «Слова дня». Але ў цытаваным лісьце, напісаным па-расейску, гэтае слова — жыд — выкарыстоўваецца менавіта дзеля зьнявагі. Што даволі добра выяўляе культурны ўзровень аўтара ліста. Цяпер — па фактах. «У Амэрыцы, у большасьці, жыды» — піша аўтар. Цяжка сказаць, зь якіх крыніцаў бралася інфармацыя. Амэрыканскі народ фармаваўся параўнаўча нядаўна, на працягу двух-трох апошніх стагодзьдзяў, і таму даволі лёгка прасачыць карані ягонага этнічнага паходжаньня. Дык вось, складаўся ён з англічанаў, ірляндцаў, французаў, немцаў, гішпанцаў, а таксама — што ня ёсьць самай сьветлай старонкай амэрыканскай гісторыі — з былых рабоў, прывезеных з Афрыкі. У апошнія дзесяцігодзьдзі насельніцтва Амэрыкі павялічылася коштам перасяленцаў з Мэксыкі, Кітаю, Кубы ды лацінаамэрыканскіх краінаў. Любая з гэтых так званых нацыянальных меншасьцяў значна перавышае па колькасьці амэрыканскіх яўрэяў. Я пражыў у Амэрыцы ня месяц і ня два, і заўсёды зьдзіўляўся адной акалічнасьці: з аднаго боку, амэрыканцы паказальна не зьвяртаюць увагу на вашае нацыянальнае паходжаньне, калі тычыцца нейкіх справаў — скажам, пры прыёме на працу, а з другога — этнічныя суполкі валодаюць даволі вялікімі магчымасьцямі. Яны маюць свае нацыянальныя школы, іхнае меркаваньне бярэцца пад увагу палітыкамі, ня кажучы ўжо пра нацыянальныя фэстывалі. Скажам, марш ірляндцаў у Дзень сьвятога Патрыка па Пятай авэню ў Нью-Ёрку цягнецца некалькі гадзінаў. Ірляндцы апранутыя ў нацыянальныя строі, нясуць ірляндзкія сьцягі. Сьцягі гэтыя, я падазраю, не зарэгістраваныя ў Міністэрстве Юстыцыі ЗША, але паспрабаваў бы хоць адзін паліцыянт ударыць сьцяганосца далоньню — ня тое што дубінкай. Тое ж самае тычыцца і бел-чырвона-белых сьцягоў, зь якімі нью-ёрскія беларусы выходзяць на вуліцы 25 сакавіка. Гэта — пра Амэрыку. Што ж да Беларусі, дык аўтар дарэмна лічыць, што яўрэі пакрыўджаныя на беларусаў, што тыя не ратавалі іх падчас апошняй вайны. Беларуская дапамога яўрэям падчас Галакосту — гэта асобная тэма. Пакуль жа адзначым вось што. У Ізраілі — а яўрэі лічаць гэтую зямлю сваёй Радзімай, так што дарэмна аўтар называе іх бязроднымі, — дык вось, у Ізраілі, у шмат якіх гарадох, ёсьць алеі праведнікаў. Так называюць тых, хто выратоўваў яўрэяў ад гітлераўцаў, часам — коштам уласнага жыцьця. Дык вось — шмат дрэваў на гэтых алеях пасаджаныя ў гонар беларусаў. Ну а цяпер вярнуся да цытаваньня ліста. «Вы аб’ядналіся з Расеяй на словах альбо на справе? Ці нельга па-расейску весьці перадачы?» Адказваю. Па-першае, наконт аб’яднаньня Беларусі і Расеі. Відавочна, аўтару бачыцца гэта ўжо справай настолькі вырашанай, што ён і ў думках не дапускае, што нехта яшчэ не аб’яднаўся і нават не зьбіраецца гэтага рабіць. І, дарэчы, ня толькі аўтар ліста. Ва ўчорашняй маскоўскай «Независимой Газете» надрукаванае інтэрвію з надзвычайным і паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Расеі Ўладзімерам Грыгор’евым. Цытую: «Сёньня ва ўладарных структурах, сярод насельніцтва нашай рэспублікі практычна няма тых, хто не ўсьведамляе выключнай важнасьці разьвіцьця Саюзу Беларусі і Расеі». Ну, а як жа тады быць з дэмакратычнымі апазыцыйнымі партыямі, якія выступаюць супраць такога саюзу, з дзясяткамі тысячаў грамадзянаў, якія выказваюць ўласны пратэст на мітынгах ды шэсьцях? Кажу пра тое, што проста навідавоку, а ёсьць жа яшчэ і дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх прыхільнікаў шчыльнага беларуска-расейскага саюзу не зьбярэцца і палова грамадзянаў Беларусі. Ну але аўтару ліста, як і паслу, гэта, відаць, падаецца малаістотным. Шкада. Як бы потым вялікага расчараваньня ня здарылася. І другое — ці нельга па-расейску весьці перадачы? Мы ня бачым у гэтым неабходнасьці — тым болей, што ўжываньне беларускай мовы зьмяншаецца нават у незалежнай беларускай прэсе. Мы ня будзем пераводзіць свае перадачы зь беларускай ні на расейскую, ні на ангельскую ці кітайскую мовы. ••• У шмат якіх вашых лістах, шаноўныя слухачы, просьбы больш распавядаць пра тых беларусаў, якія дасягнулі посьпехаў ва ўсясьветным маштабе, якія праславілі нашую краіну. Мы будзем гэта рабіць. А сёньня я хачу паведаміць — падобна на тое, што шэраг вядомых выхадцаў зь Беларусі пашырыўся. Прычым асобай значна больш вядомай за пісьменьніка Дастаеўскага ці кампазытара Глінку, якія маюць беларускія карані. Вось толькі я ня думаю, што гэты чалавек праславіць Беларусь. Гэта — Уладзімер Ільліч Ульлянаў. Той самы, які — Ленін. Толькі што выйшла кніга супрацоўнікаў былога цэнтральнага музэю Леніна, Тацяны Каласковай, Галіны Барадулінай і Вольгі Абрамавай «Паміж праўдай і ісьцінай». На працягу гадоў яны дасьледавалі генэалёгію правадыра сусьветнага пралетарыяту. Доўгі час лічылася, што Ленін з паходжаньня — тыповы расеец, «волгарь». Потым, у трыццатых гадох, пісьменьніца Марыета Шагінян напісала, што прадзедам Леніна па лініі бацькі быў хрышчаны калмык. Для кіраўнікоў краіны, якая ганарылася сотняй нацыянальнасьцяў, гэтага было дастаткова, каб твор Шагінян быў забаронены на дзесяцігодзьдзі. У часы перабудовы, калі архівы прачыніліся, дасьледнікі высьветлілі, што сярод продкаў Леніна былі і немцы, і швэды. Але самае сэнсацыйнае адкрыцьцё было зьвязанае з паходжаньнем дзеда бацькі Леніна. Калі пасьля сьмерці Леніна ягонай старэйшай сястры Аньне было даручана вывучыць гісторыю сям’і, яна атрымала архіўныя дакумэнты, якія сьведчылі, што бацькам яе і братавай маці быў хрышчаны ў праваслаў’е яўрэй па прозьвішчу Бланк. Сталін загадаў, «маўчаць абсалютна» пра тое, што маці Леніна — яўрэйскага паходжаньня, дакумэнты былі вынятыя з архіваў, засакрэчаныя, прычым знаходзіліся ў асабістым архіве Генсэка ЦК, які ад Сталіна перайшоў да Хрушчова, потым да Брэжнева, ну і гэтак далей да Гарбачова. Ініцыятар перабудовы, азнаёміўшыся зь імі ў чэрвені 86-га, загадаў зноў запячатаць папку і наклаў рэзалюцыю «Без указаньня загадчыка Агульным аддзелам ЦК КПСС не расьпячатваць». Прараб галоснасьці чамусьці не жадаў раскрыць праўду. Але праўда была якраз іншая. Цяпер стала вядома, што яшчэ ў сярэдзіне 20-ых гадоў архівіст Юліян Оксман знайшоў прашэньне адной яўрэйскай абшчыны, каб хлопчыка Аляксандра Бланка — будучага Ленінавага дзеда, вызвалілі ад падаткаў, паколькі ён ніякі не яўрэй, а — незаконнанароджаны сын буйнога менскага чыноўніка, і абшчына за яго плаціць не павінна. Знайшлося і сьведчаньне праўнучкі Бланка, якое таксама пацьвярджае, што дзед Леніна быў сіратой, які быў аддадзены на выхаваньне ў яўрэйскую сямью, а потым прыняў праваслаўе. Можна ўявіць, як разраслался б беларуская ленініяна, калі б гэты факт стаў вядомы нашым пісьменьнікам не ў 1999 годзе, а, скажам, у 1959-ым... ••• Атрымалі мы і ліст ад нашага сталага аўтара Віктара Несьцярэнкі, які цяпер працуе на кантракце ў Гішпаніі. «Найперш, хачу падзякаваць усім супрацоўнікам Радыё Свабода, — піша ён, — што мой ліст не застаўся па-за ўвагай. Па-другое, прашу прабачэньня за тое, што пішу па-расейску. Мне так зручней. Спадзяюся на вашую спагаду. Па-трэцяе, адказваю на пытаньне, якое прагучала ў перадачы ад 13 красавіка: чаму некаторыя з тых, хто зьехаў, не жадаюць вяртацца на сваю Радзіму, а іншыя, хто шмат гадоў жыве на чужыне, шкадуюць пра гэта. Адказ просты. Людзі ня могуць думаць аднолькава. Аднаму дастаткова мець на сваім стале хлеб і ваду, прачынацца з сонцам, альбо проста дыхаць сьвежым паветрам і адчуваць сябе шчасьлівым. А шмат каму патрэбная яшчэ і дэмакратыя, і свабода, і гэтак далей. Ёсьць і трэція, і чацьвертыя, якія думаюць у іншым кірунку. Колькі людзей — столькі і меркаваньняў. Шмат што залежыць ад абставінаў, выхаваньня і адукацыі. Вось прыклад. Мая маці, беларуска, з 1958 году жыве на Ўкраіне. Цяпер ў сваіх лістах маці піша, што хацела б жыць на сваёй Радзіме, бліжэй да дому, дзе прайшло ейнае дзяцінства. І для яе не істотная сытуацыя палітычная ў Беларусі. Не пужае яе тое, што прадукты можна набыць, толькі адстаяўшы пэўны час у чарзе, што няма шмат якіх лекаў. Дрэннае здароўе — адна з галоўных прычынаў, чаму маці ня можа прыехаць на Радзіму. Яшчэ можна дадаць іншыя ўмоўнасьці: прапіска, грамадзянства, мытня... Маці перакананая ў тым, што калі б яна жыла ў Беларусі, яна была б больш шчасьлівая і адчувала б сябе лепей. Я хацеў бы, — піша ў завяршэньні Віктар, — атрымаць адказ на такое пытаньне: якая чакае адказнасьць Лукашэнку і ці ведае ён пра гэта». Да свайго ліста Віктар даклаў паштоўку з выявай гораду Тарыфа — самага паўднёвага гораду Эўропы. «У гэтым горадзе, — піша Віктар, — няма ні заводаў, ні фабрыкаў. Уся эканоміка грунтуецца на турызме. Шмат кавярняў, рэстаранаў і бараў, і розных крамаў». Шаноўны Віктар, дзякуй Вам за ліст і за паштоўку. Шкада, што Вашая маці ня можа вярнуцца на Радзіму — канечне, ёй было б там лепей. Шмат людзей, пажыўшы ў розных гарадох ды краінах, пад старасьць вяртаюцца ў родныя месцы. Магчыма — гэта прырода чалавека. Гарадок, што на паштоўцы, сапраўды выглядае прыгожым, але жыць з турызму — прывілей ня толькі курортных гарадкоў. Калі каля мястэчка ёсьць цудоўнае возера, прыгожыя краявіды ці нейкі помнік старажытнага дойлідзтва — дык шмат хто з жыхароў можа жыць з турызму. У Беларусі шмат такіх месцаў. Вось толькі ў вазёры часта вылівалася прамысловая атрута, а ў мураванках рабілі сьвінарнікі ці сховішчы. Што да пытаньня пра тое, што чакае Лукашэнку пасьля прэзыдэнцтва, дык тут нельга даць адназначнага адказу, бо варыянты могуць быць самыя розныя. Прыкладаў у гісторыі, у тым ліку і найноўшай, хапае. Ну але мы ж з Вамі, спадар Віктар, культурныя людзі і лічым, што ступень кожнага, хто ў чым-небудзь вінаваты, можа вызначыць толькі суд. Суд, канечне, павінен быць справядлівым. Сяргей Навумчык, Прага |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |