border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111


22 Красавіка 1999

Аўтар і вядучы Сяргей Шупа

Грамадзянін Умань П.И з Днепрадзяржынску (Украіна) піша нам у сваім лісьце: «Царское правительство — буржуазия не считала Беларуссию за людзей, она закрывала школы, закрывала язык и т.д., а Вы по радио Свобода выставляете свой отвратительный язык, от которого становится плохо и стыдно.  Можно же вести передачи по-русски».

Вы слухаеце праграму «Паштовая скрынка», з вамі Сяргей Шупа, сёньня пагаворым пра беларускую мову.

Напачатку я хачу падзякаваць усім, хто даслаў нам свае лісты з думкамі й меркаваньнямі на самыя розныя тэмы.  Дзякую сп. Уманю П.І з Днепрадзяржынску, ліст якога я цытаваў непечатку, Мечыславу Юшкевічу з Польшчы, аляксандру Кавалкіну зь Віцебску, Людміле Сокал з Старобіна, Віктару Курлухову з Гомеля, Юрыю Гілю зь Вільні, Віктару Несьцярэнку з Гішпаніі, а таксама канцлеру Манархічнай Партыі Літвы Вялікай Гэцкаму Крэўсу Ліцьвінавічу.  На пастаўленыя вамі пытаньні мы паспрабуем адказаць у нашай наступнай перадачы праз тыдзень.  А сёньня, як я ўжо сказаў пагаворым пра беларускую мову.

Валянціна Мароз, выкладчыца Берасьцейскага Ўнівэрсытэта, вырашыла разам з сваімі студэнтамі праверыць, як пачувае сябе жывая беларуская мова на берасьцейскіх вуліцах, як рэагуюць на яе выпадковыя сустрэчныя.  Дамовіліся адразу: адзін дзень ад раньня да вечара прагаварыць па-беларуску.  Зь некаторымі вынікамі гэтага дня сп-ня Мароз знаёміць у сваім лісьце.  Далей я буду зачытваць найцікавейшыя фрагмэнты з уражаньняў студэнтаў сп-ні Мароз.

• Самая тыповая сытуацыя: пытаесься па-беларуску, а табе адказваюць па-расейску: «Раніцою гуляла па горадзе, - піша адна студэнтка, - і зьвярталася з пытаньнем, дзе знаходзіцца тая ці іншая крама.  Адказы атрымлівала толькі па-расейску».  Або яшчэ адно назіраньне: «Калі я запыталася на вуліцы, каторая гадзіна, мне адказалі па-расейску, не зьвяртаючы ўвагі на маю мову».

• Часам выяўляецца няведаньне таго ці іншага слова.  Рэагуюць па-рознаму: «Калі я спыталася ў бабулі на рынку — колькі каштуе цыбуля, - піша студэнтка Людміла Н. -, яна перапытала «Што Вы хочаце?», а потым сказала: «А, лук!».  Самы цікавы выпадак здарыўся ў берасьцейскім ЦУМе.  Студэнтка Алена А. папрасіла пашукаць ёй камізэльку, але меншага памеру за тую, што на вітрыне.  Крамніца паблукала вачыма па адзеньні, але не разгубілася і не прызналася, што не разумее слова камізэлька.  Яна запрасіла пакупніцу да вешака з адзеньнем і папрасіла паказаць якога колеру мне патрэбная камізэлька.  На тым і паразумеліся.  Іншая ўдзельніца беларускага дня зайшла ў прадуктовую краму і запыталася: «Ці ёсьць сыркі з разынкамі?»  Крамніца вельмі зьдзіўлена паглядзела і папрасіла паўтарыць.  Разгубленая, пайшла перабіраць тыя сыркі: то возьме сырок з каваю, то з ванілінам, нарэшце прачытала на пачку «Сырок з разынкамі» — і аж твар прасьвятлеў...

• Важна ведаць пачуваньне таго, хто загаворвае на вуліцы зь незнаёмымі па-беларуску: «Дзяўчына зь білетнай касы падала мне білет і сказала: «Калі ласка, вазьміце».  Ад гэтага калі ласка затрымцела сэрца» (Ларыса Г.).  «У гэтыя дні, калі я размаўляла па-беларуску, - дзеліцца ўражаньнямі Натальля Л., - адчула сябе неяк упэўнена, як бы знайшла тое, чаго мне не хапала.  Пад такі настрой захацелася хутчэй паехаць да бабулі на Гарадзеншчыну, каб пачуць сапраўдную мілагучную, такую дарагую майму сэрцу родную мову».  А ўжо згадваная Алена А. піша: «Ведаеце, які цудоўны дзень я пражыла!  Колькі ўспамінаў, пачуцьцяў, сустрэчаў!  І ўсё таму, што хоць на дзень я адчула сябе сапраўднаю беларускаю, што я жыву на Радзіме, дзе мяне зразумеюць.  І мяне сапраўды разумелі: ніхто ў вочы не пасьмяяўся, нават не пажартаваў.  Я чытала ў вачах суразмоўцаў нейкае зьдзіўленьне, можа захапленьне, якое было не штучнае, а сапраўднае, натуральнае».

• Аднак нярэдка здаралася, што беларуская гаворка выклікала зьдзіўленьне, а то злосьць ды непавагу: «У краме, — кажа Г.А., - мяне проста не разумелі і давялося паўтараць па-расейску, а на маё «дзякуй» адказалі зьдзекліва «пожалуйста» ».  Яшчэ адно падобнае ўражаньне: «У краме мусіла пераходзіць на расейскую, бо дзяўчаты за прылаўкам так крывіліся, быццам я ўцякла з заапарку».

Вы слухаеце перадачу «Паштовая скрынка».  Ля мікрафона Сяргей Шупа.  Нагадаю, што я знаёмлю вас зь лістом сп-ні Валянціны Мароз, унівэрсытэцкай выкладчыцы зь Берасьця, якая запрапанавала сваім студэнтам пагаварыць цэлы дзень па-беларуску.  Я зачытваю пададзеныя ў лісьце фрагмэнты запісаных студэнтамі ўражаньняў.

• Усе так ці йначай адзначаюць, што, размаўляючы па-беларуску ў сучасным горадзе, вытрымліваеш значную псыхалягічную і маральную перагрузку.  Вось уражаньні студэнткі Людмілы Я.: «Дзень прайшоў цікава, але напружана.  Ад людзей стомленых ад такога нашага жыцьця я пачула ўсё: і злосьць, і зьдзекі, і абыякавасьць».

• Ухвальна прынялі студэнцкую ініцыятыву гаспадары кватэраў.  Хто выказаў гэта прыязным тонам, хто і сам стараўся падтрымліваць гаворку па-беларуску.  Калі чытаеш пра адносіны родзічаў, сваякоў, знаёмых да тых, хто гаворыць альбо загаварыў па-беларуску, то дзівішся, колькі шчырасьці, спагады выяўляюць беларускія грамадзяне да нацыянальнага скарбу — мовы.  Статыстыка нашага «беларускага дня» паказвае: няма вынарадаваньня ў людзях, няма адрачэньня ад беларускай мовы.  Ёсьць іншае — адлучэньне.  «Вечарам дома ўсе размаўлялі па-беларуску, каб падтрымаць мяне, дапамагчы. - гэта зноў Алена А. - І ня толькі тады, калі гаварылі са мною, але і самі паміж сабою.  Мне патлумачылі, што захацелася адчуць тое, што адчувалі некалі даўно, калі вучыліся ў беларускай школе».  Ірына К., прыяжджаючы на сэсіі спыняецца на кватэры.  «Гаспадыня кватэры, - піша яна, - па нацыянальнасьці руская.  Ёй вельмі падабаецца наша мова; кажа, што вельмі любіць слухаць таго, хто гаворыць па-беларуску, хоць сама мову ведае слаба».

• З найбліжэйшымі таксама складана гаварыць на нязвыклай мове.  Бо, трэба прызнацца, беларуская мова ў нашых сем'ях пакуль зьява нячастая.  Таму даводзіцца быць дыпляматам, часам выяўляць канфармізм — абы не ўзьнікала паміж сямейнікамі нязгоды: «Вечарам, - гэта зуражаньняў Ларысы Г., - я патэлэфанавала дадому і размаўляла па-беларуску, на што маці мне адказала: «Ты можаш разгаварываць па-человечески? Я тебя не понимаю».  А вось яшчэ адзін сумны досьвед: «Я пазваніла свайму мужу і прывіталася па-беларуску, на што ён не адрэагаваў.  Але калі павяла далей размову, то пачула: «Говори по-русски, потому что я тебя плохо понимаю».

Найлепшае падсумаваньне закранутае тэмы сп-ня Валянціна Мароз бачыць у гэткім прызнаньні адной сваёй студэнткі: «Пасьля такога цудоўнага дня цяжка было заснуць, думкі ўсё яшчэ знаходзіліся ў віры падзеяў.  Можа, пражыўшы гэтак адзін дзень, многія, як вось зараз я, зразумеюць, што ж мы згубілі ці губляем?!»

«Сёньня, - робіць выснову сп-ня Мароз, - гэта важна як ніколі — па колькасьці беларускамоўных сустрэчных, знаёмцаў, калегаў, сваякоў нашае грамадзтва будзе меркаваць пра пашырэньне дэмакратыі ў Беларусі.  Я так мяркую: кожны беларускамоўны голас — гэта дзейсная альтэрнатыва рэжыму; і трэба мець грамадзянскую мужнасьць гаварыць зь ім на розных мовах».

Гэтак канчае свой ліст сп-ня Валянціна Мароз зь Берасьця.  Пададзеныя ў ейным лісце абагульненьні і ўражаньні-ілюстрацыі гавораць самі за сябе і бадай што не патрабуюць ніякіх дадатковых камэнтароў.  Зазначу толькі, што апісаная ў лісьце сп-ні Мароз акцыя і яе вынікі сьведчаць, што нашу мову яшчэ рана хаваць.  Яна не памерла, а проста сьпіць, як тая прыгажуня ў казцы.  Трэба толькі адчуць сябе прынцам і пацалаваць яе.

З вамі быў Сяргей Шупа

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org