RFE/RL |
|
Паштовая Скрынка 111
2 Красавіка 1999
Аўтар і вядучы Сяргей Навумчык Найперш я хацеў бы падзякаваць Уладзіславу Міцкевічу, Марыі зь Менску і ўсім іншым, хто даслаў нам віншаваньні з Днём Волі — які беларускія патрыёты адзначаюць 25 сакавіка, у гадавіну ўтварэньня БНР. Амаль у палове лістоў — скаргі на якасьць радыёпрыёму, хоць шмат хто адзначае, што пачатак вяшчаньня на сярэдніх хвалях пашырыў магчымасьці прыёму. А вось спадар Курыла са Скідзелю, наадварот, скардзіцца, што зь пераходам на новыя хвалі ён можа прымаць беларускую «Свабоду» толькі ў дыяпазоне 49 мэтраў. Якасьць вашага прыёму, шаноўныя слухачы, — гэта наш пастаянны клопат, і таму мы не даем спакою нашым тэхнічным службам. Спадзяемся, гэта будзе мець вынік. Нагадаю, што нас можна слухаць на хвалях 19, 25, 31, 41 і 49 мэтраў і на сярэдняй хвалі 521 мэтар. Паводле дадзеных тэхслужбаў, найлепшая якасьць гучаньня на хвалі 31 мэтар або 9750 кілягерцаў. Вы можаце слухаць нас, чытаць і пісаць нам з дапамогаю інтэрнэту. Адрас нашага вэб-сайту: www.svaboda.org Вярнуся да Вашага ліста, сп. Курыла. Вы задаеце нам пытаньне. «Падчас Другой сусьветнай вайны, - пішаце Вы, - у Беластоку выходзіла на беларускай мове газэта «Новая Дарога». У ёй друкаваліся цікавыя вершы. Паэт падпісваўся псэўдонімам «Шэршань». Пісаў ён на ўсялякія тэмы, палітычныя і апалітычныя. Вось загалоўкі некаторых ягоных твораў: «Цар Пітар», «Два бандыты», «Бабка і ўнучак», «Вясёлая палітыка», «Англія і саветы», «Новы інтэрнацыянал». Гэтыя вершы амаль усе я памятаю. І ў гэтай газэце друкаваліся вершы Майсея Сяднёва. Адзін зь ягоных вершаў называўся «Дзе серп і молат — там вечны голад». Яшчэ нядаўна Майсей Сяднёў быў жывы, магчыма, і іншыя супрацоўнікі рэдакцыі «Новая Дарога» ёсьць у жывых. Таму я прашу даведацца, хто быў гэты Шэршань і як склаўся ягоны лёс пасьля вайны». Шаноўны сп. Курыла, дзякуй Богу, сп. Сяднёў жывы і цяпер, жыве ён у Амэрыцы пад Нью-Ёркам, і мы папросім яго распавесьці пра тую газэту — зуім магчыма, што ён ведае, хто такі Шэршань. Мы вернемся да гэтай тэмы ў наступнай перадачы праз тыдзень. А вось другую Вашую просьбу выканаем ужо заўтра. «Да верасьня 1939 году, — пішаце Вы, — я жыў у Польшчы, і там было агульнапрынятае слова «жыд». Мне цікава, ці гэтае слова «жыд» дыскрымінацыйнае, ці гэта — саўковае цемрашальства?» Шаноўны сп. Курыла, пра гэта ў нашай традыцыйнай рубрыцы «Слова дня» будзе гутарка ў нашай заўтрашняй перадачы. Месяц таму мы ў «Паштовай скрынцы» адказвалі на цікавы ліст сп. Мечыслава Юшкевіча з польскага гораду Жары. Днямі ад сп. Юшкевіча прыйшоў яшчэ адзін ліст. «У Беларусі, - піша Мечыслаў Юшкевіч, - шмат помнікаў тых, якія загінулі ў барацьбе за СССР, ...аднак нідзе ня згадваецца пра тых, якія загінулі зь іншых прычынаў: у выніку тэрору НКВД ды іншых савецкіх ворганаў і няшмат пра ахвяры нямецкіх пацыфікацыяў. Прапаную стварыць сьпіс усіх тых, хто загінуў у пэрыяд бальшавізму, скарыстоўваць памяць старэйшых людзей, бо пісаныя крыніцы напэўна недаступныя. Сьпісы павінны быць асобныя для ахвяраў тэрору бальшавіцкага і нямецкага, а таксама вайны фінска-савецкай і ў Афганістане... Адмысловыя дошкі зь імёнамі я рэкамэндаваў бы ўсталёўваць на прыдарожных крыжах... Побач зь імёнамі загіблых не зьмяшчаць імя па бацьку (отчество), паколькі гэта выключная рыса расейскай культуры... Усталяваньне памятных плітаў і малітвы за памерлых будуць для жывых урокам патрыятызму і чалавечай годнасьці», -піша сп. Мечыслаў Юшкевіч. Нельга не пагадзіцца з Вашай прапановай, сп. Мечыслаў. Толькі вось выглядае, што цяперашнія беларускія ўлады лічаць інакш — нават у Курапатах крыжы зламаныя. Ды што казаць пра мёртвых. У тых нешматлікіх ахвяраў рэспрэсіяў, хто яшчэ жывы, адабраныя ўсе ільготы. Затое павялічаныя пэнсіі вэтэранам НКВД-КГБ. Прысутнічае ў вашых лістах, шаноўныя слухачы, і актуальная палітычная тэматыка. Васіль Пракопчык зь Менску выказвае занепакоенасьць зьвесткамі пра магчымае вяртаньне Зянона Пазьняка ў Менск. «Зьяўленьне ў Менску З.С.Пазьняка ніякай карысьці справе не прынясе, а вось сам сябе ён гэтым загубіць: лукашэнкавы гэбісты абавязкова схопяць яго і будуць катаваць і зьдзеквацца, - піша сп. Пракопчык. - Вельмі прашу рэдакцыю зьвярнуцца ў штаб-кватэру БНФ з заклікам прадухіліць прыезд Зянона Станіслававіча, бо гэта і для яго і для нас дрэнна скончыцца. Я маю на ўвазе і прыезд на перадвыбарчую кампанію: афіцыйныя ўлады знойдуць артыкул крымінальнага кодэксу, на падставе якога арыштуюць яго, і нам застанецца толькі пратэставаць, а яму цярпець нечалавечыя пакуты да самага скону, бо гэты помсьлівы дырэктар саўгасу жывым яго ня выпусьціць. Дый наогул, калі цьвяроза зірнуць на стан справаў у Беларусі, дык Зянон Станіслававіч ня мае шанцаў на перамогу ў выбарчай кампаніі. Дый проста ўлады перасодзяць, каго палічаць патрэбным і не дапусьцяць правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Было б лепей, каб дэмакратычныя сілы распачалі шырокую тлумачальную кампанію, каб хоць праз два гады нашыя простыя людзі маглі зрабіць належны выбар». Выглядае, што Вы, шаноўны спадар Васіль, маеце рацыю, калі пішаце пра тое, што ўлады будуць імкнуцца перашкодзіць прэзыдэнцкім выбарам арыштамі іх удзельнікаў. Арышт Міхаіла Чыгіра гэтаму сьведчаньне. Наогул, здаецца ўпершыню ў сусьветнай гісторыі прэзыдэнцкая кампанія распачынаецца ва ўмовах, калі адзін кандыдат у турме, а другі - у эміграцыі. А вось сталы наш ліставанец спадар — ці, відаць, лепей — таварыш Пліскацэвіч А Вэ зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну лічыць, што ў дачыненьні да Пазьняка «варта было наняць турэцкі спэцназ (бо наш ня здольны выканаць задачу), даставіць у эРБэ гэтага падонка і судзіць — занадта шмат шкоды і зла прынёс ён нам, народу Беларусі. Думаем, што так і будзе». Таварышу Пліскацэвічу А Вэ хацелася б засадзіць на лаву падсудных яшчэ і Шарэцкага, Лябедзьку, Шчукіна, Бухвостава, Антончыка, Быкава Генадзя, і шмат каго іншага — ліст поўны прозьвішчаў беларускіх апазыцыянэраў. Вы просіце нас, таварыш Пліскацэвіч, чытаць у эфіры артыкулы ўласнага карэспандэнта па Беларусі Алега Сьцепаненкі і нават дасылаеце выразкі з гэтымі артыкуламі, зьмешчанымі ў газэце «Беларуская Ніва». Прачытаў я іх, і што скажу Вам, таварыш Пліскацэвіч: ня будзем мы іх чытаць зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, кожны, хто жадае азнаёміцца з творамі Сьцепаненкі, можа зрабіць гэта ў бібліятэцы. А па-другое — гэта вінэгрэт з жывёльнай нянавісьці да незалежнасьці Беларусі і са стандартных догмаў камуністычнай ідэалёгіі. Наша радыё пакідае за сабой права не прапагандаваць камуністычныя ідэі, якія сталіся прычынаю гібелі дзясяткаў мільёнаў людзей. Але за выразкі зь «Беларускай Нівы» вам, таварыш Пліскацэвіч, шчыра дзякую. Бо на зваротным баку артыкулу Сьцепаненкі я прачытаў адну фразу, якая мяне моцна ўразіла: «Барацьба за ўраджай». Сэнс гэтай фразы я сёньня так і ня здолеў патлумачыць знаёмаму амэрыканцу, хоць старанна імкнуўся гэта зрабіць. Бо амэрыканец, зрэшты, як і жыхар любой іншай цывілізаванай краіны — той самай, якую Вы залічваеце ў ворагі беларускага народу толькі ўжо на падставе яе сяброўства ў НАТО, — жыхар прызвычаіўся да таго, што пры любым надвор’і і ў любы дзень на паліцах крамаў будзе ня толькі хлеб дваццаці гатункаў, але яшчэ і гатункаў пад сотню каўбасаў, сыроў, ну і розных іншых прадуктаў. Без усялякай барацьбы, прашу заўважыць. І за прымальныя кошты. Дарэчы, яшчэ пра хлеб. На пачатку 90-х гадоў давялося мне як сябру чарнобыльскай парлямэнцкай камісіі гутарыць з колішнім першым намесьнікам старшыні Савету Міністраў Хусаінавым. Гаворка ішла пра тое, што пасьля Чарнобылю ў забруджаных раёнах пяклі хлеб з радыяактыўнага збожжа. І вось, імкнучыся даказаць, што гэта ня так, у якасьці апошняга аргумэнту былы першы віцэ-прэм’ер выдаў, лічыце, дзяржаўную таямніцу. «Нашае беларускае збожжа, - сказаў ён, - вось ужо пару дзесяцігодзьдзяў ідзе на корм жывёле. А хлеб у нас выпякаюць з экспартнага збожжа — пераважна канадыйскага ды амэрыканскага». І паколькі з таго часу мала што зьмянілася, Вы, таварыш Пліскацэвіч, праверце — а раптам ясьцё хлеб натаўскі? І калі так — прыміце да сябе меры. А вось дэмакратам адмаўляеце ў хлебе. Вы пішаце: «Тое, што абвясьціў галадоўку Віктар Ганчар — гэта цудоўна. Нам застанецца болей!» У спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна, дзе трымаў галадоўку Ганчар, кормяць баландай. Прычым раз на суткі, так што з’эканоміў Ганчар для вас, таварыш Пліскацэвіч, гэтай баланды няшмат. Ну а моладзь не жадае хлябаць баланду і абмяжоўвацца акрайчыкам хлеба, нават канадыйскім. Андрэй М. з Воршы сьцьвярджае, што «будучыня нашай Беларусі ўсё ж у нашых, маладзёвых руках. І таму трэба, каб радыё «Свабода» больш надавала ўвагі сучаснай беларускай моладзі, і каб часьцей гучалі такія перадачы, як «Новае пакаленьне выбірае»». Дзякуй Вам, Андрэй, за параду. Мы і сапраўды адчуваем, што маладзёвая тэматыка павінна часьцей гучаць на нашых хвалях. І будзем да гэтага імкнуцца. Вашыя лісты чытаў Сяргей Навумчык, Прага |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |