border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111


18 Лютага 1999

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук

Адразу скажу, што ўсе лісты ад нашых слухачоў мы уважліва чытаем, але ня ў стане на ўсе адказаць.  Гэтак і цяпер, пераглядаючы пошту, я вымушаны быў засяродзіць сваю ўвагу толькі на некаторых зь лістоў, хоць усе яны цікавыя і за ўсе - дзякуем.

Свае «пажаданьні і заўвагі» выказаў Уладзімер Я. зь Менску, які адразу просіць прабачэньня, што не называе сваё прозьвішча.  Ён тлумачыць гэта тым, што «вядомасьці не шукае», а здругога боку ня мае ўпэўненасьці, «што ліст ня трапіць у неадпаведныя рукі».  Уладзімер Я.  піша, што рэгулярна слухае нашы перадачы.  Яму асабліва падабаецца «своечасовая, незалежная інфармацыя пра Беларусь, якой нельга пачуць у іншых праграмах».  Наш слухач хваліць дыскусіі «за круглым сталом» і перадачы пра моладзь.  Засьцерагаючыся, што гэта яго суб'ектыўнае адчуваньне, наш слухач ня бачыць патрэбы двойчы ў адной праграме перадаваць міжнародныя навіны, якія можна пачуць у расейскай і ўкраінскай перадачах.  Менш цікавымі ён лічыць перадачы пра Інтэрнэт і ўмовы навучаньня ў заходніх ВНУ.  Адначасова раіць нам зьмяшчаць агляды незалежнай беларускай прэсы, такой як «ЛіМ», «Имя», «Навіны» і «Белорусская Деловая Газета», паколькі цяпер многія чытачы ня ў стане выпісаць або набыць гэтыя выданьні.  Уладзімер Я. наагул заклікае «больш змагацца за беларускую мову», бо сытуацыя з мовай нават у вясковых школах і садках - драматычная.

Дзякуем спадару Уладзімеру Я. за добрыя словы ў наш адрас.  Прымаем да ведама таксама і ўсе заўвагі.  З другога боку, трэба адзначыць, што ў нашай пошце ёсьць шмат лістоў у якіх выказваецца зацікаўленьне праграмай «Гаўдэамус».  Для шмат каго з маладых беларусаў яна можа адкрыць вочы на рэальную магчымасьць атрымаць добрую асьвету за мяжой.  Гэтая перадача гучыць у нашым эфіры кожны аўторак з паўторамі ў пятніцу.  Назіраецца таксама немалое зацікаўленьне праграмай пра Інтэрнэт.  З часу калі наша служба мае сваю ўласную старонку, карыстальнікі інтэрнэту могуць чытаць і нават слухаць нас зь яго дапамогай. Як высьветлілася, нас чытаюць і слухаюць на ўсіх кантынентах, нават у Акадэміі Сацыяльных Навукаў Кітайскай Народнай Рэспублікі.  За інтэрнэтам будучыня, і таму з думкай пра будучыню і неверагодныя пэрспэктывы гэтай крыніцы інфармацыі мы кожную нядзелю рыхтуем перадачу пра Інтэрнэт. 

На заканчэньне наш чытач піша, што пасьля перадачы Сяргея Дубаўца «пра рэлігійнасьць і духоўнасьць у Беларусі» не стрымаўся, каб не выказацца на гэтую тэму.  Дазволю сабе працытаваць гэтыя заключныя думкі:

«Не стану разважаць, - піша Уладзімір Я. пра вытокі і прычыны заняпаду нашай самасьвядомасьці, але што мы цяпер маем.  Паспрабуйце дзе купіць малітоўнік на беларускай мове, каб ведаць хоць бы «Ойча наш».  Няма беларускіх сьпеўнікаў і зборнікаў папулярных песьняў.  А ў гэтым душа народу.  А Каляды?  Ці знойдзеце праваслаўную беларускую сям'ю, дзе ў сьвяты вечар засьпявалі б ціха і ўзьнёсла калядныя песьні?  А гэта ж дзецям на ўсё жыцьцё застанецца.  ...Можа я перабольшваю, але думаю, што сьвятасьць і духоўнасьць павінны выяўляцца ў душах людзей менавіта за калядным сталом.  А калі мы забыліся і страцілі ўсё гэта, то добра было б нанава вывучыць», - піша наш пастаянны слухач Уладземір Я. зь Менску.

Што можна сказаць на гэта?  Адносна заняпаду нашай самасьвядомасьці, дык гэта вынік аб'ектыўнага і працяглага працэсу.  У двух сказах гэтага ня выказаць і не сфармуляваць рэцэпт.  Беларускіх малітоўнікаў і сьпеўнікаў няшмат, але яны ёсьць.  Вось у руках маю каталіцкі малітоўнік «Бог з намі» выдадзены Таварыствам «Адраджэньне» ў Менску ў 1993 годзе.  Маю таксама перад сабою праваслаўны малітоўнік, выдадзены ў 1990 годзе Кансысторыяй БАПЦ у Таронта.  У гэтым самым выдавецтве у 1980 годзе выйшаў праваслаўны службоўнік на беларускай мове.  У Беластоку ў 1992 годзе выйшла кніжка «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі».  Згадаю тут брашуру пра менскі касьцёл Сьвятых Сымона і Алены з 1996 году, «Рымска-каталіцкі рытуал» з 1998 году, «Сьвятыня Беларусі» з 1995 году, грэкакаталіцкі малітоўнік «Цябе Бога хвалім».  Зрэдку выдаюцца таксама сьпеўнікі, касэткі з каляднымі песьнямі.  Што тычыцца беларускіх багаслужбаў, дык адзначу, што напрыклад у Менску яны рэгулярна адбываюцца ў праваслаўнай Царкве Пятра і Паўла, а таксама ў шэрагу каталіцкіх і грэкакаталіцкіх парафіяў.  Напэўна, усяго гэтага замала, але нельга сказаць, што цалкам няма.  Той, хто цікавіцца беларускімі багаслужбамі і выданьнямі - знойдзе іх.  Трэба таксама памятаць, што попыт выклікае прапанову, а што гэты попыт невялікі - гэта таксама факт.  Варта таксама згадаць, што «Беларускі патрыятычны сьпеўнік» - кніга і касэтка - зусім нядаўна выйшаў у выдавецтве «Наша Ніва».  ТУ кожным разе мы падзяляем шчыры боль за беларускасьць, выказаны Уладзімерам Я. і дзякуем яму за ліст.

З роспачным лістом зьвярнуўся да нас жыхар Гомеля Віктар Ма- каравіч Курлукаў.  Напрыканцы сьнежня 1997 году ў Гомелі была забітая ягоная жонка, маці пяцярых дзяцей, шматгадовая супрацоўніца «Гомсельмашу».  Мясцовая Пракуратура сьцьвердзіла, што ейная сьмерць «ня мае прыкметаў чыіх-небудзь гвалтоўных дзеяньняў» і закрыла справу.  Адмова расьсьледаваць злачынства абурыла Віктара Курлукава.  Ён запрапанаваў прыцягнуць да расьсьледаваньня справы незалежных міжнародных спэцыялістаў, але ў адказ яму раілі лячыцца.  Віктар Курлукаў некалькі разоў зьвяртаўся са скаргамі на бязьдзейнасьць міліцыі ў Пракуратуру, да старшыні «рады рэспублікі» Шыпука і ў канцэлярыю прэзыдэнта, але адказу не атрымаў.  Курлукаў лічыць, што ён і ягоная сям'я сталіся ахвярамі сыстэмы, у якой на свабодзе «забойцы ягонай жонкі» і «злачынцы ў мундзірах і кабінэтах».  У сваім лісьце ён задае гэткія пытаньні:

«Чаму справа Мікалуцкага расьсьледуецца, а справа Курлукавай - закрытая?  Хай прэзыдэнт адкажа, колькі страціў кожны беларус і ў цэлым уся краіна на апэрацыі «Дразды»?  Інвэстыцыі, зьвязаныя з новымі рэзыдэнцыямі, у пяць разоў перавышаюць кошт Драздоў.  28 сьнежня мінулага году за спробу набыць другі кілаграм солі міліцыянт зь дзьвюма зоркамі зьняважыў, прынізіў мяне і пагражаў, што складзе пратакол.  За соль - пратакол або турма.  За грошы, заробленыя потам.  Пражыўшы 55 гадоў, нельга купіць СОЛІ.  За соль - ёсьць міліцыя, за забойства ніхто не адказвае і няма міліцыі».

З гэткім пытаньнямі - пры нашым пасярэдніцтве - зьвяртаецца да прэзыдэнта Віктар Курлукаў з Гомелю.  На жаль, зь ліста цяжка разабрацца ў нюансах справы забойства ягонай жонкі, але не сумняемся, што ягонае пачуцьцё крыўды - абгрунтаванае.

Падобная скарга на дзіўную бязьдзейнасьць адказных чыноўнікаў зьмешчаная ў абшырным лісьце, які прыслалі нам супрацоўнікі шклозаводу «Акцябар» зь Елізава.  Сутнасьць іхнай скаргі у наступным:

«У 1996 годзе з будынка заводу выкрадзена 20 кіляграмаў плятына-родзіевага сплаву на суму 2 мільёны даляраў.  Аднак расьсьледаваньне не дало ніякіх рэальных вынікаў, справу закрылі і здалі ў архіў, вінаватых не знайшлі, ніякіх судовых працэсаў не было.  У 1998 годзе, -пішуць супрацоўнікі шклозаводу, - мы зьвярталіся з просьбай правесьці расьсьледаваньне дзейнасьці Александровіча да прэзыдэнта Лукашэнкі, КГБ і пракуратуры, пісалі ў рэспубліканскія газэты, аднак паўсюль - мёртвая цішыня.  Зараз, на хвалі эканамічнага крызысу пара раскрыць чамаданы з кампраматам і выявіць злачынствы рэжыму Лукашэнкі і людзей, на якіх трымаецца гэты рэжым.  Мы просім пазнаёміць з гэтым лістом як мага больш вядомых палітыкаў апазыцыі і лідэраў палітычных партыяў».

Мы ня ў стане поўнасьцю працытаваць згаданы ліст, але пра наяўнасьць самой праблемы паведамляем.  Людзі бачаць яўныя беззаконьні і ня ў стане дамагчыся справядлівасьці.  Ва ўсім гэтым найгоршае бадай тое, што забойства простай жанчыны з Гомеля - ня тое самае, што забойства прэзыдэнцкага сябры Мікалуцкага, а буйны крадзеж, зьдзейсьнены сябрам высокапастаўленага чыноўніка - менш істотны за куплю другога кіляграма солі.  Дрэнна, калі з такімі справамі людзі мусяць зьвяртацца да нас!

Згадаю яшчэ адзін надзвычай зьмястоўны польскамоўны ліст, які прыслаў нам Мечыслаў Юшкевіч з польскага гораду Жары.  Спадар Юшкевіч кажа, што мог бы пісаць па-беларуску, але па-польску яму лягчэй, і акрамя таго ўпэўнены, што мы - паліглоты.  Наш слухач з Польшчы ў асноўным зьвяртае ўвагу на бязглуздасьць беларуска-расейскага аб'яднаньня:

«Калі нават нехта лічыць, што Беларусь цывілізацыйна запозьненая і, магчыма, знаходзіцца яшчэ ў XIX стагодзьдзі, дык значная частка глыбіннай Расеі застаецца ў XVIII стагодзьдзі, або нават у сярэднявеччы».

Спадар Юшкевіч абшырна прадстаўляе свой погляд на сытуацыю ў Беларусі, ролю апазыцыі і спосабы супрацьдзеяньня рэжыму Лукашэнкі.  Да гэтага ліста мы вернемся ў наступным аглядзе пошты.

Кастусь Бандарук

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org