RFE/RL |
|
Паштовая Скрынка 111
4 Студзеня 1999
Аўтар і вядучы Аляксандар Лукашук Піша наш сталы слухач з Магілева: «Вы мне прабачце, што я не называю свайго прозьвішча, вы ж ведаеце, у якой дзяржаве мы жывем. Тут законы пішуцца для Захаду, а мы жывем паводле ўказаў нашага фюрэра». Так пачынаецца гэты ліст – і ня ён адзін. Многія з тых, хто піша на Свабоду, не пазначаюць свайго прозьвішча й адрасу. Мы можам адно здагадвацца, колькі нашых слухачоў увогуле ня пішуць, ня йдуць на пошту і не апускаюць свае лісты ў скрынкі – паводле тае самае прычыны, на якую спасылаецца слухач з Магілеву: «пазначаць свае каардынаты зараз небясьпечна». Піша яшчэ адзін наш "штодзённы" слухач, як ён сябе называе: «Я стары. У свой час падлеткам хаваўся разам з маці ад фашыстаў у лесе. Добра ведаю, што такое страх. Таму толькі ЯВК» – так, ініцыяламі, падпісаны ліст, у якім выказваюцца заўвагі й пажаданньні на адрас нашай праграмы. Гэты слухач зь Віцебску (калі меркаваць паводле паштовага штэмпелю) раіць нам «спусьціцца бліжэй да зямлі й да людзей. Я маю на ўвазе ў першую чаргу мову і ўжываньне занадта мудрагелістых словаў». Прыкладаў наш слухач, на жаль, не прыводзіць – магчыма, сапраўды, тэрміны кшталту «імпічмэнт» ці «экстрадыцыя» гучаць у праграмах занадта часта. Экстрадыцыя – выдача праваахоўным органам замежнай краіны чалавека з тэрыторыі сваёй краіны. Такой выдачы, напрыклад, патрабуе цяпер гішпанскі суд ад Вялікабрытаніі – гаворка пра справу Аўгуста ПІначэта. Чытаю радкі зь ліста з Магілева: «Я хачу выказаць свой пратэст з нагоды суду над Аўгустам Піначэтам. У гэтым чалавеку я і шмат хто бачылі змагара за стаўпы дэмакратыі, за нармальныя чалавечыя каштоўнасьці. А яго зьбіраюцца судзіць за тое, што ён зьнішчыў нейкія дзве-тры тысячы ашалелых чырвоных ваўкоў. Калі б гэтыя чырвоныя ваўкі прыйшлі да ўлады, дык крыві чылійскага народу пралілося б куды болей. Гэта сьвяты чалавек. Яго ў народзе будуць заўсёды памятаць як змагара з камунізмам. Ён адзіны тады ўсьвядоміў, чым пагражае чылійскаму народу прыход да ўлады чырвонай мафіі. Увесь Захад сядзеў ціхенька і маўчаў, адзіны Аўгуста Піначэт вёў тады змаганьне. А цяпер, бач ты, раптам знайшліся змагары за дэмакратыю. Дзе тады была палата лордаў? Я тады ня чуў ейнага голасу. Яна маўчала». Слухач з Магілева, які выказвае свой погляд на справу з затрыманьнем генэрала Піначэта, упікае палату лордаў у немаральным падыходзе. Адклаўшы гэты ліст у бок адзначу, што прад'яўляць маральныя патрабаваньні арганізацыі – любой арганізацыі, ад рэлігійнай, напрыклад царквы, да прафэсійнай, кшталту парлямэнту – няўдзячная справа. Чалавек існуе ў сфэры маралі, ад чалавека можна і трэба патрабаваць маральнасьці; ад групы – наўрад ці. У маральным сэнсе пяць чалавек слабейшыя за аднаго. Любая арганізацыя апэруе і карыстаецца іншымі катэгорыямі – на жаль. Нагадаю слухачам, што палата лордаў цяпер пераглядае сваю пастанову ў справе выдачы Піначэта. Працягнем чытаць ліст з Магілева: «Піначэт вёў барацьбу з чырвонай мафіяй іхнымі мэтадамі. Яны ў Расеі і іншых краінах сьвету, дзе былі іх рэжымы, змагаліся з народам усімі даступнымі ім спосабамі. Чырвоныя фашысты ў адным СССР з 1917 па 1991 зьнішчылі свайго народу каля 60 млн. чалавек. Вы паглядзіце, што адбываецца там, дзе пабывалі камуна-фашысты, паўсюдна голад, беднасьць, бандытызм, цкуюць народы адзін на аднаго, ідуць войны суьсветнага значэньня. Піначэт уратаваў сваю краіну ад усяго гэтага». Далей наш слухач даволі эмацыйна зноў папракае брытанскіх лордаў у тым, што яны граюць на руку камуністам. Сканчаецца ліст так: «Я асабіста жадаю Аўгуста Піначэту добрага і доўгага жыцьця, удачы ў ягонай нялёгкай справе. Жыве Піначэт!» І прыпіска: «Калі магчыма, перадайце мой ліст у той суд, які будзе судзіць Піначэта, альбо яму асабіста». Шаноўны аўтар ліста з Магілева, ваш допіс мы пераслалі ў амбасаду Чылі ў Чэскай Рэспубліцы. Сёньня перадача была прысьвечаная ў асноўным аднаму лісту бяз подпісу – пра іншыя пагаворым наступным разам. Пошту чытаў Аляксандар Лукашук |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |