RFE/RL |
23 Верасьня 1999 Аўтар і вядучы Сяржук Сокалаў-Воюш Сёньня ў нашай паштовай скрынцы знайшліся лісты двох тыпаў: ад эміграцыі і зь Беларусі. Пачнем з крытычнага ліста, які нам даслаў наш сталы слухач зь Нюрэнбэргу Данііл Альпяровіч. “Іншым разам слухаю вас і думаю, – піша ён, – ці ёсьць там у вас рэдактар – нейкі адказны чалавек – які сьвежым вокам, спакойна, нетаропка чытае і слухае матэрыялы… бо некаторых аўтараў проста заносіць”. Пра тое, як заносіць мы пагаворым крыху пазьней. А вось пра нетаропкага рэдактара магу адказаць цяпер: такога ў нас няма. Нетаропкасьць – родная сястра марудлівасьці, а марудлівасьць – не радыйны стыль. Яна, як у прыкладзе з савецкім, ці цяперашнім Беларускім радыё, прыводзіць да таго, што ў эфір ідуць навіны ўчорашняга, а нават і пазаўчорашняга дня. Слухач хоча ад нас апэратыўнасьці, а пры такім падыходзе здараюцца і хібы, і пралікі. На шчасьце вашыя лісты дапамагаюць нам заўважаць такія выпадкі і рабіць адпаведныя высновы. А цяпер пра тое, як заносіць некаторых нашых аўтараў. Спадар Альпяровіч падае прыклады такіх заносаў. Дзеля таго, каб адказаць на адзін зь, іх я зьвязаўся па тэлефоне са студэнтам Лінгвістычнага Ўнівэрсытэту Віталем Станішэўскім: (Карэспандэнт: ) “Віталь, нам піша Данііл Альпяровіч, наш сталы слухач зь Нюрэнбэргу (я працытую ягоны ліст): “Ваша аўтарка, пані Караткевіч астатнім разам зь імпэтам распавядала пра студэнта Лінгвістычнага Ўнівэрсытэту, які перакладае на родную беларускую мову замежныя – часьцей, амэрыканскія – фільмы й распаўсюджвае сваю прадукцыю. Ці варта нагадаць аўтарцы, што той студэнт парушальнік, яго могуць “привлечь”, бо ён парушае міжнародныя законы аб аўтарскім праве. Зразумела, ён ня мае а ні ліцэнзіі на пераклад, а ні дамовы на сваю дзейнасьць з уладальнікамі аўтарскіх правоў на кожны канкрэтны фільм – я ведаю рэаліі беларускага праўнага жыцьця. Аднак, не зьдзіўлюся, калі з “наводкі” Караткевіч і вашых слухачоў зь беларускіх вельмі ж кампэтэнтавых ворганаў, зьявіцца нехта з падаткавай інспэкцыі Менску да таго небаракі-перакладніка…”. Вось Віталь, як Ты можаш пракамэнтаваць гэты ліст?” (Станішэўскі: ) “Ну, па-першае, у Беларусі сытуацыя з аўтарскімі правамі не нагэтулькі добра ахоўваецца, як я магу меркаваць – таму што ў кожным шапіку прадаюцца неліцэнзаваныя касэты, амаль хатняга такога, саматужнага ўзроўню. Па-другое, рынак беларускамоўнае прадукцыі не нагэтулькі распрацаваны сёньня, каб на ім можна было атрымліваць вялізныя камэрцыйныя выгоды, прыбыткі. Адпаведным чынам, невялікая будзе камэрцыйная шкода ўладальніку правоў на гэты фільм. Па-трэцяе, пра сам фільм я казаў, што яго толькі пераклаў. Пра распаўсюд я не казаў анічога. Таму для кампэтэнтавых ворганаў тут аніякае наводкі ня можа быць”. (Карэспандэнт: ) “Віталь, а той фільм, які Ты пераклаў – для якой аўдыторыі ён прызначаны?” (Станішэўскі: ) “Ён прызначаны для людзей, якія найлепш разумеюць па-беларуску. І ждаюць бавіць свой час самым сучасным, так бы мовіць, чынам – гэта значыць, гледзячы відэафільмы”. На прыканцы нашай гутаркі Віталь Станішэўскі паведаміў, што пасьля перакладу фільма “Пяты элемэнт”, ён сканчае працу над яшчэ адным фільмам “Адважнае сэрца”. А вось яшчэ адзін ліст ад нашага слухача й колішняга супрацоўніка зь Нью-Ёрку Янкі Запрудніка, які старэйшаму пакаленьню слухачоў быў вядомы як Арсень Загорны. Аўтар некалькіх кніжак пра Беларусь, выдадзеных як па-беларуску так і па-ангельску, ён працягвае сваю дасьледніцкую дзейнасьць у галіне Беларусазнаўства. З гледзішча гэтай сваёй працы ён ацэньвае нашую дзейнасьць наступным чынам: “Хацеў бы падзякаваць кожнаму, чые намаганьні ідуць на падрыхтоўку навінаў і іншых тэкстаў. Я чытаю іх рэгулярна й лічу іх вельмі ўдалымі ў справе пашырэньня зьвестак пра Беларусь. Ваша старонка ў інтэрнэце надзвычай інфарматыўная, і я ўзбагачаюся з гэтай крыніцы. З такімі высновамі пагаджаецца і старшыня назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганс Гэорг Вік, які таксама чытае вашую старонку”. Ад сябе скажу, што такая ацэнка з боку старшыні назіральнай групы асабліва прыемная, бо спадар Вік час ад часу фігуруе ў нашых перадачах як аб’ект крытыкі то з боку апазыцыі, то з боку ўладаў. Калі два папярэднія лісты былі лістамі ад эміграцыі, дык наступны ліст прыйшоў зь Беларусі. Атрымалі мы яго праз электронную пошту. Аўтар ліста Дзьмітры Аляксандараў з Мазыра піша, што нядаўна чуў ув аднэй з нашых перадачаў пра чарговы розыгрыш лятарэі “грын-картаў” і таму просіць больш падрабязнай інфармацыі. Паколькі аўтар ліста просіць нас даслаць яму адказ у электроннай форме, я мяркую, што ён мае доступ і да інтэрнэту. Гэткім чынам, інфармацыю пра правілы ўдзелу ў лятарэі ён можа знайсьці паводле каардынатаў: http://travel.state.gov/ftcalert.html . Мушу зазначыць, што амаль кожны год у правілах лятарэі адбываюцца пэўныя зьмены. Пра іх мы будзем інфармаваць нашых слухачоў, як толькі атрымаем адпаведную інфармацыю. Што ж да іншых пытаньняў спадара Аляксандрава, то адкажу, што прозьвішча ў анкетах на “грын-карту” вы мусіце пісаць так, як яно напісанае ў вашым пашпарце, гэта значыць у беларускай транскрыпцыі. Штатаўскія чыноўнікі, ув адрозьненьні ад нашых, ня маюць комплексу расейскае ці якое-небудзь іншае мовы. Ваша імя Дзьмітры, напісанае праз “ДЗ” будзе ўспрынятае гэтак сама спакойна, як і прозьвішча Аляксандраў з “Ў” на канцы. Галоўная ўмова, каб напісанае адпавядала напісанаму ў пашпарце. Што ж да імя па-бацьку, то ў заходніх краінах яго папросту не існуе, таму будзьце гатовым, што яго ня будзе ня толькі ў вашых дакумэнтах, а і ў рэальным жыцьці ў ЗША, калі, зразумела, вы выйграеце “грын-карту”. І апошняе, вы просіце прабачэньня, што напісалі нам ліст па-расейску. Вядома шкада. Паспрабуйце наступны раз напісаць па-беларуску, напісаць як зможаце, хай зь недарэчнасьцямі ці памылкамі, але па-беларуску. Можа быць гэта стане для вас першым крокам вяртаньня да самога сябе й духовага паяднаньня з супольнасьцю, што называецца Беларускі Народ. І нарэшца апошні ліст, зноў з эміграцыі, ад Макса Івашына з ЗША. Ён таксама прыйшоў да нас у электронным выглядзе. “Дзякуй за вашую старонку і за вашую працу”, – піша спадар Івашын. – Трымайцеся, на Беларусі зараз робяцца брыдоты, але ж некалі і на нашай вуліцы будзе сьвята! Прычым ня “можа яно калісьці будзе” а проста ПАВІННА БЫЦЬ. Вы, прабачце за банальнасьць, яго набліжаеце”. Далей аўтар просіць нас паставіць Словы Дня на электроннай старонцы ў альфабэтычным парадку, а таксама пытаецца, як нам падабаецца варыянт Беларускай лацінкі, якім напісаны ягоны ліст. Што ж, варыянт лацінкі прыймальны, а наконт словаў – яны, як і жыцьцё – ідуць паводле датаў і ігнаруюць альфабэты. Калі праект “Слова Дня” будзе закончаны, яго можна будзе раскласьці па палічках, як гэта робяць з жыцьцём чалавека ягоныя пасьмяротныя біёграфы. Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |