RFE/RL |
14 Кастрычніка 1999. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Сярод пошты апошняга тыдня я выбраў некалькі лістоў, аўтары якіх, паслухаўшы нашыя праграмы, пажадалі выказаць нязгоду з пазыцыяй журналістаў і падзяліцца некаторымі меркаваньнямі й прапановамі. Вашыя перадачы падабаюцца мне тым, што ў іх можна пачуць пра многія падзеі, пра якія чамусьці вельмі рэдка пішуць беларускія газэты, – піша Алена Белахвосьцік з Рэчыцкага раёну Гомельскае вобласьці. – Але я ня згодная з вашымі карэспандэнтамі, якія ўсю віну за нашыя беды ўскладваюць толькі на Лукашэнку. Ён жа вельмі стараецца для людзей. Гэта на мейсцах удзельныя князькі ня выконваюць ягоных загадаў і твораць што хочуць. Што ён адзін можа зрабіць з усімі імі? Расказвайце болей пра гэта – пра самаўладзтва раённых ды вабласных начальнікаў. У іх праўды ня знойдзеш. А Лукашэнка пра гэта ня ведае”. Магчыма, Алена, Вам варта было б самастойна знайсьці адказ на пытаньне: “Чаму ў беларускіх газэтах, якія даходзяць да вашай вёскі, Вы ня можаце прачытаць пра тыя падзеі, пра якія даведваецеся з нашых перадачаў?” Лукашэнка, сапраўды, выглядае вельмі пераканаўчым і шчырым, калі сустракаецца зь людзьмі й выслухоўвае іхныя скаргі, калі наладжвае публічныя лупцаваньні сваіх падначаленых. Рэч, аднак, у тым, што ўсе раённыя і вабласныя начальнікі, якіх Вы называеце ўдзельнымі князькамі і ў якіх, як Вы лічыце, бескарысна шукаць праўду, прызначаныя менавіта Лукашэнкам – ім асабіста або зь ягонай згоды. І газэты, якімі Вы незадаволеныя, таксама ўзначальваюць людзі, што абслугоўваюць гэтую ўладу. Праблема асабістага выбару: верыць у шчырасьць Лукашэнкі й гуманнасьць ягоных намераў, ці – меркаваць пра яго па вынікох ягонае палітыкі, па тым, як зьмянілася жыццё ў краіне (і ў вашай вёсцы у прыватнасьці) больш як за пяць гадоў ягонага кіраваньня. Мы, вядома, будзем і далей расказваць пра тое, што робіцца ў беларускай правінцыі, але разглядаць гэтыя падзеі і зьявы адасоблена ад палітыкі Лукашэнкі нельга – гэта было б папросту павярхоўным поглядам на рэчы. Эдуард Тобін з горада Смалявічы Менскае вобласьці таксама расказаў пра свае адносіны зь мяйсцовымі ўладамі. Ён піша: “Нешта цяжка на душы: запатрабаваў ад смалявіцкіх уладаў, каб адрадзілі нацыянальную, а не бальшавіцка-расейскую тапаніміку, выказаў крытыку за адсутнасьць бульбы, буракоў, вопраткі і абутку, алоўкаў і сшыткаў. Паскардзіўся на немагчымасьць купіць неабходныя мне лекі з-за іхнае недаступнасьці па цане; пакрытыкаваў за адсутнасьць магчымасьці шанаваць навакольнае асяродзьдзе й прымус выкідваць шкло, пластыкі, жалезную ды іншую непатрэбшчыну на прыроду… Цяпер вось чакаю адплаты. Магчыма, пасадзяць. Можа, толькі паб’юць. А можа, і зьнікну. Ну, не ўспамінайце ліхам”. Свой гіранічны расповед пра ўласныя непаразуменьні з уладай Эдуард Тобін суправаджае развагамі пра тое, чаму зь беларусамі адбылося тое, што адбылося. У сваіх меркаваньнях ён катэгарычны і дзеліць усіх, хто насяляе Беларусь, на халопаў і грамадзянаў. “Хто можа лічыцца грамадзянінам Беларусі? – пытаецца Эдуард. – Ці любы, хто пряжджае ў нашую краіну, ці толькі народжаныя тут? Да таго ж і апошнія павінны адпавядаць нейкім крытэрыям – напрыклад, ведаць і карыстацца мовай продкаў, ведаць гісторыю свайго народа, сымбалі сваёй дзяржавы, патрабаваньні Канстытуцыі і законаў. Калі ж народжаны тут гэтага ня ведае, ігнаруе ці, тым больш, ненавідзіць (што нярэдка назіраецца) – дык які ж гэта грамадзянін Беларусі?” Высновы Эдуард Тобін робіць адназначныя і бэзапэляцыйныя: ня ведаеш і не карыстаешся моваю, маўчыш і не супраціўляешся рэжыму, не адстойваеш дэмакратычныя прынцыпы – значыць, ты халоп, халуй, а не грамадзянін. Крытэрыі гэтыя, напэўна, зусім правамерныя ў многіх эўрапейскіх краінах зь іншай гісторыяй ды іншай масавай сьвядомасьцю. І яны скарыстоўваюцца там пры вызначэньні таго, ці варты той ці іншы эмігрант быць прынятым у грамадзянства. У нас іншая сытуацыя, іншы гістарычны шлях. І ня ўлічваць сёньняшнія рэаліі немагчыма. Грамадзтва не мяняецца ў адзін момант. Каб асэнсаваць і ўсвядоміць гэта, напэўна, патрэбна шмат цярпеньня. Але па-іншаму наўрад ці атрымаецца. Гэта нашая плата за незалежнасьць, каштоўнасьці якой мы пакуль што, на жаль, да канца не ўсьвядомілі. Лёсам беларускае мовы заклапочаныя многія нашыя слухачы. Юры Гіль, старшыня Таварыства Беларускае Мовы Віленскага краю і дэпутат Віленскага раёну, напісаў пра тое, зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца сутыкацца яму і ягоным аднадумцам, прыяжджаючы ў Беларусь. Іхная суполка ў свой час стварыла ў вёсцы Вашунава Докшыцкага раёну гісторыка-этнаграфічны музэй “Засьцянковая хатка”, як піша Юры Гіль – “моцны асяродак беларушчыны, дзе да апошняга часу ладзіліся цікавыя імпрэзы”. Але гэта прыйшлося недаспадобы спачатку мяйсцовым чыноўнікам, а цяпер, як сьцьвярджае Юры Гіль, і кіраўніцтву беларускай амбасады ў Вільні. Ведаючы, што ў таварыства няма грошай на ўязныя візы, яны адмянілі ільготныя візы, што йснавалі раней. З-за гэтага ўжо сарваны цэлы шэраг імпрэзаў, якія плянаваліся раней. Юры Гіль паведамляе, што ён і ягоныя аднадумцы будуць змагацца за свае правы – выставяць пікет ля беларускай амбасады. Пра лёс перамоваў паміж уладай і апазыцыяй напісаў нам Уладзімер Дзьмітрук зь Пінскага раёну. Ён абураецца тым, што апазыцыйныя лідэры зьбіраюцца садзіцца за адзін стол з кіраўнікамі, як ён адзначае, “злачыннага антынароднага рэжыму”. Гэта прывядзе да таго, што Лукашэнку прызнаюць у Эўропе, і Беларусь на доўгія гады апынецца ў цемры самаўладзтва, – піша Ўладзімер. – Такім чынам, палітык, які ставіць на мэце зьнішчэнне беларускае дзяржаўнасьці, даб’ецца свайго. Пра марнасьць і бясплённасьць гэтых перамоваў, якія, дарэчы, пакуль нават не пачаліся, сёньня шмат гавораць, – адны, як Уладзімер Дзьмітрук, патасна й безапэляцыйна, іншыя – стрымана і ўзважана. Часам узьнікае ўражаньне, што гэтыя перамовы асуджаныя на няўдачу яшчэ да таго, як пачацца. Але пры гэтым амаль ніхто не прапануе іншага выйсьця са становішча, у якім апынуліся і ўлада, і апазыцыя, і ўсе мы разам у гэтай краіне, якая па дзіўнай прыхамаці гістарычнага лёсу павярнула з бальшака, якім ідуць усе разважлівыя суседзі, і цяпер пакутліва шукае ўласную дарогу. Гэта быў агляд пошты слухачоў. Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |