RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



Эфір 28 Сьнежня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Амаль усе лісты апошняга тыдня — з каляднымі ды навагоднімі віншаваньнямі, з асэнсаваньнем вынікаў году, які адлічвае свае апошнія дні, а таксама з развагамі ды роздумам пра год наступны. 2001 год многія нашыя слухачы лічаць вырашальным для Беларусі найперш з прычыны прэзыдэнцкіх выбараў. Прычым, ня ўсе пагаджаюцца з тым, што найгоршым для дэмакратычнай будучыні Беларусі вынікам іх была б новая перамога Лукашэнкі. Вось які ліст на гэтую тэму атрымалі мы ад Рамана Стасэвіча з Магілеву. Ён піша:

“Найгоршы вынік прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году — калі з дапамогаю Масквы Лукашэнку пераможа новы яе фаварыт і стаўленьнік, хай нават і зь іміджам дэмакрата. Гэта значна горш, чым нават тое, калі кіраваць застанецца грамадзянін Лукашэнка. Бо пры новым прамаскоўскім прэзыдэнце гэтак званая “інтэграцыя” (г.зн. паглынаньне Беларусі Расеяй) набудзе хуткасьць і пачне ажыцьцяўляцца ня толькі на паперы. Прычым, гэтае паглынаньне станецца легальным, а таму й больш небясьпечным ды фатальным для Беларусі. Рынак будзе, але крымінальны, дзе ўладараць расейскія манаполіі, ды які яшчэ горай за беларускі “рынкавы сацыялізм”. У такім “рынку” беларусы апынуцца ў яшчэ больш заняволеным стане.

А калі застанецца Лукашэнка (а сумленна перамагчы яму немагчыма), дык ягоная бязвыніковая палітыка будзе працягваць каціцца долу да свайго непазьбежнага скону. Новага дыханьня такая пірава перамога гэтаму рэжыму не надасьць, а наадварот — прысьпешыць крах”,

— гэтак лічыць Раман Стасэвіч з Магілеву.

Выснова даволі нечаканая, асабліва калі ўлічыць, што ўсе сем гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў замежнай палітыцы былі гадамі няспыннай інтэграцыі з Масквою і бясконцых дамоваў пра яшчэ больш шчыльнае яднаньне. І цяжка назваць іншага палітыка на ўсёй постсавецкай прасторы, які б займаўся падобнымі кампаніямі з большым імпэтам. Як цяжка ўявіць дэмакратычна абранага прэзыдэнта незалежнае дзяржавы, што наважыўся б у справе зьнішчэньня гэтае незалежнасьці пайсьці далей за Лукашэнку.

Раман Стасэвіч лічыць ганебнай тактыку аб’яднанай апазыцыі, накіраваную на наладжваньне сувязяў з Масквою і на пошук ейнае дапамогі. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Гэта перабольшваньне, што беларусам вельмі важна, як той ці іншы палітык (напрыклад, кандыдат у прэзыдэнты Беларусі) будзе ставіцца да Расеі. Мы за апошнія гады “аб’еліся” гэтай так званай “інтэграцыяй”, у выніку шмат якія штучна створаныя стэрэатыпы моцна выпетралі. Беларусаў больш цікавіць, якім чынам наладзіць нармалёвае жыцьцё ў сябе дома”

— лічыць Раман Стасэвіч з Магілеву.

Гэтыя Вашыя заўвагі, Раман, выглядаюць слушнымі, асабліва што датычыць прывабнасьці лёзунгаў пра яднаньне з Расеяй. Ад бясконцае кампаніі сватаньня Лукашэнкі стаміліся, здаецца, нават самыя апантаныя прыхільнікі беларуска-расейскага шлюбу. "Саюзная дзяржава" засталася такім жа прывідам, якім была сем год таму.

Што да пошукаў дэмакратамі падтрымкі Масквы, дык згадайма: Крэмль у свой час падтрымліваў Вячаслава Кебіча, але што дала тая падтрымка ў ліпені 94-га году?

Таксама пра хуткія выбары ліст ад настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну Гарадзенскае вобласьці. Ён піша:

“Інтуіцыя і досьвед падказваюць — а мне ўжо 76-ы год, што з пачаткам новага стагодзьдзя й новага тысячагодзьдзя для нашае шматпакутнае Беларусі мусіць настаць зорны час, калі яна нарэшце набудзе сапраўдную дзяржаўнасьць ды неаспрэчную незалежнасьць. А дзеля гэтага перш за ўсё трэба абавязкова выйграць прэзыдэнцкія выбары, — лічыць Алесь Ляскоўскі. І працягвае:

“Вылучэньне адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на пачатковай стадыі выбарчае кампаніі мне падаецца памылкаю, бо гэта значна звузіць агульныя патэнцыйныя магчымасьці апазыцыі. Цяпер самы спрыяльны час для раскруткі некалькіх кандыдатаў, зь ліку якіх на заключным этапе гонкі будзе названы адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі.

З-за таго, што доступу да дзяржаўнага радыё і тэлевізіі ў апазыцыі няма й не прадбачыцца, роля Свабоды значна ўзрастае. Варта было б вам на пэўны час увесьці новую рубрыку, адмыслова прысьвечаную прэзыдэнцкім выбарам. Як на мой густ, яе можна было б цалкам прысьвяціць інтэрвію са знакамітымі асобамі, сярод якіх, магчыма, будзе і адзіны кандыдат”,

— напісаў настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

І Вашае пажаданьне, спадар Ляскоўскі, і падобныя заўвагі многіх іншых слухачоў мы абавязкова ўлічым. Ужо зь першых дзён новага году ў нашай праграме зьявіцца некалькі адмысловых рубрык, прысьвечаных тэме прэзыдэнцкіх выбараў. Пастараемся, каб Вы мелі самыя поўныя і дакладныя зьвесткі і пра саму выбарчую кампанію, і пра палітыкаў, якія будуць у ёй удзельнічаць.

Наш сталы слухач, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску даслаў яшчэ адну гісторыю са сваёй багатай біяграфіі. Гэтым разам — расповед пра зусім не гераічны эпізод вайны ў Аўганістане, у якой Вячаславу давялося ўдзельнічаць у 83-м годзе ў складзе, як ён піша, “абмежаванага ва ўсім кантынгенту”. Антысанітарыя, якая панавала ў савецкім войску, спрычынілася да таго, што ці не 90% салдат, што прайшлі праз Аўганістан, зьведалі на сабе, што такое вірусны гепатыт.

Захварэў там і капітан Шчыткавец. Прычым захварэў другім разам, што асабліва небясьпечна. І вось — савецкі інфэкцыйны шпіталь у Кабуле. Вячаслаў узгадвае:

“Мінае дзень — лячэньня ніякага. Лекар паглядзіць, паслухае — і пайшоў далей. Другі дзень — тое самае. У мяне ня толькі вочы — я ўжо сам увесь пажаўцеў, печань на кулак выпаўзла з-пад рэбраў. І нікому да мяне няма ніякае справы. Ані лекаў, ані вітамінаў, ані дыетычнага харчаваньня. Кармілі ж вядома чым: звычайны суп, каша са сьвінінаю ці ялавічынаю, гарбата ці кісель. Тут я зразумеў: калі не вырвуся з гэтага пекла — канец. Пачаў распытваць, як трапіць на лячэньне ў Саюз. Аказалася, паводле дырэктывы камандуючага акругі, лячыцца накіроўваюць туды толькі старэйшых афіцэраў. Маіх капітанскіх пагонаў для гэтага недастаткова.

І тут я ўспомніў пра “ссабойку”, якую далі мне ў дарогу саслужыўцы: два мяшэчкі — адзін з апельсінамі, а другі — з эўкаліптавымі венікамі для лазьні. Бяру мяшкі, шыбую да начальніка аддзелу, з парога кажу пра сваю бяду і ўручаю “паскаральнік”. Доктар спакойна адказаў: “Чаго ж ты саромеўся і так доўга маўчаў?”

Імгненна аказалася, што мой выпадак асаблівы й падпадае пад нейкую зноску нейкага параграфа дапаўненьня да дырэктывы камандуючага.

У той жа дзень на мэдычным самалёце, у якім палова месцаў была не занятая, я трапіў у Ташкент. У самалёце былі вайскоўцы ад прапаршчыка да палкоўніка. Напэўна, і многія зь іх, каб знайсьці зачэпку ды трапіць у Саюз, нешта далі доктару. Але пра гэта не гаварылі ўголас.

У Ташкенце ў шпіталі зь цяжэйшай формаю хваробы я праляжаў два месяцы, пасьля чаго мяне датэрмінова замянілі, і больш у Аўганістан я ня трапіў”,

— гэта быў успамін удзельніка савецка-аўганскае вайны Вячаслава Шчыткаўца з Бабруйску. Для дзясяткаў тысячаў беларускіх хлопцаў, якія прайшлі праз лякальныя войны з удзелам СССР, падобныя ўспаміны сталі ці не самымі запамінальнымі й драматычнымі ў адыходзячым стагодзьдзі. Звычайна, калі аналізуюць прычыны паразы Савецкага Саюзу ў вайне з Аўганістанам, кажуць пра памылкі стратэгаў, палітычныя пралікі, недаацэнку сілаў аўганскіх маджахедаў… Хоць у сапраўднасьці, можа, якраз такія эпізоды, зь якіх і складалася тая вайна, сталі вырашальнымі.

Ніна Кірычун зь Берасьця даслала нам копію свайго навагодняга віншаваньня, якое яна накіравала Аляксандра Лукашэнку. “Жадаю вам, Аляксандар Рыгоравіч, такога ж дабрабыту, які мае бальшыня даведзенага да галечы беларускага народу, — піша слухачка. — Пры вашым кіраваньні колькасьць жыхароў Беларусі ўпершыню за апошнія пяцьдзясят гадоў пачала імкліва скарачацца. Такое было толькі пад час вайны. Людзі баяцца мець дзяцей, бо ня здольныя іх пракарміць”.

На заканчэньне — каляднае віншаваньне, якое прыйшло са Злучаных Штатаў Амэрыкі ад вядомага Алега Батурына, колішняга беларускага міліцыянта, што атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Ён піша:

“Дзякуй, што вы ёсьць, бо для мяне толькі родныя галасы зь Беларусі засталіся апошняй нітачкаю, што злучае з Радзімаю. Ваша радыёстанцыя — гэта глыток свабоды ў нашай шматпакутнай Беларусі. Ведайце, што вас любяць і слухаюць многія беларусы, што ўва многіх (у тым ліку і ўва мне) вы падтрымліваеце жаданьне змагацца й перамагаць. Часам толькі інфармацыя вашага радыё не дае апускаць рукі й здацца. Заўсёды падтрымлівае тое, што ты не адзін”.

Дзякуй Алег, Вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду і для калядных віншаваньняў. Вясёлых вам сьвятаў. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org