RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



Эфір 21 Сьнежня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Ужо больш як год гучыць на нашых хвалях тэма зьніклых пры загадкавых абставінах беларускіх палітыкаў ды іншых вядомых асобаў. На жаль, толькі зрэдку зьяўляецца нейкія новыя зьвесткі ў гэтай справе. Адпаведна, зьмяншаецца і вастрыня грамадзкае ўвагі да праблемы, якая становіцца застарэлай і, падобна, ужо трывала зьвязваецца з тыповымі рысамі цяперашняе беларускае ўлады. Некаторыя нашыя слухачы незадаволеныя такім становішчам і лічаць, што вінаватае ў гэтым радыё Свабода. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Уладзімер Ярашэвіч зь Менску. Ён піша:

“Слухаў я перадачу 11 сьнежня, і мяне ахапіла вялікая злосьць: у краіне дагэтуль ня знойдзеныя трое людзей, а ў вас хапае сумленьня круціць на радыё нейкіх бардаў, і гэтай лухтою займаць эфірны час, аплочаны Кангрэсам ЗША.

Калі зьнік Андрэй Бабіцкі — карэспандэнт расейскай службы радыё Свабода — яны трубілі пра гэта кожны дзень. І Пуцін, як школьнік, вымушаны быў штодня нешта тлумачыць з гэтае нагоды. А пра Захаранку, Ганчара, Завадзкага ЗША кожны дзень, на жаль, не гавораць. (Па-мойму, увогуле не гавораць.)

Я думаю, што з дапамогаю радыё Свабода зусім можна стварыць абстаноўку, каб чалавек, які вінаваты ў зьнікненьні ды імя якога ўсе ведаюць, страціў спакой і набыў няспынную бязсоньніцу.

Напэўна, трэба, каб у вас усіх хто-небудзь зьнік, як гэтыя тры чалавекі, тады вы можа што-небудзь пачнеце рабіць разам з усімі гэтымі нашымі партыямі, папулярнасьць якіх — 0,3%. Інакш — грош цана вам і ўсяму Беларускаму радыё Свабода.

Раю ўсім жыхарам Беларусі мець фатаздымкі гэтых трох асобаў. Любы ў Беларусі можа апынуцца на іх месцы”.

Гэта быў ліст Уладзімера Ярашэвіча зь Менску.

Ня згодзен з вашым абвінавачаньнем, спадар Уладзімер. Тэма зьніклых гучыць на нашых хвалях вельмі часта — як толькі для гэтага зьяўляецца хоць бы найменшая нагода. І вашае сьцьверджаньне пра тое, што ўрад Злучаных Штатаў не надае гэтай тэме належнае ўвагі — таксама няпраўда. У часе любых афіцыйных перамоваў зь беларускімі ўладамі гэтая праблема абавязкова ўздымаецца, і афіцыйнаму Менску ня раз было заяўлена, што наладжваньне добрых стасункаў з Захадам немагчымае без высьвятленьня лёсу зьніклых і выяўленьня вінаватых у зьнікненьні.

Ёсьць, аднак, адзін вельмі важны, на маю думку, аспэкт, пра які ў вашым лісьце не згадваецца. Маю на ўвазе грамадзкую цікавасьць да гэтае праблемы ў самой Беларусі, сярод бальшыні беларускіх грамадзянаў, сярод палітычнай, інтэлектуальнай эліты. Бо, як бы ні было, праблема гэтая найперш беларуская, і найперш ад саміх беларусаў залежыць, якім шляхам пойдзе далей дзяржава і як гэтая дзяржава будзе выходзіць з падобных сытуацыяў.

Наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў напісаў з нагоды фактычнага пачатку прэзыдэнцкае кампаніі. Вось некалькі цытатаў зь ягонага ліста:

“Сьвятую справу змаганьня з Лукашэнкам і перамогі над ім апазыцыя не павінна зацягаць у амбіцыях лідэраў, не павінна ператвараць у камізм. Самае галоўнае цяпер — давесьці да грамадзтва ўсю небясьпеку другогу тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. А на Свабодзе палітолягі й палітыкі павінны грунтоўна абмеркаваць наступствы магчымае новай перамогі Лукашэнкі.

Нельга выходзіць на прэзыдэнцкую гонку палітычным асобам зь мінулага, у якіх няма ніякіх шанцаў — Пазьняку, Шушкевічу, Казлоўскаму, Чыгіру, Лябедзьку. Ёсьць дастойныя людзі — Домаш, Сасноў, Каратчэня, Грыбанаў ды іншыя.

У мяне такое адчуваньне, што Пазьняк і Чыгір (…) таемныя памочнікі Лукашэнкі. Глыбока закансьпіраваныя, як Гайдукевіч. Удзел у гонцы Пазьняка й Чыгіра выкліча агіду ў народа, які потым міжволі папляцецца аддаваць галасы Лукашэнку”,

— гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Выснова пра “глыбока закансьпіраваных памочнікаў Лукашэнкі”, якімі Вы, Алесь, называеце такіх вядомых дэмакратычных палітыкаў як Зянон Пазьняк і Міхал Чыгір, гучыць даволі рызыкоўна й выклікае нямала пытаньняў. Відавочна, Вы маеце на ўвазе тое, што адсутнасьць адзінага рэальнага кандыдата ад дэмакратаў аб’ектыўна на карысьць Лукашэнку. Мяркуючы па ўсім, у дэмакратычным асяродку ўсьведамленьне такое небясьпекі ёсьць.

Ліст ад Іосіфа Іваніцкага зь Менску. Спадар Іваніцкі — з тых пэнсіянэраў, якія неабачліва даверылі свае зьберажэньні ненадзейным банкам, і цяпер апэлююць да ўладаў, патрабуючы вярнуць грошы. Слухач піша:

“Колькі разоў толькі за апошнія дзесяцігодзьдзі нас, памяркоўных, талерантных беларусаў фінансавыя дзялкі “абувалі ў лапці” — цяжка нават узгадаць. Было гэта й да распаду СССР — і дэвальвацыі, і “замарожваньні”… Рабілі ўсё, каб забраць апошняе, каб ты стаў цалкам залежным ад дзяржавы, якая з галодным і распранутым можа рабіць усё, што захоча.

Больш як год таму “затрашчаў па швох” банк “Поіск”. Дагэтуль не паведамлена, дзе апынуліся больш як 10 мільёнаў даляраў. Шасьці тысячам беларусаў паводле кімсьці распрацаванага сцэнару было прапанавана перааформіць раней падпісаныя дамовы з, напрыклад, 14-16% гадавых тэрмінам 3-6 месяцаў, на 7-8%, але ўжо на 1,5–3 гады. А забраць свае грошы я не магу: у іх ужо іншы гаспадар.

Цяпер — новы спэктакаль, толькі ўжо не зь дзесяцю, а з сямнаццацьцю мільёнамі даляраў. І 10 тысячаў падманутых банкам “БелБалтыя” людзей. Найбольш настойлівыя ўжо адсудзілі свае грошы ў судзе, але, як сказана, грошай у банка няма, выконваць рашэньне суду няма чым.

23 cьнежня з гэтае нагоды мы ладзім мітынг на пляцы Бангалёр, дзе скажам прадстаўнікам улады ўсё, што думаем на гэты конт”,

— напісаў Іосіф Іваніцкі зь Менску.

Стаўленьне да ахвяраў фінансавых афэрыстаў цяпер у беларускім грамадзтве супярэчлівае. Многія лічаць так: пасьля ўсяго, што было на пачатку 90-х гадоў, пасьля ўсіх гэтых фінансавых пірамідаў і тысячаў пасьлядоўнікаў Маўродзі на новыя абяцаньні звышдаходаў купляюцца хіба толькі вельмі легкадумныя грамадзяне, самі схільныя да авантураў. За авантуру, маўляў, самі й разьлічваюцца. Хоць, зь іншага боку, як дакараць пэнсіянэра, які занёс у банк апошняе, паверыўшы запэўніваньням уладаў, што ў Беларусі засталіся толькі надзейныя банкі, і што захаванасьць укладаў дзяржава гарантуе.

Распавядаюць, што надоечы да натоўпу абураных кліентаў “Белбалтыі”, якія сабраліся ля дзьвярэй банку, падышоў дзядок, які зьбіраўся займаць чаргу, каб здаць у банк грошы. І нават не адразу паверыў, што рабіць гэта ня варта.

На заканчэньне — ліст ад Міколы Хамчука, былога вязьня фашызму, інваліда зь Менску. Спадар Мікола піша:

“Слухаю вашы перадачы кожны дзень, напэўна, ужо гады са тры. Карацей кажучы, з тае пары, як страціў магчымасьць выпісваць газэты. З таго часу пачуць праўдзівую інфармацыю пра тое, што дзееца ў сьвеце і ў Беларусі, даяце магчымасьць толькі вы. Дзяржаўная тэлевізія і радыё я ігнарую. Неяк аднойчы ўдзень уключыў БТ. Паказвалі, як на Кубе ловяць кракадзілаў і адвозяць у іншыя месцы, каб захаваць ад зьнікненьня нейкі іх від. Камэнтаваў перадачу беларускі тэлежурналіст. І раптам ён перапыніў свой камэнтар і прагучаў камэнтар Лукашэнкі: “Так, ім цяжка, і трэба ім дапамагаць”. Мне было вельмі сьмешна, але… што тут скажаш”.

Міколу Хамчука, як былога малалетняга вязьня фашызму, хвалююць розныя чуткі пра выплату нямецкім урадам грашовых кампэнсацыяў такім, як ён, пацярпелым ад нацыстаў. Асабліва яго турбуе, каб гэтыя грошы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў не скарысталі беларускія ўлады — напрыклад, дзеля стабілізацыі рубля або якіх-небудзь папулісцкіх мэтаў. Некаторыя раяць спадару Міколу напісаць з гэтае нагоды Лукашэнку, але яму наш слухач ня верыць. “Калі гэтыя грошы апынуцца ў іхных руках — яны будуць існаваць яшчэ доўга, — піша Мікола Хамчук. — Пакуль будзе што дзяліць і будзе чым улагоджваць выбаршчыкаў”.

Мы некалькі разоў у сваіх сюжэтах паведамлялі пра дзейнасьць фонду “Узаемаразуменьне й прымірэньне”, празь які разьмяркоўваюцца выдаткаваныя нямецкім урадам грошы былым ахвярам нацызму. Мяркуючы па ўсім, дзейнасьць гэтага фонду пад жорсткім кантролем нямецкіх уладаў, і нямецкія маркі трапляюць толькі тым, для каго яны прызначаныя і хто дакумэнтальна даказаў, што мае на іх права. Выкарыстаць гэтыя грошы ў перадвыбарчых мэтах беларускім уладам наўрад ці ўдасца.

Кажуць, цяпер тыя, хто сядзеў у савецкіх лагерох, вельмі зайздросьцяць тым, хто сядзеў у нямецкіх. Дачакацца падобнае кампэнсацыі ад Расеі ніхто з тысячаў былых вязьняў камуністычнага ГУЛАГу, падобна, ня зможа.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org