RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



Эфір 7 сьнежня 2000 году.

Лісты слухачоў апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага меснскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Чым бліжэй прэзыдэнцкія выбары, тым больш у пошце лістоў, аўтары якіх намагаюцца падсумаваць вынікі апошніх сямі гадоў, цягам якіх беларускай дзяржавай кіруе Аляксандар Лукашэнка. Падсумаваньне гэтае цяпер актуальнае і адбываецца ня толькі ў сталіцы і ня толькі сярод палітызаванай часткі грамадзтва. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Леанід Бугаёў з Асіповіцкага раёну Магілеўскай вобласьці. Ён піша:

“Спытаў я неяк на сходзе ў былога сакратара парткаму (ён цяпер намесьнік калгаснага старшыні, ідэоляг): “Якія дасягненьні ў Лукашэнкі за сем гадоў? Чаго ён дамогся? Ідэоляг задумаўся, а потым адказвае: “Ён забясьпечыў стабільнасьць”.
– А стабільнасьць – гэта што такое?—пытаюць мужыкі.
– Ну, стабільнасьць – гэта калі нічога не мяняецца, усё застаецца па-ранейшаму.
Тут я засьмяяўся. Дык якая заслуга? У тым, што было кепска і кепска засталося? На ліха нам такая стабільнасьць?
Тут ідэоляг напаў на мяне – я, маўляў, нічога не разумею. Кажа: гэта Лукашэнка захаваў мір, у Беларусі няма вайны.
Але з кім мы без Лукашэнкі ваяваць зьбіраліся? З Польшчай ці Літвой? Наадварот, каб ня ён, закрылі б мы ўсходнюю мяжу ад нелегалаў, наркотыкаў ды рознай навалачы і адкрылі б заходнюю. Бо разумнаму чалавеку патрэбныя тыя шляхі, дзе ёсьць грошы і тэхналёгіі, а ня тыя, дзе жабрацтва, вайна ды бандытызм. На тым нашая дыскусія і скончылася. У каго галава на плячах ёсьць, той разумее, якія ў гэтай улады дасягненьні”,

– напісаў Леанід Бугаёў з Асіповіцкага раёну.

Калі разважаюць пра тое, куды зайшла Беларусь за сем апошніх гадоў, звычайна кажуць пра спробу рэстаўрацыі сацыялізму. Але спробу нельга назваць удалай. У Савецкім Саюзе на сходах такіх пытаньняў, як дазваляў сабе ставіць перад калгасным ідэолягам Леанід Бугаёў, не задавалі. А калі адважваліся, то разьлічваліся потым за гэта ўласным лёсам. Вось які ўспамін на гэты конт даслаў нам Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску. Ён піша:

“У 72-77 гадах я вучыўся на фізычным факультэце БДУ. На нашым курсе быў даволі таленавіты хлопец з Гомельшчыны – Валера Гарэлікаў, які выдатна вучыўся – за пяць год меў толькі дзьве “чацьвёркі”. І вось аднойчы зь ім здарыўся такі выпадак. Валера
спазьніўся на сэмінарскія заняткі па навуковым камунізьме. І толькі пераступіў парог аўдыторыі, як выкладчык сустрэў яго словамі: “А вось і сам Гарэлікаў, які ўсё ведае і таму зможа без падрыхтоўкі адказаць на пытаньне “Ці можа ў наш час адбыцца сацыялістычная рэвалюцыя ў такіх разьвітых капіталістычных краінах, як ЗША, Англія або Францыя?”… Валера адказаў пытаньнем: “Вам як сказаць – так, як напісана ў падручніках, ці так, як сам думаю?”
У іншых абставінах Валера, напэўна, паводзіў бы сябе больш памяркоўна, але, маючы кепскі зрок, не заўважыў, што за апошняй партай у кутку сядзеў правяральшчык з кафэдры грамадзкіх дысцыплінаў.

І вось Валера пачаў гаварыць так, як думае. Выкладчык штосьці спрабаваў даць яму зразумець, чырванеў, падказваў, але Гарэлікаў папрасіў яго не перабіваць. Не пасьпеў ён скончыць адказ, як правяральшчык даволі рэзка спыніў яго, пачаў абвінавачваць, што, маўляў, “Голасу Амэрыкі”, “Свабодзе” і “Бі-Бі-Сі” разам узятым далёка да Гарэлікава, і зусім незразумела, чым студэнты займаюцца на занятках. А перад тым, як выскачыць з аўдыторыі, ён сказаў, што напіша дакладную рэктару.

І тут пачалося. На Гарэлікава завялі асабістую справу наконт выключэньня з камсамолу, нас усіх паасобку і разам запрашалі для палітгутарак , выкладчык атрымаў вымову… Мы ўсё ж Валеру адстаялі, з унівэрсытэту яго ня выключылі. Але жыцьцё зламалі. Вымовай па камсамольскай лініі справа не абмежавалася. На летнім экзамене па навуковаму камунізму студэнт-выдатнік атрымаў “здавальняюча”. Гэтак жа ацанілі яго веды і на дзяржаўных іспытах. Замест “чырвонага” дыплёма і асьпірантуры яго накіравалі ў Віцебскую вобласьць у вясковую школу выкладчыкам фізікі.
І вось сацыялізм скончыўся, а камунізм не надыйшоў. Дзякуючы нашаму “шчасьліваму” мінуламу беларуская навука не атрымала, магчыма, свайго Эйнштэйна, Фермі, Вавілава…”,

– напісаў Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйска Магілеўскай вобласьці.

Ужо тады, у часе сканчэньня брэжнеўскай эпохі, сыстэма, пабудаваная на татальным страху грамадзтва, давала збоі. Цалкам аднавіць яе ў Беларусі ўладзе не ўдалося, хоць такія спробы рабіліся і робяцца. І многія людзі дагэтуль апасаюцца за ўласную палітычную сьмеласьць – мяркую так хоць бы па адсутнасьці зваротных адрасоў на многіх паштовых капэртах з лістамі, што
паступаюць на адрас Свабоды.

Ліст ад Ніны Кухаронак з Баранавічаў. Ніну таксама хвалюе тэма хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. Яна піша:

“Выбары могуць быць аб’яўленыя зусім хутка, а апазыцыя дагэтуль не назвала адзінага кандыдата. Пра што яны там у Менску думаюць? Я добра ведаю настроі простых людзей – упэўненая, што большасьць не падтрымае Лукашэнку, за сем гадоў ён паказаў усе свае здольнасьці. Ад ягоных прыгожых словаў жыцьцё лягчэй ня стала – наадварот, за апошні час усіх так прыціснула цэнамі, што выць хочацца. Так, 30 ці нават 40 адсоткаў галасоў ён набярэ – але ня больш. Астатнія падтрымаюць ягонага суперніка, калі толькі гэта будзе сур’ёзны чалавек, салідны, не авантурыст, не прахадзімец, не гарлапан. Знайдзіце такога чалавека, дайце яму слова на радыё і тэлебачаньні, распавядайце пра яго. І рабіць гэта трэба ўжо сёньня – заўтра будзе позна. Спозьніцеся цяпер – потым давядзецца цярпець яшчэ пяць гадоў”,

– напісала Ніна Кухаронак з Баранавічаў.

Досьвед суседніх дзяржаваў паказвае, што ў справе так званай “раскруткі” кандыдатаў занадта раньні пачатак выбарчай кампаніі такі ж небясьпечны, як і залішне позьні. Відавочна, беларуская дэмакратычная апазыцыя гэты досьвед улічвае. Хоць, зь іншага боку, мусіць яна ўлічваць і спэцыфічныя беларускія рэаліі – да прыкладу, тое, што спадзявацца на шырокі доступ адзінага кандыдата ад апазыцыі да дзяржаўнага тэлебачаньня наўрад ці выпадае.

Піша наш сталы слухач і аўтар многіх допісаў Ільля Копыл зь Менску:

“Чуючы пастаянныя скаргі ад настаўнікаў на жабрацкае становішча, хочацца спачуваць ім, але не ляжыць да гэтага душа. І вось чаму. Лічу, што настаўніцкі корпус у нас – адна з самых рэакцыйных частак грамадства, якую можна паставіць у адзін шэраг з Саюзам афіцэраў, ветэранскай арганізацыяй і камуністамі. Памятаю, як Аляксандр Лукашэнка 1-га верасьня 94-га году выступаў у Менскім пэдунівэрсытэце і абураўся тым, што замест паняцьця “працаваць” у краіне пачалі прышчапляць паняцьце “зарабляць”. І вось гэтую ягоную тэзу пра тое, што працаваць трэба, а не пра заробкі думаць, усе прысутныя настаўнікі сустрэлі тады з захапленьнем. Ніводзін не абурыўся, ня выказаўся супраць. Дык чаго ж яны цяпер стогнуць, калі самі гэтага хацелі? А як паводзілі сябе настаўнікі да і пасьля травеньскага рэфэрэндуму 95-га году? Ці выказаліся супраць гвалтоўнай русыфікацыі? І хто, калі не яны, кінуліся выконваць загад Лукашэнкі, угаворамі ды схаванымі пагрозамі прымушалі бацькоў пісаць заявы пра перавод дзяцей на рускамоўнае навучаньне, часам нават насуперак волі сваіх дзяцей?”

– напісаў Ільля Копыл зь Менску.

Сярод настаўнікаў, спадар Копыл, вельмі шмат тых, хто вельмі адмоўна ставіўся і ставіцца да русыфікацыі школы. І дзякуючы менавіта ім мова яшчэ жыве ў школьных сьценах. Абвінавачваць агулам усё настаўніцтва ў рэакцыйных прарасейскіх настроях ніяк не выпадае. Што да колішняй сустрэчы пэдагогаў з Аляксандрам Лукашэнкам, то ці ёсьць патрэба тлумачыць, паводле якіх крытэрыяў падбіраюцца ўдзельнікі такіх паседжаньняў.

На заканчэньне – ліст ад Сяргея Логвіна зь Менску. Ён піша:

“З цяжкім сэрцам кожны раз вяртаюся зь вёскі, дзе жывуць бацькі. Не жывуць яны там, а выжываюць. Мізэрнага заробку чакаюць па тры месяцы. Забылі, калі маглі сабе дазволіць купіць вопратку. Усё жыцьцё – у старой зашмальцаванай ватоўцы ды дзіравых гумовых ботах. Шэрыя ўбогія хаткі, занядбаныя дарогі ў калдобінах. Цяпер вось і аўтобус туды ходзіць толькі раз на тыдзень. “Хуткая дапамога” прыяжджае толькі, калі паабяцаеш заправіць бэнзынам…
Самае жахлівае, што гэтыя людзі нават не ўяўляюць, наколькі недастойна, убога яны жывуць, і як адрозьніваецца жыцьцё сялян – такіх жа сялян як яны – усяго за нейкіх 200-300 кіляметраў на захад. Можа, таму, што ня маюць з чым параўноўваць, і галасуюць гэтак? Бо яны ж ведаюць, што ашуканствам былі нядаўнія выбары, што зь іх маўклівай згоды навязалі ім тых дэпутатаў, якіх хацела ўлада”

– напісаў Сяргей Логвін зь Менску.

Большасьці вясковых людзей, сапраўды, няма з чым параўноўваць: за мяжой яны не бываюць, а тэлевізары сёньня не ва ўсіх – на новы тэлевізар трэба патраціць гадавую зарплату калгасьніка. Настальгічна ўспамінаюць хіба што адносна сытыя апошнія гады савецкай улады, калі заробкі ў калгасах плацілі рэгулярна – праўда, на тыя грошы ня ўсё можна было купіць. Яны і галасавалі гэтак у 94-м годзе, бо ім паабяцана было вярнуць той так званы “савецкі дабрабыт”. Што выканана з абяцанага? Гэта кожны зможа ацаніць у часе наступных выбараў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў.

Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org