RFE/RL |
25 Лістапада 1999. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Пачну зь ліста слухача, які незадаволены нашымі перадачамі. “Як вы любіце Лукашэнку, – папракае нас Ян Эмоцын з гораду Глуску Магілеўскае вобласьці. – Ніводнага кепскага слова на ягоны адрас. Не, каб сказаць проста і даходліва: узурпатар, цыган, злодзей, зьбіраецца прадаць Беларусь Расеі толькі за тое, каб потым там атрымаць пасаду. Вось цяпер у Беларусі йдзе масавы крадзеж. Калі капалі бульбу, людзі начавалі ў полі, каб яе ўначы зладзеі ня выкапалі. Усё больш кватэрных злодзеяў. А чаму так? Узурпатар уводзіць свае звычаі ў жыццё беларусаў. Раней цыганы кралі коней, а пры Лукашэнку ўведзены звычай красьці людзей (узгадайце Ганчара, Захаранку, Віньнікаву ды іншых). А вы не гаворыце пра гэта”, – лічыць наш слухач з Глуску Ян Эмоцын. Гаворым, шаноўны Ян, ды імкнемся распавядаць пра ўсе гэтыя падзеі і тэндэнцыі аб’ектыўна і поўна. Іншая рэч, што пры гэтым намагаемся пазьбягаць тых катэгарычных вызначэньняў і характарыстык, якія вы прыводзіце ў сваім лісьце. Экзальтацыя ўвогуле шкодзіць успрыманьню інфармацыі ды не спрыяе даверу. Тым больш, калі яна падобная на лаянку й зьнявагу. Слухачы самі здольныя зрабіць высновы пра цяперашнюю ўладу і ейных кіраўнікоў. Для гэтага трэба, каб яны ведалі праўду пра тое, што адбываецца вакол іх. Тую праўду, якую гэтая ўлада імкнецца схаваць. Раман Патапчук з гораду Пружаны Берасьцейскае вобласьці, некалькі месяцаў таму пачуўшы ў “Слоўніку Свабоды” слова “дакопкі”, напісаў нам, што ў сёньняшняй Беларусі куды больш актуальнае іншае слова – “перакопы”. Ён распавядае: “Зьбяруць у калгасе бульбу, а на полі яе застаецца насамрэч столькі, што хопіць яшчэ не аднаму дзясятку беларусаў. Вось яны й дапамагаюць ачысьціць поле ад бульбінаў, каб ня гінула дарма ежа, якая сталася ці не адзіным выратаваньнем дзеля найменей сацыяльна абароненых грамадзянаў. Але дзіва: ня дай Божа ўбачыць гэткіх зьбіральнікаў брыгадзір ці старшыня калгасу! Мяхі з бульбаю неадкладна сканфіскоўваюцца, і вам яшчэ пашчасьціць, калі гэтым усё й скончыцца. Вось такі на мейсцах рэжым паўсюднае зьнявагі й зьдзеку над асобаю”. Гэта была цытата зь ліста Рамана Патапчука з Пружанаў. Вельмі паказальная дэталь з жыцьця сёньняшняе беларускае вёскі, у якой калгас ужо ня здольны даць людзям хоць бы мінімальны заробак, на які можна пражыць, затое здольны, як і раней, прыніжаць асобу й душыць ініцыятыву. Бо бульба гэтая, што застанецца на полі, так там і пагніе. Гэта закон калгаснага жыцця, закон нічыйнай уласнасьці, пры якой і ня можа быць па-іншаму. “У Берасьці нарадзілася прыказка: хочаш спаткаць знаёмага – едзь у Тэрэспаль, – піша нам берасьцеец Юры Давідзюк. Што ж так цягне туды, на польскі бок, нашых суайчыннікаў? “Не іх цягне, а яны цягнуць, – адказвае слухач. – Цягнуць сьпірт, гарэлку, цыгарэты, малако, кефір і піва, але найперш, зразумела, гарэлку й цыгарэты. У адваротным напрамку перамяшчаюцца каўбасы, вяндліны і, як ні дзіўна – бананы. Мяне гэта найбольш зьдзіўляе і цешыць. Можна зразумець, што беларусы лепей навучыліся рабіць гарэлку, а палякі каўбасы, але ж ураджайнасьць бананаў у нашых краінах аднолькавая… Вось такі сімбіёз: Берасьце Тэрэспаль поіць, а Тэрэспаль Берасьце корміць” – напісаў нам берасьцеец Юры Давідзюк. Зь ягонымі займальнымі высновамі хочацца паспрачацца. Выглядае, справа зусім ня ў тым, што ў Беларусі лепшая гарэлка, а ў Польшчы каўбасы. Чаму за Бугам, дзе няма калгасаў і дзе прэзыдэнт Квасьнеўскі не дыктуе фэрмэрам цэны на іхную прадукцыю, вяндліна таньнейшая і смачнейшая, чым у нас, дзе калгасы атрымліваюць шматмільярдавыя датацыі, а Лукашэнка асабіста сочыць за цэнамі на харчаваньне? І чаму гарэлка ў Беларусі, дзе колькасьць алькаголікаў пры Лукашэнку павялічылася ўдвая, у тры разы таньнейшая, чым у Польшчы? Юры Давідзюк на гэтыя пытаньні адказаў, відавочна, не знайшоў. Ён піша: “Вакзал у Берасьці мае два бакі – “варшаўскі” й “маскоўскі”, і я там заўсёды адчуваю нейкую падвоенасьць. Стаіш і ня ведаеш, куды рушыць – да Масквы ці да Варшавы. Хоць да Масквы, здаецца, каляіна й шырэйшая”, – так лічыць Юры Давідзюк зь Берасьця. Многія іншыя берасьцейцы выбар, здаецца, зрабілі – ліст самога Давідзюка тое падцьвярджае. Наконт таго, у які бок – на Усход ці на Захад – рушыць Беларусь, разважаюць і іншыя нашыя слухачы. Спадар Сянкевіч зь Менску піша: “Цяпер, калі вядуцца палітычныя гульні ў вярхох Беларусі й Расеі, я кожны дзень зь вялікай увагаю слухаю вашыя перадачы. Вы мусіце кожны дзень (а не раз на тыдзень у “Праскім Акцэнце”) перадаваць, крычаць пра анэксію Расеяй нашае незалежнае дзяржавы. Вы мусіце ведаць, што, калі мы зьнікнем як самастойная дзяржава, то й радыёстанцыя “Свабода” нам ўжо будзе не патрэбная. Як не патрэбныя будуць і апазыцыйныя партыі”, – гэта было меркаваньне спадара Сянкевіча зь Менску. Я ведаю, што падобныя адчуваньні разгубленасьці, адчаю, абурэньня й бездапаможнасьці перажываюць сёньня многія з тых, хто не жадае заўтра прачнуцца ў іншай краіне, хто ня хоча, каб ягоныя дзеці ваявалі й паміралі за інтарэсы чужой імпэрыі. Пераадолець гэтае пачуцьцё трывогі дапамагаюць такія лісты, як ліст Міхала Жарнасека зь Менску. Ён піша: “Мне толькі 17 год, але я гатоў уступіць у барацьбу за будучыню нашае краіны. Калі мы нічога ня будзем рабіць, то Лукашэнка нас зьнішчыць як нацыю”. Міхал штодня слухае нашае радыё, і вельмі шкадуе, калі ў эфіры шмат перашкодаў. У ягоным лісьце ёсьць такая фраза: “Тады, калі вас удаецца пачуць без усялякіх перашкодаў, я кажу сабе, што дзень удаўся”. Мы кажам сабе, што нашая праца ўдалася, калі атрымліваем такія лісты. Гэта была перадача “Паштовая Скрынка 111”. Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |