RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



4 Лістапада 1999.

Аўтар і вядучы Аляксандар Лукашук.

Спрэчка вакол назвы дзьвюх групаў у БНФ.

Сёньня абмяркуем моўны аспэкт падзелу які адбыўся ў БНФ.

Прыхільнікі Зянона Пазьняка і прыхільнікі Вінцука Вячоркі ўважліва сочаць за асьвятленьнем гэтай падзеі у СМІ – і, натуральна, бачаць яе па рознаму. Валянціна Мароз зь Берасьця піша:

“Дзень добры, радыё “Свабода” і свабодаўцы!

Маю колькі заўвагаў да вас. Яны прынцыповыя, то настойваю, каб прагучалі ў аглядзе пошты.

3-4 кастрычніка ў навінах (засяроджваю ўвагу – іменна ў блёку навінаў, а не ў якой публіцыстычнай перадачы) радыё “Свабода” з вуснаў Сяржука Сокалава-Воюша прагучала “так званы ІV зьезд Партыі БНФ”. .Дапускаю, што так было пададзена зь Менску, але ж ці не была тут парушаная інфармацыйная функцыя радыё “Свабода”? Бо словы так званы ня толькі нясуць адмоўную, негатыўную ацэнку, але насамрэч перакрэсьліваюць тую значную палітычную падзею, якая адбылася 26 верасня 1999 года ў Менску. Такім чынам, усяго двума слоўкамі так званы ў радыйнай інфармацыі Беларускай службы радыё “Свабода” была пастаўлена пад сумненьне правамоцнасьць чарговага ІV зьезду Партыі Беларускага Народнага Фронту – Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ”.

Наша слухачка, мавазнаўца паводле прафэсіі, зьвяртае ўвагу на сэмантыку выразу “так званы”, які, на яе думку, ставіць пад сумнеў правамоцнасьць самой падзеі. На думку сп. Мароз, гэта неправамерна – зьезд быў цалкам легітымным.

Аднак частка сяброў БНФ лічыць іначай – вядомы палітык Лявон Баршчэўскі, прынамсі, заявіў менавіта пра нелегітымнасьць таго зьезду. Больш таго, у Міністэрства юстыцыі спсп. Баршчэўскі і Сіўчык накіравалі адпаведную заяву. І пра гэта гаворыцца ў згаданым паведамленьні БелАпану. Таму і быў ужыты выраз “так званы” у тэксьце паведамленьня.

Ці такое ўжываньне ставіць пад сумнеў правамоцнасьць самога зьезду? Відаць, так. Ці азначае гэта, што апанэнты зьезду маюць поўную рацыю і зьезд быў неправамоцны? Не, не азначае. Яснасьць маглі б унесьці самі бакі, пасьля адпаведных перамоваў, але яны вырашылі узяць сабе за арбітра беларускія ўлады. Што ж – ім трэба чакаць пастановы у гэтай справе Міністэрства юстыцыі. І паводле інфармацыі, якую мы атрымалі сёньня ад кіраўніка адпаведнай управы Мінюсту Міхаіла Сухініна, гэтая заява пакуль знаходзіцца у стадыі разгляду.

Праблемы з тэрміналёгіяй гэтым не вычэрпваюцца. Мы атрымалі заўвагі слухачоў таксама ў справе назову Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Выраз “Кансэрватыўна-хрысьціянская”, паводле тлумачэньня Зянона Пазьняка – толькі акрэсьленьне палітычнай нішы партыі БНФ.

Трэба адзначыць, што такі самы назоў ужывае, напрыклад, агенцтва БелАпан, віцебская інфармацыфйнае агенцтва “Вітінфарм”. Вось сёньняшняе паведамленьне Белапану:

“100 асобнiкаў палiтычнага памфлета, выдадзенага ў выглядзе незарэгiстраванай газеты "Народны прэзiдэнт", распаўсюдзiлi 3 лiстапада сябры вiцебскай рады "Выбар" КXП--БНФ у раённым цэнтры Лёзна. Старшыня "Выбара" Уладзiмер Плешчанка лiчыць, што ягоная
арганiзацыя здольная i на больш маштабныя акцыi, чым
распаўсюджванне незарэгiстраванага выдання. За месяц, што
прайшоў пасля з'езда КXП – БНФ, шэрагi "Выбара" выраслi ўдвая.”

Як бачым, такі назоў ужываюць самі актывісты БНФ.

Аднак, на думку сп. Пазьняка, скарачэньне КХП БНФ есьць няправільным. Спадар Пазьняк лічыць, што трэба ужываць толькі поўны варыянт назвы, “Кансэрватыўна – Хрысьціянская партыя БНФ”. Абрэвіятура, на думку сп. Пазьняка, можа успрымацца з адценьнем зьнявагі.

Сапраўды, абрэвіятура можа несьці стылёвую нагрузку – напрыклад, апанэнты Аляксандра Лукашэнкі ужываюць выраз ППРБ – першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Ці ёсьць нешта ацэначнае ў скароце КХП БНФ, які ўжываюць ужо і журналісты, і фронтаўцы – вырашайце, шаноўныя слухачы, самі.

Але моўную стыхію, як і законы эканоміі мовы, наўрад ці можна падпарадкаваць чыімсьці пажаданьням. Верагодна, у час інфармацыйных тэхналёгіяў палітыкі мусяць улічваць і такі аспэкт – як будзе гучаць скарочаны назоў партыі. Возьмем, напрыклад, расейскую партыю “ЯБЛоко”, названую так паводле ініцыялаў яе заснавальнікаў Яўлінскага, Болдырава і Лукіна. Ну, а калі б заснавальнікі вырашылі паставіць свае прозьвішчы паводле альфабэту -- Болдыраў, Лукін, Яўлінскі, – як бы тады называлі партыю? ..

Афіцыйна, аднак, ніякай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у краіне пакуль ня йснуе. З пункту гледжаньня Міністэрства юстыцыі сёньня ў Беларусі зарэгістраваныя дзьве арганізацыі: грамадзкая арганізацыя “БНФ “Адраджэньне” і “Партыя БНФ”. Кіраўніком абедзвюх арганізацыяў зьяўляецца Зянон Пазьняк. Што тычыцца Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, дык дакумэнты ў справе ўнясеньня паправак у статут БНФ і партыі БНФ пакуль яшчэ толькі разглядаюцца у Міністэрстве юстыцыі. На думку адказнага супрацоўніка міністэрства сп. Сухініна, зьмена назвы партыі можа пацягнуць за сабой неабходнасьць поўнай перарэгістрацыі гэтай арганізацыі. Аднак пакуль, паўторым, справа яшчэ на стадыі вывучэньня.

Прыхільнікі Вінцука Вячоркі, паводле нашай інфармацыі, яшчэ толькі зьбіраюцца падаць дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі дзеля рэгістрацыі сваіх дзвюх арганізацыяў. Таму чыста юрыдычна іх быццам ня йснуе.

11 год таму быў утвораны БНФ, і тады ён ня быў зарэгістраваны ў Міністрэстве юстыцыі БССР. Радыё Свабода, тым ня менш, гаварыла пра Фронт як пра рэальную зьяву. Рэальнай зьявай мы лічым сёньня і існаваньне дзвюх групаў фронтаўцаў: адну узначальвае Зянон Пазьняк, другую – Вінцук Вячорка.

Нашыя слухачы зьвяртаюць увагу на тое, што апэляцыю да закону ў краіне са скасаванай канстытуцыяй і нелегітымным прэзыдэнтам наўрад ці можна назваць самым плённым спосабам вырашэньня праблемаў апазыцыі.

Зразумела, справа вядзецца ня толькі пра назоў, а пра спадчыннасьць – хто ёсьць сапраўдны БНФ, найбольшая нацыянальна-дэмакратычная арганізацыя краіны, зь яе гісторыяй барацьбы. І адзін і другі бок прэтэндуюць на уласную рацыю.

Падобныя сытуацыі ўжо здараліся ў Беларусі – калі спрачаліся за назоў сябры Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай злучнасьці, затым – сацыял-дэмакраты, якія сёньня існуюць пад старшынствам Міколы Статкевіча і Станіслава Шушкевіча; у такой сытуацыі знаходзіцца Народны Рух Украіны. Дарэчы, на Украіне справа вырашалася ў судзе – паводле судовага рашэньня, крыло Руху на чале з Генадзем Удавенкам атрымала пячатку, юрыдычныя рэквізыты і афіцыйны назоў “Народны Рух”; аднак сябры Народнага Руху, якія правялі свой зьезд і абралі кіраўніком Юрыя Кастэнку, таксама ўжываюць гэты назоў. Пасьля пэўнага пераходнага пэрыяду ва ўкраінскім друку усталяваўся такі варыянт: Народны рух Украіны пад кіраўніцтвам Юрыя Кастэнкі ці адпаведна Генадзя Удавенкі .

Нашыя калегі з Украінскай службы Радыё Свабода ўжываюць якраз такую формулу.

Дарэчы, сьвежая інфармацыя з Украіны: учора сэкратарыят Народнага Руху пад кіраўніцтвам Кастэнкі распаўсюдзіў зварот да сяброў Руху на чале з Удавенкам із заклікам да аб’яднаньня. Прапануецца ўжо ў гэтым месяцы правесьці аб’яднаўчы зьезд руху. Нагадаем, у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў Юры Костэнка набраў дзве і адну дзясятую адсоткі галасоў і заняў 6-е месца; Генадзь Удавенка апынуўся на 7-м месцы набраўшы ўдвая менш галасоў.

Радыё Свабода ня ёсьць удзельнікам палітычнага жыцьця ў краінах, на якія вядзецца вяшчаньне. Як СМІ, мы імкнемся асьвятляць працэсы, якія ідуць у Беларусі, усебакова – мы ня маем уласнай пазыцыі ў гэтай справе апроч журналісцкай. Галоўнае для нас – інтарэсы слухачоў. Мы імкнемся, каб нашыя слухачы мелі ўсю неабходную інфармацыю для прыняцьця адказнага рашэньня. Гэта і ёсьць уласна задача журналістыкі – дапамагчы прыняць інфармаванае рашэньне.

Вяртаючыся да сытуацыі у БНФ. У нашых праграмах маюць аднолькавае права голасу і час у эфіры прадстаўнікі абодвух бакоў . Гэта – правіла. Яно рэалізуецца абавязкова – і просім нашых слухачоў пры гэтым не разглядаць слова “Свабоды” у нейкі дзень як канчатковы прысуд – у журналістыцы існуе паняцьце “падзея у разьвіцьці”. Гэта азначае, што навіна ці зьява незавершаныя, яны поўнасьцю акрэсьліваюцца часам на працягу некалькіх праграмаў, нават тыдняў. Інфармацыя на радыё – ня нешта статычнае. Дыялёг мае дыскрэтны характар – але існуе ў працягу.

Мы спадзяемся, што нашыя слухачы змогуць неўзабаве пачуць у рэжыме жывога эфіру дыялёг Зянона Пазьняка і Вінцука Вячоркі, а таксама іх адказы на пытаньні слухачоў. Папярэдняя згода спадароў Вячоркі і Пазьняка ў нас ёсьць.

Аляксадар Лукашук
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org