RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



Эфір 2 Лістапада 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Тых, каму сёньня за шэсьцьдзесят, звычайна лічаць асноўным электаратам Аляксандра Лукашэнкі. Многія маладыя зь лёгкасьцю асуджаюць іх за настальгію па савецкім часе й за насьцярожанае стаўленьне да зьменаў. Хоць да канца іх зразумець наўрад ці магчыма, на ўласным лёсе не адчуўшы тое, што выпала на іхную долю. Днямі мы атрымалі вельмі шчыры ліст-споведзь ад Софьі Мятлушкі з Мазыра Гомельскае вобласьці. Спадарыня Софья, азіраючыся на жыцьцё, бачыць яго як суцэльны ланцуг падманаў, на якіх і сфармаваны сьветапогляд яе пакаленьня. Яна піша:

“Мне ўжо 66 гадоў. Пад час вайны, як і пасьля яе, былі голад, галеча. Але мы разумелі, што трэба цярпець. А цярпець было цяжка. Сталін абклаў непасільнымі падаткамі нават тых, у каго не было ніякае жыўнасьці. Малака здай 400 літраў, яек — 300 штук. Няма свайго — купляй і здавай дзяржаве.

Нас у мамы было васьмёра. Страшэнны голад — нават успамінаць жудасна. Елі крапіву, шчаўё, лебяду. Зьбіралі леташнюю гнілую бульбу, зь якой гатавалі бліны. Ад недаяданьня ўсе мы мелі выгляд апухлых істотаў з крывымі шкілетамі. Жытлом нашым была пахілая хатка. І, на жаль, мы выжылі”.

Спадарыня Софья піша “на жаль”, бо тое, што надышло пасьля галоднага дзяцінства, як яна цяпер бачыць, таксама было падманам. Працягваю цытаваць яе ліст:

“Вырасла. Атрымалі з мужам кватэру-каморку — з пакоем плошчаю 7 квадратных мэтраў. Пражылі ў ёй 10 год. А потым зьехалі на Курыльскія выспы ў Расею, шукаць добрага жыцьця. Атрымалі шчытавое жытло — тую ж убогую хатку — але ня скардзіліся, бо хацелі зарабіць, каб апрануцца ды купіць мэблю. Зарабілі 10 тысячаў, паклалі на тэрміновы ўклад. Яшчэ й працэнтаў нарасло трошкі. Але праз праклятых буржуінаў выкарыстаць заробленае не змаглі. Тут паўводзілі талёны, пастваралі дэфіцытныя чэргі па мэблю, дываны, пральныя машыны, тэлевізары — ды на ўсё… Гаркамаўскім жулікам гэтыя тавары завозілі наўпрост на склады, у гаражы, на кватэры. Давалі ім тэрміновыя пазыкі нібыта для будаўніцтва катэджаў, а яны на гэтыя грошы куплялі тавары, стваралі фірмы ды прадавалі ўдвая-ўтрая даражэй цаны. І так грошы мае і ўсяго беднага народа зьніклі. Ды яшчэ правялі дэнамінацыю, так што за 10 тысячаў нават бохан хлеба ня купіш”.

“Пасьля ўсяго гэтага, — піша Софья Мятлушка, — калі нашаму Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку вельмі захацелася стаць прэзыдэнтам, ён ведаў, чым нас можна купіць. Паабяцаў вярнуць нашыя капейкі не грашыма, дык натураю. Я нават Бога прасіла, каб ён перамог. Верыла, што пашкадуе нас. І на словах ён, сапраўды, шкадуе. А на справе?

У 88-м годзе мая сям’я атрымала 3-пакаёвую кватэру. Хоць кватэру не было чым абстаўляць, але я была шчасьлівая. Нават пра ўкрадзеныя грошы пакрысе перастала думаць. І што ж цяпер? Калі я ўсё жыцьцё жыла ў каморках, куранях ды зямлянках, мне ніхто не даплачваў за мае нязручнасьці. А калі пад старасьць займела больш-менш прасторны куток, дык мяне прымушаюць ад яго адмовіцца. Увялі плату за балкон, туалет, ванны пакой, калідор. І за гэтыя дапаможныя памяшканьні такую суму дзяруць, што крычаць хочацца.

Калі былі выбары нашага Лукашэнкі, я займалася агітацыяй, прасіла ў людзей: калі ласка, галасуйце за яго, бо ён — за народ. Але за тыя гады, што ён пры ўладзе, маё жыцьцё так пагоршылася, што я нават не магу палічыць, на колькі. Але памятаю: да яго ўзыходжаньня на прастол я за сваю пэнсію магла купіць: 750 буханак хлеба, або 3 веласіпеды, або 60-70 кіляграмаў каўбасы, або 50 кіляграмаў масла, або 100 кіляграмаў сьмятаны, або 70-80 кіляграмаў сьвініны… А цяпер? 100 буханак хлеба, кола ад веласіпеда, 5 кіляграмаў каўбасы, 10 кіляграмаў масла. Што да мяса, дык я ўжо нават ня памятаю, якое яно на смак. Ды і іншых прадуктаў я не купляю, апроч хлеба. Часам хаджу на рынак — па гародніну прыпсутую, бо яна таньнейшая. А ўвогуле, стараюся жыць у асноўным на хлебе, бульбе ды малацэ. Раней бедныя ў нас елі цюльку, маргарын ды хлеб. А цяпер і цюлька па цане амаль роўная мясу. Раней бомжаў вельмі мала было. А цяпер на сьметнік цугам ідуць круглыя суткі.

Вясковым пэнсіянэрам някепска жывецца, — лічыць Софья Мятлушка, — У іх гаспадарка, гарод, ды яшчэ і ўкрадуць у калгасе. А гарадзкому пэнсіянэру вельмі туга. Адно, што няма здароўя і кепскае харчаваньне, а галоўнае, што маральна мы прыніжаныя так, што далей няма куды.

Ведаю, што голас мой нічога ня значыць. Але дайце людзям хоць душу адвесьці. Паверце, пісаць гэты ліст мне было вельмі балюча”,

— напісала пэнсіянэрка з Мазыра Софья Мятлушка. Напэўна, можна паспрачацца з Вамі, спадарыня Софья, наконт, як Вы лічыце, “някепскага” жыцьця вясковых пэнсіянэраў, — ступень іх маральнага прыніжэньня й залежнасьці ад ласкі начальства яшчэ большая. А ўсё тое, што падаецца вам іхнай перавагаю — гарод ды гаспадарка — каштуе цяжкое фізычнае працы, на якую далёка не ва ўсіх засталіся сілы.

Тым ня менш, дзякуй Вам за шчырасьць, якая, на маю думку, дапамагае па-іншаму паглядзець на Вашае пакаленьне, і калі не пагадзіцца, дык зразумець вас.

Эпізод з жыцьця вясковае школы, у якой па-свойму змагаюцца з праявамі дзіцячай апазыцыйнасьці. Дзесяціклясьнік Жыцькаўскае школы Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну Менскае вобласьці піша:

“На маім школьным дзёньніку былі прымацаваныя налепкі “Марш Свабоды” і “Байкот-2000”, а таксама выява героя Беларусі Тадэвуша Касьцюшкі. А ў майго сябра Валянціна Буляя на дзёньніку былі выява Пагоні й бел-чырвона-белага сьцягу. Дзёньнікі давялося здаваць на праверку. Калі іх вярнулі, налепкі былі сарваны. А нас сталі пужаць тым, што паставяць на ўлік у інспэкцыі непаўнагадовых. Калі я стаў казаць пра дэмакратыю, мяне выклікалі да дырэктара. Выклікалі ў школу і бацькоў ды загадалі, каб гэта больш не паўтарылася.

А настаўнікі, можна лічыць, увогуле вядуць прарасейскую лінію. Настаўніца матэматыкі пры ўсіх узводзіць паклёп на Зянона Пазьняка. Настаўніца ангельскае мовы называе герб “Пагоня” “дебильством”. Настаўніца расейскае мовы кажа, як добра было б аднавіць СССР. Гледзячы на нашую школу, згадваюцца словы Кастуся Каліноўскага: “У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску. А то для таго, каб цябе зусім перарабіць на маскаля”,

— напісаў школьнік зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну Зьміцер Панкавец. Парадавала ў тваім лісьце, Зьміцер, тое, што пра свае непрыемнасьці распавядаеш ты без панурасьці й роспачы. Уласныя прынцыпы, калі яны не супадаюць з прынцыпамі тых, хто вышэй за цябе ці то па служе, ці ў школе, адстойваць заўсёды складана. Начальству прасьцей з тымі, у каго ўвогуле няма пазыцыі або хто ўгодліва падладжваецца пад яго.

Ну, а тым настаўнікам, якія на ўроках матэматыкі вядуць прапаганду супраць Пазьняка, а на ўроках ангельскае мовы ганьбяць гістарычную сьвятыню народа, падобна, увогуле няма чаго рабіць у школе.

Два лісты зь Менску. Абодва — пра палітыку, пра выбары мінулыя і наступныя. Вось што піша наш сталы слухач Уладзіслаў Жыгалка:

“Байкот выбараў быў вялікай памылкаю. І калі цяпер ініцыятары гэтае кампаніі сьцьвярджаюць, што яна завершылася перамогаю, дык я дадаю: “Перамогаю над уласным народам, які жадаў зьменаў”. Немагчыма пераўпэўніць дамарослых напалеонаў, якія, здаецца, жывуць у віртуальным, а не ў рэальным сьвеце, і не разумеюць рэальнае палітыкі, што людзі хацелі гэтых выбараў. І зараз хоць гэтыя палітыкі й Вы ўсьлед за імі й называеце “Палату прадстаўнікоў” гэтак званаю, але насамрэч яна вельмі рэальная, і будзе такой на працягу наступных пяці гадоў. А нам праз чыесьці амбіцыі цярпі ўвесь гэты час. Нехта, можа, і дачакаецца, а мне надакучыла. Я чакаць пяць год ня ў стане. Калі не памру, дык зьеду адсюль куды заўгодна”,

— напісаў Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Таксама не задаволены апазыцыяй Канстанцін Марозаў. Ён піша:

“Марнае гэта было відовішча — шэсьце апазыцыі на Дзяды. Гэткае ж марнае, як і апошні Марш Свабоды. Ня ходзяць людзі на гэтыя акцыі, не разумеюць іх. А многія проста баяцца. Лукашэнка ведаў, што робіць, калі на працягу апошніх гадоў кідаў на дэманстрантаў АМАП з сабакамі ды абкладваў нечуванымі штрафамі. Народ наш палахлівы, яму многа ня трэба. Прыгрозяць студэнту, што з унівэрсытэту адлічаць — ён ні на якую акцыю ня пойдзе, а то яшчэ і ў БПСМ уступіць. Гэта, натуральна, ня значыць, што ён пачне падтрымліваць уладу, але пратэст нашага народу нягучны, пасыўны, ціхі. Вось, для прыкладу, на выбарах, у кабіне для галасаваньня, ён скруціць кукіш у кішэні можа. Але ня болей.

Апазыцыйным лідэрам варта было б мець гэта на ўвазе й ня траціць дарэмна сілы на гэтыя нікчэмныя акцыі, якія ўжо й масавымі назваць нельга. Ня пойдуць нашыя людзі пад міліцэйскія дубінкі. Шчукіных у Беларусі адзінкі. Нават Зянон Пазьняк, як сапраўдны шчыры беларус, пад дубінкі ці на нары ня хоча — уцёк у ціхую Варшаву. Хоць на прэзыдэнцкія выбары, напэўна, вернецца.

Так што не на вуліцы клічце народ, шаноўныя апазыцыянэры, а пашукайце сапраўдную асобу — лідэра, які б мог скласьці Лукашэнку сапраўдную канкурэнцыю. Толькі не шукайце ў сваім асяродзьдзі ці ў эміграцыі, шанцаў у вас — нуль. Знайдзіце чалавека справы — якога-небудзь дырэктара заводу, напрыклад, ці міністра. Ды не апантанага, які пырскае сьлінаю на Расею ды на Лукашэнку, а спакойнага, разважлівага, які не крычаць будзе, а, нічога асабліва не ламаючы, пакінуўшы краіну ў фіктыўным шлюбе з Расеяй, даўшы Лукашэнку ганаровую пасаду амбасадара на Кубе ці ў Лівіі, спакойна й настойліва павядзе Беларусь у ЭўраЗьвяз і NATO”,

— гэта быў ліст Канстанціна Марозава зь Менску.

Думаю, Канстанцін, што многія ў асяродку апазыцыйных палітыкаў падзяляюць вашыя думкі й цьвяроза ацэньваюць уласныя шанцы на наступных выбарах. Хоць, калі справа даходзіць да змаганьня за асабістую ўладу, нават сярод дэмакратаў рэдка бывае згода.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Чакаем новых допісаў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org