RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



21 Верасьня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Многія нашыя слухачы дагэтуль ня вызначыліся — ісьці галасаваць 15 кастрычніка за новых дэпутатаў або ўдзельнічаць у кампаніі байкоту выбараў. Адсутнасьць адзінства ў гэтым пытаньні сярод дэмакратычных лідэраў выклікала супярэчлівае стаўленьне і ў асяродзьдзі звычайных выбаршчыкаў, якія са зьбянтэжанасьцю назіраюць за тымі, каго прызвычаіліся бачыць згуртаванай камандаю. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Валеры Грыцук зь Менску:

“Тыя дэмакратычныя дзяячы, якія наважыліся пазмагацца за дэпутацкі мандат, па сутнасьці, экспэрымэнтуюць, як можна адначасова быць цяжарнай і цнатлівай. Я не пярэчу: усе грамадзяне — у тым ліку грамадзянін Нісьцюк і грамадзянін Статкевіч — маюць права на ўдзел у выбарах. Але калі ты сябра партыі, дык маеш яшчэ й абавязкі, вызначаныя партыйным статутам. І калі сябра партыі ня хоча выконваць партыйнае рашэньне, ён, калі мае сумленьне, падае заяву на скасаваньне свайго сяброўства. Гэта найперш мусілі былі зрабіць Нісьцюк і Статкевіч. А гульня словамі адносна, так бы мовіць, “абавязковага” й “неабавязковага” рашэньня — амаральная.

Трэба ўсім нам зразумець, што настаў час выбару: або самаахвярная праца (найперш лідэраў) бяз страху за самае горшае, або працяг дагніваньня ў гэтай яме. Прапаную Свабодзе ўспомніць гісторыю ўзаемаадносінаў беларусаў-нацыяналістаў і беларусаў-аўтанамістаў, учынкі й словы Езавітава, здраду Вацлава Ластоўскага ў Летуве, 17–20-я гады… Што, зноў усё паўторым пад кальку? І ня трэба мець спадзяваньняў наконт Эўропы. Эўропа заплаціла за свой спакой лёсам БНР у 18-м годзе. Тое ж будзе й сёньня. Надзея толькі на ЗША”,

— напісаў Валеры Грыцук зь Менску.

У дэмакратаў ніколі не было (і, верагодна, ня будзе) жалезнае партыйнаt дысцыпліны — накшталт той, што была ў КПСС. І я ня ўпэўнены, што за гэта трэба асуджаць дэмакратычных палітыкаў або патрабаваць ад іх пакаяньня.

Наколькі лёсавызначальны для Беларусі цяперашні момант, як Вы пра гэта пішаце, спадар Валеры? Згадайма, колькі момантаў беларускае гісторыі хоць бы за апошнія пяць гадоў выглядалі этапнымі й пераломнымі. Стварэньне беларуска-расейскае Супольнасьці, потым Саюзу, пазьней — Саюзнае дзяржавы… Колькі разоў за гэты час хто толькі ні разьвітваўся зь незалежнасьцю беларускае дзяржавы…

І што ж? Зь 1 кастрычніка на беларуска-расейскай мяжы аднаўляюць працу мытныя пасты. І гэта пасьля такой інтэграцыйнае ліхаманкі апошніх пяці гадоў.

Што да гістарычных паралеляў з падзеямі пачатку стагодзьдзя, дык, на маю думку, надта многае ў сьвеце зьмянілася за гэты час, каб наўпрост праводзіць аналёгіі. Іншая Эўропа, іншая Расея. І Беларусь мае мала агульнага з БНР узору 18-га году.

Таксама пра гістарычны лёс Беларусі й гістарычныя аналёгіі ліст нашага сталага слухача і аўтара Ільлі Копыла зь Менску:

“Ня так даўно на хвалях беларускае Свабоды Павал Севярынец і Юры Хашчавацкі вялі размову пра тое, ці ёсьць у Беларусі спрыяльная глеба для фашызму. На маю думку, такая глеба ёсьць, і вельмі спрыяльная. Увесь савецкі пэрыяд гісторыі на словах мы быццам бы змагаліся з фашызмам, а ў сапраўднасьці самі жылі ва ўмовах ладу, вельмі блізкага, роднаснага фашызму. Не выпадкова, што менавіта Аляксандар Лукашэнка на ўвесь сьвет заявіў пра сваё захапленьне тым парадкам, які быў у Нямеччыне пры Гітлеры, а ўлада ў Беларусі так часта размаўляе са сваім народам пры дапамозе міліцэйскіх дубінак і сабак.

Фашызм — пачварнае дзіця камунізму. Калі б не было камуністычнае чалавеканенавісьніцкае ідэалёгіі, не зьявіўся бы й фашызм. І камуністы, і фашысты маюць агульныя схільнасьці — гэта культ улады, сілы, гвалту. І камуністы, і фашысты люта ненавідзяць сацыял-дэмакратаў, ня церпяць іншадумства, свабоднае прэсы, незалежных прафсаюзаў, сьпекулююць на самых нізкіх пачуцьцях ды інстынктах натоўпу. Цяпер у Беларусі ўсё гэта ёсьць. І не дарэмна беларускі кіраўнік мае сяброўскія стасункі з дыктатарамі Мілошавічам, Гусэйнам, Кастра.

Барацьба з праявамі фашызму ў Беларусі, на маю думку, безпэрспэктыўная. Грамадзтва зьверху данізу заражонае вірусам фашызму. Вось чаму нават вэтэраны вайны не абурыліся, калі Лукашэнка ўхваліў гітлераўскі парадак і калі па вуліцах пачалі разгульваць малойчыкі з РНЕ са свастыкамі на рукавох. Шмат хто разважае так: перажылі камунізм, перажывем і фашызм. Але ж змагацца зь імі неабходна”,

— напісаў Ільля Копыл зь Менску.

Ня так даўно я сам назіраў, як у вагоне менскага мэтро сталыя людзі з ордэнскімі планкамі на грудзёх безуважна назіралі за тузінам апранутых у чорную ўніформу падлеткаў са значкамі ў выглядзе стылізаванае свастыкі. Ня ўпэўнены, што з боку старых гэта цярпімасьць да фашызму, хутчэй — недасьведчанасьць, адсутнасьць дакладнай інфармацыі. Іншая рэч — паводзіны ўлады, якая моўчкі назірае за ўсё больш дэманстратыўнымі паводзінамі расейскіх фашыстаў, хоць у той самы час наладжвае сапраўдныя паляваньні на тых, хто вывешвае нацыянальныя сьцягі або распаўсюджвае ўлёткі антылукашэнкаўскага зьместу.

Піша пэнсіянэрка Алена Судас з Гомелю:

“Чамусьці лічыцца, што пэнсіянэры — галоўная апора ўлады Лукашэнкі. Кажуць так, мне здаецца, з-за інэрцыі. Сапраўды, так было ў 94-м, 95-м, 96-м гадох. Але — не цяпер. Тады мы верылі, што Лукашэнка — за нас, што ён верне тыя парадкі, якія былі да 91-га году, калі на пэнсію можна было няблага жыць. Але ж у лепшы бок не зьмянілася нічога — наадварот, стала яшчэ горш. Я на сваю настаўніцкую пэнсію (агульны працоўны стаж — 35 гадоў) не магу нават пракарміцца. Сорамна, але часам даводзіцца гандляваць цыгарэтамі ля крамы. Мяне ганяюць міліцыянты, якіх некалі дзецьмі я вучыла ў школе. Як можна верыць чалавеку, які за сем гадоў ня выканаў сваіх галоўных абяцаньняў?

Так разважаю ня толькі я — амаль усе мае знаёмыя, многія зь якіх галасавалі за Лукашэнку на выбарах і на рэфэрэндумах, бо верылі, што яму нехта замінае.

Напісала вам, бо апошнім часам часта слухаю Свабоду, і непрыемна чуць, калі некаторыя вашы журналісты выказваюцца пра пэнсіянэраў, як пра людзей недалёкіх, якія прагаласуюць за Лукашэнку пры любых абставінах. Паверце, што гэта зусім ня так”,

— напісала настаўніца-пэнсіянэрка Алена Судас з Гомелю.

Грамадзкія настроі мяняюцца, і сярод людзей сталага веку — таксама. Наколькі істотныя гэтыя зьмены? Калі верыць сацыёлягам, усё ж асноўная сацыяльная база, на падтрымку якой абапіраецца ўлада, застаецца ранейшаю — гэта менавіта пэнсіянэры, жыхары вёскі, некваліфікаваныя работнікі. Хоць, відавочна, варта пагадзіцца з Вамі, спадарыня Алена, што любыя абагульненьні тут — справа рызыкоўная.

Інвалід I групы Ганна Трусэвіч зь Менску — таксама з тых, хто лічыцца апірышчам улады. Спадарыня Ганна апісала, як паспрабавала апэляваць да гэтае ўлады, шукаючы справядлівасьці. Яна піша:

“Ужо 18 год я хварэю на расьсеяны скляроз — інвалід I групы, “калясачніца”. Хоць у 98-м годзе я магла пазбавіцца ад каляскі і, магчыма, стаць здаровым чалавекам. У 97-м годзе з дапамогаю мэдкансультанта НДІ нэўралёгіі мне выпісалі бясплатны рэцэпт на вельмі дарагі аўстрыйскі лек — сандаглабулін. Потым спатрэбілася яшчэ паўгады на тое, каб атрымаць гэтыя лекі з Аўстрыі. Упрошвала й кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, і кіраўніцтва аб’яднаньня “Фармацыя”, нарэшце зьвярнулася да фірмы-вытворцы. І лекі прыйшлі. Але потым адбыўся кансіліюм пад кіраўніцтвам прафэсара Антонава — і прэпарат дзіўным чынам кудысьці зьнік. Дзе ён? Ня ведаю дагэтуль. І ніхто — ад Аляксандра Лукашэнкі да галоўнага лекара 5-е больніцы ня могуць даць мне адказ. Цягам гэтых гадоў з галавы ня йдуць словы Лукашэнкі пра тое, што “бясплатным бывае сыр толькі ў пастцы”. З гэтае “пасткі” я цяпер вымушаная зьвяртацца да людзей, каб дапамаглі мне з грашыма на платнае лячэньне”,

— напісала Ганна Трусэвіч зь Менску. Паказальная ілюстрацыя нашае гэтак званае “бясплатнае” мэдыцыны, захаваньне якой сёньняшняя ўлада лічыць адным з галоўных сваіх дасягненьняў.

На заканчэньне — ліст ад Леаніда Мачульнікава з Асіповіцкага раёну Магілеўскае вобласьці. Леанід нас папракае:

“Надакучыла слухаць ад вас адное і тое ж — пра пікеты, правы чалавека, апазыцыю. Хіба гэта галоўнае, калі няма грошай на хлеб і на адзеньне, калі няма дзе жыць. Болей распавядалі б пра тое, як амэрыканцам удалося пабудаваць такую дзяржаву, якой усе зайздросьцяць, куды ўсе імкнуцца. А ад пікетаў ды мітынгаў сыты ня будзеш — можам і безь іх абысьціся”,

— напісаў Леанід Мачульнікаў з Асіповіцкага раёну.

Магчыма, Вам падасца дзіўным, Леанід, але амэрыканцы пачыналі будаваць сваю незалежную дзяржаву якраз з гэтага — з роўных правоў для кожнага чалавека, з асабістае свабоды асобы, у тым ліку свабоды эканамічнае, з недатыкальнасьці прыватнае ўласнасьці. І ўсё амэрыканскае багацьце ўзьнікла менавіта на гэтым грунце разьняволенасьці й асабістае зацікаўленасьці ў выніках сваёй працы.

А наконт сацыяльных экспэрымэнтаў, у якіх улада зьбіралася нас спачатку накарміць і апрануць, і нібыта ў імя гэтага трымала ў адным вялікім камуністычным лягеры, пазбавіўшы права на ўласную думку — ці мне Вам пра гэта распавядаць? І з вынікамі гэтага сацыяльнага экспэрымэнту мы сутыкаемся штодня.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Сяргея Магонава з Кобрыня Берасьцейскае вобласьці, Уладзіслава Жыгалкі зь Менску, Ганны Варнаўскайтэ зь летувіскага гораду Алітуса, Міколы Загуменнага з Наваполацку.

Вялікі дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org