RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



24 Жніўня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Стан, у якім апынулася сёньня беларуская вёска, многія называюць раздарожжам. З аднаго боку, калгасная сыстэма дажывае свой век, гэта ўжо ўсьвядомілі многія нават самыя заўзятыя яе прыхільнікі; з другога – хуткіх ды істотных зьменаў палохаюцца і ўлады, і самі вясковыя жыхары, асабліва сталага веку. У сельскіх пэнсіянэраў на тое ёсьць важкія прычыны. Вось як напісаў нам пра гэта Леанід Сілін з Асіповічаў Магілеўскае вобласьці:

“На калгасы нападае той, хто ня ведае вясковага жыцьця. Уявіце, што калгасы распусьцілі – што тады рабіць бедным пэнсіянэрам? Цяпер папросіш у старшыні трактар, потым купіш літар гарэлкі трактарысту – і “соткі” табе ўзаралі. А што будзе, калі ўсё апынецца ў руках кулакоў-фэрмэраў? Яны за пляшку араць ня будуць – ператворымся ў іхных батракоў. Таму ніякія фэрмэры ў вёсцы не патрэбныя, людзі іх ніколі не падтрымаюць. Лукашэнка гэта добра ведае, і таму палітыка яго сапраўды народная. Вы гэтага не разумееце, і да ўлады ніколі ня прыйдзеце, бо ня ведаеце ўласнага народа”,

– напісаў Леанід Сілін з Асіповічаў.

Давайце, спадар Сілін, паспрабуем палічыць, колькі каштуе гэты так званы “бясплатны” калгасны трактар, які Вы баіцеся страціць. Ці даводзілася Вам калі-небудзь адмаўляцца ад фактычна бясплатнае працы на праполцы калгасных буракоў? Які самы папулярны шантаж брыгадзіра ў гэтым выпадку: “Ня возьмеш буракоў – не дадзім трактар” (ці каня, ці сенажаць, ці “соткі”). Гэты трактар даўно і шматкроць аплочаны за кошт Вашых жа мізэрных заробкаў, а Вас яшчэ прымушаюць прыніжацца, шантажуюць, а потым яшчэ за сваё ўласнае Вы мусіце разьлічвацца пляшкамі з п’яніцам-трактарыстам.

Сапраўды, з фэрмэрам гарэлкаю за тэхніку Вы наўрад ці разьлічыліся б. Але калі ў вёсцы ўсе былі б уласьнікамі-фэрмэрамі, такой праблемы й не паўстала б. Як няма яе, напрыклад, у суседняй Польшчы. Ня ўсе вясковыя гаспадары там заможныя: у кагосьці няма трактара – ёсьць конь. Нямоглым пэнсіянэрам, якія засталіся ні з чым пасьля распаду мясцовых (праўда, нешматлікіх) дзяржгасаў, дапамагаюць гміны (па-нашаму – сельсаветы). Урэшце, некаторыя перадаюць сваю зямлю, якую ўжо ня могуць самі апрацаваць, у арэнду суседзям, і атрымліваюць за гэта грошы ці частку ўраджаю.

Ёсьць нармальныя эканамічныя стасункі – і няма прыніжэньня, хлусьні й прымусу. А тое, што бальшыня вяскоўцаў падтрымлівае цяперашнія калгасныя парадкі, – наўрад ці слушна, спадар Сілін. Іншая рэч – на чым трымаецца гэтая вонкавая паслухмянасьць і рахманасьць калгасьніка. Вось як напісаў пра гэта наш сталы слухач і аўтар Алесь Баровіч з Ганцавіцкага раёну Берасьцейскае вобласьці:

“Часам журналісты зьдзіўляюцца: чаму калгасьнікі за вочы абвінавачваюць і лаюць свайго калгаснага старшыню, а на сходзе дружна за яго галасуюць. Я днямі быў на адным такім справаздачна-выбарчым сходзе – усё было як заўсёды. Калгасьнікі перашэптваюцца між сабою: “Не падымеш руку – нажывеш ворага”. І галасуюць. А старшыня з трыбуны пільна ўглядаецца ў залю – назірае, як хто галасуе.

У вёсцы чалавек цалкам залежны і ад старшыні, і ад брыгадзіра паляводчай ці трактарнай брыгады.

Днямі чуў размову двух сябрукоў. Адзін другому кажа:

“Віця, брыгадзір – някепскі хлопец”.

А той адказвае:

“О-о, ты дрэнна яго ведаеш. Скажы што-небудзь ня так, дык ён будзе ўсё жыцьцё табе спадцішка шкодзіць.

І сапраўды, гэта так. Ані шчырасьці, ані дэмакратыі, ані свабоды слова ў калгасе няма. Скажаш праўду – і на цябе, калі ты безабаронны, кінецца цэлая зграя. І яна цябе зьесьці й праглыне. А збоку дапамогі чакаць не выпадае. Шмат хто нават радуецца чужой бядзе”,

– напісаў Алесь Баровіч з Ганцавіцкага раёну.

Ліст ад Язэпа Бульбы з Жабінкі Берасьцейскае вобласьці:

“Пішу з болем у сэрцы і смуткам на душы. Учора праз “Свабоду” даведаўся, што беларуская апазыцыя гаворыць адное, а робіць другое. Так званы выбарчы фарс байкатуе, але шэраг кіраўнікоў апазыцыі, і нават дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, хочуць зарэгістравацца кандыдатамі ў дэпутаты. Усяго такіх 60 асобаў. Падумаць страшна, а ўявіць яшчэ цяжэй. Чаго хацеў Лукашэнка, таго й дамогся: раскол атрымаўся. Ганьба тым, хто адважыўся на гэта. Ганьба Чыгіру, Статкевічу, Шчукіну. Няўжо яны не разумеюць, што нічога ў іх не атрымаецца – не дапусьцяць іх у “Палату”. І ўсе гэтыя 60 чалавек, якія маглі стаць гонарам краіны, будуць нікім і нічым. Гэта празь іх улада даб’ецца легітымнасьці. Шкада мне такіх, так бы мовіць, “апазыцыянэраў”. Лепш бы іх увогуле не было”.

Язэп Бульба таксама апісвае магчымы, на ягоную думку, сцэнар далейшых падзеяў пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка даб’ецца прызнаньня “Палаты прадстаўнікоў”. Ён піша:

“Да прэзыдэнцкіх выбараў застанецца ўсяго паўгады. За гэты час можна перагледзець Закон аб выбарах прэзыдэнта. Матывацыя такая: паколькі “Палату прадстаўнікоў” народ выбраў ледзь не аднагалосна, дык навошта беднай Беларусі траціць вялізныя грошы на ўсенародныя выбары. Няхай прэзыдэнта выбіраюць дэпутаты, і нават, можа, адкрытым, а не таемным галасаваньнем. Узгадайце, як калісьці выбіралі прэзыдэнтам Гарбачова на зьезьдзе Саветаў. І яго прызнаў увесь цывілізаваны сьвет. Страшна, калі такое адбудзецца і ў нас. Дыктатары ўмеюць берагчы сваю аднаасобную ўладу”,

– лічыць Язэп Бульба з Жабінкі.

Сцэнар такі, спадар Бульба, выглядае ня надта рэальным. Цалкам зьмяніць сыстэму выбараў прэзыдэнта не дазваляе нават тая не прызнаная дэмакратычнымі сіламі Канстытуцыя, якая фактычна дзейнічае ў Беларусі зь 96-га году. А галоўнае, далейшая ўзурпацыя ўлады прывяла б да канчатковае страты шанцаў на дыялёг з Захадам. І нават стасункі з Расеяй гэта, верагодна, ускладніла б.

Вашыя паралелі з Гарбачовым і з Савецкім Саюзам узору 90-га году тут не зусім дарэчы: несупастаўляльныя маштабы й роля краінаў і лідэраў, іншая гістарычная эпоха…

Што да рознагалосьсяў апазыцыйных лідэраў у справе ўдзелу ў восеньскіх выбарах, дык Вашае недаўменьне з гэтае нагоды падзяляюць многія нашыя слухачы, якія хацелі б бачыць апазыцыю адзінаю і згуртаванаю. Але аднадумства сярод дэмакратычных сілаў – зьява даволі рэдкая. Часам гэта выглядае заганаю, хоць увогуле прызнаньне права на іншае меркаваньне ды іншы сьветапогляд – падмурак дэмакратыі, і ў гэтым значна больш станоўчых бакоў, чым адмоўных.

Піша наш даўні слухач і аўтар допісаў Ільля Копыл зь Менску. Гэтым разам – пра мову расейскіх і беларускіх палітыкаў. Вось фрагмэнт ягонага ліста:

“Вядомы расейскі алігарх Гусінскі пасьля таго, як пасядзеў некалькі дзён у Ляфортаўскай турме, сказаў літаральна наступнае: “Вся Россия говорит на лагерном жаргоне”. А хто ня ведае фразу Пуціна, якая прагучала на ўвесь сьвет, пра тое, што “…Мы их и в сортире будем мочить”. А якая гаворка расейскіх палітыкаў Ельцына, Чарнамырдзіна, Лебедзя, Зюганава, Жырыноўскага? Ці ж гэта літаратурная расейская мова? Гэта той жа жаргон.

Цяпер дакладна можна сьцьвярджаць, што 14 траўня 95-га году статус дзяржаўнае беларусы надалі не расейскае мове, а расейскаму лягернаму жаргону.

У расейскага савецкага пісьменьніка Ільлі Эрэнбурга ёсьць апавяданьне “Ускомчел” – гэта адно з новых савецкіх словаў, не адразу зразумееш ягоны сэнс. “Ускомчел”—гэта “усовершенствованный коммунистический человек”. Пры Брэжневе гэта ўжо называлася інакш, шырэй – савецкі народ, або сьціраньне граняў між нацыянальнасьцямі. Пасьпяхова пасьпелі сьцерці гэтыя грані, падобна, толькі ў беларусаў.

Усяму сьвету вядомыя і такія новыя расейскія словы, якія наводзілі жах на людзей: ВЧК, НКВД, КГБ, ОГПУ, ГКЧП, “красный террор” ды іншыя. Лічу вялікай памылкаю, калі нехта спрабуе перакладаць гэтыя словы на іншыя мовы, у тым ліку й на беларускую. З перакладам губляецца злавесны сэнс гэтых словаў. Няхай яны гучаць на мове арыгінала”,

– напісаў Ільля Копыл зь Менску.

Спадар Копыл заўважыў, на маю думку, вельмі істотную тэндэнцыю, якая ўласьцівая і расейскім, і беларускім палітыкам пры ўладзе. (І тыя, і другія карыстаюцца адной моваю). Схільнасьць да жаргоннае лексыкі (у тым ліку да жаргону турэмнага, як у Пуціна) – адна з праяваў папулізму. Аляксандар Лукашэнка засвоіў гэты прыём ужо даўно, толькі ягоны жаргон спэцыфічны, прастамоўны – згадайма запамінальныя выразы пра “вашывых блох” ці пра “конскі тупат” міністраў-сілавікоў.

Натуральна, жаргон першых асобаў імгненна пераймаюць падначаленыя. У выніку сярод палітыкаў у Расеі сёньня папулярныя слоўцы, для прыкладу “разборка” або “заказать” (у сэнсе “рыхтаваць забойства”), якія яшчэ зусім нядаўна можна было пачуць выключна з вуснаў бандытаў…

На заканчэньне – ліст Марэка Радзімскага з польскага гораду Гдыня, які працуе ў Аб’яднаньні экспарту й марскіх паслугаў:

“Я досыць верны слухач беларускае праграмы “Радыё Свабода”. Слухаю вашыя перадачы на старым транзыстары (сучасныя радыёпрыймачы, на жаль, ня маюць кароткіх хваляў). Мушу заўважыць, што вечаровыя перадачы чуваць у нас у Польшчы кепска. А вось ранішнюю праграму (якая ў Польшчы распачынаецца а 5-й раніцы) пераважна чуць добра, як кажуць ангельцы, loud and clear. У сувязі з гэтым маю да вас пытаньне: ці ёсьць магчымасьць, каб гэтая ранішняя праграма доўжылася гэтак жа, як і вечаровыя – паўтары гадзіны. Чаму тыя, хто рана прачынаецца – “жаваронкі” – мусяць задавальняцца адной гадзінаю?”

Ліст Марэка Радзімскага напісаны па-польску, але ў канцы прыпіска па-беларуску лацінкаю: “Bialaruskaja, heta najbolsz pryhozhaja slavianskaja mova i byl by zhal vialiki, kab jana zaginula”.

Заўвага пана Радзімскага наконт працягласьці ранішніх праграмаў цалкам слушная, – прычыны тут тэхнічныя, спадзяемся, у хуткім часе падставаў для нараканьняў з гэтае нагоды ня будзе.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Віктара Цылюлькі з Гародні, Алеся Шустоўскага з Барысава, Уладзіслава Міцкевіча з Браслава, Віктара Шоця са Смаргоні. Дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org