RFE/RL |
17 Жніўня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. У нашай пошце часта сустракаюцца лісты, у якіх адныя слухачы абвінавачваюць нас у тым, што недастаткова настойліва, на іхную думку, адстойваем інтарэсы беларусаў; а другія, наадварот – што мы нібыта патураем беларускім нацыяналістам і распальваем непрыязныя адносіны да іншых нацыяў, найперш – да расейцаў. Што ёсьць патрыятызмам і нацыяналізмам? І дзе мяжа, якая іх падзяляе? Пра гэта – два лісты ад двух немаладых людзей, якія кожны па-свойму незадаволеныя нашай пазыцыяй. Піша Барыс Крыўцоў зь Менску: “Расейская імпэрыя адвучыла нас змагацца за сваю радзіму да апошняе кроплі крыві. Хоць і ня шчодрая яна, гэтая зямля, але корміць мяне і маіх дзяцей і ўнукаў. А таму павінны адстойваць яе, пакуль сэрца б’ецца. А ў нас, паводле маіх назіраньняў, няма тае любові да радзімы, што, для прыкладу, у Заходняй Украіне. Там, калі трэба, дык і за зброю возьмуцца – за сваіх дзяцей і за будучыню. А вы чаму баіцёся? Калі здраднік на стальцы, дык яго скідваюць вельмі простым мэтадам. Ён адзін, а нас 10 мільёнаў (ці, прынамсі, 80 адсоткаў). А чаму ў вашых перадачах не выказваецца такога жаданьня – аніводнага слова пра гэта? Баіцёся і вы, і лідэры гэтак званых “партыяў”. Во як Расея навяла на вас жаху. Чаму баіцёся плятформы Пазьняка, не распаўсюджваеце ягоных заклікаў? Ён не адзін так разважае, такіх людзей шмат. А вы такія паслухмяныя ФСБ Расеі. Браць у рукі зброю (і ня толькі зброю), і бараніць сваіх дзяцей – вось што патрэбна. Будзе цяжка, але бяз гэтага павыміраем усе да аднаго. Але прыгажэй паміраць стоячы і са сьцягам продкаў сваіх. Толькі пасьля гэтага будзем звацца беларусамі”, – напісаў Барыс Крыўцоў, якому 59 гадоў і які жыве ў Менску. Там, дзе шмат патасу й патэтыкі, заўсёды шмат пытаньняў. Калі ў старых савецкіх фільмах палітрукі з надрывам заклікалі бараніць Айчыну “да апошняе кроплі крыві”, заўсёды хацелася спытаць: “Чыёй крыві?” Бо самі палітрукі са сваімі патаснымі лёзунгамі са штурмавымі баталёнамі ў атаку не хадзілі. Гэтак сама і Вам, спадар Крыўцоў, хочацца задаць пытаньні: каму Вы прапануеце даць у рукі зброю і чыёй крывёю разьлічвацца? Як адбываецца зьмена ўлады з дапамогаю зброі – чалавецтва добра ведае. Называецца гэта грамадзянскай вайною, і ня дай нам Бог перажыць нешта падобнае. У момант, калі зьмены ўлады пажадаюць, як Вы пішаце, усе дзесяць мільёнаў беларусаў (ці хаця б 80 адсоткаў гэтае колькасьці) – гэтая зьмена адбудзецца ў выніку першых жа хоць бы адносна свабодных выбараў. Іншы, гвалтоўны спосаб захопу ўлады ёсьць злачынствам, і дзіўна, спадар Крыўцоў, што Вы дакараеце нас за тое, што мы не распаўсюджваем адпаведных заклікаў. Другі ліст – ад пэнсіянэра-настаўніка зь Менску, які на жаль, не назваў свайго прозьвішча – падпісаўся толькі ініцыялам “М”. Ліст на гэтую ж тэму, і гучыць як своеасаблівы адказ Барысу Крыўцову. Слухач піша: “Ёсьць у вашых перадачах рэчы недапушчальныя. Дзьмітры Ліхачоў неяк сказаў, што розьніца паміж патрыятызмам і нацыяналізмам палягае на тым, што патрыятызм грунтуецца на любові да Радзімы, а нацыяналізм – на нянавісьці да іншых нацыяў. Аналіз вашых паведамленьняў паказвае, што яны прасякнутыя нянавісьцю да Расеі. Вашыя паведамленьні пра нэгатыўныя зьявы ў Расеі даходзяць да хлусьні й паклёпу. Бандытаў вы называеце паўстанцамі ды партызанамі. Нібы ня ведаеце, што Чачня была ў руках узброеных бандаў, якія выкрадалі людзей і ператваралі ў рабоў, якія ўзрывалі дамы й вакзалы ў Расеі. Леў Талстой сказаў, што той, хто апраўдвае злачынствы, сам становіцца саўдзельнікам гэтых злачынстваў”. З маральнага пункту гледжаньня вы ня лепшыя за Лукашэнку, які, безумоўна, выкарыстае вашыя нянавісьць і глупства ў сваёй выбарчае кампаніі супраць апазыцыі ў наступным годзе. Навошта я пішу гэта? Я, стары настаўнік, спадзяюся ўсё ж, што сярод вас ёсьць разумныя добрыя людзі, якія зразумеюць амаральнасьць і недапушчальнасьць нянавісьці, якую ўвасабляе сабою Зянон Пазьняк і празь якую і прыйшоў да ўлады Лукашэнка; і якія зразумеюць, што нянавісьць да Расеі ня толькі брыдкая, але й недалёкая. Бо незалежная дэмакратычная Беларусь ніколі ня будзе ворагам дэмакратычнае Расеі”, – напісаў настаўнік “М” зь Менску, які, на жаль, не назваў свайго прозьвішча. У Чачні, спадар М., дзясяткі тысячаў сем’яў, у якіх ад расейскіх бомбаў і мінаў, ад рук расейскіх салдатаў загінулі ні ў чым не вінаватыя дзеці, жанчыны, старыя. І калі пасьля гэтага чачэнскія мужчыны бралі ў рукі зброю і йшлі ваяваць у армію законна абранага прэзыдэнта Масхадава – дык ані бандытамі, ані тэрарыстамі іх лічыць нельга. Яны на сваёй зямлі, і не яны прыйшлі ў чужы дом са зброяй у руках, каб зьнішчыць яго. Натуральна, зусім іншая рэч – узрывы жылых дамоў, гандаль людзьмі, захоп закладнікаў… Ім няма апраўданьня, якімі б мэтамі тэрарысты не апраўдваліся. Тое, што мы імкнемся распавесьці ўсю праўду пра вайну ў Чачні, а ня толькі тую, якую хацелася б чуць расейскім ці беларускім уладам – ня ёсьць праяваю нянавісьці да расейцаў, спадар М. Нянавісьць да якога б ні было народа – увогуле зьява агідная і недапушчальная. І тут мы з Вамі цалкам згодныя. Але ёсьць расейскі народ, а ёсьць расейская імпэрская палітыка – і знак роўнасьці паміж імі ставіць нельга. Ліст ад Аляксандра Воінава з Магілеву: “Даўно слухаю вашыя перадачы, але напісаць адважыўся упершыню. Дзякуй, што адкрываеце людзям вочы. На жаль, многія застаюцца ў палоне ілюзіяў, усё яшчэ спадзяюцца на добрага Лукашэнку. А тое, што ён за шэсьць гадоў ня выканаў сваіх абяцаньняў і нават на кроплю не палепшыў жыцьцё, тлумачаць тым, што нехта нібыта яму замінае. Тым часам жыцьцё з дня на дзень усё горшае. А Лукашэнка як займаўся аб’яднаньнем з Расеяй, гэтак і займаецца. Хоць усе, хто бывае ў Расеі, ведаюць, як бедна жывуць там людзі, якое беззаконьне там пануе. І ня дай Бог нам такога жыцьця. На жаль, за 80 гадоў у Беларусі многае вынішчылі. Беларусы амаль страцілі мову, перасталі верыць у Бога, думаюць толькі пра свой страўнік. І пакуль не зразумеюць яны, хто такі на самрэч Лукашэнка, да таго часу спадзяваньняў на лепшае мала”. Гэта быў ліст Аляксандра Воінава з Магілеву. Тэма ня новая, як і выснова, якую робіць Аляксандар. У сапраўднасьці, калі пакорпацца ў старых газэтных падшыўках і знайсьці лукашэнкавыя абяцаньні ўзору 94-га году (я гэта паспрабаваў зрабіць), дык заўважыш, што многае ён пасьлядоўна выконвае: аднаўляе Саюз, спыніў прыватызацыю, захаваў калгасы, забараніў зачыняць заводы… Няма аднаго, але, бадай, самага галоўнага – станоўчага плёну такое палітыкі, які б апраўдваў яе, які б прынес адчувальны вынік звычайнаму чалавеку, які шэсьць год таму паверыў Лукашэнку. У выніку ўсё больш тых, хто у сваім абраньніку расчараваўся. Адзін зь іх – Сямён Загуменны са Сьветлагорску Гомельскае вобласьці. Вось ягоны ліст: “Няма веры ані Лукашэнку, ані Пазьняку, ані Лябедзьку. Усе яны аднолькавыя: як ірвуцца да ўлады, дык абяцаюць залатыя горы, а як дарвуцца, дык толькі й думаюць, як бы гэтую ўладу нікому не аддаць. Я галасаваў за Лукашэнку, а цяпер бачу, што на выбары на наступны год можна не хадзіць – ён усё роўна застанецца прэзыдэнтам яшчэ гадоў дваццаць. І ніхто яму нічога ня зробіць. Гэта савецкі варыянт: галасуй, не галасуй – усё роўна ўсё даўно вызначана. Уцякаць трэба з гэтай краіны, пакуль яшчэ ёсьць сілы. Цяпер вось рэгулярна слухаю вашую перадачу “У Сьвет на Заробкі”, шукаю што-небудзь для сябе. Паводле адукацыі я настаўнік, але гатовы хоць апэльсіны зьбіраць, хоць гной з хлява выкідваць, бо што з той маёй інтэлектуальнай працы, калі плацяць мне за яе 20 даляраў за месяц”, – напісаў настаўнік Сямён Загуменны са Сьветлагорску. Вашыя высновы, Сямён, пра тое, што ўсе беларускія палітыкі аднолькавыя, падаецца, усё ж надта катэгарычныя. На прэзыдэнцкай пасадзе мы пакуль бачылі толькі адную асобу – пра яе і можам меркаваць. Ці ўдасца Лукашэнку ўкараніць савецкі ўзор утрыманьня ўлады (гэта значыць, улады пажыцьцёвай або да ўнутранай змовы ці перавароту) – пытаньне спрэчнае. На двары ўсё ж не 80-ты год, і Беларусь сёньня ў атачэньні дзяржаваў, у якіх зьмена ўлады адбываецца дэмакратычна. Ды й людзі сёньня ня тыя, якімі былі дваццаць год таму. На заканчэньне – ліст Зьмітра Канапацкага зь вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёну Берасьцейскае вобласьці: “Зь вялікім задавальненьнем слухаю вашыя перадачы. Апошнім часам усё больш пераконваюся, што паўтары гадзіны – гэта ўжо занадта мала для асьвятленьня ўсіх падзеяў як у Беларусі, гэтак і ў сьвеце. Было б вельмі добра, каб “Свабода” па-беларуску вяшчала хаця б дзьве гадзіны. Тым ня менш, прыемна, што вы павялічылі колькасьць паўтораў на “Балтыйскіх Хвалях” на частаце 612 кілягэрцаў. Звычайна кожны мой дзень завяршаецца менавіта праграмаю Беларускае службы “Радыё Свабода”. Не паверыце, але я зараз проста не магу заснуць, калі не даслухаю да канца вашую апошнюю праграму, што распачынаецца а 22-й гадзіне”, – напісаў Зьміцер Канапацкі зь вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёну. Вялікі дзякуй за добрыя словы, Зьміцер, Вам і ўсім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі і ўражаньнямі. На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Алега Бурава зь Берасьця, Алеся Шустоўскага з Барысава, Алеся Марціновіча з Баранавічаў, Любові Майсеенцы з Горадні ды Ільлі Копыла зь Менску. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |