RFE/RL |
10 Жніўня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. Ёсьць многа людзей, якіх у сёньняшняй беларускай паўсядзённасьці найбольш прыгнятае не бытавая неўладкаванасьць і не мізэрныя заробкі, а – поўная залежнасьць ад чыноўніка, бясконцае адчуваньне ўласнае бездапаможнасьці й немагчымасьці нешта самастойна зьмяніць у жыцьці. Вось як напісаў пра гэта Алесь Баровіч з Ганцавічаў Берасьцейскае вобласьці: “Мяне вельмі ўразіў і абурыў ліст, што прагучаў у адной з вашых нядаўніх перадачаў, у якім слухач зь Менску Павал Сьцепаненка абвінавачваў ды асуджаў Алега Батурына, залічыўшы яго ў прайдзісьветы, якія лезуць у палітыку, каб выехаць за мяжу. Магчыма, ёсьць і такія. Але абвінавачваць усіх агулам – гэта няхораша й няўдзячна. Бачна, што Павал Сьцепаненка ня ведае, што такое местачковая мафія, што такое кланы, якім належыць уся ўлада над чалавекам; што такое чужына… Ён, відаць, не разумее, як балюча пакідаць родныя мясьціны, звыклы жыцьцёвы лад; як цяжка йсьці ў невядомасьць. Каб меркаваць пра ўсё гэта, трэба, каб чалавек сам перажыў падобнае. У нас чалавек без пасады, без сувязяў – гэта кузурка. Ён цалкам залежыць ад тупога або крымінальнага чыноўніка, які ня тое што дапамагчы – нават выслухаць цябе ня хоча. У выніку нават сваё, заробленае крывавым потам ды сьлязьмі, просіш як міласьціну. А скардзіцца практычна забаронена. Адчуваеш сябе чужым на ўласнай Радзіме. Таму і імкнуцца людзі за мяжу”, – напісаў Алесь Баровіч з Ганцавічаў. Вашая заўвага, Алесь, выглядае слушнай: не выпадае асуджаць усіх тых людзей, якія выбіраюцца ў сьвет, шукаючы лепшае долі. Ёсьць, аднак, тыя, хто імкнуцца выдаць сябе за палітычных уцекачоў, хоць матывы іхнай эміграцыі выключна эканамічныя. Зьява надта непрывабная (як, зрэшты, і любая хлусьня), і якраз пра яе мы распавядалі ў адной зь ліпеньскіх праграмаў, разважаючы над лістом Алега Сьцепаненкі. Гэтак сама пра стасункі чалавека і ўлады ліст Івана Самойлава з Асіповіцкага раёну Магілеўскае вобласьці, які часта нас слухае, хоць вельмі адмоўна ставіцца да таго, што гучыць на нашых хвалях. Ён піша: “Калі вы перастанеце зьдзеквацца з нашага народа? Усё, што ні робіць прэзыдэнт, для вас – ня так. Ды калі б ён не займаўся жнівом і не праводзіў сэлектарныя нарады, у нас, можа, даўно ўжо астатняе разрабавалі б: не было б чаго цяпер убіраць. Мясцовыя начальнікі толькі й цікуюць, каб як адарваць ад калгаса – крадуць і салярку, і збожжа. А вы ім падпяваеце – ганьбіце Лукашэнку, які адзін з гэтай мафіяй змагаецца. Брыдка вас слухаць”, – дакарае нас Іван Самойлаў з Асіповіцкага раёну. Мы не зьневажаем, спадар Самойлаў, ані Аляксандра Лукашэнку, ані тым больш народ. Але ў нас ёсьць сур’ёзныя падставы сьцьвярджаць, што сытуацыя ў беларускай вёсцы залежыць не ад колькасьці сэлектарных нарадаў з удзелам Лукашэнкі і не ад ягонага пільнага кантролю за чыноўнікамі-казнакрадамі. Улады могуць прыставіць міліцыянта да кожнага калгаснага старшыні ці камбайнэра – красьці ўсё роўна будуць – і салярку, і збожжа. Бо гэта ёсьць падмуркам, прынцыпам калгаснага ладу, дзе ўсё наўкол не сваё, дзе няма гаспадара. У тым, што Лукашэнка ўсе больш як шэсьць гадоў свайго кіраваньня імкнецца захаваць такі лад, – і ёсьць галоўнай прычынаю таго заняпаду, які перажывае вёска. Піша наша сталая слухачка зь Менску Ангеліна Масюта: “Дзіўна чуць і чытаць у апошнія месяцы пра нерашучасьць аб’яднанай апазыцыі: ісьці ці ня йсьці на выбары? Атрымліваецца нейкі падвойны стандарт. Але ж вядома, што выбары ня могуць быць законнымі, калі яны прызначаныя нелегітымным прэзыдэнтам. Відавочна, усе ў апазыцыі гэта разумеюць, але вельмі ж ужо хочацца ў чым-небудзь паўдзельнічаць. У выніку апазыцыя хоць і не прызнае легітымнасьць рэжыму, але ж пры гэтым зьбіраецца йсьці на выбары ў адпаведнасьці з правіламі гэтага рэжыму. Спадары з аб’яднанай апазыцыі! Будзьце пасьлядоўнымі ў сваіх дзеяньнях. Калі вы кажаце пра дыктатарскі рэжым у Беларусі, дык не падманвайце сябе ды іншых. Якія могуць быць выбары, калі краіна ўжо болей чым год жыве паводле ўказаў незаконнае ўлады?”, – напісала Ангеліна Масюта зь Менску. Пэўнасьць у пытаньні восеньскіх выбараў на сёньня, здаецца, ёсьць: улада не выканала папярэднія ўмовы – дэмакратычная апазыцыя ў выбарах ня ўдзельнічае. Спадарыня Ангеліна, аднак, абураецца ўжо адным фактам таго, што абмяркоўвалася сама магчымасьць удзелу ў выбарчай кампаніі пры гэтай уладзе. Але якім іншым мірным чынам, апроч выбараў, можа адбыцца зьмена ўлады, спадарыня Масюта? Праблема ў тым, каб мець гарантыі таго, што выбары будуць справядлівымі й дэмакратычнымі. А чакаць, што ўлада зьменіцца нейкім іншым цудоўным чынам, і толькі потым удзельнічаць у выбарах – шлях няпэўны і, выглядае, безпэрспэктыўны. Алесь Марціновіч з Баранавічаў, наш даўні сталы аўтар, гэтым разам адклікнуўся на перадачу, прысьвечаную праблеме мовы. Ён піша: “Днямі “Свабода” распавядала пра моўную сытуацыю ва Ўкраіне. Тэма цікавіць і мяне: я пільна сачу за гэтым працэсам ва Ўкраіне. І вось да якіх высноваў прыйшоў. Па стану на 2000 год рэальнай моваю гарадзкіх масаў, моваю жыцьцезабесьпячэньня значных сфэраў (бізнэс, сродкі масавай інфармацыі, побыт) застаецца расейская мова. У Кіеве больш як 90 адсоткаў жыхароў рэальна расейскамоўныя. У выніку ўкраінізацыі ўкраінская мова стала моваю афіцыёзу – яе выкарыстоўваюць дзяржаўныя ўстановы, школы. Але гэта не прывяло да адраджэньня мовы – яна па-ранейшаму застаецца ў заняпадзе. Сытуацыя на 100 адсоткаў адпавядае сытуацыі ў княствах Італіі ў V–XV-м стагодзьдзях. Грувасткая кніжна-афіцыёзная латынь сама сабою здала ўсе сфэры жывой італьянскай мове. Сур’ёзныя лінгвісты пэрспэктываў для ўкраінскай мовы ня бачаць. Тое самае чакае і беларускую мову, калі нацыянал-дэмакраты калі-небудзь наважацца яе адраджаць з адначасовым выцясьненьнем расейскае мовы”, – так мяркуе Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ёсьць і іншыя гістарычныя прыклады, спадар Алесь, калі, здавалася б, канчаткова страчаная мова вярталася да жыцьця – згадайма прыклад іўрыту. Дзеля гэтага спатрэбілася воля габрэйскага народу, які адрадзіў сваю дзяржаву. Што да прыкладу Ўкраіны, дык Вашыя сьцьверджаньні мне падаюцца празьмерна катэгарычнымі. Украінская мова адраджаецца. І гучыць яна ня толькі на афіцыйных нарадах: нават у Кіеве, які Вы згадваеце як доказ паразы ўкраінізацыі, яе пачуеш на кожным кроку – у крамах, на вуліцы, на школьных перапынках… Дзесяць год таму было зусім па-іншаму. На заканчэньне ліст Алеся Шустоўскага з Барысава Менскае вобласьці. Алесь піша: “У 80–81-м гадох у Аўганістане служылі мае браты – адзін родны й два стрыечныя. Адзін са стрыечных – 40-гадовы Пётар Шустоўскі, што родам зь вёскі Зембін Барысаўскага раёну – адтуль не вярнуўся. Загінуў ён у 81-м годзе. У той час я, натуральна, цікавіўся ўсім, што не афішавалася савецкімі сродкамі масавай інфармацыі. І даведаўся, што ў Лёндане ангельскія ваенныя гісторыкі выдалі фундамэнтальную працу пад назовам “Партызанскі рух у Беларусі ў 41–44-м гадох”. Кніга гэтая, як паведамлялі тады заходнія радыёстанцыі, выкарыстоўвалася як падручнік аўганскімі маджахэдамі. Цяпер шмат кажуць пра тое, што аўганскі досьвед перанялі чачэнскія сэпаратысты. Атрымліваецца, што досьвед гэты, па сутнасьці, беларускі”, – напісаў Алесь Шустоўскі з Барысава. Цяжка сьцьвярджаць, хто чый досьвед пераняў. Усе партызанскія войны падобныя адна на адную. Як, зрэшты, падобны і іхны фінал: цэлы народ рэдка ўдаецца паставіць на калені, нават калі захопніцкая армія шматкроць пераўзыходзіць у сіле тых, каго імкнецца заваяваць. У новай гісторыі шмат прыкладаў гэтага, у тым ліку й прыклад беларускі. Тым ня менш, Расея, у якую так імкнуцца беларускія ўлады, ужо пяць гадоў лічыць, што ў яе на Паўночным Каўказе будзе іншы фінал. Пакуль, аднак, па-іншаму не атрымліваецца. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага.
Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |