RFE/RL |
3 Жніўня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. Ёсьць пытаньні, якія апошнім часам так ці йнакш гучаць амаль у кожным лісьце. Пытаньні гэтыя – што з намі адбылося? Чаму йдзем менавіта такім шляхам? Ці ёсьць выйсьце са становішча, ў якім апынуліся? Наш даўні слухач Віктар Скараход – пэнсіянэр, удзельнік Другое Ўсясьветнае вайны, які жыве ў Менску – спрабуе адказаць на іх, вандруючы па сьцежках свайго маленства на Бягомальшчыне і назіраючы, як зьмянілася там жыцьцё. Вось некалькі ягоных назіраньняў: “Хаджу ад сяла да сяла і зь вялікім засмучэньнем гляджу ў чорныя вачніцы вокнаў апусьцелых хатаў ды былых клюбаў. А такіх усё больш з году ў год. Бачуся зь людзьмі й гутару зь імі – з абібокамі і дбайнымі гаспадарамі, з алькаголікамі і пакуль толькі п’яніцамі. І дужа шмат прыкрага назіраю і чую. Прыкра, што на ўвесь сельсавет дзьве нават ня школы, а ўсяго толькі школкі. І балюча, калі бачу, што ў адну зь іх вось ужо два гады езьдзіць за 20 кілямэтраў мой знаёмы “пяцёрачнік” Веня. І, дабіраючыся штодня, вымушаны яшчэ рабіць 40-хвілінны прывал пад голым небам і ў восеньскую слоту, і ў зімовы мароз, чакаючы аўтобуса. Веню напаткала бяда: тата сеў за краты, а мама ператварылася ў шэрую зязюлю, і пакінула яго, маленькага, ды старэйшую сястрычку. Я пытаю ў Вені: “А хто цябе шкадуе?” І ён мне адказвае: “Сястра й бабуля”. Бабуля Ліда вельмі занятая гаспадаркаю, але Веня ў яе дагледжаны: і чысьценька апрануты, і накормлены. А як балюча глядзець на сваіх вясковых аднагодкаў у часе вясновае сяўбы ці восеньскае ўборкі. Сілы ў іх ўжо няма, а ў калгаса няма ані коней, ані саляркі. І тэхніка для іх знаходзіцца толькі тады, калі ўжо або высахне веснавая вільгаць на палёх, або пачне асыпацца колас. І колькі тут трывогі ды ціхіх сьлёзаў. І бачу настаўніка гісторыі, у руках якога ня кніга Міколы Ермаловіча, а газэта “Советская Белоруссия” ды матыка, зь якімі йдзе ён на дзялянку буракоў. Ня пойдзе палоць – ня будзе яму ані сена, ані трактара. Але найбольш засмучае нават ня тое, што настаўнік гэты праз свой жабрацкі бюджэт ня можа купіць кнігу Ермаловіча. А тое, як хваліць ён калгасную сыстэму. Паводле ягонага разуменьня, не калгасы – тормаз, а кепскія кіраўнікі. Гэта нібыта празь іхнае невуцтва ды зладзейства зьніжаюцца ўраджайнасьць, надоі ды прывагі, зношаная тэхніка і такі жабрацкі заробак. Балюча глядзець на гэтае гнілое балота, якое за 70 год ня раз мяняла назву – “победивший социализм”, “развитой социализм”, цяпер вось “рынкавы сацыялізм”, але сутнасьць застаецца ранейшаю – балота, твань. За шэсьць апошніх гадоў улада так утаптала Беларусь у гэтую твань, што мы сталі нагадваць тапельца, які шукае, за што б учапіцца. Хоць кожны цьвярозы розум усьведамляе: патрэбная цьвёрдае апірышча. Для беларуса такое апірышча – уласны дом, дзе ты ня кутнік, не кватарант, а гаспадар. Тады свае час, здольнасьці ды сілу чалавек будзе траціць на мацаваньне свайго дабрабыту, а не на ляноту, п’янства ды амаральнасьць”, – гэта быў ліст Віктара Скарахода зь Менску. У вашым лісьце, спадар Скараход, я найперш зьвярнуў увагу на постаць настаўніка гісторыі з матыкаю і газэтаю “Советская Белоруссия” ў руках, які адстойвае калгасны лад. Выглядае ўсё ж, што гэта ня самая тыповая асоба сярод вясковай інтэлігенцыі. Вясковых настаўнікаў і мэдыкаў начальства ў правінцыі апошнія гады ўсё больш шчыльна намагаецца далучыць да бясплатнае працы ў калгасе: іх і сена нарыхтоўваць прымушаюць, і буракі палоць, а там-сям і кароў даіць. Але ніякага энтузіязму сярод бальшыні гэткім чынам далучаных да калгасу гэта не выклікае – наадварот, усё часьцей прыходзяць паведамленьні пра іхныя пратэсты. І калгасны лад намэнклятура прымусовай працаю інтэлігенцыі ня выратуе – на маю думку, наадварот, наблізіць фінал агоніі. На гэтыя ж пытаньні спрабуе адказаць у сваім лісьце Мікалай Вярынскі з Бабруйску. Вось што ён піша: “Некалі мой сябра Алесь казаў: “Лухта – гэтае ваша замілаваньне народам. Што такое гэты ваш народ: налі карыта партвэйну (тады ён танна каштаваў) – стануць на калені, будуць піць і хваліць цябе. Не згаджаўся, але прыходзіць думка, што праўда на баку Алеся. Вось чаму на чале дзяржавы ў нас кіраўнік, для якога, паводле выразу аўтара вядомае паэмы пра Луку Мудзішчава, “Вянец – калгасны двор”. У ЗША чалавек, які не прайшоў прыступку губэрнатара штата, як правіла, не становіцца прэзыдэнтам; у былым СССР генэральны сакратар меў досьвед першага сакратара абкаму. Кіраўніка павінна выбіраць эліта, а народ заслугоўвае таго жыцьця, якое сам выбраў. Няма чаго на люстэрка наракаць… Усе заклікі ды ідэі апазыцыі (правы чалавека, дэмакратыя, культура, мова) не чуваць, калі вакол разносіцца: “Карыта мне, карыта…”, – напісаў Мікалай Вярынскі з Бабруйску. Вашыя катэгарычныя сьцьвярджэньні, Мікалай, выглядаюць надта аднабаковымі. Выказваць замілаванасьць народам – відавочна, гэтак жа недарэчна, як і агулам асуджаць яго і абвінавачваць у тым, што апроч карыта, яму нічога ня трэба. Увогуле, асуджаць з пазыцыі пабочнага назіральніка – самы просты шлях. Ёсьць шлях больш складаны, але й больш удзячны. Вось як пра яго нам напісала Яўгенія Казлова з Воршы: “Мне б хоць тры гады (ды што тры – хоць бы год) пажыць у свабоднай краіне, у Беларусі беларускай. Пра гэта толькі мару. У мяне два сыны й маленькі ўнучак. І сама, лічу, яшчэ не старая – 51 год. Можа, дажыву?” Яўгенія разам са сваімі аднадумцамі пэрыядычна наладжваюць пікеты на вуліцах Воршы. Часам ім замінае міліцыя, часам – людзі ў цывільным, дзеяньні якіх падобныя на правакацыю. З гэтае нагоды спадарыня Яўгенія піша: “Хачу, каб гэтыя людзі, якія працуюць супраць нас, супраць Беларусі і яе незалежнасьці, ведалі: мы не такія наіўныя, як ім, відаць, здаецца. У нас няма тых грошай, што маюць яны. Мы зьбіраем толькі ахвяраваньні – кожны дае колькі можа. Але за намі праўда, будучыня, Радзіма. Мы сумленныя людзі. Грошай нам за гэта не даюць. Усё, што робім, мы робім ад чыстага сэрца й шчырае душы. Часта нам перашкаджаюць. Вось і пікет, прысьвечаны дню нараджэньня Янкі Купалы, не дазволілі. Маўляў, гэты дзень будзе адзначацца ў бібліятэцы, недзе яшчэ – далучайцеся. Але да каго далучацца – да намэнклятуры? Пікет з нагоды Дня Незалежнасьці не дазволілі таксама. Так ім прасьцей – ані “кагэбістаў” ня трэба прысылаць, ані міліцыянтаў узброеных. Як усё абрыдла: галеча, хамства, расейская мова, манкурты нашыя і ўсялякія дурні. Але галеча, бадай, больш за ўсё. Давёў “усенародна абраны”… Многія ўжо зразумелі, якую памылку зрабілі ў 94-м годзе. Ужо рэдка хто рве глотку за яго. Больш маўчаць ці апраўдваюцца”, – напісала Яўгенія Казлова з Воршы. І на заканчэньне ліст ад Івана Костылева з Магілеўшчыны, які адгукнуўся на шэраг нядаўніх сюжэтаў, прысьвечаных зьмене кіраўніцтва дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі. Ён піша: “Чаго вы там на Радыё засмучаецеся, што кіраваць дзяржаўнай тэлевізіяй паставілі генэральнага сакратара Кампартыі Віктара Чыкіна? Радавацца павінны. Вось гляджу ўчора ягоную тэлевізію: у “Панараме” хваляцца, што ў Беларусі пасьля Расеі самыя высокія заробкі ў СНД, калі пералічваць на валюту паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банкаў. Ну, каму не зразумела, што гэта хлусьня? Дзе вы можаце набыць даляры па 700 рублёў (а цяпер такі валютны курс Нацбанку Беларусі). Ці яшчэ: ганьбяць, зьмешваюць з брудам прафсаюзы за тое, што тыя ўступіліся за настаўнікаў. Маўляў, прафсаюзы хлусяць, што настаўнікам заробкі затрымліваюць. І нават прыклады прыводзяць. Можа, сям-там з настаўнікамі й разьлічыліся, а ў нас “адпускныя” раней восені нават не абяцаюць. Глядзіш на такую тэлевізію – і хочацца плюнуць у экран. Я лічу, што пры такой прымітыўнай прапагандзе гэтая ўлада доўга не пратрымаецца – дні яе палічаныя”, – напісаў настаўнік Іван Костылеў з Магілеўскай вобласьці. Да слушных заўвагаў спадара Костылева варта дадаць хіба тое, што прымітыўная прапаганда зусім не ва ўсіх выклікае такую ж рэакцыю. На жаль, у гісторыі Беларусі (у тым ліку й найноўшай) шмат прыкладаў, калі самы прымітыўны папулізм і відавочная хлусьня бралі верх над прыстойнасьцю й праўдзівасьцю. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час, каб напісаць нам і падзяліцца думкамі
наконт пачутага. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |