RFE/RL |
20 Ліпеня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. Некалькі месяцаў таму вялікі розгалас выклікала прызначэньне Аляксандрам Лукашэнкам на пасаду намесьніка міністра абароны Беларусі генэрала Ўсхопчыка, вядомага сваім дзейсным удзелам у падаўленьні руху за незалежнасьць Летувы на пачатку 90-х гадоў. Былы вайсковец, падпалкоўнік у адстаўцы Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску Магілеўскае вобласьці ў свой час служыў пад камандаю Ўсхопчыка. У сваім лісьце Вячаслаў піша: “Гэтаму чалавеку многія паверылі. Напрыклад, Георгі Таразевіч, дзякуючы якому ён у студзені 91-га году не застаўся ў Вільні да канца дзён сваіх; Павал Казлоўскі, які ў жніўні 92-га прызначыў яго камандзірам корпусу, а за тыдзень да сваёй адстаўкі прысвоіў чарговае вайсковае званьне… Ці ня здрадзіў ён цяпер гэтым людзям, якія паверылі ў ягоныя добрыя чалавечыя якасьці? У цывілізаваных краінах падобнае прызначэньне немагчымае ў прынцыпе. І я далёкі ад думкі, што ў Беларусі ў Радзе Бясьпекі не прадбачылі магчымых наступстваў такога ўказу. Чаму ж гэта адбылося, і адбылося менавіта цяпер? Адказ можа быць толькі адзін – да восені сытуацыя ў Беларусі, якая і цяпер вельмі складаная, яшчэ больш абвострыцца. Узьнікне пагроза для трываласьці ўлады Лукашэнкі. Вось тады й павінны будуць сказаць сваё слова сілавікі пад чыімсьці адзіным камандаваньнем, хто мае досьвед падаўленьня іншадумства й людзкога нездавальненьня, якое становіцца ўсё большым. І такі ваеначальнік знойдзены й запатрабаваны. А генэралаў з адпаведнай адукацыяй, у тым ліку выпускнікоў Акадэміі Генштаба, для прызначэньня на любыя пасады ў апараце Міністэрства абароны ў нас пакуль дастаткова. Ды й гэтак званая “братэрская” Расея не забывае – час ад часу падкідвае сваіх грамадзянаў для “лоўлі шчасьця й чыноў”, – напісаў Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску. Ён таксама распавёў у лісьце пра тое, як яму давялося пакінуць армію – даслаў копію вынікаў атэстацыі, падпісаных генэралам Усхопчыкам. У дакумэнце сказана, што падпалкоўнік Шчыткавец “да шляхоў вываду дзяржавы з крызысу ставіцца зь недаверам, варожа настроены да палітыкі, якую ажыцьцяўляюць прэзыдэнт і ўрад. Свае адрозныя ад афіцыйных пункты гледжаньня, высновы й разуменьні падзеяў ненавязьліва прапагандуе сярод асабовага складу корпусу”. І выснова: палкоўнік Шчыткавец прызнаны ня вартым сваёй пасады. Падобная ж кадравая палітыка ажыцьцяўляецца сёньня ня толькі ў войску – ва ўсіх сфэрах дзяржаўнага кіраваньня. Проста ў войску яна выяўляецца асабліва відавочна. Улада, заклапочаная пытаньнямі ўласнага выжываньня й даўгавечнасьці, заплюшчвае вочы і на маральныя прынцыпы, і на крытэрыі прафэсіяналізму, калі размова йдзе пра адданасьць рэжыму й пра гатоўнасьць выканаць любы загад. Таму на ўсхопчыкаў цяпер вялікі попыт: без пасадаў і ўзнагародаў яны не застануцца. Піша Трафім Маліч зь вёскі Тышкавічы Янаўскага раёну Берасьцейскае вобласьці: “Я лічу, што мая радзіма Беларусь будзе багатай і квітнеючай дзяржаваю і пры ўладзе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Вось цяпер надыходзіць час жніва, у некаторых гаспадарках не хапае камбайнэраў. Дык і прапануйце кіраўнікам БНФ сесьці за руль. Навошта Зянон Пазьняк і Сямён Шарэцкі сядзяць за мяжою – няхай прыкладуць свае рукі й розум, каб зьберагчы ўраджай 2000 году. І спадар Шушкевіч, калі б працаваў вагаўшчыком на збожжатаку, лепш бы ведаў, будзе ў нас хлеб ці не. І былы банкір Багданкевіч пасьля працы ў вёсцы зразумеў бы, што ня ў той бок накіроўваў грашовыя сродкі. Адкуль у вас гэты клопат пра былых чыноўнікаў, што страцілі ўладу? Не пасьпелі за імі зачыніць дзьверы турэмных камэраў, як у іх паадкрываліся язвы ды гастрыты, пачаліся інфаркты. Я лічу, што мая радзіма ў даўгах, бо пры ўладзе былі гэтыя хворыя людзі. Такое ўражаньне, што вы атрымліваеце асалоду, калі распавядаеце пра тое, як у нашых сыноў – абаронцаў Айчыны – БНФ кідае каменьні. Але да ўлады такім шляхам, якім крочыць БНФ, не прыходзяць”, – напісаў Трафім Маліч зь вёскі Тышкавічы Янаўскага раёну. Гэтыя пасажы пра тое, што апазыцыянэраў трэба накіраваць на пад’ём калгасаў, ад частага ўжываньня даўно сталі банальнымі, спадар Маліч. Іх прамаўляе ўлада з таго самага моманту напрыканцы 80-х гадоў, як у Беларусі зьявілася апазыцыя. Зразумела, Вашая асабістая справа – верыць або не ў росквіт Беларусі пры Лукашэнку. Але ёсьць аб’ектыўныя вынікі: Лукашэнка мае мала чым абмежаваную ўладу ў дзяржаве ўжо сёмы год. Якога, так бы мовіць, “росквіту” дасягнула краіна за гэты немалы час – Вы можаце меркаваць на ўласнай вёсцы. І прыезд Шушкевіча ці Багданкевіча ня выратуе Ваш ураджай і Ваш калгас, пакуль Вы самі й Вашыя аднавяскоўцы не ўсьвядоміце – у чым галоўная прычына таго, што Вы жывяце так, як жывяце. Што да былых высокапастаўленых чыноўнікаў, якія цяпер апынуліся ў турме ці страцілі пасады і якія, паводле вашага меркаваньня, вінаватыя ва ўсіх эканамічных бедах. Нават калі дапусьціць, што гэта так – хто іх у свой час прывёў да ўлады, даў міністэрскія партфэлі, паставіў кіраваць эканомікаю? Сваю каманду Лукашэнка фармуе аднаасобна. Ліст ад Віктара Тураўца са Смаргоні Гарадзенскае вобласьці: “Заўсёды слухаў і буду слухаць беларускую службу “Радыё Свабода”. Удзельнічаю ва ўсіх акцыях апазыцыі, якія адбываюцца ў Менску й Смаргоні. 22 ліпеня я буду праводзіць несанкцыянаваны пікет у цэнтры Смаргоні ў падтрымку Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць і да 10-годзьдзя Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі. Я падаў заяўку, але ўлады на падставе дэкрэта Лукашэнкі дазволілі пікет толькі на ўскраіне гораду, у сквэры, дзе людзей амаль няма (гэта мейсца для выгулу сабак). Гэта сапраўдны зьдзек над намі. Таму я стану 22 ліпеня насупраць гастранома “Юбілейны”. Колькі пратрымаюся – будзе відаць. Мяне вельмі цікавіць адное пытаньне – палітычны прытулак у Чэхіі. Калі ласка, растлумачце ўвесь мэханізм выезду ў Чэхію для мяне й маёй жонкі. …Я буду трымацца Беларусі колькі хопіць сіл, заўсёды буду змагацца з гэтым рэжымам, дзе б я ні быў, за вольную Бацькаўшчыну”, – напісаў Віктар Туравец са Смаргоні. Два вашыя паведамленьні ў адным кароткім лісьце, спадар Віктар – пра пікет і пра намер прасіць палітычнага прытулку – міжволі схіляюць да лягічнага пытаньня: наколькі першы Ваш намер зьвязаны з другім, і ці ня ёсьць першы сродкам дасягненьня другога? Жаданьне адстойваць вольную Бацькаўшчыну, дзе б Вы ні былі, вельмі імпануе, але выглядае, што сёньня з пункту гледжаньня патрэбы ў грамадзкай актыўнасьці больш лягічна было б адстойваць Бацькаўшчыну тут, на месцы. Калі ж Вашае жаданьне эміграваць выкліканае найперш эканамічнымі матывамі, дык, відавочна, варта адкрыта пра гэта казаць. У любым выпадку дзеля таго, каб выехаць у Чэхію, вам неабходна зьвярнуцца ў амбасаду гэтае краіны ў Менску. Ужо другі месяц, як Чэхія ўвяла візавы рэжым у дачыненьні да Беларусі, і бязь візы вы туды ня трапіце. На заканчэньне – ліст Клары Кужалевай зь Менску – споведзь сталае жанчыны, якая ўсё жыцьцё адпрацавала лекарам і распавядае пра тое, як дзяржава адзьдзячыла ёй за працу. Яна піша: “Я – лякарка, працую ў дзіцячай паліклініцы вось ужо 38 гадоў. У мяне вырасьлі дзеці. У свой час у 62-м годзе я атрымала кватэру – “хрушчоўку” – ведаеце якія яны: два спалучаныя пакоі плошчаю 30 квадратных мэтраў, туалет разам з ваннаю. Мінулі гады, вырасьлі дзеці. Ёсьць унук – вучыцца на адны “пяцёркі” у 3-й гімназіі ў беларускамоўнай клясе. А жыць і цяжка, і няма дзе. Сын хворы, у яго хвароба Бехцярава – гэта нэрвовая хвароба. У мяне ішэмічная хвароба сэрца. А тут гэтыя сумежныя спалучаныя пакоі – ані сну, ані адпачынку. Як цяжка! А дзе ўзяць тыя даляры, за якія можна купіць жыльлё? Калі лекар атрымлівае 40 даляраў, а трэба за двухпакаёвую кватэру 15 тысячаў. Раней мяне ня ставілі ў чаргу на кватэру, бо было больш як шэсьць мэтраў на чалавека. Летась паставілі, сказалі, будзеце будаваць за грошы. Але калі – невядома. Можна памерці – не дачакацца. Мне вельмі цяжка – часам і жыць ня хочацца”, – напісала дзіцячая лякарка Клара Кужалева зь Менску. Ліст ня мае патрэбы ў камэнтарох. Дадам толькі, што апошнім часам у нашай пошце падобных расповядаў становіцца ўсё больш, і яны сьведчаць пра цяперашнюю эканамічную сытуацыю ў Беларусі значна больш красамоўна, чым любыя развагі эканамістаў і палітолягаў. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага
й напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |