RFE/RL |
13 Ліпеня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. У нашай пошце апошнім часам усё больш лістоў ад тых нашых слухачоў зь мястэчак і невялікіх гарадоў, якія лічаць сваё цяперашняе становішча бязвыходным і разважаюць пра тое, дзе і як шукаць выйсьце. Вось што напісаў Іван Лянцэвіч з гораду Ліда Гарадзенскае вобласьці: “Надакучыла жыць так, як мы цяпер жывем. Мой заробак настаўніка – 20 тысячаў рублёў. Пэрспэктываў атрымаць кватэру – амаль аніякіх, бо, каб сабраць з гэтых 20 даляраў хаця б на першы ўнёсак – а гэта каля тысячы даляраў – спатрэбіцца паўжыцьця. Апошнім часам часта слухаю вашыя перадачы, зь якіх даведваюся, што ў розных гарадох, нават у правінцыі, людзі наладжваюць акцыі пратэсту – пікеты і нават мітынгі. Я й сам бачу: нешта трэба рабіць, цярпець і маўчаць далей няма сэнсу. У нашым горадзе, ведаю, ёсьць суполка БНФ, ёсьць і колькі сталых пікетоўцаў, якіх час ад часу ганяе міліцыя. Але ўсё гэта выглядае ня надта сур’ёзна. І БНФ, і гэтыя ня вельмі ўраўнаважаныя людзі, што становяцца ў пікет, мне ня дужа сымпатычныя. Я чалавек памяркоўны, а ў БНФ трывалая рэпутацыя нацыяналістаў. Бальшыня маіх знаёмых думае гэтак жа, як я. Кінуць бы ўсё ды зьехаць за мяжу, але каму мы там патрэбныя? А чакаць, пакуль выправіцца сытуацыя і настаўнікаў у Беларусі пачнуць цаніць хоць бы гэтак жа, як міліцыянтаў, здаецца, няма сэнсу”, – гэта быў ліст Івана Лянцэвіча зь Ліды. На маю думку, Іван, зьмены адбудуцца тым хутчэй, чым болей людзей думаюць і разважаюць гэтак жа, як Вы. Грамадзянскі пратэст ды імкненьне да зьменаў, відавочна, могуць выяўляцца ў розных формах. Вы лічыце немагчымым для сябе стаць побач зь пікетоўцамі з БНФ? Ёсьць іншыя дэмакратычныя партыі, прафсаюзы. Ёсьць вашая праца настаўніка: грамадзянская мужнасьць нават у тым, каб не распаўсюджваць сярод дзяцей тую афіцыйную хлусьню, якую навязвае ўлада. Будуць, урэшце, справядлівыя выбары – рана ці позна будуць – і дзеля ўласнае будучыні мы ня маем права зноў памыліцца. Тым болей, Вы й самі назіраеце: людзей, якія жадаюць зьменаў, усё больш, а гэта значыць, зьмены магчымыя і блізкія. Пэнсіянэр Алег Бунявін зь Віцебску піша: “Вы часта паліваеце брудам Савецкі Саюз. Ды пры Саюзе я на свае 150 рублёў мог купіць 833 буханкі хлеба. Ці 68 кіляграмаў варанае каўбасы. А цяпер што, пры вашай дэмакратыі? 100 буханак хлеба ці 9 кіляграмаў каўбасы – у восем разоў меней, чым тады. Правільна робіць Лукашэнка, што душыць гэтых нацыяналістаў, якія развалілі вялікую дзяржаву. Калі б яму не заміналі такія, як вы, ды іншыя, што акапаліся на Захадзе і ў Маскве, ён бы ўжо даўно ўзнавіў вялікі Савецкі Саюз, і мы пілі б піва па 20 капеек”, – напісаў пэнсіянэр Алег Бунявін зь Віцебску. За ўсе дзевяць гадоў існаваньня незалежнае Беларусі, спадар Бунявін, у дзяржаве ані дня не былі пры ўладзе дэмакратычныя палітыкі. Наадварот, усе гэтыя гады спачатку Вячаслаў Кебіч, а цяпер Аляксандар Лукашэнка толькі тое і рабілі ў замежнай палітыцы, што спрабавалі аднавіць саюз з Расеяй, па якім Вы так смуткуеце. Дзеля гэтых мэтаў Лукашэнка сабраў у сваіх руках такую ўладу, якой ня мае аніводзін лідэр ані ў адной дэмакратычнай краіне. І калі Вы кажаце пра дзевяць кіляграмаў каўбасы, якія можаце купіць на свой месячны заробак – дык гэта найперш плён ягоных намаганьняў. А ўвогуле, настальгічныя ўспаміны пра савецкую каўбасу па 2,20, якой Вы мераеце дабрабыт савецкага часу, маюць адну цікавую ўласьцівасьць. Вы памятаеце кошты, але ня згадваеце пра шматгадзінныя чэргі, у якіх усе мы душыліся, выстойваючы ці каўбасу, ці чаравікі, ці адзеньне… І піва па 20 капеек, якое Вы марыце зноў піць у адноўленым Саюзе, калі шчыра, спадар Бунявін, было – згадайма – гідкае і нікуды ня вартае – найчасьцей разбаўленае, цёплае, і прадавалі яго з брудных цыстэрнаў у брудныя ж слоікі… Слухач зь Менску, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча – падпісаўся толькі ініцыялам “М.”: “Чаму беларускую “Свабоду” чуваць горш за расейскую? Павінна ж быць наадварот: у Расеі, як вядома, ёсьць свабода сродкаў масавай інфармацыі, а ў нас няма. Тым часам на сярэдніх хвалях вас у Менску ледзь чутна”. Згодзен, паважаны М., пра гэта нам пішуць многія слухачы – якасьць прыёму нашых перадачаў ня ўсюды добрая, асабліва на сярэдніх хвалях. Прычыны тут тэхнічныя, яны ў магчымасьцях абсталяваньня. Аднак мы разьлічваем, што ў хуткім часе якасьць прыёму (і якраз на сярэдніх хвалях) істотна ўзрасьце. Гэты ж слухач таксама паведамляе, што з нашых праграмаў даведваецца пра ўсе асноўныя падзеі ў Беларусі, а вось са стаўленьнем да Расеі ён катэгарычна ня згодны. “Нянавісьць да Расеі вас ганьбіць”, – заканчвае свой ліст слухач “М.” зь Менску. Нянавісьці ані да Расеі, ані да расейцаў, паважаны М., у нас няма. Іншая рэч – стаўленьне да расейскае палітыкі ў дачыненьні да беларускае дзяржаўнасьці, беларускае гісторыі, культуры, мовы… Калі расейская палітыка ўяўляе небясьпеку для будучыні гэтых самых вялікіх для любой нацыі каштоўнасьцяў, мы пра гэта кажам адкрыта й займаем зусім пэўную пазыцыю. Сымон Талашэўскі зь Менску піша: “Няўжо вы там на Захадзе не разумееце, што з Лукашэнкам ні пра што дамовіцца нельга, што ён разумее толькі сілу. Аніякія перамовы яму непатрэбныя, а патрэбна толькі як мага даўжэй заставацца пры ўладзе. Пакуль вы там пра Выбарчы кодэкс спрачаецеся ды пра перамовы, ён вас дзесяць разоў падмане, а потым правядзе яшчэ адзін рэфэрэндум з пытаньнем “Ці згодныя вы, каб Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам пажыцьцёва?”. І пераможа на гэтым рэфэрэндуме, не сумнявайцеся. Бо цяпер у яго такая ўлада, што бюлетэні яму палічаць так, як ён скажа”, – напісаў Сямён Талашэўскі зь Менску. Калі бюлетэні палічаць так, як скажа Лукашэнка, а ня так, як галасавалі выбаршчыкі, дык беларуская ўлада застанецца не прызнанай Захадам, з усімі адпаведнымі эканамічнымі й палітычнымі наступствамі. І перамовы, і жорсткія патрабаваньні да выбарчага закону патрэбныя якраз дзеля таго, каб мець гарантыі ад любога падману. У гэтым і ёсьць галоўная праява сілы заходніх дэмакратыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму. Пра выкарыстаньне іншае сілы, спадар Талашэўскі, гаварыць не хацелася б. На заканчэньне – ліст ад Эдуарда Максімовіча зь вёскі Мількі Браслаўскага раёну Віцебскае вобласьці. Ён піша: “Мне ўжо больш як 60 гадоў. Зь іх каля 10-ці гадоў я – інвалід ІІ групы. Пэнсію атрымліваю невялікую, у пераліку на даляры – каля дваццаці. Хапае толькі каб пракарміцца, а на лекі і адзеньне не застаецца. А здароўе з кожным годам пагаршаецца. Жыць з дня на дзень усё горш. Цэны растуць, а пэнсія не павялічваецца. Ведаю, што быў у мяне ў Амэрыцы стрыечны брат. Звалі яго Зенусем, прозьвішча Максімовіч, а па бацьку Карлавіч. Выехаў ён туды ў 40-я гады. Спачатку быў у паўднёвай Бразіліі, але там клімат не падыходзіў, і ён пераехаў у ЗША, у Нью-Ёрк. Працаваў аўтамэханікам. Можа, вы дапаможаце адшукаць мне брата ці падкажаце адрэсу, дзе знайсьці багатых людзей, каб праявілі да мяне міласэрнасьць ды аказалі якую дапамогу”, – просіць Эдуард Максімовіч зь вёскі Мількі Браслаўскага раёну. Пакіну гэты ліст бэз камэнтароў. Дадам толькі, што й такіх просьбаў, калі людзі просяць або адшукаць сваяка ў Амэрыцы, або аказаць матэрыяльную дапамогу, бо пражыць на пэнсію немагчыма – становіцца ўсё больш. А Ваш ліст, спадар Максімовіч, мы перашлем у Беларускі Чырвоны Крыж. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага.
Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |