RFE/RL |
22 Чэрвеня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. Пачну зь ліста Янкі Каляды зь вёскі Лепаўшчына Вілейскага раёну Менскае вобласьці. Янка піша пра стаўленьне да нацыянальнай гісторыі і яе слынных асобаў. Вось урыўкі зь ягонага ліста: “Чаму вамі гэтак забыты Янка Філістовіч? Нават пра Дудаева Пазьняк на
мітынгу ўспомніў, памяць ягоную ўшанавалі. Карпенку помнік зьбіраюцца ставіць… Няма сёньня ані ў Менску, ані ў іншых беларускіх гарадох і мястэчках вуліцаў Філістовіча ці Аўрамчыка з тае прычыны, што захаваліся вуліцы Камуністычная, Рэвалюцыйная, Бальшавіцкая, Дзяржынская… І помнікаў няма, бо на галоўных нашых пляцах стаіць у сотнях бронзавых выяваў Ленін. Гэтак сама, як Янка Каляда, думаюць сёньня сотні тысячаў беларусаў, якія хочуць жыць ва ўласнай краіне і шанаваць памяць пра тых, хто змагаўся за вольную незалежную Беларусь, а ня тых, хто асуджаў гэтых змагароў на сьмерць і на Калыму. Каты з НКВД нават праз паўстагодзьдзя пасьля ўчыненых імі злачынстваў паўстаюць перад судом у Латвіі ды Летуве, Эстоніі ды Польшчы. Настане дзень, калі іх будуць судзіць і ў Беларусі. І гэта, спадар Каляда, будзе галоўным ушанаваньнем памяці Янкі Філістовіча і ягоных аднадумцаў. Ліст які прыйшоў электроннай поштаю, калі меркаваць па подпісу – зь Берасьця, ад банкаўскай супрацоўніцы спадарыні Ярмілавай. Яе ўразіў сюжэт нашага рэгіянальнага карэспандэнта зь Пінску Аляксея Дзікавіцкага, у якім распавядалася, як намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч знаходзіць магчымасьць пералічваць на патрэбы сваёй выбарчай акругі буйныя сумы грошай. Спадарыня Ярмілава піша: “Іван Пашкевіч узначальвае Раду банку “Залаты Талер”. Ён больш галоўны,
чым старшыня банку – так запісана ў законе. Гэтыя людзі вызначаюць палітыку
банку і кантралююць яго. Старшыня банку толькі наняты імі на працу. Таму
ніхто з арыштаваных банкіраў ня змог нават пікнуць – ані Віньнікава, ані
Чыгір, ані іншыя. І ніхто іх, уладальнікаў, ня ведае – прэса абыходзіць
іх бокам. Сярод чынавенства высокага рангу цяпер увогуле адбываюцца цікавыя працэсы – займальна пра іх распавядае былы кіраўнік управы прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі, які днямі дабрахвотна пакінуў пасаду. З аднаго боку, на цяперашні нават міністэрскі заробак можна нармальна хіба што харчавацца – ані прыстойны касьцюм, ані тым больш машыну ці пуцёўку за мяжу за яе ня купіш. З другога – за любыя пабочныя заробкі ў выглядзе, напрыклад, удзелу ў кіраваньні якім-небудзь камэрцыйным банкам – можна разьлічыцца ня толькі пасадаю, але й асабістай свабодаю. Праўда, некаторым чыноўнікам гэта дазваляецца, іншым – не. Натуральна, адны другім зайздросьцяць і гатовыя пры любым зручным выпадку пакінуць няўдзячную непрыбытковую службу. Пра выпадак зь Іванам Пашкевічам дакладна меркаваць цяжка, хоць, нават мяркуючы па працытаваным лісьце, зайздросьнікаў у яго хапае. Наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску, згадваючы пра гадавіну нападу фашыстоўскае Нямеччыны на Савецкі Саюз, распавядае пра свае ўспаміны і ўражаньні наконт партызанскага руху ў Беларусі. Ён піша: “Пра вайну я ведаю не па чутках, таму што ад яе пачатку і да вызваленьня
жыў у акупацыі, у вёсцы Нябышына, што на Бягомальшчыне. Хацеў бы паразважаць
пра міты, што складзеныя пра партызанскі рух у Беларусі. Адзін зь мітаў
– тое, што партызаны нанесьлі немцам вялікі ўрон. Сапраўды, гісторыя партызанскае вайны ў Беларусі так доўга падавалася аднабакова, што без такіх вось і многіх іншых успамінаў, на якія дзесяцігодзьдзі йснавала забарона, сапраўдную карціну тых трагічных гадоў пакуль што ўявіць цяжка. Тым больш, калі ўлады па-ранейшаму не спрыяюць гэтаму. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага
й напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |