RFE/RL |
18 Траўня 2000. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Пачну зь ліста Паўла Шымко зь Менску. Ён піша: “Ледзь не штодня ў сваіх перадачах вы распавядаеце пра Чачню, пра тое, як там парушаюцца правы чалавека, як пакутуюць ад вайны жыхары. Ці не зашмат месца гэтай праблеме? Вы ж не расейская рэдакцыя. А вайна ў Чачні – менавіта расейская, няхай Расея зь ёй і разьбіраецца. Чачня ад Беларусі, на шчасьце, далёка. А што да вашых ацэнак, то бальшыня беларусаў усё роўна ня згодныя з вамі, і спачуваюць больш расейцам, а не чачэнскім бандытам. Расказвайце болей пра нашыя, беларускія справы, а пра Чачню, каму цікава, паслухае ў перадачах расейскае “Свабоды”, – напісаў Павал Шымко зь Менску. Адносна тэзы пра тое, што Чачня ад нас далёка і што гэта “ня нашая” вайна. Думаю, тыя беларускія маці, якія згубілі сваіх сыноў пад час не такой ужо далёкай савецка-аўганскае вайны, гэтак ня лічаць, Павал. Пры цяперашняй палітыцы беларускіх уладаў, калі краіна ўвесь час балянсуе на мяжы ператварэньня ў расейскі пратэктарат, гэтая вайна можа прыйсьці ў наш дом у любы час. Апроч таго, Беларусь ужо сёньня цалкам знаходзіцца ў інфармацыйнай прасторы Расеі, і шмат хто (калі не бальшыня людзей) глядзяць на тое, што творыцца ў Чачні, вачыма расейскіх тэлежурналістаў, якія часьцей за ўсё адлюстроўваюць пазыцыю афіцыйнае Масквы. Іншы бок гэтае вайны – наступствы карных экспэдыцыяў расейскіх войскаў для мірных жыхароў Чачні, пакуты ўцекачоў – для бальшыні беларусаў невядомы. А пра яго трэба ведаць, каб мець аб’ектыўнае ўяўленьне пра ўсю гэтую вайну. Наш сталы слухач і аўтар многіх допісаў Ільля Копыл зь Менску распавёў пра тое, якім яму запомніўся рэфэрэндум 95-га году, угодкі якога адзначалі на мінулым тыдні. Ён піша: “Памятаю, як за некалькі дзён да рэфэрэндуму я, хутчэй за ўсё, ад нейкае безвыходнасьці, напісаў верш супраць рэжыму й занёс яго ў рэдакцыю газэты “Свабода”. У мяне не было надзеі, што яго надрукуюць – гэтак яно й здарылася. Тады я гэты ды іншыя вершы пачаў распаўсюджваць на мітынгах і сярод знаёмых, якія падзяляюць мае погляды. Гэта была мая своеасаблівая форма пратэсту супраць такое палітыкі”. Ільля Копыл згадвае пра памятны для многіх эпізод, калі адразу пасьля рэфэрэндуму тагачасны кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў на будынку адміністрацыі шкуматаў бел-чырвона-белы сьцяг. Ільля піша: “Калі так здарылася, што ўладзе ўдалося падмануць значную частку жыхароў краіны пры дапамозе рэфэрэндуму, дык разумныя кіраўнікі зрабілі б усё па-людзку. Паважаючы тых, хто не адмовіўся ад сваіх гістарычных сьвятыняў, разумныя кіраўнікі наладзілі б спуск сьцягу адкрыта, пры народзе, з ганаровай вартаю. Потым у суправаджэньні эскорту даставілі б яго ў Дзяржаўны гістарычны музэй да таго часу, пакуль ён зноў будзе вернуты нашае дзяржаве, нашаму народу. А яны па-зладзейску, у цёмны час, залезьлі на будынак і там падралі сьцяг на кавалкі. Гэтае злачынства не павінна быць забытае”, – напісаў Ільля Копыл. Злачынства не забытае. Ціцянкоў ужо сёньня ператвораны з усемагутнага фаварыта ў шэраговага бізнэсоўца. І гэта наўрад ці будзе для яго адзіным пакараньнем лёсу за зьдзек над сьцягам. А нацыянальныя сымбалі, як ні спрабуюць іх вынішчыць зь людзкое памяці, застаюцца. Прытым, сымбалямі пераважна маладога пакаленьня, што дакладна сьведчыць пра пэрспэктывы савецкае сымболікі. Назіраючы па тэлевізіі нядаўнія хакейныя матчы чэмпіянату сьвету з удзелам беларускае каманды й трыбуны беларускіх заўзятараў, гэта было добра відаць. Алесь Марціновіч з Баранавічаў працягвае нашу колішнюю завочную дыскусію пра пэрспэктывы нацыянальнае дэмакратыі і эўрапейскага шляху Беларусі. Вось радкі зь ягонага ліста: “Дапусьцім, нацыянальную спэцыфіку Беларусі яшчэ можна было б з дапамогаю пэўнага ціску з боку дзяржавы неяк аднавіць, сілаю адрадзіць (маю на ўвазе беларусізацыю, прапаганду наконт расейскага барбарства). Але цяпер у Беларусі (дзеля таго, каб заняць месца ў Эўропе) няма аднаго асноватворнага чыньніка – магчымасьці стварыць клясычную заходнюю сярэднюю клясу з нашае сёньняшняе сыстэмы напаўкрымінальнага бізнэсу расейскага кшталту, які, нягледзячы на Лукашэнку, расьце зьнізу. А з такой, так бы мовіць, “сярэдняй клясаю” мы пойдзем не ў Эўропу, а ў Расею. Бо яны плацяць не падаткі ў бюджэт, а хабар чыноўнікам ды бандытам. Гнойныя мухі не панясуць мёд у соты. А без існаваньня заходняе сярэдняе клясы (гэта значыць, без пэрспэктывы) зьнікае ўсялякая неабходнасьць у сёньняшняй беларускай нацыянал-дэмакратыі”, – напісаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Супярэчнасьць тут, шаноўны Алесь, на маю думку, уяўная. Сыстэма напаўкрымінальнага бізнэсу расейскага тыпу, пра якую вы пішаце, існуе не таму, што Лукашэнка цягне Беларусь у Расею, а таму, што бізнэс пастаўлены ў такія ўмовы, што не плаціць чыноўніку й бандыту немагчыма, і гэта больш выгодна, чым сумленна плаціць падаткі. Будзе зламаная гэтакая сыстэма, будуць існаваць разумныя законы, абмяжуецца ўлада чыноўнікаў – усё зьменіцца, і зьявіцца тая самая сярэдняя кляса, пра якую вы пішаце. А нацыянальная спэцыфіка тут ні пры чым – гэта агульныя, унівэрсальныя законы эканомікі. Уладзімер Моўчан з Гомелю піша: “Паслухаеш вашае радыё, дык такое ўражаньне, што ў Беларусі паўсюль адбываюцца пікеты, мітынгі ды іншыя пратэсты. Але прайдзіцеся па вуліцах любога гораду й паспрабуйце знайсьці той пікет. Нешта ў нашым Гомелі я іх ня бачыў. Няма сярод бальшыні народу гатоўнасьці выходзіць на вуліцы, хоць і цяперашнім жыцьцём гэтая бальшыня зусім не задаволеная”, – напісаў Уладзімер Моўчан з Гомелю. Мы так часта зьвяртаем увагу на парушэньні правоў чалавека й на грамадзкія пратэсты супраць такіх парушэньняў таму, што ў Беларусі вельмі няшмат сродкаў масавай інфармацыі, зь якіх людзі могуць даведацца пра гэтыя падзеі. Сёньня ў Беларусі патрэбна немалая грамадзянская мужнасьць і гатоўнасьць да самаахвярнасьці, каб публічна выказваць пратэст супраць палітыкі ўладаў. Таму такіх людзей няшмат і таму мы надаем увагу нават адзінкавым праявам такіх пратэстаў. Грамадзтвы ў краінах Захаду змаглі пабудаваць уласнае годнае жыцьцё толькі тады, калі асэнсавалі, што зрабіць гэта без трывалага падмурку, якім зьяўляюцца правы чалавека, немагчыма. Відавочна, такі ж шлях наканавана прайсьці й Беларусі. Яшчэ адзін ліст з Гомелю – ад Алеся Зама. Алесь піша: “Прымусіла мяне зьліставаць наступная прычына. З пэўнага часу газэта “Наша Ніва” ўвяла новыя правілы для публікацыі аб’яваў. У прыватнасьці, абвесткі палітычнага характару і ад грамадзкіх арганізацыяў мусяць аплочвацца паводле рэклямных расцэнак, як для камэрцыйных аб’яваў. Вось табе на: выходзіць, грамадзкія арганізацыі і камэрцыйныя – адно і тое ж? “Наша Ніва” можа ўжо й падзяку атрымала ад рэжыму? Бо гэта ўдар па грамадзкіх ініцыятывах ды дапамога рэжыму. Гэта абуральна!”, – напісаў Алесь Зам з Гомелю. У рэдакцыі “Нашай Нівы” мне патлумачылі, што мусілі ўвесьці новы парадак аплаты за абвесткі, але пры гэтым грамадзкія арганізацыі могуць разьлічваць на значныя зьніжкі – да 50 адсоткаў. Трэба толькі, каб гэтая грамадзкая арганізацыя была зарэгістраваная. Такое агульнае патрабаваньне да ўсіх газэтаў з боку Дзяржаўнага камітэту друку. За парушэньне газэце пагражае папярэджаньне. А два папярэджаньні – гэта закрыцьцё газэты. Зусім днямі адно папярэджаньне “Нашай Ніве” ўжо вынесьлі, і рызыкаваць ёй, натуральна, не выпадае. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |