RFE/RL |
4 Траўня 2000. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Лісты ад сьвятароў у нашай пошце зьяўляюцца нячаста. І ўжо ўвогуле выключны выпадак – апісаньне ценявых бакоў унутрыцаркоўнага жыцьця. Якраз такі ліст атрымалі мы на мінулым тыдні ад былога выкладчыка аднае зь беларускіх праваслаўных вучэльняў. “Вельмі добра, што вы асьвятляеце тыя падзеі, пра якія больш ніхто не паведамляе, – піша аўтар. – На мой погляд, трэба больш увагі надаваць тэме маральнага становішча ў Беларускім Экзархаце Рускае праваслаўнае царквы. Назва ў яго “Беларускі”, але беларускага няма нічога. Да прыкладу, у нашай вучэльні ніколі не было рэктара-беларуса. Цяперашні рэктар здабыў сабе кандыдацкую працу несумленным шляхам – пра гэта ведаюць і настаўнікі, і вучні, але зрабіць анічога ня могуць: у Экзархаце пануе амаль што таталітарная сыстэма. Грошы, якія ахвяруюць на харчаваньне навучэнцаў, разыходзяцца немаведама куды. Асобныя выкладчыкі абыходзяцца з вучнямі, як з жывёлаю. Інспэкцыя вярбуе зь ліку навучэнцаў “стукачоў”. Цераз сьцяну ад нашае вучэльні манастыр, а ў ім вельмі вялікая колькасьць людзей з парушанай псыхікаю, якія час ад часу знаходзяцца ў псыхіятрычнай лякарні. Навучэнцы будуць вельмі ўдзячныя, калі пачнеце паведамляць пра стваральнікаў Беларускай Аўтакефальнае Царквы – япіскапа Пятра, пратаярэя Пасюка ды іншых”, – напісаў былы выкладчык аднае з праваслаўных вучэльняў, які ўказаў у лісьце й назву гэтае вучэльні, і падрабязныя зьвесткі пра сябе, але папрасіў не называць у эфіры прозьвішча, бо баіцца перасьледу. Выкладзеныя ў лісьце факты патрабуюць спраўджаньня, таму не называем мы й горад, дзе месьціцца вучэльня. Але ліст лічым патрэбным працытаваць. Да грамадзтва зрэдку даходзіць голас з-за манастырскіх муроў. А тое, што даходзіць – з дазволу царкоўных уладаў – часьцей за ўсё нагадвае ідылічны малюнак замілаваньня й поўнае згоды, і выглядае ня дужа праўдападобным. Асабліва калі мець на ўвазе тыя скандалы, якія часам усплываюць на паверхню – згадаць хаця б камэрцыйны досьвед Экзархату ў гандлі сьпіртовымі напоямі. А пажаданьне слухача наконт тэмы Беларускай Аўтакефальнае царквы мы пастараемся ўлічыць – сачыце за нашымі праграмамі. Ліст зь Менску ад Сымона Яскевіча: “Я – сталы слухач Беларускае службы “Радыё Свабода”. Апошнім часам даводзіцца чуць, як вашыя карэспандэнты называюць старшыняў абласных выканаўчых камітэтаў “губэрнатарамі”… Хіба мы ўжо жывем у Расеі? Крыўдна, што нашыя журналісты робяць такія недаравальныя памылкі. Агульнавядома ж, што губэрнатар ва ўсім сьвеце, як і мэр – пасада выбарная. Іх абірае народ. А нашыя гэтак званыя “губэрнатары” й “мэры” вядома кім абраныя. Называючы старшыню абласнога камітэту губэрнатарам, а старшыню гарадзкога выканаўчага камітэту – мэрам, мы, з аднаго боку, уводзім людзей у зман, а з другога – надаем шмат гонару гэтым старшыням”, – напісаў Сымон Яскевіч зь Менску. Цалкам згодны з Вамі, Сымон. Палітычную моду называць старшыняў вабласных ды гарадзкіх выканаўчых камітэтаў “губэрнатарамі” й “мэрамі” ўвёў Лукашэнка. Тэрміны, як і шмат што іншае, ён пераймае ў расейцаў. Хоць у сапраўднасьці беларускі гэтак званы “губэрнатар” адрозьніваецца ад губэрнатара расейскага гэтак жа, як за камуністамі проста сакратар адрозьніваўся ад сакратара генэральнага. Кіраўнік вобласьці ў сёньняшняй Беларусі – гэта якраз старшыня абласнога выканаўчага камітэту ў самым што ні ёсьць савецкім сэнсе гэтае пасады. Лукашэнка ў любы момант можа яго, як Кулічкова, прылюдна зьняважыць, выгнаць з кабінэту й зьняць з пасады. За чыноўнікам няма падтрымкі людзей, няма справядлівых выбараў. Адпаведна, няма і аніякай адказнасьці перад выбаршчыкамі. Ён залежыць толькі ад Лукашэнкі, і толькі яму намагаецца дагадзіць. Уладзіслаў Жыгалка зь Менску піша: “Часам згадваю такую карцінку савецкай эпохі: набывае чалавек ў шапіку газэту; тут жа разгортвае яе, кідае вокам – і адразу камечыць і шпурляе ў сьметніцу. Аказалася, што на ўсіх старонках – матэрыялы чарговага партыйнага пленуму. Сёньня часы, якія, здавалася, назаўсёды мінулі – вяртаюцца. Я таксама ўсё часьцей выкарыстоўваю частку газэты “Рэспубліка” (а часам дык і ўвесь нумар) ня дзеля чытаньня, а, так бы мовіць, дзеля “побытавых патрэбаў”. І гэта ня сьмешна, а сумна. У той жа час з газэтамі ды часопісамі, якія недаспадобы ўладам, сытуацыя іншая. Кастрычніцкі нумар часопіса “Крыніца” я атрымаў толькі ў лютым, а нумар за лістапад-сьнежань увогуле ня выйшаў. Кажуць, былы галоўны рэдактар часопіса нечым не дагадзіў Уладзімеру Замяталіну”. – гэта быў ліст Уладзіслава Жыгалкі зь Менску. Дэталь паказальная. Хоць цалкам пераняць савецкі досьвед удаецца не заўсёды. Кажуць, нават Аляксандар Лукашэнка абурыўся, калі аднаго разу замест вечаровае “Панарамы” Беларуская тэлевізія адразу запусьціла ягоны трохгадзінны даклад. Так што даклады цяпер крыху скарачаюць – да прыкладу, замест трох гадзінаў відэазапіс “уціскаюць” да гадзіны й ставяць пасьля выпуску навінаў; а “Советская Белоруссия” публікуе якія-небудзь чарговыя задачы ўлады не на чатырох палосах, а на дзьвюх. Па форме атрымліваецца ня так адыёзна, як за камуністамі, хоць па сутнасьці – тое самае. Алесь Марціновіч з Баранавічаў працягвае завочную дыскусію, распачатую некалькі тыдняў таму ў сваім папярэднім лісьце пра хібы нашых нацыянал-дэмакратаў. Ён піша: “Ці разумее нашая нацыянал-дэмакратыя згубнасьць, нерэальнасьць гэтак званых “памяркоўна-пераходных” шляхоў для Беларусі? Ня здольныя мы з дапамогаю гэтых памяркоўных хітрыкаў рэальна дайсьці ані да беларусізацыі, ані да клясычнай эўрапейскае дзяржавы. Хутчэй за ўсё, здарыцца так: пакуль будзем ехаць ціха, дык ці машына зламаецца, ці дарогу заваліць, ці вандроўнікі самі забудуць, куды й навошта едуць. А там, куды едзем, станем непатрэбнымі. І самае галоўнае: экіпаж машыны не сказаў, што ён пэўна хоча туды ехаць… Беларусізацыя ня можа быць плённай, калі грамадзтва не пачне адразу й хутка жыць без Расеі, як Польшча ці Фінляндыя. Сапраўдная незалежнасьць у нашай частцы Эўропы – гэта той дух яўнае рэальна нярускай Эўропы, які адразу бачны, калі пераяжджаеш зь Пецярбургу ў Гэльсынкі ці з Калінінграду ў Гданьск. Гэта дух, так бы мовіць, “нярускае заходнясьці”, дзе людзям увогуле непатрэбныя пяць тэлеканалаў з Масквы”, – напісаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Адзінага ўнівэрсальнага шляху ў Эўропу, як паказаў досьвед апошняга стагодзьдзя, няма. Вядома, заманліва, спадар Марціновіч, уявіць, што Беларусь у адзін момант, як Фінляндыя ў 17-м годзе, адасобіцца ад Расеі, а вуліцы Менску адразу стануць падобныя на віленскія, а не тульскія. Але аб’ектыўныя абставіны ня надта спрыяюць такім спадзяваньням. Беларусаў надта доўга – значна даўжэй, чым фінаў ці палякаў – прывязвалі да Расеі. І ў вадно імгненьне перасекчы гэтую сувязь наўрад ці ўдасца. Так што, хутчэй за ўсё, давядзецца церабіць уласны шлях да цывілізаванага сьвету – шлях, адрозны і ад польскага, і ад фінскага. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |