RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



27 Красавіка 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Калі меркаваць па афіцыйным палітычным календары, увесну (асабліва напачатку траўня) беларусы павінны ня столькі працаваць, колькі сьвяткаваць. Наш слухач Ільля Копыл зь Менску ў сувязі з гэтым згадвае ў сваім лісьце адзін эпізод з уласнае біяграфіі:

“Я служыў у Савецкай Арміі ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. 22 чэрвеня 71-га году, як і ў любы іншы дзень, ураніцу полк выстраіўся на пляцы. Адзінае, што нас зьдзівіла, дык гэта наяўнасьць аркестру. Начальнік штаба даклаў камандзіру палка палкоўніку Палуэктаву аб гатоўнасьці да заняткаў. Камандзір палка выйшаў перад строем, павітаўся, а потым на зьдзіўленьне ўсім нам выпаліў: “Віншую вас з трыццатай гадавінай нападу фашысцкае Нямеччыны на Савецкі Саюз!”. Мы тройчы адказалі “Ура!” Першым апамятаўся нампаліт падпалкоўнік Ігін, які стаяў побач з палкоўнікам. Ён пачаў тузаць камандзіра за кіцель і ціха яму казаў, але было чутна й нам: “Што вы гаворыце, вы што, звар’яцелі?!”. Але палкоўнік Палуэктаў адпіхнуў нампаліта й працягнуў свой выступ: “Не зьдзіўляйцеся, я не памыліўся. Бо калі б фашысцкая Нямеччына не напала на Савецкі Саюз, мы б яе не перамаглі, і не было б у нас сьвята – Дня Перамогі”, – узгадвае Ільля Копыл зь Менску.

Выпадак анэкдатычны і, на маю думку, вельмі паказальны. Савецкі палітычны каляндар быў перапоўнены сьвятамі, уся прапаганда будавалася на гэтак званых “дастойных сустрэчах” разнастайных угодкаў, юбілеяў і зьездаў. На няўстойлівай псыхіцы ў ня надта цьвярозых галовах гэта часам адбівалася такім вось неспадзяваным чынам.

Гэтая, так бы мовіць, “сьвяточная ліхаманка” ўласьцівая і сёньняшняй Беларусі, і яшчэ ў большай, чым колісь, ступені. Беларусь, бадай, адзіная краіна, у якой на дзяржаўным роўні адзначаюцца й хрысьціянскія сьвяты, і сьвяты бальшавікоў, якія ператваралі цэрквы й касьцёлы ў стайні.

Апошнім часам узьнікла мода адзначаць таксама юбілеі ўтварэньня раёнаў і абласьцей паводле савецкага адміністрацыйнага падзелу. Калі сьвяткаваць усё гэта, то на звычайныя працоўныя дні ўвогуле не застанецца часу.

Ільля Копыл таксама выказвае свае адносіны да Дня Перамогі, які заўсёды надзвычай пампезна адзначаецца ў Беларусі. Ён піша:

“У Другой Усясьветнай вайне загінулі мае бацька, два браты, бабуля, дзядзька, цётка, многія іншыя сваякі… Калі нашую вёску вызваліла Чырвоная армія, то ўсіх мужчын забралі на фронт. Дзень Перамогі мы сустрэлі без усялякага захапленьня. Ды й не адразу пачулі пра яго – радыё не было. Нам было не да салютаў: жылі ў зямлянках, не было ані ежы, ані адзеньня, ні жывёлы. Чакалі з вайны сваіх бацькоў, мужоў, сыноў, а прыходзілі толькі пахавальныя. Кожны дзень у нашай вёсцы было чуваць чыйсьці плач. Гэты плач доўжыўся не адзін пасьляваенны год. Вось такім у маёй памяці й застаўся Дзень Перамогі”, – узгадвае Ільля Копыл зь Менску.

* * *

Міхал Сантаровіч з Койданава (Дзяржынску) Менскае вобласьці згадвае пра свае колішнія сустрэчы зь Міколам Ермаловічам, выдатным беларускім навукоўцам, які нядаўна загінуў празь няшчасны выпадак. Міхал піша:

“Як тубыльцы з аднае мясьціны, у часе сустрэчаў мы часта згадвалі родную старонку – вёскі Малыя ды Вялікія Навасёлкі, Навасады. Разважалі нават наконт падзеяў пачатку стагодзьдзя, калі тут, у вясковых хатах, вялося пераконваньне сялянаў супраць царскага самадзяржаўя… Пэўны час таму гісторык распавёў мне аб сваіх плянах напісаць аб непрывабнай ролі казацкіх рушэньняў у Беларусі, – казаў, што зьбірае ды вывучае адпаведныя матэрыялы. Казакі лічылі сябе вышэйшым за сялянаў саслоўем ды бязьлітасна душылі паўстаньні.

Апошнім часам мне хацелася сустрэцца са спадаром Міколам, пагутарыць аб надзённым, ды нагода не надарылася. А ў душы смылела нядобрае прадчуваньне якойсьці бяды…”, – напісаў Міхал Сантаровіч з Койданава, згадваючы пра свае сустрэчы са сьветлай памяці слынным сынам Беларусі Міколам Ермаловічам.

* * *

Фёдар Лашкевіч зь вёскі Ліпень Асіповіцкага раёну Магілеўскае вобласьці пазнаёміў нас з уласным спосабам асабістага палітычнага пратэсту. Ён піша: “З рэжымам, які пануе цяпер у Беларусі, трэба змагацца. А эпіграмы – гэта таксама сродак барацьбы. І яны маглі б паслужыць Беларушчыне”.

Фёдар Лашкевіч даслаў ажно 19 сваіх эпіграмаў. Ня дужа разьлічваючы на тое, што ўсе яны прагучаць у эфіры, Фёдар піша: “Можа, хоць па руках іх пусьціце – няхай людзі прачытаюць”.

У вершаваных радкох спадара Лашкевіча – толькі адзін герой, і ён лёгка пазнавальны, нават калі не ўказваецца прозьвішча. Вось некалькі з вершаваных практыкаваньняў Фёдара:

Пашчасьціла сьвятым айцам:
Марксыст, палітработнік, лектар
Перамяніў ідэйны вэктар
І зачасьціў у божы Храм.
Дазвольце, пан, ня верыць вам.
Ці яшчэ адна:
Адчай і змрок пануе ў душах.
Гайня ваўкоў краіну душыць.
Важак схаваўся за ахову.
Хлусьня. Галеча. Зьдзек над мовай.
Здаецца, гледзячы на рэчы, –
Вяртаецца сярэднявечча.
Аднак… Аднак… Сьцьвярджаць бяруся:
Ня ўсё так дрэнна ў Беларусі.
Вялікі дзякуй Лукашэнку,
Што шчэ ня ставіць нас да сьценкі.
– гэта былі вершаваныя тэксты Фёдара Лашкевіча зь вёскі Ліпень Асіповіцкага раёну.

Апошнім часам падобныя ўзоры народнае вершаванае творчасьці сустракаюцца ў нашай пошце ўсё часьцей. Яшчэ больш іх ходзіць па руках. Ананімная палітычная сатыра становіцца цэлай грамадзкай зьяваю. Спробы ўлады справіцца зь ёю шляхам судовых працэсаў, якія адбываліся на пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, скончыліся безпасьпяхова. Наадварот, чым больш умацоўвалася палітычная цэнзура, тым шырэйшымі станавіліся шэрагі ананімных аўтараў і больш вострымі й непрыемнымі для ўлады іхныя творы.

Зусім ня даўна ў Менску па руках стала хадзіць цэлая кніга з красамоўнай назваю “Ідыёт, самы настаяшчы…”, прысьвечаная першаму прэзыдэнту. Адкрываецца гэтае выданьне клясыкаю жанру – паэмаю пра Луку Мудзішчава. А складаецца з тэкстаў, розных паводле мастацкіх вартасьцяў – і тых, што напісаныя цьвёрдай рукою майстра, і тых, якія хутчэй можна залічыць у сучасны беларускі фальклёр, – да гэтага кола варта аднесьці й бальшыню вершаваных допісаў, якія прыходзяць на нашую адрэсу.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Віктара Макарэвіча зь вёскі Норавы Валожынскага раёну, Андрэя Музарава з Магілеву, Ганны Сьцепулёнак з Койданава й Сьцяпана Яўсеева са Смаленску. Вялікі дзякуй усім. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org