RFE/RL |
16 Сакавіка 2000. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Цікавы ліст мы атрымалі ад Віталя Жарнасека з расейскага Калінінграду. Віталь піша: “Я параўнальна ня так даўна зрабіўся слухачом вашага радыё, але зараз яно мае для мяне вельмі вялікае значэньне. Я добра разумею па-беларуску, але размаўляць ці пісаць без памылак не магу. Калінінградзкая вобласьць, у якой беларусы складаюць 8,7 адсотку насельніцтва, ня мае аніводнае беларускае школы, газэты, часапісу, радыё- ці тэлепраграмы. Калі я папрасіў у бібліятэцы расейска-беларускі слоўнік, жанчына зрабіла такія вочы, быццам я папрасіў прынесьці нешта неймавернае. Але ня ўсё гэтак дрэнна. Нядаўна я ў гэтай жа бібліятэцы знайшоў энцыкляпэдыю “Беларусь” на роднай мове, і яшчэ адную кнігу – “Беларусы” – на расейскай. Гэтая бібліятэка дзяржаўная, і няцяжка зразумець, што купляньне ёю такіх кнігаў прымеркаванае да далучэньня, так бы мовіць, “братской Белоруссии” да Расеі. Надоечы вы паведамлялі пра тое, што ў Беларусі адбываецца працэс дэбеларусізацыі адукацыі. У нас, расейскіх беларусаў, гэтага няма, бо дэбеларусізаваць няма чаго. Мне днямі споўнілася сямнаццаць гадоў, і я добра ведаю, што многія маладыя беларусы, якія, як і я, нарадзіліся на расейскай зямлі, саромеюцца сваёй нацыянальнасьці. Але ёсьць і тыя, хто адкрыта гаворыць пра сябе, як пра беларуса. Добра памятаю адную лекцыю расейскае мовы. Калі настаўніца ўбачыла, што адзін з вучняў з прозьвішчам на “-іч” нічога ня робіць, яна яго зьняважыла: “Нездарма ў цябе такое прозьвішча. Я доўга жыла сярод беларусаў – яны ўсе гультаі”. Той хлопчык, нягледзячы на прозьвішча, амаль аніякага дачыненьня да Беларусі й беларусаў ня меў. Затое беларускія карані былі ў шэрагу лепшых вучняў клясы. І яны пасьля некаторай паўзы адрэагавалі на гэтыя словы. Тады ўжо давялося зьдзіўляцца й выкручвацца нашай настаўніцы. Некалі праходзілі ў нас штогадовыя “Дні беларускае культуры”, але апошнія тры гады іх не было. Калі ў Беларусі ўжо быў забаронены старажытны сьцяг, ён разгарнуўся ля нашай арганнае залі, дзе праходзіла гэтая акцыя. На памяць у мяне засталіся вершы беларускае патрыёткі Ларысы Геніюш. Самае цяжкое пытаньне – гэта далучэньне Беларусі да Расеі і фактычнае зьнішчэньне беларускае незалежнасьці. На вялікі жаль, тое, што гэтае далучэньне адбудзецца, не выклікае сумневу. Нашыя мясцовыя беларусы ня ведаюць ані роднае мовы, ані гісторыі, але ёсьць пакуль нешта, што аб’ядноўвае нас – гэта агульнае паходжаньне і …бульба. Год таму на стадыёне назіраў, як двое беларусаў (адзін надоечы прыехаў зь Беларусі, другі нарадзіўся й вырас тут) па характэрнаму беларускаму акцэнту здагадаліся, што яны – землякі. І – радасна абняліся”, – гэта быў ліст 17-гадовага Віталя Жарнасека з расейскага гораду Калінінграду. Расповед Віталя паказальны, на маю думку, тым, што сьведчыць пра сапраўднае стаўленьне, якое існуе ў Расеі да нацыянальна-культурных патрэбаў беларускае мяншыні. Дзяжурныя лёзунгі пра братэрства ды еднасьць – гэта так, дзеля палітычнага ўжытку. А калі даходзіць да справы – на 300 тысячаў беларусаў, што жывуць у расейскім анкляве на ўзьбярэжжы Балтыкі – ані школы сваёй, ані нават газэты. Вось яна, будучыня беларусаў у аб’яднанай дзяржаве. Ліст Віталя роспачны – паглынаньне Беларусі падаецца яму непазьбежным. Тым ня менш, вырасшы сярод расейцаў, ня маючы за плячыма нават заняткаў беларускае мовы, ліст Віталь напісаў па-беларуску, і на вельмі неблагой мове. Такія, як ён, маладыя хлопцы й дзяўчаты, якія насуперак усім перашкодам прыходзяць да беларушчыны, і ёсьць галоўны (і ці не адзіны) засьцерагальнік ад страты незалежнасьці дзяржавы. Георгі Белаконь з Калінкавічаў Гомельскае вобласьці піша: “Зь цікавасьцю слухаў апытаньне людзей на вуліцах Менску пра тое, як яны ставяцца да таго, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у адбудове Чачні. Гучалі розныя меркаваньні, але ніхто не зачапіў адзін падводны камень. Народ у Беларусі памяркоўны й гатовы дапамагчы братняму народу. Але мяне хвалюе вось якая праблема. Ня дай Бог загіне хоць адзін беларус – улада тут жа разгорне прапагандысцкую кампанію – маўляў, нам трэба бараніць сваіх грамадзянаў. А пад гэты шум скіруе ў Чачню свае вайсковыя аддзелы. І краіна будзе ўцягнутая ў чужую крывавую бойку. Расея, каб зьберагчы сваю жывую сілу, будзе разьлічвацца з чачэнцамі жыцьцямі беларусаў”, – напісаў Георгі Белаконь з Калінкавічаў. Аргумэнт даволі нечаканы, і засьцярога спадара Белаконя выглядае звонку празьмернай. Беларускія ўлады ўсяляк адмяжоўваюцца ад вайны ў Чачні – на гэтым палітычнага капіталу не заробіш. Спроба Лукашэнкі скіраваць у Чачню войскі стала б магільным камянём на ягонай інтэграцыйнай палітыцы – ён як дасьведчаны папуліст гэта, відавочна, усьведамляе. Зрэшты, інтэграцыйная гульня можа зайсьці нагэтулькі далёка, што Лукашэнка больш ня здолее ёю кіраваць – тады магчымыя любыя сытуацыі – у тым ліку й тая, пра якую напісаў Георгі Белаконь. Ліст Арэнція Дзегіля зь Менску: “Час ад часу я ежджу ў сталічны мікрараён “Вясьнянка” па крынічную ваду, бо тую хляраваную, што падаецца ў наш дом, піць амаль немагчыма. Крыніца побач з праспэктам Машэрава, па якім з рэзыдэнцыі з Драздоў якраз а восьмай раніцы, калі я прыяжджаю па ваду, праносіцца пад завываньне сірэнаў узброены да зубоў картэж Лукашэнкі. Пры гэтым уздоўж трасы й на прылеглых вуліцах дзяжурыць вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі і дарожнай аўтаінспэкцыі. З гэтае нагоды спадар Арэнці згадвае адну адметную падзею, пра якую яму ў маленстве распавяла маці, а пазьней, у сярэдзіне 70-х гадоў, больш падрабязна апісаў настаўнік гісторыі Ўладзімер Томка, які жыў і працаваў у мястэчку Гарадзішча Баранавіцкага раёну. Арэнці Дзегіль так піша пра тую гісторыю: “Ішла І-я ўсясьветная вайна. Аднойчы сонечным веснавым днём 1915 году зь лініі фронту скіроўваўся ў Баранавічы, дзе тады быў штаб, расейскі імпэратар Мікалай ІІ. Ехаў ён на легкавым аўтамабілі паўз легендарнае лясное возера Сьвіцязь, на якое жадаў паглядзець, і таму завітаў у нашае мястэчка Гарадзішча. Акрамя яго й кіроўцы, у аўтамабілі быў толькі адзін афіцэр – больш аніякай аховы. Дык вось, калі машына пад’яжджала да Гарадзішча, яе заўважыла мясцовая дзятва й з радаснымі воклічамі ад гэтакае незвычайнае на той час зьявы кінулася наўздагон. Між тым аўтамабіль пераехаў мост і ўжо ў суправаджэньні дзяцей пачаў павольна падымацца ўгару, да цэнтральнага пляцу мястэчка. Там ён спыніўся ля пошты, і афіцэр выйшаў, каб тэлеграфаваць у Баранавічы. Тым часам ля легкавіка пачаў зьбірацца народ. Пазнаўшы цара, дарослыя сталі перашэптвацца, а некаторыя са старэйшых – маліцца. Што ж да Мікалая ІІ, дык ён адчыніў дзьверцы, паклікаў да сябе дзяцей, і, апытваючы ў іх сярод іншага таблічку множаньня, за слушныя адказы ўзнагароджваў цукеркамі. Вось так, узгадваючы тагачасную гісторыю і параўноўваючы зь сёньняшнімі беларускімі рэаліямі, міжволі робіш выснову пра тое, як жа далёка зараз ад народа Лукашэнка”, – напісаў Арэнці Дзегіль зь Менску. На гэтую праблему зьвяртае ўвагу, бадай, кожны, хто хоць аднойчы назіраў, як рухаецца па дарогах Беларусі лукашэнкаў картэж браняваных лімузінаў у суправаджэньні тузіна міліцэйскіх машынаў зь сірэнамі. Усё жывое ў навакольлі павінна замерці дзеля таго, каб Лукашэнка імчаў з хуткасьцю 120 кілямэтраў у гадзіну. Дзеля таго, каб перагарадзіць усе навакольныя вуліцы й дарогі, улады кідаюць усе наяўныя сілы міліцыі і КГБ. Пад колы лукашэнкавага картэжу ўжо не аднойчы траплялі выпадковыя машыны, якія не пасьпелі прыціснуцца да абочыны. Кожны раз, назіраючы гэта, я ўзгадваю першага кіраўніка незалежнае Беларусі Станіслава Шушкевіча зь ягонымі двума ахоўнікамі, з афіцыйнымі візытамі на маленькім самалёце Як-40 кампаніі “Белавія” і са звычайнай кватэраю на праспэкце Машэрава. Гэта яго дэпутат Лукашэнка абвінавачваў у асабістай нясьціпласьці й злоўжываньні службовым становішчам. У многім дзякуючы тым выкрыцьцям шклоўскі дырэктар саўгасу і стаў прэзыдэнтам. І яшчэ некалькі ўрыўкаў зь лістоў, якія мы атрымалі на мінулым тыдні. Ангеліна Масюта зь Менску: “Зьвяртаюся праз “Радыё Свабода” да спадароў Шчукіна, Гразновай ды іншых, хто дае інтэрвію на вашым радыё па-расейску. Спадары, вы ж грамадзяне Беларусі. Дый ня проста грамадзяне, а дэпутаты, палітычныя дзяячы. Чаму ж мову народа, сярод якога жывяце ўжо шмат гадоў, ня вывучылі? Адгаворкі, што скончылі савецкую расейскамоўную школу, ВНУ ды іншыя прычыны, толькі пацьвярджаюць вашыя адносіны да беларускае мовы. Бальшыня беларусаў (і я ў тым ліку) вучыліся ў свой час у расейскамоўных школах ды інстытутах. Але ж дзесяці гадоў адраджэньня дастаткова, каб вывучыць такую лёгкую мілагучную беларускую мову”. Андрэй Музараў з Магілеву: “Я вучуся ў Магілеўскім унівэрсытэце, на тым самым факультэце, дзе калісьці вучыўся Аляксандар Лукашэнка. Мне падабаюцца многія перадачы вашае рэдакцыі, а менавіта “Гаўдэамус”, “Неабжытая Спадчына”, “Вольная студыя”. Летась выходзіла яшчэ адна вельмі цікавая перадача – “У Сьвет на Заробкі”. Вельмі хацелася б пачуць яе працяг у гэтым годзе. Становішча ў беларускай эканоміцы такое гаротнае, што шмат хто марыць паехаць працаваць за мяжу”. Алесь Ніжэвіч з Адэсы: “Пытаньне пра тое, каб вашае радыё перайшло на расейскую мову, лічу абсурдным. У нас у Адэсе ёсьць радыё для баўгараў, гагаузаў, малдаванаў, а вось па-беларуску можна чуць толькі “Свабоду”. Бо беларускія праграмы “Палёніі” і “Радыё Ватыкану” чуваць вельмі кепска”. Гэта былі радкі зь лістоў нашых слухачоў. Вялікі дзякуй усім. Чакаем новых допісаў. Пішыце нам на адрэсу:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |