RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



18 Лютага 2000.

Аўтар і вядучы Аляксандар Лукашук.

Кіраўніцтва рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “ТБМ імя Францішка Скарыны”  не задаволенае тым, як радыё “Свабода” распавядала пра сьвяткаваньне 10-х угодкаў ТБМ. Старшыня ТБМ Алег Трусаў даслаў у Прагу афіцыйны ліст, а яшчэ адзін ліст адрасаваў газэце “Наша ніва”.

Рэдакцыя “НН”, наколькі нам вядома, ужо апублікавала ліст сп. Трусава і свой адказ. Нам на радыё “Свабода” сп. Трусаў піша:

“Як Вам, напэўна, вядома, 26 студзеня ТБМ імя Ф.Скарыны ладзіла ўрачыстасць з нагоды 10-х угодкаў з дня прыняцця Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. Гэта выклікала вялікую цікавасць сярод грамадскасці і даволі шырока асвятлялася ў незалежных СМІ. Адгукнулася на падзею і паважаная намі газета “Наша ніва”. Але ж, на жаль, у публікацыі “Хто не зьмяніўся ці што не зьмянілася” аўтар Андрэй Дынько дапусціў шэраг прыкрых недакладнасцяў, а галоўнае – здзекліва распавядаў пра выступы, што гучалі на тае ўрачыстасці. Асаблівы ўдар прыйшоўся на былых кіраўнікоў ТБМ, вядомых грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна. Дасталося і Міхаілу Чыгіру, а таксама Саюзу беларускіх пісьменнікаў ды газэце “Народная воля”.

Але ж яшчэ больш нас здзівіла Беларуская служба Радыё Свабода, што 30 студзеня двойчы (ранкам ды ўвечары) на ўвесь свет агучыла апублікаваны ў “НН” матэрыял праз аўтарскую праграму Сяргея Дубаўца, галоўнага рэдактара “НН”.

Сакратарыят Таварыства, на якім была абмеркаваная вышэйпамянёная публікацыя, абураны тым, што гэта трапіла і на хвалі Радыё Свабода, але ўсё ж спадзяецца, што тое было прыкрым недаглядам,” – піша Алег Трусаў.
 
Некалькі  неабходных удакладенньняў.
 
Справа у тым, што заўвагі тэбээмаўцаў тычацца перадачы “Вострая брама” – гэта супольны праэкт беларускай “Свабоды” і першай беларускай газэты, які ўжо тры гады – ад кастрычніка  1997 году – на нашых хвалях.

Перадача рыхтуецца галоўным рэдактарам “НН” Сяргеем Дубаўцом і ўпершыню выходзіць у эфір у нядзелю. Паўтараецца ў сераду. Пасьля выхаду ў эфір некатрыя матэрыялы перадачы друкуюцца ў газэце, а таксама на інтэрнэтнай старонцы “Свабоды” – адрас: www.svaboda.org

Перадача “ВБ” прысьвечаная кантэксту беларускай культуры ХХ стагодзьдзя. Уражаньні Андрэя Дынько  пра падзею, сьведкам якой ён стаў – урачыстасьць з нагоды дзясятых угодкаў Закону аб мовах – зьявілася ў эфіры не праз недагляд.

Гэта арыгінальны погляд таленавітага аўтара – суб’ектыўны, з акцэнтам на адных момантах, прабеламі ў іншых,  непрызнаньнем аўтарытэтаў папярэдняга пакаленьня,  іроніяй – іншымі словамі, намаляваны такімі сродкамі, якімі і ствараецца таленавітая мастацкая крытыка, ці шырэй – культура ў цэлым, яе кантэкст. Літаратар Дынько ў мастацкай перадачы вольны выказаць сваё сьветаўспрыняцьце свабодна і без цэнзуры.

Іншая справа – журналістыка як такая. Рэпартаж, інфармацыя, аналіз ня маюць права на суб’ектывізм. Не ацэнкі, а факты, задавальненьне патрэбы слухачоў у максімальна адэкватным адлюстраваньні падзеі – такія патрабаваньні мы прад’яўляем да журналісцкіх матэрыялаў нашых карэспандэнтаў.

Урачыстасьць з нагоды памятнай даты – дзесяцігодзьдзя прыняцьця закону – праводзілася 26 студзеня. У гэты ж дзень Радыё “Свабода” перадавала падрабязны рэпартаж з Чырвонага касьцёлу. Магчыма,  спадары з ТБМ былі занятыя ў гэты дзень сьвяткаваньнем і ня чулі паведамленьня са сваёй імпрэзы. Тыя, хто мае доступ да Інтэрнэту, могуць прачытаць тэкст гэтага рэпартажу, адкрыўшы архіў за 26 студзеня. Вось толькі адна цытата з таго паведамленьня:

“Прыняты 10 гадоў таму Закон аб мовах стаўся юрыдычным грунтам, абапіраючыся на які, беларусы здолелі на пачатку 90-х гадоў пераламаць псыхалягічную сытуацыю ў грамадзтве ў ягоным стаўленьні і да роднае мовы ў цэлым, і да ейных носьбітаў у прыватнасьці. І дамагчыся ад начальства паважлівых адносінаў да сваіх нацыянальных пачуцьцяў”.

Адначасна зь лістом старшыні ТБМ мы атрымалі допіс сябры ТБМ  Міколы Лавіцкага зь Менску, які таксама выказвае трывогу з нагоды згаданай перадачы. Сп. Лавіцкі ўзгадвае перадачы “Свабоды” мінулых дзесяцігодзьдзяў, якія абуджалі сьвядомасьць і заклікалі беларусаў да еднасьці. Аўтар прыводзіць імя Язэпа Барэйкі, добра вядомага не аднаму пакаленьню слухачоў і заклікае: “Не губляць  былых традыцыяў  Адраджэньня!” – так часмусьці сп. Лавіцкі называе радыё “Свабода”. “Адраджэньне”, сп .Лавіцкі, гэта назва БНФ. А радыё “Свабода” у 50-я гады называлася “Радыё “Вызваленьне”. Аўтар заклікае:

“Прашу вас, не губляйце былыя традыцыі. Каб, паслухаўшы разумныя разважаньні – хай сабе і розных поглядаў, не пацьвельваньні з саміх сабе, з абарыгэнаў нацыяналістаў, з гэтых тэбээмаўцаў – хацелася далучыцца да разважаньняў. Плюралізм бывае розны. Адзін вядзе да выпрацоўкі ісьціны. Другі да расколу, адбівае ахвоту прымаць хоць які-небудзь удзел у грамадзкай працы.  Ну, няўжо можна залічыць сваім добразычліўцам чалавека, які замест дапамогі пазьбегнуць ці выправіць памылкі, крычыць на ўвесь сьвет аб іх? Сябры мае, каму гэта на карысьць?”—пытаецца  Мікола Лавіцкі.

Спадар Лавіцкі, на карысьць гэта толькі таму, хто хоча памылкі выправіць. Вы, верагодна, чулі пра самага багатага чалавека ў сьвеце – амэрыканскага мільярдэра Біла Гэйтса, заснавальніка кампутарнай кампаніі Майкрасофт. Ён  наш сучасьнік, у адных гадох са старшынём ТБМ Алегам Трусавым, і  ён здолеў так арганізаваць сваю справу, што яна сталася самай удалай у сьвеце. Дык вось ягоны канцэнтраваны досьвед у адной фразе: “Вашыя самыя незадаволеныя кліенты ёсьць вашай самай вялікай крыіцай ведаў”.

Радыё “Свабода” – больш, чым  проста кліент ТБМ, зацікаўлены ў высакаякасным гатовым прадукце . Радыёжурналістыка жыве ў моўнай стыхіі.

Беларуская мова для нас – не адно хлеб надзённы, не адно крыніца для наталеньня духоўнай смагі, гэта паветра, якім мы дыхаем, гэта адзіная форма, у якой мы існуем. Нашы рэпартажы, інтэрвію, аналітычныя гутаркі існуюць перш за ўсё як мова.  І калі чаго нам , як і ўсёй  Беларусі, бракуе, дык гэта мовы.

Праблема, якую мы на радыё “Свабода” адчуваем надзвычай востра – гэта мова нашых суразмоўцаў. Трасянка, канцылярызмы, калькаваная вобразнасьць, зьбедненая лексіка, чужародны сынтаксыс – пакута выказацца, пакута слухаць, пакута разумець.

Мова – надзвычай пэрсаніфіканая, індывідуальная рэч і любая заўвага вельмі часта ўспрымаецца як замах на асобу, на самога чалавека. Магчыма, у выпадку з Анрэем Дынько  адбылася кантамінацыя – перанос ацэнкі падзеі на асабісты рахунак. Такая асаблівасьць мовы.  Але змагары за яе, якія аб’ядналіся у Таварыства Беларускай мовы, ня маюць права на падобныя крыўды.  І вось чаму:

(Трусаў: ) “Таму што пачыналі мы ў супэр-катастрафічнай сытуацыі, калі нават беларускую літаратуру ў Менску выкладалі па-расейску. Пачыналі мы з таго, што беларуская мова як прадмет, вывучалася з пятае клясы. Потым дамагліся з другога, потым – зь першага. Зробленыя ўнікальныя рэчы. Усіх беларускамоўных кніжак толькі за першыя 5 год дзеяньня Закону выйшла больш, чым за ўсе папярэднія 400 год беларускай гісторыі. Мы проста не разумеем, чаго мы дасягнулі. Ня трэба плакаць і рваць на сабе валасы – ня так усё кепска. Іншая справа, што трэба рабіць, трэба змагацца”.

Гаварыў Алег Трусаў, старшыня ТБМ. Запіс быў зроблены ў Чырвоным Касьцёле 26 студзеня і ў той жа вечар прагучаў на нашывх хвалях.

Заставайцеся са свабодай.

Аляксандар Лукашук, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org