RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



17 Лютага 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Нечаканасьцю стаў для нас ліст Алеся Гусева, вайскоўца Ўзброеных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі, які жыве ў Пскове. Спадар Гусеў ня толькі стала слухае нашае радыё, але й выдатна валодае беларускай моваю, пра што сьведчыць ягоны допіс. Алесь згадвае такі выпадак:

“Аднойчы (ня так даўно) пад’яжджаючы цягніком да Фінляндзкага вакзалу Санкт-Пецярбургу, давялося пабачыць на шэрым высокім плоце надпіс-графіці чырвонай фарбаю: “Боже, храни Лукашенко”. Каля гэтага надпісу была намаляваная свастыка РНЕ. Цікава, што, едучы праз тры дні назад, я пабачыў, што гэты надпіс нехта ўдакладніў, дамаляваўшы перад прозьвішчам прыназоўнік “от”. Такім чынам, атрымалася: “Боже, храни от Лукашенко”. Так што гэтая праблема хвалюе ня толькі вас, у Беларусі”, – робіць выснову Алесь Гусеў. І далей разважае на тэму беларуска-расейскіх стасункаў:

“Пішу да вас пасьля апошніх падзеяў, зьвязаных з выбарамі й пачаткам дзейнасьці Думы. У дачыненьні да Беларусі, упэўнены, вынікі выбараў ня маюць істотнага значэньня і ні ў якім разе ня трэба мець ілюзіяў наконт таго, што Дума стала больш правай і што Лукашэнка ад гэтага можа мець нейкія страты.

Па-першае, такога чалавека ня спыніць нішто, ён усім ахвяруе за прагу да ўлады.

Па-другое, і левыя, і правыя, і цэнтрысты – бальшыня расейцаў заражаныя вірусам імпэрыялізму, пазбавіцца ад якога здольныя толькі тыя, хто ў стане аналізаваць цёмнае мінулае, шэрую сучаснасьць і празрыстую будучыню. Тыя, хто добра засвоіў урокі гісторыі.

Даволі выразна відаць, што на побытавым узроўні ня так ужо й шмат у Расеі прыхільнікаў Лукашэнкі. Ці ж будзе імпанаваць разумнаму абываталю палітычнае хамства й нянавісьць да іншадумства? А ў Расеі пакуль што, дзякуй Богу, сваю пазыцыю да ўлады можна выказваць вольна, не баючыся, што заўтра цябе звольняць з працы ці сьвядома заваляць на іспытах.

Разам з тым, асаблівы статус, адчуваньне таго, што ты – “старэйшы брат”, пачуцьцё велічы над іншымі – трывала месьцяцца ў расейскай душы. Гэтак было, гэтак ёсьць. Бо патрэбная стратэгічная прастора, пляцдарм, каб бараніцца ад ворагаў, якіх заўсёды можна знайсьці. Акурат, як у Лукашэнкі: спачатку былі нутраныя ворагі, а потым прыдумаў і вонкавых. І каго асабліва турбуе, што сярод тых гэтак званых ворагаў і славяне ёсьць таксама (палякі, чэхі, славакі).

Усе мы яшчэ адчуем сумныя вынікі інтэграцыйных гульняў Масквы й Менску. Гэтыя гульні прывядуць да яшчэ большага расколу грамадзтва як у Беларусі, гэтак і ў Расеі. Расейскія рэгіёны ўжо выказваюць незадаволенасьць сваім статусам адносна хаўрусьніка. А гэта ні што іншае, як бомба запаволенага дзеяньня. І Чачня будзе ня самым горшым прыкладам.

Няхай жа зразумее, нарэшце, кожны беларус, што бальшыня палітыкаў у Расеі сьпяць і бачаць Беларусь толькі як сваю губэрню. А потым зноў аднавіць незалежнасьць без крыві ня ўдасца. У Беларусі падрастае новае пакаленьне, якое ўжо зараз ведае, што лепей: быць незалежнымі ці ў калёніі. За годнасьць і незалежнасьць трэба змагацца ці застацца назаўсёды з кляймом пагарды”.

Гэта быў ліст вайскоўца Ўзброеных Сілаў Расеі Алеся Гусева з Пскову. Сьведчаньне Гусева пра папулярнасьць ідэяў расейскага імпэрыялізму, на маю думку, асабліва пераканаўчыя тым, што зробленыя ім, расейскім вайскоўцам, які штодня сутыкаецца з гэтымі настроямі й ведае іх знутры.

Развагамі на падобную тэму падзяліўся і Георгі Белаконь з гораду Калінкавічы Гомельскае вобласьці. Ён піша:

“Вельмі перажываю за лёс Андрэя Бабіцкага. Лічу, усё, што вакол яго адбываецца – гэта недарэчная ілжывая гульня ўладаў. Калі назіраеш за палітыкаю Расеі, міжволі ўзьнікае сумнеў у дабрахвотным зыходзе Ельцына са сваёй пасады. Выглядае, што гэта вынік распрацаванае кімсьці апэрацыі, у выніку якое Ельцын атрымаў індульгэнцыю за мінулыя грахі, а да ўлады прыйшлі імпэрскія сілы, што робяць стаўку на зброю.

Нічога добрага я ад гэтага не чакаю. Хлусьня, падман, павелічэньне ваенных выдаткаў, услаўленьне вялікадзяржаўнасьці. Хоць веліч дзяржавы ў дабрабыце ейных грамадзянаў, а не ў тэрыторыі і вайсковай магутнасьці”, – напісаў Георгі Белаконь з Калінкавічаў.

Выснова пра дабрабыт і вялікадзяржаўнасьць, па-мойму, вельмі слушная. За прывідны статус вялікае дзяржавы савецкія грамадзяне плацілі тым, што іхных сыноў кідалі ў полымя чужых канфліктаў, а большую частку іхных заробкаў забіралі на ваенныя патрэбы ды на гэтак званую братэрскую дапамогу камуністычным рэжымам ва ўсім сьвеце. У беларусаў упершыню зьявіўся шанец жыць дзеля сябе й сваіх дзяцей. Але дзеля гэтага трэба асэнсаваць сябе як народ і краіну, якая ня мае імпэрскіх амбіцыяў і не зьбіраецца далучацца да чужых імпэрыяў. У іншым выпадку давядзецца зноў паўтараць сумны досьвед мінулага.

Ірына Шляймовіч зь Менску распавяла пра драматычную гісторыю сваёй сям’і. Яна піша:

“У 1991 годзе пад час тэрміновае службы ў войску майго сына зьбілі. У выніку ён перанёс дзьве складаныя апэрацыі, страціў здароўе, цяпер ня можа займацца працаю паводле сваёй спэцыяльнасьці. У войску сына запалохвалі, каб не казаў, хто яго зьбіў. У выніку траўму не зарэгістравалі, мой сын ня быў камісаваны ва ўстаноўленым парадку. І не атрымаў за калецтва аніякае страхоўкі.

Колькі мне давялося выхадзіць, паезьдзіць і перажыць зьнявагаў ад усіх, у каго была на прыёме. І амаль усюды зь мяне рабілі дурніцу – настолькі вялікая чэрствасьць і бяздушнасьць вайсковых чыноўнікаў. Яны ўвогуле ня здольныя зразумець, што нехта адважваецца не пагаджацца зь іхнымі довадамі. А довады адныя: паколькі ў вайсковай частцы няма матэрыялаў расьледваньня, дык і няма пра што казаць. Не разумею – чаму. Я ж ім у войска аддала здаровага моцнага сыночка, а дамоў вярнуўся хворы чалавек, інвалід. Я не дамагаюся, каб некага за гэта судзілі, пасадзілі ў турму – няхай таго чалавека пакарае Бог. Але няўжо я ня маю права на даведку, паводле якой мой сын мог бы атрымаць хоць якую кампэнсацыю за згубленае здароўе”, – напісала Ірына Шляймовіч зь Менску.

Норавы, якія пануюць у беларускім войску – гэта таксама савецкая імпэрская спадчына, дзе ня было месца асобе, дзе многія казармы былі падобныя на турэмныя камэры, і дзе за агароджаю вайсковае часткі ўвогуле пераставалі дзейнічаць хоць якія законы.

Адмаўленьне ад тае спадчыны не адбылося й сёньня – досьвед Ірыны гэта даказвае. У генэральскіх кабінэтах – тыя самыя, хто дзесяць год таму камандаваў у казармах і дзеля добрых паказьнікаў у справаздачах прымушаў салдатаў маўчаць пра трагедыі. Сёньня яны не зьбіраюцца адказваць за ўласныя злачынствы, спасылаючыся ўжо на адсутнасьць дакумэнтаў. Хоць выдатна ведаюць тэхналёгію савецкага разьбіральніцтва падобных справаў, паводле якой нестатутных стасункаў у Савецкай Арміі ўвогуле не прызнавалася.

На мінулым тыдні нам у Менскае бюро “Радыё Свабода” таксама напісалі Пётар Казлоў з Магілеву, Аляксандар Слабодзіч зь Менску й Ганна Сьцепулёнак зь мястэчка Койданава Менскае вобласьці. Дзякуй усім.

Пішыце нам на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org