RFE/RL |
10 Лютага 2000. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Пачну зь ліста Барыса Супрунчука зь Берасьця, які выказаў стаўленьне да дзяржаўных радыё і тэлевізіі. Ён піша: “Паслухмяны раб ніколі анічога не вырашаў. Ён рабіў тое, што яму загадвалі. Паслухайце дзяржаўнае радыё, паглядзіце дзяржаўную тэлевізію. Вядзецца няспыннае размываньне беларускасьці. Дыктар так пранікнёна віншуе па-беларуску, а песьня віншавальная гучыць расейская. Пра тэлевізію і казаць няма чаго. Яго ў нас проста няма – гэта тэлевізія Разанскай губэрні. Праўда, Лукашэнка толькі што даў загад стварыць другі канал БТ. Але хіба гэта будзе беларускамоўная тэлевізія? Сёньня ў Беларусі гэта немагчыма, бо кіраваць культураю у дзяржаве пастаўленыя палкоўнікі былое каляніяльнай арміі. А яны ня ведаюць і ненавідзяць усё беларускае”, – напісаў Барыс Супрунчук. На дзяржаўнай тэлевізіі ды радыё русіфікацыя, сапраўды, адбываецца такімі тэмпамі, якіх ня было нават пры камуністах. Але дзіўная рэч – чым з большым імпэтам новыя ідэёлагі спрабуюць ператварыць тэле- і рыдыёканалы ў расейскую копію, тым больш відавочнымі становяцца іхныя правінцыйнасьць і непрафэсіяналізм. Адмаўляючыся ад нацыянальнага, яны не набываюць, а страчваюць. І адкрыцьцё другога тэлеканалу (калі яно адбудзецца) толькі памнажае гэтыя страты. Вадзім Сьвірыда з Маладэчна напісаў нам пра лёс свайго продка – вядомага мастака Рамана Семашкевіча, які стаў ахвяраю сталінскага гэнацыду. Раман Семашкевіч родам з Маладэччыны, зь вёскі Лебедзева. Скончыў Віленскую гімназію, а ў 24-м годзе вырашыў пераехаць з Заходняй Беларусі, якая тады належала Польшчы, у Савецкі Саюз, каб вучыцца жывапісу… “У ноч на 2 лістапада 37-га году яго арыштавалі ў маскоўскай кватэры ягонае жонкі Васільевай, – піша Вадзім Сьвірыда. – Больш яго ніхто ніколі не бачыў. Пасьля арышту НКВД-ысты забралі шмат карцінаў, не складаючы сьпісаў і не запрашаючы сьведкаў. Гэтыя карціны таксама зьніклі бясьследна, як і мастак. Праз 20 гадоў майстар быў рэабілітаваны. Але й па сёньняшні дзень КГБ не дазваляе рассакрэціць тыя дакумэнты й паведаміць прычыны арышту й расстрэлу Рамана Семашкевіча”. Гэта была вытрымка зь ліста Вадзіма Сьвірыда з Маладэчна. Пра сябе Вадзім паведаміў, што яму 31 год, што ён перакладнік з ангельскае мовы і што прыхільнікам “Радыё Свабода” зьяўляецца ужо амаль 20 гадоў. Напісаў нам, спадзеючыся, што гэтая інфармацыя пра мастака Семашкевіча, зьвесткі пра якога ён доўгі час зьбірае, зацікавіць і іншых слухачоў “Свабоды”. Яўгенія Казлова з Воршы распавяла пра тое, як яна са сваімі аднадумцамі вырашыла наладзіць пікет супраць аб’яднаньня Беларусі й Расеі. У адказ на сваю заяву з гарадзкога выканаўчага камітэту атрымалі адказ за подпісам нейкае Сідняковай: пікет праводзіць забаронена, бо паводле рашэньня выканаўчага камітэту пікетаваньне на Цэнтральным пляцы не прадугледжанае. Яўгенія паведамляе: “Напярэдадні Новага году яны нам дазволілі пікет, прысьвечаны эканамічным праблемам. І то, міліцыянтаў там было больш, чым пікетоўцаў. Але мы ня будзем здавацца і апускаць рукі. Будзем змагацца – зноў і зноў падаваць заявы на пікетаваньне ў розных месцах гораду”. Падобным жа чынам чыноўнікі дзейнічаюць у многіх гарадох Беларусі: выдалі пастановы, якімі забаранілі любыя апазыцыйныя акцыі ў цэнтры гарадоў і мястэчак. Іх не бянтэжыць ані тое, што такія забароны парушаюць правы чалавека й Канстытуцыю, ані тое, што ў бальшыні беларускіх раённых цэнтраў, акрамя цэнтральнага, іншых пляцаў увогуле няма. Мікола Вештарт зь Менску, адгукаючыся на тыя падзеі, якімі ўстрывожаны сьвет – зьнікненьне журналіста “Радыё Свабода” Андрэя Бабіцкага ў Чачні й прыход да ўлады ўльтраправых сілаў у Аўстрыі – прыводзіць нечаканыя паралелі. Ён піша: “Нам, беларусам, дужа зьдзіўляцца гэтым падзеям не выпадае, бо ў сябе мы нешта падобнае перажылі ўжо. Выказваньні кіраўніка нашае гаротнае Беларусі пра Адольфа Гітлера шакавалі сьвет ня менш, чым выказваньні Гайдэра. І з Паўлам Шараметам Лукашэнка абышоўся ня менш жорстка, чым расейская ФСБ з Андрэем Бабіцкім. Так што хоць у гэтым мы апярэдзілі Эўропу й сьвет. І цяпер можам сказаць эўрапейцам: ня бойцеся – перажылі мы, перажывеце й вы.” Такі ж гіранічны погляд на сур’ёзныя праблемы ўласьцівы допісам многіх нашых слухачоў. Феакціст Фядотаў зь вёскі Дубнякі Полацкага раёну даслаў нам “Замалёўкі вяскоўца”, якія, як ён піша, “нядаўна знайшоў і як ня самы кепскі чалавек, якому чужога ня трэба, вырашыў даслаць на радыё”. Замалёўкі яўна зь сёньняшняга жыцьця Дубнякоў. Цытаваць усе іх няма магчымасьці – Феакціст даслаў цэлую падборку. Але вось некалькі вельмі паказальных: Божа любы, якое сьвята:Ці яшчэ адна: Тут базар. Прымяраю боты.Увогуле, вершаваныя спробы нам дасылаюць досыць часта, і апошнім часам гэта, як правіла, такія ж, як у Феакціста, саркастычныя назіраньні за ўласным жыцьцём. Калі не стае сілаў, каб сур’ёзна абурацца й пратэставаць, ратуе самагіронія – для многіх – адзіны спосаб расповяду пра тое, што адбываецца наўкол. Ды й, напэўна, навогул – спосаб выжываньня. На мінулым тыдні нам на адрэсу Менскага бюро “Свабоды” напісалі таксама Ірына Коцур з Гомелю, Юрась Сьцяпанаў і Алег Асташанка зь Віцебску, Віталь Ефіменка з украінскага гораду Сумы, Сяргей Касьпяровіч зь Менску. Дзякуй усім. Чакаем новых лістоў. Нашая адрэса:
Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |